Народнай арт-студыі «Wostrau» — 21 год!

Да юбілею студыі ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 47) з 12 па 21 чэрвеня адбудзецца мастацка-адукацыйны праект «Штучны адбор».

У экспазіцыі будуць прадстаўлены разнастайныя формы сучаснага візуальнага мастацтва: жывапіс, графіка, інсталяцыі, відэа-і аўдыё-дакументацыя — у тым ліку больш за 200 артэфактаў, створаных выхаванцамі студыі, якія з’яўляюцца адлюстраваннем погляду некалькіх пакаленняў дзяцей на пераломе стагоддзяў. На выставе глядач сустрэне для сябе шмат нечаканага і цікавага — ад зместа дзіцячых работ і манеры іх выканання, да спосабаў іх экспанавання. Акрамя таго, будуць прадстаўлены архіўныя матэрыялы (відэа, фота, тэксты), а таксама аўдыё-адкрыцці дзяцей.

Адкрыццё 12 чэрвеня а 18 гадзіне. Адбудзецца перформанс тэатра «Інжэст» .

vostrauУ залах Музея будзе адноўлена атмасфера арт-студыі — месца, дзе на працягу многіх гадоў дзецям была прадастаўлена безумоўная свабода творчасці. Праект «Штучны адбор» — гэта таксама спроба агучыць шэраг сацыяльна-культурных з’яў, якія ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні двух светаў — дзяцей і дарослых. Бязмежная дапытлівасць дзіцяці, яго імкненне да пазнання навакольнага свету ў фармаце гульні, дазваляюць яму дзёрзка перакройваць і пераасэнсоўваць звыклыя з’явы і падзеі. Дзіцяці не трэба стаяць у чарзе за набыццём права і ўмення казаць нароўні з дарослай прафесійнай супольнасцю. Неабходна прывыкнуць да таго, што фальклор або наіўнае мастацтва, ар-брут або аўтэнтычная творчасць дзяцей не з’яўляюцца менш значнымі, другараднымі з’явамі ў параўнанні з прафесійным мастацтвам, а адрозніваюцца адзін ад аднаго рознымі задачамі, матывацыяй і спецыфікай мастацкай мовы.

Даведка:

Народная арт-студыя «Wostrau » ажыццяўляе сваю дзейнасць з 1993 года пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. За гэты час не адно пакаленне дзяцей і моладзі набылі тут тыя навыкі і якасці, якія дапамаглі ім знайсці сваё месца ў жыцці, стаць не толькі прафесіяналамі — дызайнерамі, мастакамі, мультыплікатарамі, мастацтвазнаўцамі, але і проста добрымі людзьмі.

facebook.com/wostrau


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology