HARD REBOOT: ПАМІЖ ЖЫЦЦЁМ І СМЕРЦЮ

Напрыканцы мінулага года Андрэй Кудзіненка прэзентаваў у Менску новы фільм «HARD REBOOT», які кінакрытык Андрэй Расінскі назваў адной з важнейшых арт-падзей года.

Фільм здымаўся 10 дзён на заходніх ускрайках Беларусі (падрыхтоўчы перыяд цягнуўся столькі ж), без бюджэту, без дарагой тэхнікі (на фотаапараты), а яго героямі сталі музыкі расійскай групы Noize MC. Яны ж выступілі галоўнымі акцёрамі (дарэчы, і прадзюсарамі). Фільм і здымаўся пад іх, але тое, што рэжысёрам выступіў Кудзіненка (мастак стужкі Артур Клінаў), абяцала штосьці большае, чым прамоўшн-кіно для вядомай рэп-групы. Тым больш, што сам Андрэй з хваляваннем чакаў першых водгукаў: кіно атрымалася іншым, такі «псіхадэлічны трылер», па-за межамі пэўнага фармату, аўтарскі эксперымент на перакрыжаванні шматлікіх вымярэнняў.

Стужка пачынаецца з выявы цягніка, які рухаецца задам на перад (цытата на цягнік братоў Люм’ер), і заканчваецца дакументальнымі кадрамі здымак «HARD REBOOT» — так рэжысёр дыягназуе стан сучаснага кінематографа і быццам заклікае вярнуцца да вытокаў. У аснове фільма — традыцыйная схема містычных трылераў. Музыкі Noize MC трапляюць у загадкавыя мясціны заходняй Беларусі, знаёмяцца з дзяўчынкай, якая аказваецца вядзьмаркай і кожнага з іх зводзіць у «балота».

Нягледзячы на просты сюжэт, фільм не ўспрымаецца, як звычайны трылер. Па-першае, відавочна непрафесійная ігра акцёраў, якія, зразумела, і не акцёры, што часам стварае пэўны дыскамфорт. Па-другое, Кудзіненка актыўна іграе з фарматамі і формаю: выкарыстоўвае кінахроніку, дакументальныя кадры з архіву Noize MC, асобныя сцэны зняты адкрыта па-аматарску (дрыжачай камерай). Акрамя гэтага ён парушае класічны тэмпа-рытм (зацягнутыя паўзы), падзейная схема таксама не ўпісваецца ў фармат, асабліва містычных трылераў (складана злавіць напружанне і зразумець кульмінацыю), шмат цытуе, у тым ліку прыёмы хорараў, іранізуючы над імі. Дзякуючы гэтаму, фільм атрымоўвае зусім іншае вымярэнне, тое, што Андрэй Расінскі назваў «эстэтыкай трансмістычнага рэалізму, дзе ўсе рэальнасці ставяцца пад сумнеў».

Пра пошук новай рэальнасці і іншага вымярэння кіно расказвае Андрэй Кудзіненка.

Андрэй, з чаго ўвогуле ўзнікла ідэя твайго фільма?

Андрэй Кудзіненка: Пэўны час таму на дні народзінаў Noize MC я стаў сведкам таго, як удзельнікі групы раптам пачалі спрачацца і выказвацца адзін супраць аднаго. Як раз па іроніі лёсу ў мяне ў гэта час круцілася ў галаве задумка такой архітэпічнай гісторыі, калі сябры разам едуць на лодцы, з’яўляецца дзяўчынка, і яны раптам пачынаюць выказваць адзін аднаму тое, што даўно ўжо хацелі сказаць. Гэтую гісторыю я прапанаваў Noize MC, яны захапіліся, мы з’ехалі ў лес і пачалі здымаць. Па сутнасці, узнік новы жанр — кінатэрапія.

То бок, ты здымаў кіно ў першую чаргу для іх?

А.К.: І для сябе. У мяне таксама наступіў момант крызы. Па сутнасці, мастацтва — гэта і ёсць такое існаванне ў нейкім пераходным стане. Калі казаць пра Noize MC, я бачыў, што ў іх ламаецца адно жыццё, і пачынаецца новы этап, але яны не могуць яго аформіць, прааналізаваць. І магчыма кіно магло стаць для іх імпульсам рухацца наперад. Увогуле, на той час, а гэта вясна мінулага году, было прадчуванне новага свету, які і распачаўся праз год, маю на ўвазе падзеі ва Украіне і Расіі.

Магчыма зоркі склаліся так, што ўвесь свет пачаў перазагружацца. Менавіта таму — Hard Reboot, назва ўзнікла ў мяне адразу. А перазагрузка не можа быць лёгкай.

У любым выпадку стварэнне новага твора адбываецца праз хаос. Возьмем, напрыклад, фармалістскую школу: спачатку адбываецца астраненне, прыход да хаоса, а потым ты пачынаеш знаходзіць новыя кропкі апоры. Так і ў маім фільме. Спачатку сцэнару не было ўвогуле, але потым я зразумеў, што існуе верагоднасць «Дома-2»: мы прыедзем на здымкі, і пачнецца такое блуканне людзей, калі яны не будуць ведаць, што рабіць. Таму я прадумаў пэўную сюжэтную канву: любы хэпенінг павінен быць падрыхтаваны.

«HARD REBOOT», рэж. А.Кудзіненка

«HARD REBOOT», рэж. А.Кудзіненка

Ты сказаў, у цябе таксама наступіла крыза…

А.К.: Так, я на той момант шукаў пэўную форму эпічнага кіно, якое будзе будавацца на простых эпічных архаічных формах, блізкіх да казкі. Як раз у гэты час чытаў Я.Проппа, і вобраз Бабы-Ягі вельмі пасаваў мне: гэта такі лімінальны (пераходны) стан, знаходжанне паміж жыццём і смерцю. З’явілася ідэя хаткі як такога пэўнага стану. Тым больш што Беларусь, на мой погляд, заўсёды так жыла — паміж жыццём і смерцю.

Балота — гэта таксама лiмінальны стан, такая метафізічная прастора: тут усё бурліць, выходзяць газы, але нічога нікуды не рухаецца. А што здарыцца, калі людзі трапяць у такую прастору?

Калі я рыхтаваўся да здымак, праглядзеў шмат літаратуры куміраў Noize MC, напрыклад, басіст захапляўся Сідам Вішасам, кумірам самога Noize MC быў Курт Кабэйн. Так у маім фільме ўзнік Лешы ў вобразе жывога Курта Кабэйна, загадкавая Русалка — але, у прынцыпе, дзяўчынка і ёсць усе тры персанажы. Яна, як у Лакана, Вялікі Іншы, якому героі расказваюць праўду, якую нікому іншаму не раскажуць. А потым мне стала цікава ўвогуле паіграць у розныя прасторы кіно — дакументальную, постдакументальную, аматарскую. Не хацелася спыняцца на нейкім адзіным фармаце, напрыклад, постдакументальным кіно: там ёсць свае плюсы, але яно вельмі вузкае. Прырода кіно ж нашмат шырэйшая і цікавейшая, і паіграць з гэтымі прасторамі была цікавая задача.

Я выкарыстаў аматарскія кадры, дакументальныя, хроніку. Мы здымалі ўвесь час, часам гук дрэнна запісваўся, але мне гэта пасавала: трэба было, каб адразу стала ясна, што гэта не акцёры, што яны драўляныя. У выніку тое, што ў фільме прыдумана, тая візіанерская маніпуляцыя аказваюцца больш рэальнымі, чым дакументальныя кадры. Маналогі і дыялогі герояў ілюзорныя, а праўда ўзнікае з тэлевізара, напрыклад, куды я ўставіў ютубаўскі ролік, калі яны маладыя спяваюць на Арбаце. Дарэчы, Noize MC гэта не спадабалася: ён чакаў убачыць там нейкую маніпуляцыю, напрыклад, як ён здымаецца ў нейкіх рэкламных эксцэнтрычных роліках. Але навошта гэтая эксцэнтрыка, калі найгрыш ёсць на вашых тварах?

Як у фільме ўзнікла ідэя з песняй «Дзяўчынка», перакладзенага на беларускую мову хіта Nirvana «Where did you sleep last night», у выкананні Фёдара Жывалеўскага, лідара гурта «Голая манашка», які і сыграў Курта Кабэйна? На мой погляд, сцэна атрымалася адной з наймацнейшых.

А.К.: Яно так і ёсць, гэта сапраўды ключавы момант у фільме, калі да музыкаў, якія знаходзяцца ў поўным разладзе з сабою і паміж сабою прыходзіць чалавек, бярэ гітару і робіць вялікае мастацтва, без усялякага бабла. Ён ім так і кажа, што лепей бухаць, чым грошы зарабляць, на чым зараз усе павернутыя. Вобразна, гэта Курт Кабэйн, іх кумір, да іх і прыходзіць, які потым яшчэ раз на іх вачах застрэльваецца.

unnamed-(11)

«HARD REBOOT», рэж. А.Кудзіненка

Я рады, што ў нашай кампаніі ўзнік Фёдар: дзякуючы яму і прагучала «Дзяўчынка». Спачатку на ролю Курта была ідэя іншага музыкі, не трымалася, Саша Памідораў прапанаваў пагутарыць з Федзем, аўтэнтычным адвязным панк-рокерам. А тут яшчэ аказалася, што ў яго у рэпертуры Nirvana па-беларуску. Карацей, зоркі склаліся.

Ці задаволены ты тым, што ў выніку атрымалася?

А.К.: Я не чакаў пэўных вынікаў. Мне патрэбна было нешта атрымаць, каб праверыць свае ідэі. Канечне, гэта быў не чысты эксперымент, я меў пэўную схему. Напрыклад, ведаў, што з кожным героем нешта адбудзецца, кожны з іх зламае сваю парадыгму на супрацьлеглую — той, хто не верыў у каханне, закахаецца, той, хто быў дырэктарам і за ўсё адказваў, згубіцца і не вернецца. Вынікам я б назваў як раз той не фармат, які ў нас атрымаўся. Складана назваць гэта кіно ў традыцыйным сэнсе, не зразумела таксама, на якой пляцоўцы яго паказваць. Гэта таксама павінна быць нейкае нефарматнае месца.

Як успрынялі фільм гледачы?

А.К.: Я спецыяльна запрашаў розную па ўзросце аўдыторыю, і водгукі былі абсалютна розныя. Хтосьці пісаў, напрыклад, што вельмі спадабаўся той хаос, на якім пабудаваны фільм, хоць да гэтага былі прыхільнікамі зразумелай структуры. Цікава, што больш пытанняў і непаразуменняў узнікла ў кінакрытыкаў. Я гэта звязваю менавіта з парушэннем фармата. Так, гэта не занадта эксперыментальнае кіно, але парушэнне пэўных канонаў прысутнічае. Мне падаецца, што гэта звязана ў першую чаргу з тым, што ў кінакрытыкаў ёсць ужо напрацаваны шаблон, па якім яны глядзяць кожны фільм — адразу спрабуюць раскласьці ўсё па пэўных паліцах. Самі для сябе спрабуюць зачапіцца за што-небудзь, каб далей развіваць. А можа спачатку трэба паглядзець кіно цалкам і зразумець, што там закладзенае ўвогуле? Гэта як зараз на фестывалях сядзяць крытыкі і перапісваюцца ў твітарах, маўляў, паглядзі, як іграе N. і г.д.

Але кіно — гэтак жа, як і музыка, збудаваная з розных элементаў, цэльная прастора, трэба даглядзець да канца, а потом ужо аналізаваць і ацэньваць.

Зараз, на маю думку, увогуле сыходзіць паняцце кінатэорыі. Барыс Нелепа кажа, што кінакрытык сёння не абавязаны займацца кінатэорыяй і герменеўтыкай, а толькі вызначаць актуальнае месца твора, ягоны рэзананс з сучаснасцю. То бок, увага да аўтарскага выказвання сыходзіць, і нічога добрага я ў гэтым не бачу. Кінакрытыкі выдаюць зборнікі інтэрв’ю з зоркамі, а свядомага асмыслення амаль не адбываецца. У выніку атрымоўваецца так, што крытыкі ідуць ззаду працэсу, творцы іх нашмат апярэджваюць, і таму часта аказваюцца незразумелымі.

У «нулявыя», я памятаю, была мода на такое тыпу арт-хаўзнага, дакументальнага кіно: калі акцёр нічога не іграе, калі парушаная фабула і г.д. Але час прайшоў, і, на мой погляд, сёння зноў узнікае цікаваць да сучаснай міфалогіі, абрадаў у форме эпічнага кіно. Я называю гэта новым Сярэднявеччам.

«HARD REBOOT», рэж. А.Кудзіненка

«HARD REBOOT», рэж. А.Кудзіненка

Шмат пытанняў выклікаў вобраз героя (ці герояў) у фільме, маўляў, плоска, няма глыбіні, ідэі. Але ці думаў ты пра героя ў прынцыпе?

А.К.: Па-першае, самога Noize MC можна абазначыць як цэнтральнага персанажа. Я будаваў гэты фільм вакол яго — пэўны шлях чалавека да персанальнай свядомасці. Уся гэтая перазагрузка існуе менавіта праз персанажа Noize MC. У фінале ён застаецца абсалютна голым, губляе памяць і з’язджае з гэтага месца зусім у іншым стане.

Па-другое, можна казаць пра вобраз калектыўнага героя: па сутнасці кожны з удзельнікаў групы ёсць такі пазл гэтага вобраза, які пэўным чынам акрэслівае агульны вобраз сучаснага героя. Але шчыра, я не думаў пра героя, мяне цікавала гісторыя. Ад самага пачатку персанажы былі зададзеныя, то бок мне патрэбна было стварыць пэўную канструкцыю, у якой яны б праявіліся пэўным чынам. У любым выпадку тут не трэба шукаць героя псіхалагічнага кіно, гэта, як я казаў, найперш казка, і героі ў ёй, зразумела, па-казачнаму плоскія. Для мяне гэты фільм стаў у пэўным плане разваротнай кропкай. Я прынцыпова здымаў без сцэнару, парушаючы вядомы амерыканскі фармат стварэння падмурку для фільма.

Трэба вяртацца да вытокаў, да Пазаліні, напрыклад, — вось той вынік, да якога я канчаткова прыйшоў.

Я спрабаваў працаваць у розных абставінах: здымаў камерцыйнае кіно, занадта камерцыйнае, дзяржаўнае. Але найвялікшае задавальненне — гэта здымаць з «анічога», рабіць кіно для сябе і ні ад каго не залежыць. Гэта мой hard reboot, і менавіта таму для мяне гэты фільм атрымаўся.

Травень 2014

****

Другі раз стужку «Hard Reboot» у Менску пабачылі падчас творчай сустрэчы з Андреем Кудзіненка ў кінатэатры «Ракета» у студзені гэтага года. Спачатку была паказана яго дыпломная праца «Сны Валянціна Вінаградава», другой часткаю праграмы стаў «Hard Reboot». Асабіста для мяне гэтыя два фільма прагучалі дыптыхам, а спрэчны «псіхадэлічны трылер» раптам атрымаў новыя сэнсы.

У «Снах» Кудзіненка праз асобу Валянціна Вінаградава атрымалася перадаць цэлую эпоху: з манументальнымі зместамі, формамі, канфліктамі, якія адбываюцца ў сферы вялікіх жарсцей і пакутаў. Антычныя твары герояў фільма расказваюць пра смерць, пакаянне, ахвярнасць. Калі глядзіш гэты фільм, чуеш быццам крык адчаю па нездзейсненай утопіі — вялікай ідэі, якая ў межах праекта Савецкай дзяржавы матэрылізавалася пачвараю. «Hard Reboot» кардынальна іншы, і гэтая інакавасць як раз пасля «Сноў» атрымоўвае новае вымярэнне. Замест статуарных глыбокіх твараў сапраўдных герояў мы бачым невыразныя мітуслівыя абліччы маленькіх людзей з іх маленькімі жарсцямі. Свет ад вялікіх ідэяў раптам замкнуўся выключна на асабістых перажываннях. Акіян пераўтварыўся ў лужыну.

Ці магчыма сёння трагедыя? Герой, які пакутуе ад неідэальнасці свету і марыць пра ўтопію для ўсіх? Альбо перазагрузка цалкам адбылася, і мы, ведаючы зараз дакладна пра немагчымасць утопіі на зямлі, павінны па-іншаму будаваць сваё быццё тут і цяпер?

Рэжысёр маўчыць, гавораць сучасны(я) герой(і), гаворым мы, якія ходзяць па вуліцах. Адзінае, што можа зрабіць аўтар, — астраніцца і пераўтварыць рэальнасць у казку, не страшную і не смешную, такі гэг ужо новага тысячагоддзя.

Фільм «Hard Reboot» (рэжысёрская версія, асобна існуе камерцыйная, якую Noize MC распаўсюджваюць сярод сваіх фанатаў) запрошаны на фестываль «Акно ў Еўропу» у Санкт-Пецярбургу. Але ў сувязі з апошнім расійскім законам, які забараняе ўжыванне мата ў кіно, паказ фільма на фестывалі знаходзіцца пад пагрозаю. Андрэй Кудзіненка не збіраецца станавіцца цэнзарам сваёй стужкі, таму шукае іншыя выйсці для таго, каб захаваць мастацкую вартасць фільма.

Таня Арцімовіч

Фота © А.Кудзіненка

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology