СЯРГЕЙ ГУДЗІЛІН: БЕЛАРУСЬ — ГЭТА МУЛЬТЫКУЛЬТУРНЫ ХАОС

23 чэрвеня былі абвешчаны вынікі «BelarusPressPhoto-2014» — самага неадназначнага, але фактычна адзінага конкурсу рэпарцёрскай фатаграфіі ў нашай краіне. Конкурсу ўвесь час прадракаюць кароткі тэрмін існавання, душаць судовымі працэсамі, але вось ужо пяты год ён працягвае спраўна адлюстроўваць мовай медыя самыя гістарычна і культурна значныя падзеі мінулага года. Нягледзячы на негатыўную канатацыю прафесіі фотажурналіста ў Беларусі, фронт тых, хто ўпэўнена трымае свае камеры ў самых экстрэмальных умовах, апошнімі гадамі застаецца нязменным.

У ліку пераможцаў «BelarusPressPhoto» ужо не першы год — Сяргей Гудзілін, фатограф «першай беларускай газеты», чалавек, які шчыра любіць сваю прафесію і які працягвае дакументаваць нашу штодзённасць, задаючы самому сабе і гледачам пытанні, што тычацца вельмі далікатнай, але неабходнай тэмы — самаідэнтыфікацыі беларускай нацыі.

У сваіх інтэрв’ю Сяргей называе Беларусь адной з самых не адснятых краін свету і на прыкладзе ўласных праектаў спрабуе гэтую сітуацыю змяніць. За 8 гадоў у прафесіі ён ад «пацанскіх» гісторый пра закрытую армейскую субкультуру прышоў да праекту «Край Беларусі», дзе аб’ектам яго ўвагі становіцца ўся краіна.

Фатаграфія Сяргея Гудзіліна «Пастух», якая атрымала першае месца  ў намінацыі «Рэпартажны партрэт (сінглы) » у конкурсе BelarusPressPhoto-2014

Фатаграфія Сяргея Гудзіліна «Пастух», якая атрымала першае месца
ў намінацыі «Рэпартажны партрэт (сінглы)» у конкурсе BelarusPressPhoto-2014

У пазітыўным сэнсе «патрыятычны» праект, над якім Сяргей Гудзілін працуе апошнія некалькі гадоў — пахвальна амбіцыйны і маштабны. У яго аснове палягае ідэя своеасаблівага атласа Беларусі, ілюстрацыйнага календара, які візуальна прадстаўляе падчас руху часоў года самыя аддаленыя населеныя пункты Беларусі. Такім чынам, аўтарская назва «Край Беларусі» таксама атрымлівае некалькі інтэрпрэтацый. «Край» як краіна, у якой мы жывем. «Край» як геаграфічна крайнія кропкі поўначы, поўдня, захаду і ўсходу. Сам фатограф тлумачыць:

«Ідэя таксама заключалася ў тым, каб апісаць крайнасці нашага жыцця. Штодзённага. Беларускага. Акрэсліць, апісаць і зразумець. Беларусь — адна з самых не адснятых краін свету. І я падбіраўся да яе з ускраін. Гэта, вядома, самае простае, што было. І, на першы погляд, не вельмі інтэлектуальна …. Проста паехаць у адзін бок, у другі, трэці, чацвёрты. Проста глядзець, што там адбываецца. Задумка ў тым, каб рэальна зрабіць вельмі яркі ілюстрацыйны каляндар беларускага побыту. Атлас».

Сяргей Гудзілін З серыі «Выпускніцы 2012»

Сяргей Гудзілін. З серыі «Выпускніцы 2012»

З зімы 2012 Сяргей Гудзілін ужо наведаў чатыры крайніх населеныя пункты Беларусі: здымаў фота і відэа, запісваў гукі, галасы і гісторыі незнаёмых людзей, жыў па тыдні ў мястэчках, якія ён знаходзіў у інтэрнэце і энцыклапедыях падчас папярэдняй падрыхтоўкі. У Асвее (паўночным пункце прызначэння ў праекце «Край») Сяргей зняў гісторыю пары качагараў. У палескім Камарыне — дзень Перамогі, у калісьці заможным Высокім — выпадковае барочнае вяселле з аркестрам у мясцовым парку. Фатограф прызнаецца, што, нягледзячы на сур’ёзную даследчую працу, якая адбываецца перад кожным падарожжам, стараецца не абмяжоўваць сваё бачанне фільтрам штампаў і нарыхтаваных сюжэтаў.

«Заўсёды ёсць жаданне сустракаць гісторыі на хаду. Яны ж самі цябе знаходзяць і чапляюць, — тлумачыць Сяргей, — вядома, ёсць нейкі набор фаз, тое, што мне трэба: сацыялка, забаўка, асабістае жыццё, старасць. Альбо старасць і маладосць. Але гэтыя тэмы звычайна потым самі і праяўляюцца».

Успамінаючы першую частку свайго праекту, Сяргей распавядае пра пяць дзён, праведзеных у лютаўскай Асвее — самым буйным населеным пункце беларускай поўначы, які знаходзіцца за Верхнядзвінскам у 5 кіламетрах ад мяжы з Расеяй і Латвіяй:

«У Асвее я жыў у падпісчыцы „Нашай Нівы“ — бабулькі, якая вельмі даўно выпісвае гэту газету. Жыве яна там у кватэры ў савецкім цагляным бараку, дзе раней было нейкае індустрыяльнае прадпрыемства. Ну, прыехаў я ў гэтую Асвею і хаджу ўзад-уперад, здымаю ўсё запар: пейзажы, разбураныя дамы … знаёмлюся з людзьмі на ўзроўні: „Дай закурыць!“ — „А ты хто?“ Заўсёды ў такіх сітуацыях ты павінен трындзець, як беларускае радыё, разумеючы, што ад гэтага залежыць далейшая эфектыўнасць працы. „Я — фатограф … Мяне завуць Сяргей. Я жыву там-та і здымаю такую вось штуку … Па Беларусі езджу“. Гэта паўтараеш у дзень раз па дваццаць з рознымі людзьмі.

Менавіта так, на вуліцы, я пазнаёміўся з сям’ёй качагараў, якія сталі героямі гісторыі. Муж ішоў з працы, мы пазнаёміліся і пайшлі да яго дадому ўжо разам. Дома ён з жонкай п’е, у гасцях яны таксама п’юць, на працы яны таксама п’юць. Увогуле, я з імі вось так цэлы дзень пражыў».

Асаблівым уражаннем ад Асвеі, якое, аднак, застанецца толькі ў памяці Сяргея, стала сустрэча з мясцовымі бабулькамі, якія, згодна са старажытнымі беларускімі традыцыям штотыдзень наведваюць могілкі, каб памянуць продкаў.

«Там такая бабулька … яна пайшла чытаць малітву, галасіць … Гэта калі проста галосяць па памерлых … І гэта настолькі мяне цапанула… Мароз быў. Люты. Яна на могілках. І гэтае пранізлівае галашэнне як самая моцная жыццёвая рэч, якую я сустракаў.

Можа быць, яна не такая эмацыйная, як тэракт у менскім метро альбо тэма Майдана. Але асабіста ўва мне гэтая бабулька зачапіла і кранула значна больш. Менавіта той побыт, не занатаваная нікім культура тых краёў. Зараз маё адзінае шкадаванне ў тым, што я не паспеў запісаць аўдыё гэтага галашэнне. Выявы ёсць. А аўдыё — толькі ў мяне ў галаве … »
Сяргей Гудзілін З серыі «Instavillage»

Сяргей Гудзілін. З серыі «Instavillage»

На зусім іншага роду гісторыю Сяргей Гудзілін наткнуўся падчас паездкі на беларускі захад у гарадок Высокае. Ён адзначае, што геаграфічная блізкасць з Польшчай пры некаторай прадпрымальнасці мясцовых жыхароў спрыяльна адбілася на агульным эканамічным узроўні паселішчы. «Карацей, калісьці гэта было вельмі багатае мястэчка», — распавядае Сяргей. З часам наладжаны з Польшчай прыбытковы гандаль бензінам забаранілі, але факт хуткіх грошай і як вынік вострага жадання паказаць сваю забяспечанасць не маглі не адбіцца на спецыфічных культурных асаблівасцях насельнікаў горада. Фатограф успамінае, што нават калі ён збіраўся ў гэтую паездку, перш наперш задумаў зняць мясцовае вяселле. З гэтай мэтай ён пачаў рассылаць паведамлення незнаёмым карыстальнікам сацыяльных сетак, у якіх у графе месца пражывання было напісана «Высокае».

«Добры дзень, я — беларускі фатограф. Працую там-та … » Атрымоўваеш спам, чалавек 100-150 спам. Падрыхтоўка такая, — усміхаецца Сяргей. — Проста шукаеш узроставую катэгорыю адэкватных, альбо папулярныя акаўнты. Была нейкая сяброўка, якая быццам бы павінна была ладзіць вяселле, але хутка яна адмовілася.

А потым хаджу я па гэтым мястэчку, і тут раз — такая штука! Іграе маленькі аркестр на скрыпачках у парку, арка, госці. Па-багатаму. Крутое вяселле. І аж чатыры фатографа! Так маім галоўным сюжэтам стала тое, як робяцца фотасесіі для гэтага самага мясцовага крутога вяселля. Стылістыка там, вядома, убогая. Нявеста не на далоньцы, але прыёмчыкі ў іх … уласна, сутнасць маіх здымак была вось у гэтых прыёмчыках: тое, як людзі ўяўляюць сабе, якімі яны хочуць сябе бачыць.

Гэта ж таксама частка беларускай ментальнасці, на якую я з ускрайку гляджу і стараюся зразумець гэтую краіну».

Калі Сяргей тлумачыць сваю цікавасць да культурных феноменаў Беларусі як да аб’ектаў уласнага візуальнага даследавання, успамінае, як востра ён адчуў неабходнасць працаваць з лакальным кантэкстам на фоне нядаўніх украінскіх падзей: «Калі пачаўся Майдан, вельмі шмат беларускіх фатографаў ламануліся туды здымаць. Сам я пры гэтым наогул не адчуваў тэмы, фатаграфічна яе не разумеў. Зразумела, наколькі тое, што адбываецца, крута, уражліва, якія яны ўсе малайцы, як уся нацыя змагла ўсё гэта арганізаваць, вытрымаць і нібыта перамагчы. Альбо якім коштам. Але мяне не зачапіла… Я ведаў, што яе здымуць і без мяне і здымуць крута …

У мяне нацыянальнае ў фатаграфіях. Мне цікавыя нашыя мясцовыя тэмы. Адных ведаў мала. Трэба апісваць і разумець. Чым я і займаюся».
Сяргей Гудзілін З серыі «Ежа на магілах»

Сяргей Гудзілін. З серыі «Меню для продкаў»

Натуральна, перасоўваючыся па краіне настолькі часта і знаходзячыся ў такіх шчыльных зносінах са звычайнымі, несталічнымі людзьмі, Сяргей становіцца больш, чым дакументальным архіварыўсам беларускіх традыцый. І пытанне пра асаблівасці беларускага калектыўнага «я» не раз паўстае перад ім.

Хто яны — сённяшнія беларусы? Тыя, хто ходзяць з ежай на магілы сваіх сваякоў, закупляе правізію ў аўтамабільных крамах, просіць на вуліцы прыкурыць? Якія гісторыі яны трымаюць у сябе за пазухай? Хто і калі зможа гэтыя гісторыі пачуць?

Сяргей Гудзілін называе традыцыйны вясковы ўклад сапраўды вельмі закрытым. Гістарычна абумоўленая канфрантацыя самых розных палітычных сіл, якія пастаянна разгортваюцца на тэрыторыі Беларусі яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай, сфармавала нашую ментальнасць, якую, па перакананні фатографа, можна вызначыць як «мультыкультурны хаос». «Менавіта хаос, з якога, хрэн яго ведае, народзіцца што-небудзь сістэмнае альбо не народзіцца! — заяўляе Сяргей. — Зараз сутнасць беларускай ідэнтычнасці — як раз вось у такім міксе. І я гэта сам назіраю. У нейкіх масштабных рэчах, накшталт „Край Беларусі“ ці ў больш дробных праектах, напрыклад „Меню для продкаў“ альбо „Інтэр’еры выбарчых участкаў“. Гэты незразумелы хаос, у якім збіраюцца ўнікальныя непаўторныя вобразы!

Сяргей Гудзілін. З серыі «Меню для продкаў»

Сяргей Гудзілін. З серыі «Інтэр’еры выбарчых участкаў»

Але на самой справе … хочацца як бы … літаратурнай мовы. Хочацца, каб „трасянка“ нашага жыцця выйшла ў нешта аформленае … Хоць, можа быць, гэты хаос мультыкультурнасці і ёсць наша нейкая ўнікальная рэч! …

У такім выпадку яго трэба правільна апісваць і разумець, на аснове яго будаваць агульнае. І ў далейшым прымаць рашэнні. Наогул, ва ўсіх сферах».

Вольга Бубіч, чэрвень 2014. Пераклад з рускай мовы

На вокладцы // фотаздымак С.Гудзіліна з праекта «547 дзён»

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


  1. Вольга:

    Вельмі радая за чарговую перамогу Сяргея. Гэта той дзіўны выпадак, калі моцны аўтар з’яўляўся паступова. Імя было знаёмае, фотаздымкі друкаваліся ў газэтах і раптам разумееш, што моцна. Не спыняйся, Сяргей.

Leave a Reply to Вольга


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology