АРТУР КЛІНАЎ: ПРАЕКТ ІДЭАЛЬНАГА ГОРАДУ

Архіў! © pARTisan #9’2009. Друкуецца фрагмэнтамі

Інтэрвію з стваральнікам канцэпцыі Гораду Сонца, аўтарам кніг «Горад СОНца» й «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» — Артурам Клінавым.

— Спадар Клінаў, апошнім часам былі абнародаваныя пляны будаўніцтва на тэрыторыі ўнікальнага помніку архітэктуры — Гораду Сонца — шэрагу аб’ектаў, якія радыкальна зьменяць ягоны выгляд. У чым сутнасьць праграмы «Горад Сонца», адным з аўтараў канцэпцыі якой вы зьяўляецеся?

А.К.: Мы прапануем гораду й краіне ідэю вялікага праекту, мэта якога — пераўтварэньне Менску ў адзін з буйнейшых у Эўропе турыстычных і культурных цэнтраў. Аднак у дадзенай сытуацыі малапрадуктыўна апэляваць да пачуцьцяў і сэнтымэнтаў. Мы мусім весьці аргумэнтацыю з пазыцыяў эканомікі, выкарыстаць цяжкую артылерыю, давесьці ў лічбах, што атрымае краіна, калі рэалізуе такі інвэстыцыйны праект.

Artur Klinau, What Birds Can See \ The Sun City of Dreams Seria

Артур Клінаў, «Тое, што бачаць птушкі» \ З сэрыі «Горад Сонца»

— І вы ўжо гатовыя агучыць пэўныя лічбы?

А. К.: Безумоўна. Калі праграма «Горад Сонца» выйдзе на праектную магутнасьць, мы зможам рэалізоўваць турыстычных паслугаў на палову мільярда даляраў у год. І гэта толькі грошы, якія замежныя госьці будуць пакідаць непасрэдна ў горадзе. А ёсьць жа яшчэ мільярды даляраў, якія інвэстары укладуць у разьвіцьцё інфраструктуры — будаўніцтва гатэляў, музэяў, рэстаранаў, сэрвісаў, забаўляльных комплексаў.

— Аднак апошнім часам і без таго былі агучаныя пляны пра будаўніцтва ў горадзе як мінімум дзясятку высотных гатэляў. Гэта значыць, інвэстары й бяз вашага праекту гатовыя прыйсьці щ горад.

А. К.: Большасьць з гэтых праектаў ніколі ня будзе рэалізаваная. Не па віне інвэстараў, а таму, што гэта часткі хаатычнага, несыстэмнага інвэстыцыйнага праекту, які зараз ажыцьцяўляецца ў Менску. Ён ня мае галоўнага стрыжню, ня мае канцэпцыі, ідэі, а таму асуджаны на правал. Ну падумайце самі, каму будуць патрэбныя гэтыя гатэлі, калі сёньня па афіцыйнай статыстыцы ў Менск штомесяц прыяжджае ў сярэднім усяго толькі шэсьць з паловай тысячаў турыстаў. Пасьля ўзьвядзеньня першых  высотных гатэляў стане відавочнай бессэнсоўнасьць будаўніцтва астатніх, бо яны будуць стаяць пустыя. Ці, вы думаеце, у наш горад раптам папруцца мільёны турыстаў, каб паглядзець на прыгажосьць гэтых гатэляў? Не, яны паедуць паглядзець на ўнікальны архітэктурны ансамбль — Горад Сонца.

— Аднак афіцыйная статыстыка аптымістычна рапартуе, што колькасьць турыстаў, якія прыяжджаюць у нашую краіну, штогод расьце.

А. К.: Каб упэўніцца, што ў нашым горадзе турыстаў няма, не патрэбная статыстыка. Дастаткова прайсьціся па цэнтральных вуліцах Менску ды паспрабаваць падлічыць колькасьць замежных турыстаў, якія выпадкова патрапяць вам у вочы.

І якім чынам вы зьбіраецеся прыцягнуць у наш горад мільёны замежнікаў?

А. К.: Калі на тэрыторыі вашага гораду, умоўна кажучы, стаіць піраміда — вам, гораду, краіне пашанцавала. Вы патэнцыйна можаце мець неблагія прыбыткі ад турыстаў, які прыедуць паглядзець на гэтую піраміду. На жаль, Беларусь з усіх краінаў Старога Сьвету найбольш пацярпела ад бясконцых войнаў.

Але й на нашай тэрыторыі таксама стаіць піраміда. Гэта ўнікальны архітэктурны ансамбль, які мы называем сёньня Горад Сонца. Гэта помнік, падобнага да якога няма ні ў французаў, ні ў немцаў, ні ў швэдаў, ні ў іншых народаў.

Дык хіба кожны немец, француз ці швэд, які пабываў ужо ў Парыжах, Вэнэцыях, Прагах, не захоча хоць раз у жыцьці зірнуць на тое, чаго ён яшчэ ня зьведаў, пабачыць Горад Сонца?

Star-27-Vartavyja-2-3

Артур Клінаў, «Вартавыя» \ З сэрыі «Горад Сонца»

— Але чаму дагэтуль яны не выказалі вялікай ахвоты пабачыць Горад Сонца?

А. К.: Таму што мала проста мець на сваёй тэрыторыі Горад Сонца. Трэба, каб пра тое, што ён тут ёсьць, тыя ж немцы, французы, швэды як мінімум ведалі. Тут мы пераходзім да сутнасьці нашага праекту. Інвэстыцыйная праграма «Горад Сонца» складаецца з трох частак-праграмаў: першая — уласна «Горад Сонца», другая мае назву «Блізкая Эўропа», і трэцяя —«Зямля продкаў». Кожная з гэтых частак аўтаномная, бо разьлічаная на тры розныя плыні турыстаў і, адпаведна, трохі адрозную інфраструктуру, але яны натуральна ўзаемазвязаныя й разам працуюць на агульны турыстычны брэнд: «Менск — Горад Сонца».

Пачнём зь першай часткі праграмы. Яна разьлічаная пераважна на наведвальнікаў з Заходняй Эўропы й далёкага замежжа — Амэрыкі, Японіі й г. д. Прыцягнуць гэтую групу турыстаў мы зможам ужо ў бліжэйшай пэрспэктыве, бо тут ня трэба нічога спэцыяльна адбудоўваць. Для іх мы маем галоўнае — Горад Сонца, унікальны помнік архітэктуры. Нам застаецца вырашыць толькі тры праблемы. Па-першае, захаваць, ня зьнішчыць гэты помнік, не набудаваць на ягонай тэрыторыі рознага шклянога кічу. Па-другое, зрабіць гэтак, каб турысты даведаліся пра гэты помнік, альбо папросту разрэклямаваць яго. Па-трэцяе, стварыць такую інфраструктуру, каб замежны госьць меў магчымасьць у сваё задавальненьне патраціць тут свае сумленна заробленыя амэрыканскія й эўрапейскія грошы.

Апошні пункт найбольш складаны. Бо гэтая інфраструктура мусіць уключаць у сябе ня толькі гатэлі й сетку добрых рэстаранаў ды пабаў. Найважнейшая частка — установы культуры. А з гэтым у нас якраз найбольшая праблема. Бо мы з вамі жывем ва ўнікальным горадзе, дзе сёньня няма ня толькі адпаведных сусьветнаму ўзроўню музэяў, але нават практычна няма галерэяў. Аднак усё ня гэтак безнадзейна. Мы мусім паглядзець у вочы рэальнасьці — і шчыра сабе сказаць: так, на Беларусі ніколі ня будзе мастацкага музэю ўзроўню Люўру ці Эрмітажу. Трэба пайсьці іншым шляхам і стварыць у Менску новыя музэі — такія, якіх няма ні ў кога й якія б адпавядалі ўнікальнасьці гэтай тэрыторыі. Напрыклад, да Гораду Сонца вельмі б пасаваў праект Музэю Камунізму.

— Вы хочаце сказаць, што Камунізм — адна з адметнасьцяў, уласьцівых беларускай мэнтальнасьці?

А. К.: Канечне, не. Але Горад Сонца — гэта помнік Вялікай Камуністычнай Утопіі.

Калі я кажу пра Музэй Камунізму, я маю на ўвазе вялікую экспазыцыю, якая распавядала б ня столькі пра рэалізацыю камуністычнай ідэі ў Савецкім Саюзе, але і пра саму ідэю, пра яе эвалюцыю ад часоў першых утапістаў — Томаса Мора й Тамаза Кампанэлы.

Пра тое, як яна разьвівалася праз стагодзьдзі ў Нямеччыне, Францыі, іншых краінах Эўропы. Пра вялікі сацыяльны экспэрымэнт, які адбыўся тут і ў іншых краінах. Але гэта мусіць быць музэй новага тыпу, музэй з інтэрактыўнай экспазыцыяй, на ўзор Музэю Галакосту ў Нью-Ёрку ці Музэю Варшаўскага паўстаньня ў Варшаве.

— З гэтай часткай зразумела. Чым другі пункт вашай праграмы — «Блізкая Эўропа» — прынцыпова адрозьніваецца ад першага?

А. К.: Калі ў праграме «Горад Сонца» мы разгортваем інфраструктуру пераважна пад заходняга турыста, то ў частцы «Блізкая Эўропа»мы арыентуемся на турыстаў з усходу, ці, прасьцей кажучы, з Расеі. Памятаеце, калісьці ў часы Савецкага Саюзу, калі мы ня мелі яшчэ магчымасьці выяжджаць за мяжу, для нас Эўропай была Прыбалтыка — Вільня, Рыга, Талін. Мы езьдзілі ў гэтыя гарады на пару дзён, на ўікенды, каб проста папіць кавы ва ўтульнай кнайпе, пагуляць па старых вуліцах. Гэта была для нас Блізкая Эўропа. Сёньня Менск можа стаць такой Блізкай Эўропай для расейцаў.

Такім чынам, мы маем паток турыстаў з захаду ў Горад Сонца, паток турыстаў з усходу ў Блізкую Эўропу. На каго разьлічаная трэцяя частка вашага праекту — «Зямля Продкаў».

А. К.: Гэта так званы этнічны турызм. Вядома, што Беларусь заўсёды была поліканфэсійнай і шматэтнічнай тэрыторыяй. Тут жылі палякі, расейцы, татары, габрэі. Нашая праграма «Зямля Продкаў» разьлічаная пераважна на дзьве групы — палякаў і габрэяў. Госьці з Польшчы ўжо сёньня складаюць значную частку турыстаў, якія прыяжджаюць у Беларусь. Нам застаецца толькі канцэптуальна разьвіць і ўзмацніць гэтую плынь. Зь Менску паходзіць шмат культавых імёнаў у польскай культуры. Чаму нам не зрабіць тут Музэй Манюшкі ці Музэй Страмінскага — аднаго з найвыбітнейшых мастакоў ХХ стагодзьдзя, які нарадзіўся ў Менску.

Калі казаць пра габрэяў, то тут мы ўвогуле маем фантастычную колькасьць культавых для гэтага народу імёнаў, якія паходзяць зь Беларусі. Пачынаючы ад заснавальнікаў Галівуду да айцоў-стваральнікаў дзяржавы Ізраіль. Нашая краіна была, бадай, адзінай часткай Эўропы, дзе габрэі стагодзьдзямі жылі ў міры, у адрозьненьне ад іншых краінаў. Нашыя культуры ўзаемадзейнічалі. Гэты народ заўсёды быў нам вельмі блізкі, а Беларусь сапраўды сталася для габрэяў другой зямлёю запаветнаю. Дык давайце пачнём адраджаць нашыя гістарычныя сувязі праз турызм, праз паломніцтва на зямлю продкаў.

Артур Клінаў, «Багі Гораду Сонца» \ З сэрыі «Горад Сонца»

Артур Клінаў, «Багі Гораду Сонца» \ З сэрыі «Горад Сонца»

— Ці можаце вы сьцісла, вельмі тэзысна выкласьці пакрокавую стратэгію. Што трэба зрабіць, каб гэты праект стаўся рэальнасьцю?

А. К.: Па-першае — і гэта трэба зрабіць вельмі тэрмінова, бо заўтра незваротныя працэсы ўжо пачнуцца, —

неабходна прызнаць Горад Сонца комплексным помнікам архітэктуры й надаць яму й забудове старога Менску статус гісторыка-архітэктурнага запаведніку.

Неадкладна зацьвердзіць палажэньне аб ахоўных зонах. Па-другое, неабходна перагледзець усе праекты, будаўніцтва якіх яшчэ не пачалося, але якія нясуць пагрозу цэласнасьці гісторыка-архітэктурнага запаведніку. Па-трэцяе, трэба стварыць групу для дэтальнай распрацоўкі праграмы стварэньня ў Менску найбуйнейшага эўрапейскага турыстычнага цэнтру. Далей справа тэхнікі — пошук інвэстараў і пачатак рэалізацыі праграмы.

— І ўсё ж такі, якая бяда, калі на тэрыторыі Гораду Сонца зьявяцца некалькі шкляных хмарачосаў ці іншых аб’ектаў? Ніхто ж не зьбіраецца зносіць праспэкт ці іншыя каштоўныя помнікі.

А. К.: Гэта мае прынцыповае значэньне.

На сёньня толькі мы валодаем, так бы мовіць, патэнтам на права называць сябе Горадам Сонца. Толькі ў нас ён рэалізаваўся як цэльны ансамбль, менавіта як горад. Любая архітэктура, якая разбурае гэтую цельнасьць, зьнішчае саму ідэю Гораду Сонца.

Калі мы фрагмэнтуем яго, мы страцім права гэтак сябе называць. У былым Савецкім Саюзе вельмі шмат гарадоў, якія маюць фрагмэнты Гораду Сонца, але ня маюць галоўнага — цэльнага гораду. Мы зь першых, унікальных станемся такімі ж, як яны, аднымі з многіх. І нават ня першымі, бо першай адразу аўтаматычна робіцца Масква: там фрагмэнтаў Гораду Сонца нашмат больш, а асобныя кавалкі й нашмат цікавейшыя. Я не сьцьвярджаю, што на тэрыторыі Гораду Сонца ўвогуле нельга нічога будаваць. Але ўсё, што тут зьявіцца, мусіць адпавядаць ягонай эстэтыцы, стылю, дапаўняць і разьвіваць яго.

Артур Клінаў, «Вежы ў дождж» \ З сэрыі «Горад Сонца»

Артур Клінаў, «Вежы ў дождж» \ З сэрыі «Горад Сонца»

— Як, на вашую думку, улада й жыхары Гораду Сонца паставяцца да вашага праекту?

А. К.: Любая ўлада, якая возьмецца за рэалізацыю такога праекту, збудуе сабе пры жыцьці помнік. І справа тут нават не ў мільярдах даляраў, якія ў выніку атрымае краіна, ня толькі ў тым, што мы адкрыем цэлую галіну эканомікі, якая можа скласьці да некалькіх адсоткаў валавага прадукту. Горад Сонца-2 мы робім нават не для замежных турыстаў, але найперш для сябе. Гэта праект ня толькі турыстычнага брэнду, але і Менску — аднаго з буйнейшых у Эўропе культурных цэнтраў.

Горад Сонца стане адным з сымбаляў беларускай дзяржаўнасьці. Які чалавек, зь якой эўрапейскай краіны, зь якога, нават самага прыгожага, гораду зможа з гонарам сказаць: «Я нарадзіўся ў Горадзе Сонца! Я жыву ў Горадзе Сонца!»? Гэтай унікальнасьцю сёньня валодаем толькі мы.

Гісторыя Менску — трагічная гісторыя. Але сёньня лёс дае нам унікальны шанец зрабіць зь яго горад, які будзе роўны Парыжу, Бэрліну, Рыму. Калі мы ўпусьцім гэтую магчымасьць, мы назаўсёды застанемся шэрымі, правінцыйнымі, нікому не цікавымі. Час ідзе. Думайце, жыхары Гораду Сонца. Заўтра ўжо можа быць позна.

Фатаграфіі © Артур Клінаў

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкула выкарыстоўваньне аўтарскага візуальнага матэрыяла забароненае..


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology