ПРЭМІЯ ГЕДРОЙЦА ВА ЎМОВАХ МАНАПАЛІЗАВАНАЙ ПРАСТОРЫ

Таня Арцімовіч: Добры вечар! Мы пачынаем нашую дыскусію, прысвечаную Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца, уручэнне якой адбылося сёлета ўжо ў трэці раз. Коратка акрэслю кантэкст нашай дыскусіі. Нагодай для гэтай сустрэчы стаў артыкул Лідзіі Міхеевай «Ці выратуе прэмія Гейдройца беларускую літаратуру» ў «Беларускім часопісе», у якім яна, праманіторыўшы прысутнасць кніг-пераможцаў апошняй прэміі ў дзяржаўных крамах, канстатавала фактычную іх адсутнасць і ўвогуле няведанне прадаўцоў пра такую з’яву. У адказ Севярын Квяткоўскі таксама ў «Беларускім часопісе» нагадаў не забывацца на кантэкст, у якім вымушаная існаваць беларуская, асабліва незалежная, літаратура. А менавіта, «дзяржава жыве паралельным людзям светам, таму шукаць кнігі Гедройца ў дзяржаўных кнігарнях і рабіць якія-кольвек высновы проста недарэчна». Тым не менш

хацелася б абмеркаваць, чаму ўсё ж найбуйнейшая літаратурная прэмія прайшла па-за ўвагаю масавых мэдыяў і не атрымала розгаласу? Ці можна назваць прычынаю такой няўвагі толькі тыя ўмовы, у якіх існуе незалежная літаратура? Ці ўсё магчымае робіцца для таго, каб набліжаць кнігі намінантаў прэміі да масавага чытача?

gedrojc

Хачу прадставіць удзельнікаў дыскусіі: Павал Анціпаў (сакратар прэміі Ежы Гедройца, празаік), Севярын Квяткоўскі (літаратар, публіцыст), Алесь Плотка (паэт, менеджар культурніцкіх праектаў). На вялікі жаль, не змогуць прыняць удзел заяўленыя Лідзія Міхеева і Саша Раманава, рэдактарка папулярнага медыярэсурсу kyky.org. Але ў нас будзе больш часу для агульнага абмеркавання. Перш чым перадаць слова ўдзельнікам, я зачытаю фрагменты з таго самага артыкула Лідзіі, якія, магчыма, стануць такімі першымі кропкамі для нашай размовы. Мову пакідаю ў арыгінале, рускую.

«Почему интерес к премии не носит взрывного характера? Где телекамеры ведущих каналов? Почему материалы о премии читаются в интернете довольно вяло? Есть ли какая-то возможность наладить живую, работающую связь с государственными книжными, или так и останемся в наших уютных гетто магазинчиков Логвинова и Вишнева?

Есть ли у организаторов премии какая-то PR-стратегия, которая помогла бы привлечь внимание СМИ и, как следствие, заинтересовать гипотетически существующего “нового”, потенциального читателя белорусской литературы?.. А может, публике банально не хватает “скандалов, интриг и расследований”?..

Возможно, потому что белорусская литература до сих пор не смогла избавиться от имиджа аутичных игр в символы и смыслы, оторванные от любых актуалий, хотя уже очевидным образом ими отнюдь не ограничивается?.. Главной проблемой белорусской литературы, безусловно, является отнюдь не дефицит ярких авторов и произведений, а отсутствие книжного рынка. Может ли премия хоть как-то повлиять на оккупацию Беларуси глобальным русским, русскоязычным книжным рынком?» (Лідзія Міхеева «Спасет ли премия Гейдройца белорусскую литературу»)

kviatkouski

Севярын Квяткоўскі. Аўтарка фота Зарына Кандрацьева

Севярын Квяткоўскі: Пачаць я хацеў бы з паняцця дзяржавы, якое ўзнікае ў артыкуле Ліды. Дзяржава — гэта такі абсалют, а мы — «гета». Я заўсёды бяру гэтае слова ў двукоссе, таму што, на мой погляд, яно ўжываецца абсалютна не па тэме. Я нават часам чую выраз «інтэлектуальнае гета» як антонім мэйнстрыму. Але інтэлектуалаў, у прынцыпе, не можа быць шмат, інакш гэта ўжо не інтэлектуалы. І пытанне такое: а дзяржава — гэта мэйнстрым? Што да нас даходзіць з таго, што з’яўляецца ў дзяржаўных крамах, якія складаюць 90% з усяго кніжнага рынку? Мы ж не абмяркоўваем хіты «Кнігарні пісьменніка» ці «Цэнтральнай». Варта, на мой погляд, гаварыць пра існаванне двух паралельных сусветаў, якія шырокай публіцы не вядомыя. Так, дзяржава мае манаполію на сродкі масавай інфрамацыі. Колькі мы б ні казалі пра інтэрнэт, але апошнія дадзеныя Genius паказалі, што на 4,5 мільёнаў карыстальнікаў беларускага інтэрнэту актыўных толькі 8–10%, то бок 400 тыс., усе астатнія — гэта «Одноклассники» і надвор’е. Людзі ў нас спажываюць тое, што прыносяць расейскія медыя. То бок, на маю думку,

дзяржава — гэта ж такое самае гета, калі казаць пра літаратуру, якое, як сабака на сене, сядзіць на інфармацыйных каналах, тэлевізійных у першую чаргу, і сама не можа якаснага прадукту прапанаваць і не прапускае тое, што магло б выбіцца.

Т. А.: Цікава, што менавіта аўтары незалежнай літаратурнай супольнасці, якіх амаль што нельга знайсці ў дзяржаўных кнігарнях, прадстаўляюць беларускую літаратуру на міжнародным кніжным рынку. Але пытанне: калі дзяржава — гэта таксама «гета», то як прабіцца да масавага чытача?

С. К.: У свой час Уладзімір Арлоў разам са Зміцерам Бартосікам аб’ехаў усе райцэнтры Беларусі, гэта каля 120 мястэчак. Яны літаральна пайшлі да чытача. Можа — такім спосабам.

Алесь Плотка: Севярын, канечне, мае рацыю. Але мне б хацелася выказацца са свайго досведу, які тычыцца больш камунікацыі, чым літаратуры. Любы праект, каб дасягнуць масавага поспеху, мусіць выходзіць у масавую камунікацыю. Той прыклад працы з аўдыторыяй, які прывёў Севярын, гэта гарызантальная сувязь, самая ёмкая і надзейная. Таму што, аб’ехаўшы 120 мястэчак, у кожным атрымаеш па 2–3 чалавекі, якія, магчыма, будуць з табой назаўжды.

Але гэта не выхад на мэйнстрым. Гэта проста якасны падыход да сваёй публікі. Але мы задаемся пытаннем: ці можа гэта стаць больш папулярным?

Натуральна, каб стаць папулярным, трэба выходзіць на СМІ. І ў прэміі ёсць такія мыгчымасці. Але мне падаецца, што яны не цалкам працуюць. Канечне, прэмія стала больш актыўна развівацца менавіта як прэмія: напрыклад, сталі дасылацца рэлізы пра тое, што адбываецца. Не ведаю, ці былі спробы звязвацца з дзяржаўнымі медыя, хай не пра прэмію цалкам. Таму што мы добра разумеем, што, калі запрасіць тэлеканал ОНТ на ўручэнне прэміі Някляеву за раман года, будуць праблемы. Але калі зладзіць, скажам, выступ Рублеўскай як адной з намінантак, то запрасіць туды прэмію можна.

Павал Анціпаў: Я магу адказаць. Але спачатку вярнуся да пытання, агучанага ў артыкуле: ці ёсць стратэгія ў прэміі. Стратэгія, безумоўна, ёсць: гэта сама прэмія. То бок масавае мерапрыемства, якое прыцягвае ўвагу. Другое пытанне, як яно зладжанае. Але магу сказаць, што мы працуем на максімуме сваіх магчымасцяў. У нас няма прафесійнага піяршчыка, таму што няма на яго сродкаў. Тым не менш мы рассылаем рэлізы, мы вядзем старонку ў сацсетках, абнаўляем сайт. Вельмі шмат людзей удзельнічае ў арганізацыі прэміі на грамадскіх пачатках. Мой прыклад яскрава сведчыць пра адкрытасць прэміі для прапановаў. Я не быў звязаны з першай прэміяй, нават рэзка яе пракрытыкаваў у сваім ЖЖ. У адказ на гэта Марыйка Мартысевіч сустрэлася са мной і сказала, што, калі мне штосьці не падабаецца, я магу зрабіць лепш. Я пайшоў і раблю, і зараз бачу, што гэта максімум. Калі хтосьці хоча далучыцца, — калі ласка.

Ліда Міхеева. Аўтар фота Arvo Iho

Ліда Міхеева. Аўтар фота Arvo Iho

Т. А.: Вяртаючыся да фармату прэміі, цікава наступнае. Мы бачым, што ў фокусе прэміі знаходзіцца якасная літаратура. То бок гэта элітарная прэмія, для сваіх? Ці яе мэта —прасоўванне якаснай літаратуры да масавага чытача? Таму што калі другое, то, магчыма, трэба не баяцца выкарыстоўваць у тым ліку і сродкі мэйнстрыму? Ліда пра гэта якраз піша: можа, недастаткова скандалаў, інтрыгаў вакол прэміі, якія акурат масавую публіку і вабяць?

С. К.: Мяне насцярожвае той крытэр, што трапляюць усе кніжкі, напісаныя па-беларуску. На беларускай мове, як і на кожнай з пяці тысяч сусветных моваў, можна напісаць поўную бязглуздзіцу. Павінен быць нейкі фільтр.

П. А.: Фільтр ёсць, на беларускай мове выходзіць не так шмат прозы, і журы ў стане адсачыць усе тыя кніжкі. Гэта не больш за 50 кніжак на год.

А. П.: Я б хацеў зрабіць камплімент Паўлу. Насамрэч прэмія развіваецца, нічога ж не з’яўляецца адразу. Любая медыйная пазнавальнасць — прэміі ці артыста — не можа ўзнікнуць на ноч. І на сённяшні дзень прэмія стала такой платформай, пакуль абмежаванай моўным фактарам, але кожны з яе гульцоў— ад Дашкевіча да Рублеўскай — мае пантэон сваіх чытачоў.

С. К.: Тым не менш, пакуль ёсць дзяржава-манапаліст, сітуацыя кардынальна не зменіцца. Калі б зацікаваліся такія медыя, як «Камсамолка» ці TUT.BY, карціна выглядала б па-іншаму.

Т. А.: У мяне пытанне да Алеся як былога каардынатара кампаніі «Будзьма», можна сказаць, аднаго з самых надзейных медыяпартнёраў прэміі. Канечне, быў надрукаваны фотарэпартаж з апошняга ўручэння, вакол якога ўзнікла дыскусія, звязаная з гендэрным аспектам. Нягледзячы на тое, што ў лаўрэатах прэміі былі дзве жанчыны, фактычна іх не было на фотаздымках. На што фатограф Аляксандр Ждановіч адказаў, што проста не ведаў, як яны выглядаюць, то бок здымаў тых, каго ведаў. І гэтае пытанне якраз да падрыхтоўчай кампаніі, таму што сведчыць пра тое, што канструяванне, прасоўванне культурнага героя не адбываецца ні да таго, ні падчас, ні пасля. Так, ёсць дзяржава-манапаліст. Але што тычыцца незалежнага кола, ці адчуваюць медыя, што яны ў стане не толькі дакументаваць і расказваць пра падзею, але і канструяваць яе:  вобраз героя, напрыклад, ці ствараць напружанне перад уручэннем, каб чалавек захацеў пайсці на цырымонію? Мы бачылі, што гледачоў апошнім разам было не так шмат. А гэта якраз тое, што магчыма нашымі высілкамі.

С. К.: Я магу сказаць як таксама былы каардынатар «Будзьмы» і чалавек, які 10 гадоў займаўся журналістыкай: гэта пытанне не да медыя. Не задача медыя выканструёўваць, але — рэагаваць на тое, што рушыць, што чапляе вока. Мы вяртаемся да таго, што Паша сказаў: ёсць такія сродкі, якія ёсць.

П. А.: Але гэта пытанне: ці павінна прэмія гэта рабіць? Гэта асобныя аддзелы. Мне падаецца, што сваю працу прэмія робіць, астатняе чамусьці не ўлучаецца ў гэты працэс.

Алесь Плотка

Алесь Плотка

А. П. Гэта кейс з фотарэпартажам Таранціна мы якраз абмяркоўвалі. У нас быў выезд у Віцебск з Віктарам Марціновічам, дзе мы сустракаліся з мясцовымі журналістамі, студэнтамі. Якраз напярэдадні Алена Казлова напісала гэты пост, і нам было цікава гэта абмеркаваць. Таранціна выдатны фатограф, і чыё гэта пытанне — мастака ці прэміі — раздаць візітоўкі, каб прынамсці ў рэдакцыі ведалі, як шортлістары выглядаюць. Я схільны не ставіць гэта ў віну, але задацца пытаннем: наколькі гэта важна для прэміі? Калі вас не дакладна пачулі ці не ведаюць герояў вашай прэміі, значыць, вы недастаткова гэта артыкулявалі.

Натуральна, прафесійны журналіст мусіць гэта ведаць, сам, калі трэба, знайсці. Але я гляджу на гэта як піяршчык, што мусіць гэтую інфармацыю давесці і не даваць на водкуп рэдактарам, якія гэтага могуць не зрабіць.

П. А. Справа ў тым, што задача прэміі — піярыць не твары аўтараў, а кніжкі. І кніжкі дасылаюцца.

С. К.: Многія з нас жывуць у больш-менш нармальных рэаліях. Мы не перасякаемся з дзяржаўнымі ідэалагічнымі інстытуцыямі, збіраемся ў кнігарні, у галерэі, заходзім на пэўныя сайты, фактычна, мы жывем нібыта ў нармальнай рэальнасці. Але насамрэч рэальнасць скажоная, таму, мне здаецца, у прэміі задача не толькі прасоўваць кніжкі, але задача крыху большая. І твары пісьменнікаў павінны пазнавацца, і творы, і г. д. Продаж кніжак, зразумела, складана наладзіць, але ёсць такія крытэры, як спампоўванне, напрыклад.

А. П.: Адна з тыповых праблемаў шмат якіх нашых мерапрыемстваў — гэта тое, што яны існуюць толькі вакол адной падзеі на год. Але гэта не трымае ўвагу. Нестае 2–3 мерапрыемстваў пад эгідай брэнда. Цікавасць да праекта трэба ўвесь час падтрымліваць. Гэта можна рабіць рознымі сродкамі, напрыклад, тыя ж кнігі лаўрэатаў можна выдаваць адмысловымі зборнікамі, ладзіць 2–3 прэзентацыі ў міжсезонне.

П. А.: Мы пра гэта думаем. Якраз плануюцца паездкі з пераможцамі прэміі па гарадах Беларусі, напрыклад.

Пытанне з залі:  Ці хацелі б арганізатары прэміі падтрымкі з боку дзяржавы?

П. А.: Чаму б не? Але мы больш думаем зараз пра тое, каб шукаць падтрымку ў беларускага бізнесу.

Алена Гапава: Мяне завуць Алена Гапава. Севярын, вы кажаце, што, калі б мы жылі ў нармальнай рынкавай краіне, літаратура квітнела б. А з іншага боку, гаворыце пра падтрымку дзяржавы, дзяржаўных медыяканалаў.

С. К.: Пра падтрымку з боку дзяржавы ніхто не казаў, гэта было пытанне з залі. Я проста фіксую аб’ектыўную рэальнасць. 90% інфармацыйнай прасторы манапалізавана дзяржавай, такі рэйдарскі захоп. Так не мусіць быць у прынцыпе. Але гэта ўжо палітыка

А. Г.: Можа, пачынаць не з прэміі, а ўвогуле ставіць пытанне пра тое, што робіцца з беларускай літаратурай. Ці ўваходзяць кнігі з прэміі ў адукацыйныя праграмы?

С. К.: Але мы зноў упіраемся ў пытанне палітыкі. Зразумела, што ўсё ёсць палітыкай, але тым не менш, пакуль прастора прэміі з’яўляецца больш-менш незалежнай і непадцэнзурнай, з ёй трэба працаваць. Знаходзіць сродкі, заахвочваць прафесіяналаў, не канфрантаваць, а супрацоўнічаць з дзяржавай, наколькі гэта магчыма.

Але ў любым выпадку разумець, што — ну не будуць гэтыя кніжкі распаўсюджвацца ў дзяржаўных крамах.
Павал Анціпаў. Фота АУ

Павал Анціпаў. Фота АУ

П. А.: На кожную цырымонію запрашаюцца прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, але яны не прыходзяць.

Віка Біран: Вельмі часта натыкаешся на праекты, якія звяртаюць тваю цікавасць не тое, каб да канкрэтнай кніжкі, але да літаратуры ўвогуле. Напрыклад, серыя відэаролікаў «Літаратурны аргазм». Ці ёсць, напрыклад, спецыяльны сайт, на якім табе прапануюць тры радкі з нейкага літаратурнага твора. Ты можаш іх гартаць, і калі табе нешта спадабаецца, табе адкрываюць картку і кажуць: вось, пачытай такую кніжку. І такіх праектаў шмат. І гэта прыклады таго, як можна зацікаўліваць. Я разумею, што прэмія і арганізатары робяць першы і галоўны крок ужо тым, што яны працуюць. Але, магчыма, для таго, каб твой праект развіваўся і атрымліваў рэзананс, трэба зрабіць другі крок. Напісаць канкрэтна кожнаму з медыя з прапановай супрацоўніцтва, то бок знайсці тыя кропкі перакрыжавання, якія зацікавілі б абодва бакі.

А. П.: Цалкам згодны. Трэба думаць пра новыя формы — відэа, інтэрнэт. Я не веру, што сёння да дзесяцікласніка можна дайсці праз змены ў адукацыйнай праграме. Прасцей — праз гаджэт ці іншае прыстасаванне.

А. Г.:  А што выкладаюць і чытаюць у ВНУ? Ці ёсць там тое, што стаіць на паліцах тут, у кнігарні?

В. Б.: Ёсць адна-дзве пары на журфаку, якія называюцца «Сучасная беларуская літаратура». Там можна выбраць каго заўгодна, а выбіраюць звычайна таго, хто ёсць у бібліятэцы.

А кніжак з кнігарні «Логвінаў» там няма.

Кірыл Дубоўскі: У ВНУ ёсць свае тыповыя праграмы, што складаюць выкладчыкі, якія звычайна мала чытаюць, для іх сучасная літаратура — гэта пакаленне 50-цігадовых. Вось і атрымоўваецца…

Т. А.: Каб трохі заступіцца за маладое пакаленне, якое кожным разам вінавацяць у тым, што яны не чытаюць, хачу нагадаць пра праект «Рома едзе», прэзентацыя кніжкі якога сабрала натоўп моладзі 20 гадоў. Але гэта не здарылася само па сабе. Праект цягнуўся год, рознымі спосабамі каманда партала стварала пэўнае напружанне, каб у рэшце рэшт сабраць такую аўдыторыю. Можа, можна выкарыстоўваць гэты досвед?

П. А.: Але гэта быў праект, мэта якога распрадаць кніжку.

Т. А.: Нават калі і так, хоць я думаю, што калі яны пачыналі, не думалі пра гэта, то ў мяне зноў пытанне: мэта прэміі — вылучыць лепшую якасную кніжку ці ў прынцыпе прасоўваць белліт?

П. А.: Калі мы звернемся да 34mag і папросім раскруціць кніжку, паўстане пытанне — якую.

А. П.: Хай яны самі выбіраюць менавіта тое, што ім цікава. У любым выпадку гэта працуе на прэмію.

Рэпліка з залі: У Польшчы таксама пэўны час была праблема з літаратурай, пакуль не з’явіліся гэтыя вялікія медыяльныя крамы Empik з рознымі акцыямі, бонусамі, радыёчытаннямі, якія ў прынцыпе зрабіць вельмі проста. Быў, напрыклад, і ў нас цікавы праект «Чорна-белыя вершы» на «Будзьме». І я ведаю, што гэты праект быў папулярны не толькі ў Менску. То бок у нас ёсць магчымасці. І яшчэ хацела б выступіць з прапановай. Я прадстаўнік каманды «Літара А». Гэта такі інтэрнэт-рэсурс, на якім мы выкладаем ролікі, як людзі чытаюць вершы. І вось можна было паспрабаваць, напрыклад, наступным годам зрабіць такія чытанні ўрыўкаў з твораў лонг-ліста, а наш аператар гэта б усё зняў. То бок пашырыць інфармацыю пра прэмію хаця б на інтэрнэт-аўдыторыю.

Т. А.: Прагучала шмат розных меркаванняў, нават тэмаў, на абмеркаванне якіх трэба ладзіць асобныя сустрэчы. Нягледзячы на праблемы, усе ўдзельнікі ўсё ж бачаць пазітыўныя моманты: прэмія развіваецца, і гэта факт. Так, ёсць кантэкст, манапалізацыя прасторы, але тым не менш, мне падаецца, усё адно трэба быць крытычнымі да сябе і кожным разам задавацца пытаннем: ці ўсё зроблена, ці выкарыстаны ўсе магчымасці. А таксама трэба быць больш адкрытымі, артыкуляваць праблемы, таму што, зразумела, стратэгія супольнасці ў нашым выпадку працуе найлепш за ўсё. Дзякуй нашым выступоўцам, а таксама тым, хто прыйшоў.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology