МАЦВЕЙ БАСАЎ ПРА ІЗРАІЛЯ БАСАВА

 «ЯГО НАЗЫВАЛІ ФАРМАЛІСТАМ, І ГЭТАЕ «КЛЯЙМО» БЫЛО ПРЫЛЕПЛЕНА ДА ЯГО ДА КАНЦА ЖЫЦЦЯ»

pARTisan #22’2012

Персанальная выстава беларускага мастака Ізраіля Басава адбылася ўжо пасля ягонай смерці. Творца, якога сёння называюць «другім Шагалам», «з’явай савецкага і постсавецкага мастацтва Беларусі», «звычайным геніем», на працягу 40 гадоў у савецкі пэрыяд не атрымліваў афіцыйнага прызнання. Двойчы ён звяртаўся ў Міністэрства культуры СССР з просьбай дазволіць яму паказаць людзям свае карціны.

У другім лісце, у 1987 годзе, за некалькі гадоў да сваёй смерці, мастак пісаў: «Я стары і за ўсё сваё жыццё ні разу не ўдзельнічаў ва ўсесаюзных выставах. Я лічу гэта несправядлівым і прашу вашага садзеяння для паказу ў Маскве хоць бы адной ці больш карцін…»
Ізраіль Басаў «Дрэва ля ракі»

Ізраіль Басаў «Дрэва ля ракі»

На працягу ўсіх гадоў творчай ізаляцыі Ізраіля Басава падтрымлівала ягоная сям’я — жонка Бэла і два сына. Малодшага, Мацвея не спалохаў досвед бацькі, і ён таксама стаў мастаком. Пазней крытыкі адзначалі, што гэта той рэдкі выпадак, калі сын, не патрапіўшы пад мастацкі ўплыў бацькі, знайшоў свой уласны арыгінальны стыль. Апошнія некалькі гадоў Мацвей Басаў выступае з ідэяй стварэння ў Менску музею бацькі. Пасля першай выставы ў 1996 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску працы Ізраіля Басава былі паказаныя ў Беларусі толькі двойчы. Безумоўна, гэтага мала для таго, каб вярнуць беларускаму мастацтву найважнейшую старонку ягонай гісторыі.

ПРА ІЗРАІЛЯ БАСАВА ЎСПАМІНАЕ МАЦВЕЙ БАСАЎ

— У чым, на Ваш погляд, прычына таго, што творчасць Вашага бацькі так доўга і зацята ўтойвалася ад публікі? Відавочна, што ў ягоных працах не было ні выкліку савецкай сістэме, ні бунту супраць існага ладу.

— Выкліку савецкай сістэме не было. Але бацька быў рэвалюцыянерам — у мастацтве. І менавіта гэта тады і спалохала афіцыйныя савецкія мастацкія колы. Бо замоўчвалі яго не ўлады, а мастакі. У мяне ёсць адна праца, дзе намаляваны бацька, маці і я, які нясе вялікую карціну. Я назваў гэтую працу «Ну што, Басаў, ізноў не ўзялі карціну?». Гэта маці заўсёды так казала, калі выстаўны камітэт у чарговы раз адхіляў бацькавы працы. Майстэрня месцілася насупраць ГУМу, бацька загортваў карціну, даваў яе мне, я садзіўся ў аўтобус, ехаў у Палац мастацтваў, дзе карціну не бралі, і я вяртаўся назад.

— Як Ваш бацька гэта перажываў?

— Цяжка, і толькі маці сваёй упэўненасцю і перакананасцю магла яго супакоіць.

— Але тым не менш пэрыяд найбольшай творчай актыўнасці Вашага бацькі якраз супадае з часам ягонага «замоўчвання».

— Так, ён з цяжкасцю аднаўляўся, але працягваў пісаць. Пазней, ужо пасля смерці бацькі, калі я сустракаўся з супрацоўнікамі музеяў у Маскве, яны сказалі, што, напрыклад, у той жа Маскве ў тыя часы такія працы прайшлі б.

Шмат хто казаў бацьку, што, калі б ён тады жыў у іншым месцы, стаў бы сусветна вядомым мастаком.

У Беларусі яго не заўсёды дапускалі нават на восеньска-вясновыя выставы Саюзу мастакоў без журы. І калі ў яго з’яўлялася магчымасць дзесьці выставіцца, ён заўсёды вельмі цешыўся.

— У 1968 годзе кіраўніцтва Саюзу мастакоў прапанавала Вашаму бацьку правесці закрытую персанальную выставу без удзелу публікі і прэсы. Але ён адмовіўся.

— Тады яму было ўжо 50. Спачатку яму прапанавалі зрабіць звычайную публічную выставу, ён старанна да яе рыхтаваўся, пад кожную працу рабіў адмысловыя рамкі. А потым раптам абвясцілі пра закрыты фармат паказу. То бок яны самі хацелі паглядзець, але каб больш ніхто гэтага не ўбачыў. Вядома, бацька з такім варыянтам не пагадзіўся і ўвогуле адмовіўся ад выставы. Фактычна пасля гэтага і пачаўся пэрыяд ягонага «вымушанага няўдзелу». Праз шмат гадоў мне распавялі адну гісторыю, звязаную з выставай у Вільні, куды выпадкова патрапіла адна праца бацькі. Пазней, аказваецца, з Вільні прыйшла прапанова зрабіць паўнавартасную выставу Ізраіля Басава, але ў Саюзе мастакоў бацьку пра гэта нават не сказалі, а ліст проста выкінулі.

Быў яшчэ выпадак, калі бацькава праца вісела на адной выставе, і павінна была прыехаць камісія з Масквы. Дык нашыя мастакі гэтую працу адразу знялі, каб ніхто не ўбачыў.
Partizan-22-34

З архіву Мацвея Басава

— Дзякуючы Вашай ініцыятыве ў Беларусі было праведзена некалькі выставаў Ізраіля Басава. Але, па сутнасці, ён па-ранейшаму застаецца невядомай постаццю, нават для сучасных нашых мастакоў, якім здаецца, што перад імі нічога, акрамя сацрэалізму і пазнейшага, умоўна кажучы, беларускага авангарду, не было.

— Так, гэтая сітуацыя мяне самога дзівіць. Тады замоўчвалі, але чаму такая няўвага да бацькі цяпер, мне незразумела. Напрыклад, у 1996 годзе Мастацкі музэй адгукнуўся, дзякуючы падтрымцы Фонду Сораса, быў надрукаваны каталог. Але ўжо ў 2008 годзе мне давялося цалкам узяць усю арганізацыю на сябе, а пасля выставы музей нават не купіў ніводнай працы ў сваю калекцыю. У іх бацькавы працы ёсць, але вельмі мала. Дзіўна, што пра гэта не думаюць. Цяпер, напрыклад, спрабуюць сабраць працы нашых «французскіх» мастакоў. Але гэта, відавочна, не лепшыя іхнія творы. Вядома, у любым выпадку мы павінны дзякаваць тым людзям, якія вярнулі працы беларускіх мастакоў у Беларусь.

Але колькі твораў сыходзіла і сыходзіць зараз за мяжу за капейкі, таму што мастак павінен выжываць. І пра гэта трэба думаць.

Таму што, калі раптам з’явіцца магчымасць стварыць паўнавартасны Музей сучаснага беларускага мастацтва, выявіцца, што, напрыклад, прац майго бацькі 1970–90-х гадоў практычна няма.

basau

Ізраіль Басаў «Дзяўчынка з гета» / «Арыя»

— Тым не менш, нягледзячы на такое стаўленне да яго з боку суайчыньнікаў, Ваш бацька лічыў сябе беларускім мастаком.

— Так, менавіта. Хтосьці казаў яму, што, маўляў, Вы габрэйскі мастак. Але ён адказваў: «Ну які я габрэйскі мастак? Трэба шмат чаго выконваць, а я проста пішу». Тым больш, ён і не працаваў з чыста габрэйскімі тэмамі. Гэта я іншы.

— Пасля бесперапынных адмоваў ці не думаў Ваш бацька пра эміграцыю?

— Магчыма, у 1970-я ў яго былі такія думкі. Яму многія казалі, маўляў, навошта ты тут пакутуеш? Ужо ў Польшчы сітуацыя склалася б для цябе па-іншаму. Але бацька застаўся — магчыма, проста не склалася. І, напэўна, гэта слушна. Мне здаецца, мастаку трэба жыць там, дзе ён адбыўся.

— Але прыклад з Шагалам: многія гавораць пра тое, што, калі б ён не з’ехаў, ягоны творчы лёс мог бы скласціся сапраўды па-іншаму — у адмоўным значэнні. І, магчыма, свет не ўбачыў бы таго Шагала, чые працы зараз знаходзяцца ў самых буйных музеях.

— З аднаго боку — так. З іншага — тады быў складаны час. Мы ведаем, што адбылося з Пэнам, які, здавалася б, быў выдатным рэалістам. Але яго забілі. Малевіч сам памёр у 1936 годзе, а так невядома, што б з ім было. Хаця па ягоных працах апошніх гадоў відаць, што яго прасавалі і ён неяк спрабаваў падладзіцца. Магчыма, і Шагала чакала б такая доля.

А творчае станаўленне бацькі супала якраз з пэрыядам «адлігі», калі раптам многае сталі гаварыць і паказваць. Напрыклад, у маскоўскім музеі павесілі палотны Ван Гога, а да гэтага часу можна было бачыць толькі чорна-белыя рэпрадукцыі галандца. У прынцыпе, пасля 1957 году надыйшоў дзіўны час. Так, у 1965–68 гадах у бацькоўскай майстэрні збіралася група мастакоў, мяне ён таксама браў на гэтыя сустрэчы, дзе яны абмяркоўвалі новыя мастацкія формы, штосьці спрабавалі пісаць. Потым, праўда, большасць з гэтых мастакоў зразумела, што, калі пайсці такім шляхам, будзе складана, а жыць трэба, таму неўзабаве бацька застаўся са сваімі пошукамі сам-насам.

— Як адбываліся ягоныя «пошукі»? Вы адзначылі, што інфармацыі было мала, арыентавацца на кагосьці было немагчыма. Па сутнасці, гэта быў шлях у прыцемках.

— Так, бацька вельмі павольна і паступова ішоў да сваёй формы. Спачатку была графіка. Ён хадзіў на натуру, рабіў накіды, маляваў нават з тэлевізара. Пісаў такія, як іх называлі ў Саюзе, «французскія» эцюды, якія, натуральна, не прымалі. Бацьку называлі фармалістам, і гэтае «кляймо» было прылеплена да яго да канца жыцьця.

Але ён шукаў нават не форму, а іншы колер. Бачанне колеру ў яго было абсалютнае. Потым бацька пачаў абагульняць, у прынцыпе, адмовіўся ад малюнку з натуры: яму стала сумна. Увесь час казаў, што трэба прыйсці да карціны, гэта значыць, працаваць у майстэрні. А тады такога панятку, у прынцыпе, не існавала. Так, ён «браў» натуру, але потым імкнуўся яе знішчыць, то бок пераўтварыць у сваю карціну. Напрыканцы жыцця бацька шмат хварэў, але 1993 год стаўся для яго вельмі прадуктыўным. Ён шмат працаваў і прыйшоў да абсалютна простай плоскай формы. Мне здаецца, яшчэ пяць гадоў жыцця — і ён мог бы зрабіць вельмі шмат.

Partizan-22-37

Майстэрня Ізраіля Басава, 2012 / фота pARTisan

— Вы таксама абралі шлях мастака і дасягнулі ўласных поспехаў. У гісторыях творчых сем’яў гэта, хутчэй, рэдкасць.

— Я з пяці гадоў рабіў накіды. Бабуля казала, што я магу быць толькі мастаком. Але я шукаў сваю форму і пластыку. Мне было лёгка пайсці па шляху пераймання бацькі, але я свядома не рабіў гэтага. Напрыклад, адмовіўся пісаць дамы, таму што ў бацькі іх вельмі шмат і ён добра гэта рабіў. Толькі зусім нядаўна ў мяне ў працах з’явілася тэма мястэчка, таму што мне гэта сапраўды стала цікава, але пішу я дамы па-свойму. Зараз я адчуваю абсалютную сваю незалежнасць у гэтым плане.

— А лёс бацькі Вас не палохаў?

— Я не думаў пра гэта. Памятаю, як нясу, напрыклад, працы бацькі на выставу, а пажылая сакратарка Саюзу кажа, маўляў, на, забірай. А я ёй: «Як вы так можаце? Калі вам свае працы прапануе такі мастак, вы павінны радавацца, а не шпурляць!» То бок ужо тады мне было відавочна, хто з нас мае рацыю. Бацька мяне ўсюды браў з сабою, і аднойчы мы сустрэлі Каткова, мастака, выкладчыка студыі ў Палацы піянераў, які спытаў бацьку:

«Навошта ты яго (мяне, значыцца) водзіш, каб ён бачыў увесь гэты бруд?» А бацька: «Нічога, хай глядзіць, лягчэй будзе жыць».
Partizan-22-39

Ізраіль Басаў «Бег»

— У друку пра Вас часам кажуць як пра мастака-эмігранта.

— Не разумею, адкуль гэта. Я ніколі не з’яжджаў, жыву ў Менску. Толькі шмат езджу. Для мяне важна бачыць іншае жыццё, мастацтва, але я беларускі мастак. І, калі з’яўляюцца прапановы выставіцца тут, заўсёды пагаджаюся. Сёлета было дзве выставы. Адна — у Музеі Марка Шагала ў Віцебску, там, аказваецца, з вялікай пашанай ставяцца да мастацтва. Супрацоўнікі музею сказалі мне, што ў іх гэта лепшая выстава за пяць гадоў. Другая адбылася ў Магілёве, у Музеі гісторыі гораду ў ратушы ў межах Дзён габрэйскай культуры. Вядома, мяне запрашаюць і за мяжу, але мне важна прысутнічаць менавіта тут. Не толькі як мастаку.

Я бачу сваёй першачарговай задачай распавядаць пра бацьку і паказваць ягоныя працы. Пра яго павінны даведацца ў Беларусі.

Ізраіль Басаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1918 году ў Мсціславе Магілёўскай губерні. Акрамя Ізраіля ў сям’і быў яшчэ старэйшы сын Беніямін, у будучым — выдатны графік. Ізраіль Басаў вучыўся ў 9-гадовай габрэйскай школе ў Мсціславе, але быў вымушаны спыніць навучанне з прычыны хваробы. У 1935–1941 гадах працаваў рэтушэрам фатаграфіі ў арцелі «Шлях Кастрычніка». Спрабаваў паступіць у Віцебскую мастацкую вучэльню, дзе вучыўся брат, але не здаў уступны іспыт з прычыны недахопу школьнай адукацыі. У 1941 годзе апынуўся спачатку ў эвакуацыі ў горадзе Янгіюль ва Ўзбекістане. У 19421943 гадах праходзіў вайсковую службу ў працоўнай арміі гораду Паўлаўскі Пасад, адкуль быў дэмабілізаваны з прычыны хваробы. Вярнуўся ў Янгіюль, дзе працаваў мастаком у драматычным тэатры.

У 1944 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Мсціслаў. Неўзабаве з’ехаў у Менск, дзе ўзяў шлюб з Бэлай Зак, з якой быў знаёмы з даваенных часоў. У гэтым жа годзе ў іх нарадзіўся сын Барыс.

У 1947 годзе Ізраіль Басаў паступіў у Менскую мастацкую вучэльню, адкуль на апошнім курсе яго выключылі за «касмапалітызм». Але студэнты выступілі ў абарону Басава, і дзякуючы гэтаму яму далі магчымасць працягваць навучанне. У 1950 годзе ў Басавых нарадзіўся сын Мацвей.

З 1951 году Басаў працаваў у Беларускім аддзяленні Цэнтральных мастацкіх майстэрняў Мастацкага фонду СССР (пазней Мастацка-вытворчы камбінат), дзе амаль да сярэдзіны 1960-х маляваў на замову партрэты савецкіх правадыроў. З 1953 году пачаў браць удзел у выставах. У 1959 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. У 1972 годзе ў выніку рэарганізацыі быў звольнены з камбінату і з гэтага часу нідзе на службе больш не лічыўся.

З прычыны адмоўнага стаўлення да ягонай творчасці выстаўкаму Ізраіль Басаў даволі працяглы час (з 1975 да 1988 году) амаль не меў магчымасці прымаць удзел у выставах у Менску. З гэтай нагоды ён двойчы (у 1978 і ў 1987 гадах) пісаў у Міністэрства культуры СССР лісты, якія, аднак, не далі ніякага выніку.

Памёр Ізраіль Басаў у Менску ў 1994 годзе. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках. 

© pARTisan #22’2012

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology