ПРАГРАМА ПРЫЗБА-ФЭСТУ

Брэсцкі Трансгранічны Інфацэнтар — Аграэкасядзіба «Залессе» — Тэатр «Крылы Халопа»

ПРЫЗБА-фэст:
Тэатр. Экалогія. Сацыяльнае мастацтва.

8-10 жніўня 2014 года: Белавежская пушча, Залессе, Вялікае Сяло

Ідэя фэсту палягае ў выхадзе за межы тэатральнай залы, за межы горада, за межы так званых культурных прастор. Спектаклі, майстар-класы, дыскусіі, канцэрты, фільмы будуць праходзіць на пленэры, на спецыяльна пабудаванай летняй сцэне, у бліжэйшых вёсках, уключаючы да ўдзелу іх жыхароў.

pryzba2

П Р А Г Р А М А

Пятніца, 8 жніўня, Залессе

11.00 — 14.00 Майстар-класы

15.30 Адкрыццё выставы дзіцячага малюнка на тэму «Чарнобыль»
У рамках праекта «Чарнобыль» тэатр «Крылы халопа» арганізаваў у 2013г. конкурс дзіцячага малюнка, прысвечанага тэме «Чарнобыль». У ліпені 2013г. было арганізавана 2 выставы: у Брэсце пры падтрымцы гатэля HERMITAGE (Брэст), і пад час тэатральнага фестывалю Wioska Teatralna ў Венгайтах. На сайце тэатра www.teatrkh.com была арганізавана таксама віртуальная выстава.

16.00 Дар’я Яскевіч: прэзентацыя «Дэвіянтнае мастацтва ў інтэрнатах Беларусі» з удзелам мастакоў групы «Арт» Ну-во! з псіханеўралагічнага дома-інтэрната № 3 г. Мінска
Дар’я Яскевіч — арт-тэрапеўт, куратар выставаў дэвіянтнага мастацтва.

17.30 Прэзентацыя дакументацыі «Вытокі і будучыня» і «Караван поўдня» пра экспедыцыю тэатра «Венгайты» ў Албанію

З’яўленне вясковага тэатра «Венгайты» ў 1986 годзе мела асаблівы сэнс у палітычным кантэксце таго часу. Першыя дасягненні тэатра былі прадвесцем адраджэння грамадскага жыцця і дэмакратычных рэформ. Гэта быў «час культуры». Характэрнай рысай першых артыстычных выступленняў «Венгайтаў» было іх новае стаўленне да традыцыі. З аднаго боку, выкрывальнае і адмаўляючае стэрэатыпы і клішэ эпохі сацыялістычнай ПНР. З іншага боку, не менш важкім стала тое, што «Венгайты» адлюстроўвалі свет шматэтнічнай і мультыкультурнай традыцыі. «Гісторыі Вінсэнта», «Карчма да вечнага спакою», заснаваная на «Даліне Ісы» Чэслава Мілаша — абодва спектаклі ў рэжысуры Вацлава Сабашэка, — звярталіся да маладога пакалення, да людзей, што прыступалі да стварэння новых грамадскіх інстытутаў у рэгіёнах Варміі і Мазураў. Часткаю гэтага працэсу была барацьба за афіцыйнае прызнанне тэатра ў Венгайтах — ён узяў сабе назву вёскі, у якой базуецца — і забеспячэнне належнага статусу. Падрабязней ТУТ

19.30 Вячэра з мясцовымі жыхарамі (чакаюцца народныя спевы)

20.30 Дыскусія «Ці павінна мастацтва быць сацыяльным?» Мадэратар: Вольга Шпарага
Вольга Шпарага — філосаф, рэдактар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», дацэнт ЕГУ. Аўтар манаграфіі «Абуджэнне палітычнага жыцця: Эсэ пра філасофію публічнасці» (Вільнюс: ЕГУ, 2010). Сфера цікавасцяў: фенаменалогія і палітычная філасофія, еўрапейская прастора і месца Беларусі ў ёй, сучаснае мастацтва.

22.30 Фестываль КІНЕМO (Мінск). Фільм «Мая бабуля» (Грузія, 1929 г.)
Фестываль КІНЕМO — першы ў Беларусі open-air фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі. Арганізаваны праектам Cinemascope і Асацыяцыяй маладых беларускіх кампазітараў у 2013 годзе ў г. Мінску. Ідэя фестывалю — паказ класічных, але невядомых шырокай публіцы фільмаў, якія агучваюцца сучаснымі прагрэсіўнымі музыкамі і кампазітарамі.
МАЯ БАБУЛЯ | Chemi bebia /СССР (Грузія), 1929, 65 хв. Рэжысёр: Котэ Мікаберыдзэ
Музычнае суправаджэнне — Канстанцін Яськоў

Субота, 9 жніўня, Залессе

11.00 — 14.00 майстар-класы

14.00 прэзентацыя аграэкасядзібы Залессе / www.zalessie.by

15.30 Жанна Панамарэнка: лекцыя «Дыскурс улады ў сучасным мастацтве»
Мастацтва — стасунак камунікацыі, у тым ліку — дыялогу паміж уладай і грамадствам. На якіх прынцыпах будуецца гэты дыялог? Ці змагаецца мастацтва за ўладу? Што гэта азначае — сацыяльнае мастацтва? Утопія сацыяльнага мастацтва: ад рускага авангарда да сучаснасці.
Жанна Панамарэнка — навукоўца, актывістка, праваабаронца (Мурманск). З 2006 займаецца праектнай працай на базе грамадскай арганізацыі «Гуманістычны рух моладзі» (Мурманск). Тэматычная вобласць праектаў — ўзаемадзеянне ўлады і грамадства, сацыяльнае мастацтва і арт-актывізм, гендэр, сацыяльнае развіццё горада, працэс-арыентаваныя метады ў праектнай працы.

17.00 Таня Арцімовіч: лекцыя «Гвалтам на гвалт, альбо Мастацтва з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй»
Новая драма ці новая п’еса зрабілася ўжо неад’емнай часткай сучаснага тэатру. Паўстаўшы на постсавецкай прасторы ў сярэдзіне 1990-х, канчаткова гэты драматургічны феномен акрэсліўся ў пачатку новага тысячагоддзя і легалізаваўся ў канцы «нулявых». У якіх умовах нараджалася і сталела новая драма? Што з’яўляецца адметнасцю гэтых тэкстаў? Чаму аўтары ў пошуках тэмы і новых герояў выйшлі на вуліцы? І што стаіць за гіпернатуралізмам новай драмы?

19.00 Музычны праект «Андарак»: канцэрт

21.00 Тэатр «Крылы халопа»: спектакль «Працэс»

Тэатр «Крылы халопа» (з 2001 па 2011 гг. Свабодны тэатр) — незалежны альтэрнатыўны тэатр. Створаны ў 2001 годзе як супольнасць людзей, аб’яднаных палітычнымі і творчымі поглядамі. На працягу 2001 — 2014 гг. тэатр стварыў 10 спектакляў (у тым ліку 4 вулічныя), якія адрозніваюцца стылістыкай, візуальнай мовай і методыкай працы над імі. Гэта спектаклі паводле твораў Данііла Хармса, Янкі Купалы, Франца Кафкі і ўласных сцэнараў. Стылістыка спектакляў аб’ядноўвае элемэнты нямецкага экспрэсіянізму і тэатра Брэхта, традыцыйнага ўсходняга тэатра і клаўнады, пантамімы і дакументальнага тэатра.
Тэатр «Крылы халопа» прэзентаваў спектаклі на шматлікіх тэатральных фестывалях у Польшчы, Украіне, Беларусі, Расіі, Даніі. Галоўныя ўзнагароды: Фестываль альтэрнатыўных тэатраў «Lodzkie Spotkania Teatralne» (Лодзь, Польшча), 2008 г. — Адмысловае згадванне журы за спектакль «ТГТ»; Міжнародны тэатральны фестываль «Драбіна» (Львоў, Украіна), 2010 г. — Галоўная ўзнагарода журы за спектакль «Працэс». З красавіка 2013 года тэатр КХ арганізуе адукацыйную платформу ў Брэсце, у межах якой былі прэзентаваныя лекцыі пра сучаснае мастацтва, тэатры і г.д. У 2013 г. тэатр пачаў рэалізацыю праекта «Гісторыі Беларусі». Першым этапам стаў «Чарнобыльскі праект». Да гэтай пары быў пастаўлены дакументальны спектакль «Чарнобыль» (прэм’ера адбылася пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча ў Познані ў снежні 2013 г. у межах Міжнароднага фестывалю «Маскі») і арганізаваны конкурс дзічага малюнку на тэму «Чарнобыль» (пры падтрымцы гатэлю HERMITAGE (Брэст)). Пасля спектакля адбудзецца дыскусія!

23.00 Фестываль КІНЕМО (Мінск). Фільмы «Антракт» (Францыя, 1924 г.) і «Вандроўка на Месяц» (Францыя, 1902 г.)

Музычнае суправаджэнне — Five-storey ensemble. Падрабязней ТУТ

24.00 Pavel Ambiont & Solar Olga (live A/V set)
Павел Няхаеў і Вольга Салахеева прадставяць на ПРЫЗБА-фэсце свой ‘visual techno poetry’ сэт. Вольга праілюструе электронную музыку і вершы Паўла жывой візуальнай плынню з матэрыялаў, якія яны разам ствараюць з відэа, фота і кіна-стужак, камп’ютэрнай графікі і беларускай вышыўкі.
З 2011г. Павел і Вольга выступаюць разам на шматлікіх фэстах, выставах і імпрэзах у Беларусі, Літве, Латвіі, Польшчы, Італіі і Іспаніі.

Нядзеля, 10 жніўня, Залессе

11.00 — 14.00 Майстар-класы

22.00 Фестываль КІНЕМО: кароткаметражкі Бастэра Кітана. Граюць удзельнікі майстар-класу «Тапёрства»!

23.00 Джэм-сэйшн
Іграюць усе!

ДЗЕНЬ ВЯЛІКАГА СЯЛА
П Р А Г Р А М А

Нядзеля, 10 жніўня, Вялікае Сяло

16.00 Дзіцячы спектакль на аснове рэальных гісторый Вялікага сяла. Акторы: дзеці з Вялікага сяла!
Гісторыя, якую мы ведаем па падручніках гісторыі — гэта яшчэ далёка не ўся гісторыя. Вельмі часта мы не разглядаем «маленькія» чалавечыя гісторыі, як важныя для разумення гістарычных падзей. Вербальныя, вельмі асабістыя гісторыі часта становяцца адпраўнай кропкай пераасэнсавання Вялікай гісторыі. Нам можа здавацца, што важнае (і гістарычна значнае) адбываецца дзесьці далёка, у вялікіх гарадах, з удзелам вядомых людзей. Але гісторыя пра вайну, расказаная бабуляй з суседняга дома, можа змяніць наш погляд на тое, што мы вывучалі ў школе. І на ўласную вуліцу, вёску, горад, краіну. Малое становіцца вялікім, нязначнае становіцца важным.
На працягу двух месяцаў тэатр «Крылы халопа» рэалізоўваў праект «Гісторыі Беларусі. Вялікае Сяло» у межах якога праводзіў майстар-класы для дзяцей вёсак Вялікае Сяло і Ялова. На першым этапе дзеці збіралі гісторыі мясцовых бабуляў і дзядуляў, жыццёвыя асабістыя гісторыі пра вёску, вайну, людзей, немцаў, партызанаў, каханне, Кацярыну ІІ… Пасля гэтага дзеці асвойвалі тэхніку «тэатра ценяў», самі стваралі лялькі і сцэнаграфію, асвойвалі тэхніку «апавядання гісторый» і вучыліся ствараць музычнае афармленне спектаклю. Вынікам стаўся спектакль, на прэм’еру якога 10 жніўня запрашаюцца ўсе мясцовыя жыхары і госці «Прызба-фэсту».

16.45 Паказ выніку цыркавога майстар-класу з дзецьмі Вялікага сяла

17.00 Спектакль тэатра «Венгайты» (Польшча) «Зямля Б»
Зямля Б
Цёмна-сіняя бездань вока быка нібы люстра,
у якім мы бачым сябе як ажыўшае мяса…
(Анджэй Стасюк, «Па дарозе ў Багдад»)

Пасыл: Большасць людзей мяркуе, што мы не павінны сеяць паніку, таму што заўжды будзе выйсце. Нехта верыць, што нават калі сённяшнія паводзіны чалавека знішчаць жыццё на Зямлі ў будучыні, то заўсёды будзе магчымасць пераляцець на Марс ці на іншую планету.
Нават калі б мы і хацелі застацца ўбаку, нажаль, на нашых вачах фармуецца тая, іншая, горшая Зямля. Тут і цяпер.
Форма: Сцэны выбудаваныя адпаведна тэхніцы калажу, адпаведна паранойдна — крытычнаму метаду Сальвадора Далі.
Тэксты: Эдвард Стахура, Бертольд Брэхт, Канстанты Ільдэфонс Галчынскі, Бетка Вольны, Давід Зялінка, Паўліна Міу Зялінска, Вей Ю Лін- Гарэцка.
Пастаноўка: Вацлаў Сабашэк
Акторы: Моты Ашкеназі, Зафія Барташэвіч, Іза Гічэўска, Эмілія Хагельганц, Эрдмутэ Сабашэк, Вацлаў Сабашэк, Барбара Шпунэр, Паўліна Міу Зялінска.
Прэм’ера: 25 красавіка 2011 года, «Дзядувэк» ля возера Ханьча

18.00 адкрыты майстар-клас традыцыйнага танца ад тэатра «Венгайты» Запрашаем усіх!

19.00 супольная вячэра з жыхарамі Вялікага сяла. Просім усіх жыхароў прынесці да агульнага стала любімую страву!

Увага! У праграме магчымыя змены! Сачыце за інфармацыяй ТУТ

ЯК ДАБІРАЦЦА ДА ЗАЛЕССЯ

Фэст арганізаваны пры падтрымцы:
праекту USAID, які рэалізуецца ПРААН «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» ў межах ініцыятывы «Павышэнне патэнцыялу суб’ектаў аграэкатурызму праз узаемадзеянне ў сумесным экалагічна-арыентаваным турыстычным прадукце ў рэгіёне Белавежскай пушчы»
ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча»
Тэатра Венгайты
Інстытута Адама Міцкевіча
Вялікасельскага мясцовага Савета
Пружанскага райвыканкама


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology