ПАМЯЦЬ, ЯКОЙ БРАКУЕ ПРАСТОРЫ

Спектакль «Чарнобыль» незалежнай тэатральнай групы «Крылы халопа» з Брэста (рэж. А.Гайко, вык. С. Гайдалёнак, А.Гайко, С.Гайко) — гэта першая частка іх праекта «Гісторыя Беларусі», задуманага як тэатральны шматтомнік, кожная частка якога будзе прысвечана падзеям сучаснай гісторыі краіны.

Спектакль створаны на падставе дзвюх экспедыцый у беларускую частку зоны адсялення і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, інтэрв’ю з людзьмі, якіх эвакуявалі па аварыі ў Чарнобылі, дакументаў, звязаных з наступствамі катастрофы, і матэрыялаў форумаў, прысвечаных будаўніцтву АЭС у Астраўцы. Прэм’ера спектакля адбылася ў снежні 2012 года на Міжнародным тэатральным фестывалі «Маскі» ў Познані. «Чарнобыль» быў паказаны таксама на фестывалях у Даніі і Венгайтах. Нарэшце яго змагла пабачыць і беларуская публіка: паказ адбыўся ў межах тэатральна-экалагічнага фэсту «ПРЫЗБА».

Падчас экспедыцыі / з архіву тэатра

Падчас экспедыцыі / з архіву тэатра

Тэма Чарнобыля і да гэтай пары застаецца табуяванай у беларускім грамадстве. З аднаго боку, катастрофу на ЧАЭС узгадваюць у падручніках і энцыклапедыях, пра яе пісаліся кнігі, нават ставіліся спектаклі (напрыклад, «Чарнобыльская малітва» паводле С. Алексіевіч у РТБД у 2002 годзе). З іншага, відавочна, што гэтая тэма паўнавартасна так і неадрэфлексаваная беларускім грамадствам і дзяржаваю. Пра гэта яскрава сведчыць тая згода, з якой беларусамі ў 2008 годзе (усяго толькі праз 22 гады пасля Чарнобыля) была ўспрынята інфармацыя пра будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Аксана Гайко (рэжысёрка спектакля): «Я пачытала пра будаўніцтва АЭС у Астраўцы і падумала, што зусім нічога не ведаю пра Чарнобыль. Выявілася, што гэтая трыццацігадовая гісторыя непасрэдным чынам датычыцца нас сённяшніх.

І вось што дзіўна: у краіне, найбольш пацярпелай ад мірнага атаму, будуюць АЭС, а людзі маўчаць і ніяк не выказваюцца. Чаму? Гэта таксама вельмі цікава: чаму нашыя людзі ўвесь час маўчаць?»

Можна было б спісаць гэтае маўчанне на традыцыйную кароткую памяць беларусаў, якую, напрыклад, філосаф Валянцін Акудовіч звязвае з тым, «што кожная чарговая катастрофа, акрамя чарговае вялікае бяды, нічога іншага беларусам не прыносіла, [і таму] нашая ментальнасць выпрацавала разнастайныя механізмы па выдаленні сваіх катастрофаў з жывое памяці як чагосьці бескарыснага ці, хутчэй, нават шкоднага» [1]. Але тая жывая рэакцыя, з якой беларускія гледачы ўспрынялі спектакль берасцейцаў «Чарнобыль», паказвае, што памяць не сышла. Ёй папросту бракуе прасторы, дзе яна магла б праявіць сябе. Так, падчас спектакля публіка не толькі актыўна ўключылася ў дыскусію, але і дзялілася сваімі персанальнымі ўспамінамі пра катастрофу. На паўтары гадзіны тэатр стаў своеасаблівай выспаю, на якой быў пачуты голас кожнага.

«Чарнобыль» / фота Алег Малейка

Спектакль пачынаецца з лічбаў. Голас дыктара расказвае пра катастрофу, тыя меры, якія (не) прымаліся, вынікі — забруджаныя тэрыторыі, загінулыя падчас і пасля, хворыя, пераселеныя. Напрыклад, цэзіем-137 было забруджана каля 66% тэрыторыі, то бок на Беларусь прыйшоўся асноўны ўдар Чарнобыля. Далей ідзе пералік хваробаў, колькасць якіх павялічылася пасля аварыі, — рак, лейкемія, прамянёвая хвароба, народжаныя мёртвымі дзеці, рознага кшталту паталогіі…

Лічбы захопліваюць амаль усю прастору, ад іх інтэнсіўнасці цяжка дыхаць, у галаве адна думка — чаму я нічога не ведаю пра гэта? На зубах скрыпіць жалезны пыл.

Запускаецца відэа на заднім плане: экспедыцыя ў «зону». Адна мёртвая вёска, бы той прывід, змяняе другую — рай, як потым скажа адзін з гледачоў, таму што там няма чалавека. Выканаўцы пачынаюць расказваць рэальныя гісторыі людзей, звязаных з аварыяй. Жанчына, якая пераехала з забруджанай тэрыторыі спачатку ў адну вёску, потым пад Кіеў, вярнулася на радзіму і нарэшце апынулася ў Брэсце. Мужчына-ліквідатар, які стаў нікому не патрэбны: 3-я ступень інваліднасці не дае анічога. Старая, якая з мужам-інвалідам жыве ў «зоне», — так званыя самасёлы, — трымае гаспадарку, сын з Магілёва прыязджае, таксама бярэ («Ну якая, — кажу ім, — тут радыяцыя, калі і матыль лётае, і чмель гудзіць. І мой Васька мышэй ловіць» (С. Алексіевіч).Начамі старая спіць з сякераю, бо часта ў наваколлі з’яўляюцца беглыя ці наркаманы, якія селяцца ў пустых хатах і шмат п’юць («Вы толькі не паказвайце мяне па тэлевізары, а то я тут вам нагаварыла…»).

Гэтыя маналогі-інтэрв’ю адсылаюць да «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч: такія ж прасякнутыя згубленасцю, пакорлівасцю і безнадзейнасцю гісторыі. Прагавораныя занадта тэатральна (у традыцыйнай форме пражывання персанажаў), гэтыя маналогі кантрастуюць з лініяй сучаснай: падзеі вакол Астравецкай АЭС пераказваюцца сродкамі дакументальнага тэатра (фактычна ад імя саміх сябе ці з дакладнай дыстанцыяй ад персанажаў). На гэтым прыёме — мінулае праз тэатральнасць, а сучаснасць — праз дакумент і не-ігру — і пабудаваны спектакль, што дазваляе дакладна правесці мяжу паміж дзвюма часавымі прасторамі. І ў гэтым ёсць рацыя: вельмі часта нам падаецца, што падзеі гісторыі — гэта нешта штучнае, іх так замыльваюць у падручніках, у школах, што яны не выклікаюць аніякіх жывых эмоцый, быццам архівы, пакрытыя тоўстым слоем пылу. Але выканаўцы якраз ставяць сваёй мэтай вельмі блізка падвесці гледачоў да гэтых падзей:

тое, што падавалася мінулым, магчыма, не да канца ўсвядомленым, але ўжо за спінаю, раптам становіцца надзвычай набліжаным.
Падчас экспедыцыі / з архіву тэатра

Падчас экспедыцыі / з архіву тэатра

Праект будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі ўласнай АЭС распрацоўваўся яшчэ ў 1990-я, але рашэнне было прынятае ўжо ў 2006 годзе, а ў 2008-м праграма канчаткова запушчаная. Месцам абранае мястэчка Астравец Гродзенскай вобласці, за 23 км ад літоўскай мяжы. На грамадскае абмеркаванне гэтае рашэнне так і не было вынесенае (хоць раней абяцаўся нават рэферэндум). Праўда, у кастрычніку 2009 года ў Астраўцы быццам прайшла сустрэча дзяржаўных прадстаўнікоў з грамадскасцю, на якой, паводле СМІ, «у лепшых традыцыях савецкай прапаганды» рашэнне было прынята канчаткова і беззваротна (падчас абмеркавання выступоўцы нават чыталі вершы накшталт:«…Взялась страна за великое дело — / Атомную энергетику твердо развить. / И скажем сегодня гордо и смело: /АЭС в Беларуси, конечно же, быть!»).

Будаўнічыя працы пачаліся ў 2011 годзе, яшчэ да таго, як канчаткова быў прыняты праект цалкам (зацверджаны ў 2013-м). АЭС будзе складацца з 2 энергаблокаў, запуск першага плануецца ажыццявіць у 2018 годзе, другога — у 2020-м. Актывісты час ад часу ладзяць акцыі пратэсту, пішуць петыцыі і лісты, але выніку — хоць бы на ўзроўні грамадскага абурэння — гэта не прыносіць. Паводле дадзеных Незалежнага Інстытута сацыялагічных і палітычных даследаванняў, у 2013 годзе 34% беларусаў выказаліся за будаўніцтва, 37,6% — супраць, 22,6% — абыякавыя, 5% — не ведаюць, што сказаць.

Галасы нашых сучаснікаў гучаць і ў спектаклі. Рэжысёрка і акцёры звярнуліся да аднаго з брэсцкіх форумаў, прысвечаных АЭС у Астраўцы, і агучылі чат на відэакамеру (падчас спектакля мы не бачым выканаўцаў, іх здымае анлайн-камера, а выява транслюецца на сцэну; яшчэ на адным экране ідуць подпісы нікаў і час, у які камент быў створаны). Большасць удзельнікаў форума выказваюцца супраць новай АЭС, яны дзеляцца сваім уласным досведам — хваробы, дыягназы, смерці блізкіх. Адзін герой распавядае пра сваю паездку на рыбалку ў месцы са знакам радыяцыя, а там — пасуцца калгасныя каровы, малако якіх здаецца на завод і перамешваецца з нармальным. «Карацей, не стаў я там рыбачыць і паехаў дамоў». Нехта падае рэпліку за будаўніцтва, маўляў, Беларусі патрэбная энергія, мы станем аўтаномнымі і самадастатковымі. Але гэта, хутчэй, адзінкавае меркаванне, якое адразу жорстка высмейваецца. Чат перарываецца голасам дыктара: паведамленне пра паскораныя тэмпы працы, пра тое, што праект будзе больш танным, чым планавалася.

«На чым жа яны сэканомяць? — іранізуюць акцёры. — З кардонкі выражуць і скотчыкам перавяжуць?» — «Якім скотчыкам? Вяровачкай!»

Гэтыя дыялогі на форуме яшчэ больш агаляюць тую прорву, якая існуе паміж грамадствам і дзяржаваю: паралельныя светы, якія абсалютна не перасякаюцца, а да верхняга свету дагрукацца амаль што немагчыма. «Вось вы тут крытыкуеце, а ці гатовыя выйсці на вуліцу з лозунгамі і транспарантамі?» — кідае каментар адзін з чатаўцаў. У адказ цішыня.

«Чарнобыль» / фота Алег Малейка

«Чарнобыль» / фота Качагар Бганцаў

Выканаўцы распачынаюць дзіцячыя гульні — зноў адсылка да Алексіевіч: «Спачатку здзіўленне… Адчуванне, што вайсковыя вучэнні… гульня… Але гэта была сапраўдная вайна. Атамная вайна… Нам невядомая: што страшна і што не страшна, чаго асцерагацца, а чаго не? Ніхто не ведаў». Цяпер мы бачым Чарнобыльскую катастрофу вачыма дзяцей. «Бабуля лыжкай стала даваць ёд, добра, што разбавіла ў вадзе», — расказвае адна дзяўчынка. «Мама мяне пасадзіла ў аўтобус, і мы паехалі. Куды і навошта — я не разумеў», — кажа хлопчык. На заднім плане паказваюцца дзіцячыя малюнкі, прысвечаныя катастрофе (летасьтэатр «Крылы халопа» арганізаваўу Брэсце адмысловы конкурс і выставу). У нейкі момант выканаўцы выходзяць па-за межы гульні і ўжо ад свайго імя расказваюць свае асабістыя гісторыі, звязаныя з іх памяццю пра Чарнобыль: «Мяне ўвесь час прымушалі хадзіць у дурацкай шапцы…» — «А мяне мама апранала ў камбінезон, хоць на вуліцы была спёка…»

Тая дурацкая шапка становіцца бы мікрафонам, які перадаецца ў залю з прапановаю гледачам далучыцца да расповеду. Доўга чакаць не даводзіцца. Людзі актыўна падымаюць рукі і расказваюць — пра сваю жонку, якая страціла дзіця, таму што не развіваўся плод; пра ўзровень радыяцыі ў адным мястэчку, дзе ваенныя-хімікі закапалі тры ўстаноўкі; пра сабаку Рэнтген у ваеннай часці; пра паніку бацькоў і чорна-белы экран тэлевізара з навінамі. З глыбінь памяці ў кожнага (прамовіў ці не) паўстаюць успаміны. Мне было два гады, і адзінае, што запомнілася, — бясконцыя праверкі шчытападобнай залозы, на якія нас вадзілі ў школу, і марская капуста амаль штодня. Прастора ўспамінаў аб’ядноўвае людзей: як ніколі, адчуваеш тую пагрозу, якая зноўку павісла ў паветры.

 «Мы да гэтай пары нічога не ведаем пра Чарнобыль. Ці скажуць нам праўду, калі раптам што здарыцца?» — задаюцца пытаннем выканаўцы. «Альбо мы сапраўды народжаныя, каб «Сталкер» зрабіць быллю?»
Падчас экспедыцыі / з архіву тэатра

Падчас экспедыцыі / з архіву тэатра

«Мы — фаталісты. Мы нічога не робім, бо верым: усё будзе так, як будзе. Верым у лёс. У нас такая гісторыя… На кожнае пакаленне выпадала вайна… Кроў… Адкуль нам быць іншымі? Мы — фаталісты…» — гаворыць герой Алексіевіч. «Беларусам патрэбная гэтая АЭС, каб яны зноў прайшлі праз гэта і, можа, тады ўсвядомілі, зразумелі навуку гісторыі!» — кідае рэпліку адзін з гледачоў.

Няўжо толькі так? Ці сапраўды прорва паміж афлайн- і анлайн-рэжымамі ў Беларусі такая непераадольная?

Альбо стварэнне такіх, хоць бы адзінкавых, прастораў, дзе абуджаецца памяць і людзі адчуваюць сябе супольнасцю, можа скараціць гэтую адлегласць?

Як гэта і здарылася падчас спектакля «Чарнобыль», дзе сышліся нядаўняе мінулае і нашае сённяшняе, а глядач апынуўся ў пункце перакрыжавання гэтых вымярэнняў для таго, каб адчуць сваю датычнасць да фармавання будучыні.

Таня Арцімовіч 

 [1] Акудовіч В. Апакаліпсіс, якога не было // pARTisan. 2011. № 14.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


  1. анна:

    Слыша уже много от разных людей про спектакль. Очень хотелось бы увидеть его самой. Вчера не поленилась и спросила у мамы, что происходило в тот день: оказалось, они узнали об этом на первомай от женщины, которая приехала к матери в деревню. Она сбежала из Припяти потому что была беременная, а всех заставляли делать аборт. Вообщем, нужно искать возможности здесь играть.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology