«КВІРЫНГ ЕРЭВАН»: НЕ СТАН, А ДЗЕЯННЕ

Барбара Эдэр для «MigraZine» (красавік, 2014)

Барбара Эдэр: Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна пра гісторыю ўзнікнення групы «Queering Yerevan». Мяне асабліва цікавіць роля, якую адыгрывае калектыўнасць у вашым творчым працэсе. Ці звязана яна з пашырэннем межаў індывідуальнасці? Ці з’яўляецца калектыўнасць, акрамя таго, яшчэ адным спосабам атрымаць больш улады ў ажыццяўленні грамадскай дзейнасці?

«Queering Yerevan»: Калектыў «QY» заявіў пра сябе і акрэсліў сваю дзейнасць прыблізна ў 2007 годзе, калі групай мастакоў(чак), пісьменнікаў(ц), актывістаў(к) было прынята рашэнне пра супрацоўніцтва ў самых розных формах. Мэта — выкарыстоўваючы сталіцу Арменіі Ерэван у якасці эксперыментальнай прасторы для новай культурнай творчасці, «падарваць», дэаўтаматызаваць, разбурыць стэрэатыпы, якія існуюць у грамадстве. Для таго каб здзейсніць дэканструкцыю звыклага ўспрымання штодзённага, група расказвала пра знаёмыя з’явы нязвыклымі тэрмінамі. Іншымі словамі,

дзеянні «QY» — гэта форма ненаўпроставага актывізму, які, зразумела, адрозніваецца ад традыцыйнага актывізму, пабудаванага на тактыцы непасрэдных дзеянняў з мэтаю данесці пэўнае паведамленне або выклікаць пэўную рэакцыю.
In and Between the (Re)public

«Queering Yerevan» / In and Between the (Re)public

Што тычыцца межаў індывідуальнасці, так, праца ў калектыве азначае выхад за гэтыя межы. Неабходна ўвесь час усведамляць дынаміку яго ўдзельнікаў і разнастайнасць у іх падыходах да дасягнення адной і той жа мэты — выхавання «квір», то бок iншага погляду. Мы імкнемся стварыць і засвоіць неаднародныя прасторы, якія развіваюцца не па інерцыі, самі па сабе, а ўяўляюць сабой месца ўзаемадзеяння з дзіўным, нетрадыцыйным, знаходзяцца па-за межамі звыклых нормаў.

Таму, магчыма, калектыўная форма (у параўнанні з індывідуальнай) — гэта не столькі спосаб атрымання ўлады ў грамадскай дзейнасці, бо ў гэтым выпадку яна б проста руйнавала калектыўную энергію, але — паўторнае адкрыццё ці нават паўторнае «пераадкрыццё» прастораў, у якіх мы жывем і працуем.

Наш першы хэпенінг пад назвай «Ідучы да цябе, каб не быць з табой» быў зладжаны ў 2008 годзе ў парку па вуліцы Зурабяна, 34, які і стаў месцам для нашых наступных сустрэчаў і дзеянняў. Парк знаходзіўся ў прыватнай уласнасці дзвюх няўрадавых арганізацый: Жаночага рэсурснага цэнтра і культурнага цэнтра «Utopiana», які мы ператварылі ў часовую платформу культурных мерапрыемстваў і публічных дыскусій. У 2011-м «QY» апублікаваў сваю першую кнігу — «Queered: What’s To Be Done With Xcentric Art» («Аквіраныя: што трэба рабіць з эксцэнтрычным мастацтвам»), якая сабрала дакументацыю розных акцый і мастацкіх хэпенінгаў, фатаграфіі, крытычныя тэксты, вытрымкі з эксперыментальных тэкстаў, фрагменты блога «QY» і электроннае ліставанне за перыяд 2007–2011 гадоў. Цяпер мы працуем над нашай наступнай кнігай пад назвай «In and Between the (Re)public» («Унутры і паміж (Рэс)публікай»), якая фінансуецца прынцам Клаўсам. Выхад запланаваны на пачатак чэрвеня.

БЭ: Стаць бачнымі пры дапамозе мастацтва можа быць больш тонкай стратэгіяй, чым палітычны актывізм. Ці ёсць, на вашую думку, якое-небудзь адрозненне паміж гэтымі двума паняццямі, або яны цесна звязаныя?

QY: Насамрэч значна большага можна дасягнуць, застаючыся ананімнымі і нябачнымі. Мы стараемся цалкам не сціраць нашы асабістыя імёны, але часцей аддаем перавагу ўзаемадзеянню і хваляванню публікі, выкарыстоўваючы камунікацыю, якая патрабуе ананімнасці (напрыклад, працуем з трафарэтамі і графіці).

У межах нашага апошняга праекта («Унутры і паміж (Рэс)публікай») мы размяшчалі трафарэты вершаў сацыялістычнай паэткі-феміністкі Шушанік Кургінян (1876–1927) у пад’ездах ерэванскіх шматпавярховак. Падобныя прасторы не з’яўляюцца ні прыватнымі, ні грамадскімі — гэта пад’езды, калідоры, лесвічныя праходы, якія злучаюць або вядуць ад грамадскага ў прыватнае, і наадварот. Так, чалавек, раніцай адводзячы сваё дзіця ў школку, заўважае на ўнутранай сценцы ля ўваходу ў будынак наступныя радкі: «Я тая, адзіная, жыццярадасная і мяцежная, хто засталася з вамі…» Іншы, хто вяртаецца дадому з працы, можа натрапіць на такі радок: «Хай будзе праклятае пакаленне, што ўсё яшчэ поўзае ў рабстве!» А яшчэ хтосьці прачытае, выходзячы з дому: «Хоць бы яшчэ адзін прамень светлы? O, спадары, мне мала гэтага!» Гэтыя словы з’яўляюцца ў нечаканых месцах, яны вырваныя з кантэксту, але ўсё ж здаюцца звернутымі асабіста да кожнага з нас, як да членаў грамадства, што ёсць суб’ектамі рэспублікі, якой кіруюць антыграмадскія палітыкі і адміністрацыйныя дылетанты.

Так, у гэтым выпадку мы развіваемся ананімна і таксама абараняем сябе ад абвінавачванняў у пашкоджанні маёмасці. Як кажа Лана Вачоўскі, «ананімнасць дазваляе атрымаць доступ да грамадскай прасторы, да формы ўдзелу і грамадскага жыцця, да эгалітарнай нябачнасці». Такім чынам, калектыў паступова сыходзіць ад бачнасці і індывідуальнасці ў бок больш грамадзянска арыентаваных мастацкіх формаў і стратэгій, якія тонкімі спосабамі вядуць да рассейвання і фрагментацыі ўспрымання.

qu5

«Queering Yerevan» / In and Between the (Re)public

БЭ: Як вы вызначаеце тэрміны «квір», або «квіравасць»? Ці існуе значнае змяненне значэння гэтых словаў пры іх ужыванні ў кантэксце Арменіі?

QY: Мы разглядаем тэрмін «квір» па-за стэрэатыпнымі канатацыямі, звязанымі з яго першасным значэннем, пазбягаючы традыцыйнага выкарыстання слова ў якасці назоўніка або прыметніка.

Мы разумеем «квір» як дзеянне, накіраванае на каго-небудзь ці на нешта, у гэтым сэнсе мы надзяляем яго ўласцівасцямі, звязанымі з «адчужэннем» — кожны можа гэта зрабіць, кожны можа браць удзел у падрыве знаёмага, у зрыве нормы, у скрыўленні стандартнай схемы.

Па-армянску мы кажам «tarorinakel». Гэта няісны дзеяслоў, вытворны ад прыметніка «tarorinak» («дзіўны»). Яго ідэя ў большай ступені звязана з дзеяннем, а не станам.

БЭ: Многія вашыя акцыі праходзяць у публічных месцах — таксама накіраваныя на здабыццё ЛГБТ, іх месца ў грамадстве. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра вашую апошнюю акцыю.

QY: Гэта была наша маштабная канцэпцыя «Унутры і паміж (Рэс)публікай», яе своеасаблівымі адпраўнымі пунктамі сталі наступныя ідэі:

Рэспубліка была створаная гегеманістычна адзінай — як па форме, так і па змесце. Існуе Рэспубліка — ідэалізаваная структура сучаснай дзяржаўнасці, да якой павінны імкнуцца ўсе дзяржавы. І ёсць Рэспубліка, «наша» нацыя, «нашы» людзі — як адзін калектыўны орган (фашызм прапагандаваў калісьці лозунг: «Адна нацыя, адна культура», — кананізуючы ўсё «правільнае», якое павінна было рэгуляваць магчымасці ў межах культурнага ландшафту). У абодвух выявах Рэспублікі любое паняцце «грамадскага» страчвае сэнс з прычыны прысваення алігархіяй рэсурсаў агульнага карыстання, з прычыны вымушанай масавай міграцыі, беспрэцэдэнтнага ўзроўню беспрацоўя і прыгнёту ўсялякага духу супраціву ў насельніцтва. Але (р-э-с)-п-у-б-л-і-к-і ўяўляюць з сябе таксама ўнутры-і міжмоўную з’яву, якая падзяляе, а не аб’ядноўвае, адчужае, а не прыручае. Вядома, нельга выпускаць з-пад увагі змены, якія адбываюцца з прычыны плыні часу і натуральных працэсаў замяшчэння, таму што сучаснасць, выяўленая паняццем «цяпер», таксама характарызуецца рэвізіяй, пераглядам, што бесперапынна навязваюцца. У такім «новым» часе, дзе пераважаюць «рэспубліканізм» і «дэмакратызацыя», як мы можам абмяркоўваць спецыфіку ўздзеяння на цела, на мову, на памяць і міжфазавае афектыўнае панаванне (віртуальнага) увасаблення «прамежкавага» стану? Якім чынам публіка можа апісваць і перапісваць прасторы, з дапамогай якіх яна была б здатная працягнуць значную вытворчасць дыскурсаў?

Так, адной з падзей гэтага праекта была пасадка дрэваў у парку, размешчаным па праспекце Баграмяна, 26, у прасторы паміж прэзідэнцкім палацам, домам-музеем паэткі Сільвы Капуцікян і паркам закаханых. Гэтая лакацыя з’яўляецца месцам сустрэчы вельмі рознага кантынгенту насельніцтва: напрыклад, супрацоўнікаў міліцыі, якія ахоўваюць прэзідэнцкі палац, тых, хто там шпацыруе ці проста паліць, бяздомных, што спяць на лаўках, дзяцей, якія абралі парк месцам для сваіх гульняў. Тым не менш парк фармальна належыць людзям, якія пражываюць у суседнім будынку. Іншымі словамі, гэта як прыватная, так і грамадская прастора. Не цалкам прыватная — і не цалкам грамадская.

Акцыя звяртае ўвагу на групы насельніцтва, якія джэнтрыфікуюцца праз незаконную прыватызацыю грамадскіх месцаў, дзе новыя ўладальнікі ссякаюць дрэвы і будуюць дарагія кавярні ці элітнае жытло за кошт тых, хто жыў там раней. Мы наўмысна вырашылі пасадзіць дрэва пад назвай «церцыс еўрапейскі», таксама шырока вядомае як юдава дрэва, якое сімвалізуе здраду і адначасова рэпапуляцыю грамадскіх прастораў выселенымі жыхарамі.

map-invitation

БЭ: Сярод дакументальных матэрыялаў вашых акцый таксама ёсць фатаграфіі, якія робяць вельмі верагодным працэс ідэнтыфікацыі асобаў. Я лічу, што гэта надзвычай смела! Якую цану вымушаныя плаціць тыя, хто вырашае здзейсніць камінг аўт у Арменіі? Ці робіць вашая праца ўплыў на тых, хто не знаходзіць у сабе адвагу здзяйсняць падобныя ўчынкі?

QY: З самага пачатку мы былі надзвычай захопленыя падрывам гетэранарматыўнасці і стварэннем прасторы для не-гетэра-суполак, што мела на ўвазе адмову ад функцыянавання ў звыклым фармаце не-гетэра-ананімнасці і жыцця «ў шафе». Іншымі словамі, так, сапраўды стала важным прайсці працэс наймення і самаідэнтыфікацыі, адкрыцця для сябе супольнасці, якая была вымушана знаходзіцца ў маўчанні праз законы, традыцыі, сем’і, звычаі і рэлігіі. Мы пакуль не можам ведаць, ці змяніла наша праца лад жыцця іншых людзей, аднак спадзяемся, што мы стварылі своеасаблівае напружанне, якое прымусіць кожнага пачаць заўважаць навакольныя рэчы з іншага (чужога) пункту гледжання. Тым не менш мы маем на ўвазе зусім не турыстычны або сімвалічны досвед:

досвед, пра які мы гаворым, — па-сапраўднаму трывожны, ён выводзіць з зоны камфорту для ўключэння ў нешта, што будзе значна адрознівацца ад таго, да чаго чалавек прызвычаіўся і што лічыць для сябе зручным.

Мы вывучаем гэтую з’яву, да прыкладу, выкарыстоўваючы канцэпцыю міграцыі. Мы займаемся пытаннем міграцыі як у фізічным, так і ў кагнітыўным плане, маючы на ўвазе рух ад фіксаванай (вядомай) рэальнасці да зменлівай рэчаіснасці, ад прыземленай, трывалай супольнасці да суполкі, якая знаходзіцца ў пастаянным руху па абраным маршруце.

Ці з’яўляецца выезд з уласнага нерухомага «дому» такім жа радасным узрушэннем або выбухным адчужэннем у сённяшняй незалежнай Арменіі, параўноўваючы гэты працэс з тым, што адбыўся сто гадоў таму, у эпоху Арменіі каланіяльнай (расійскай), калі агенты дысідэнцкіх ідэалогій змянялі свае планы пра кватэры ў шматпавярхоўках на адкрытую карту свету? Што адбываецца з матэрыяльнымі парэшткамі, закінутымі ў хаце? Ці магчымая сітуацыя, калі нешта, што калісьці, у мінулым, прымушала людзей быць сытымі па горла знаходжаннем у чатырох сценах, сёння стане прычынай тугі па будучыні?

лусінэ талалян / «Untitled», відэа 

БЭ: І нарэшце, мне хацелася б больш даведацца пра наступныя акцыі калектыву «Queering Yerevan».

QY: Як мы згадвалі раней, зараз мы працуем над кнігай, дзе будуць каталагізаваныя ўсе хэпенінгі з «Унутры і паміж (Рэс)публікай». Мы спадзяемся прадставіць яе ў Ерэване і Тбілісі (можа, дзесьці яшчэ) у жніўні. Звычайна нашыя прэзентацыі маюць інтэрактыўную прыроду, мы ладзім дыялог з аўдыторыяй і таксама часта робім перформансы часткай нашай праграмы, такім чынам, акрамя ўсяго іншага, канцэптуалізучы гэтыя падзеі.

Афіцыйны сайт групы queeringyerevan.blogspot.com

Пераклад з ангельскай мовы Вольгі Бубіч

На вокладцы // кадр з фільма лусінэ талалян

Да 2 кастрычніка 2014 ў межах арт-праекта «XXY» у Галреэі «Ў» можна пабачыць відэа лусінэ талалян Is it a boy or girl?

Фатаграфіі © queeringyerevan.blogspot.com

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology