23 верасня — «Месяц фатаграфіі ў Мінску»

23 верасня ў прасторы ЦЭХ выставай пераможцаў конкурсу FotoEvidence 2013 адкрываецца фестываль «Месяц фатаграфіі ў Мінску», скіраваны на ўмацаванне статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва і яе інстытуцыяналізацыю ў нашай краіне.

Ініцыятар і галоўны арганізатар фестывалю – Андрэй Лянкевіч. Афіцыйны сайт праекта з поўным раскладам мерапрыемств — mfm.by. Фестываль будзе доўжыцца да 17 лістапада. 

Арно Фiшэр

Арно Фiшэр

Вольга БУБІЧ, каманда праекта:

«Мы хочам паказаць, што культурнае асяроддзе Беларусі адкрытае для супрацоўніцтва з суседзямі, нам таксама цікавыя фатаграфічныя падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне, у тым ліку прысвечаныя нашай краіне, і адна з задачаў фестывалю — зрабіць іх больш даступнымі для беларускага гледача.

Расійская фатаграфія будзе прадстаўлена выставай «Ня[свое]часовае» фонда «ФотаДэпартамент». У супрацы з інстытутам IFA Інстытут Гётэ ў Мінску арганізуе выставу класіка нямецкай фатаграфіі Арна Фішэра. Латышская фатаграфія будзе паказаная на выставе Sense of Place. Latvian Contemporary Photography, таксама ў фармаце асобнай экспазіцыі будуць прадстаўлены працы выпускнікоў Майстэрні фатаграфічнага апавядання Акадэміі мастацтваў Варшавы. Пройдзе выстава пераможцаў міжнароднага конкурсу FotoEvidence 2013. Фотапраект Tulips, зняты ў Беларусі й прысвечаны яе афіцыйным святам, прэзентуе знаны літоўска-амерыканскі фатограф Эндру Мікшыс.

У рамках фестывалю таксама адбудуцца паказы слайд-шоў фіналістаў і пераможцаў трох міжнародных конкурсаў: Grand Prix 2014 фотафестывалю ў Лодзі (Польшча), Prix Voies Off 2014 фотафестывалю Voies Off у А́рлі (Францыя) і World Press Photo Multimedia 2014. Таксама арганізуецца паказ мультымедыя-прац «Рулет».

 «Месяц фатаграфіі ў Мінску» імкнецца зрабіць заўважнай творчасць беларускіх аўтараў праз знаёмства шырокай публікі як з працамі тых, каго сёння называюць класікамі беларускай фатаграфіі, так і з праектамі, выкананымі маладымі аўтарамі.

Падчас правядзення фестывалю па Мінску будзе курсіраваць трамвай з выставай фатаграфій Дзмітрыя і Сяргея Брушко як рэканструкцыя выставы Сяргея Брушко 1987 года. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў творчы саюз «Фотамастацтва» правядзе выставу прац удзельнікаў згуртавання. Беларуская фатаграфія таксама будзе прадстаўлена творчасцю легендарнай арт-групы «Беларускі клімат» — «унікальнай сінтэтычнай з’явай у культуры горада», пік актыўнасці якой прыпадае на канец 1980-х — пачатак 1990-х. У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пройдуць персанальныя выставы маладых беларускіх фатографаў: Аляксандра Веледзімовіча, Віктара Гіліцкага і Аляксея Шлыка. Тэма Белавежскай пушчы будзе па-новаму паказана ў візуальным даследаванні тандэма Аляксея Шлыка і Міхаіла Лешчанкі — фотапраекце «Сонны лес».

Місія «Месяца фатаграфіі ў Мінску» таксама ўлучае ў сябе адукацыйны аспект. На платформе разнастайных інстытуцый пройдуць лекцыі польскага фатографа, пераможцы WPPh Мацэка Набрдаліка, нямецкага куратара Матыяса Флюге, Надзеі Шараметавай з фонда «ФотаДэпартамент» і беларускай даследчыцы Надзеі Саўчанка. Доўгачаканай падзеяй стане лекцыя славутага англійскага фатографа і фотажурналіста Марціна Пара.

Кацярына Чыжэк / A Short History of the Highrise / World Press Photo Multimedia

Кацярына Чыжэк / A Short History of the Highrise / World Press Photo Multimedia

Адна з асаблівасцяў «Месяца фатаграфіі ў Мінску» — тое, што ў ім бярэ ўдзел вялікая колькасць інстытуцый: выставы праходзяць як у дзяржаўных галерэях, так і ў прыватных арт-прасторах, а таксама на базе еўрапейскіх інстытутаў, якія маюць свае прадстаўніцтвы ў Мінску.

Тым самым мы не толькі дэманструем вострую неабходнасць у наяўнасці ў горадзе афіцыйнай пляцоўкі, якая была б наўпрост прысвечана фатаграфіі, але і спрабуем згуртаваць звычайна раз’яднанае беларускае творчае фотаасяроддзе.

Мы дэманструем беларускім гледачам і замежным гасцям, што фатаграфія як сродак творчага дыялогу з навакольным светам можа быць самай рознай, на гэтым полі могуць нароўні дзейнічаць гульцы самаго рознага ўзроўню з самымі рознымі задачамі ды мэтамі».

Крыніца // mfm.by

Фатаграфіі // mfm.by


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology