ЦЫЯНАТЫПІЯ — УЦЁКІ Ў РЭАЛЬНАСЬЦЬ

pARTisan #26’2014 / тарашкевіца

Наш унутраны сьвет рэальны,
можа, больш рэальны, чымся
сьвет, што нас акаляе.
Марк Шагал

Яна нагадвае віцебскую вэрсію Марыны Цьвятаевай, блішчыць пярсьцёнкамі й сьмяецца з ружовага заводу, на якім працуе па разьмеркаваньні, займаючыся «модкаю». Да Менску й Піцера ёй ехаць аднолькава — адну ноч на цягніку. Быў бы выходны, а ў чорную квадратную торбу ў стылі Мэры Попінс зьмесьціцца ўсё, што трэба. Тацяна Лісоўская, новае імя маладое беларускае альтэрнатыўнае фатаграфіі, пагаджаецца з тым, што ручныя тэхнікі аналягавае фатаграфіі, якія патрабуюць карпатлівай працы, — гэта своеасаблівыя ўцёкі ад рэальнасьці. Але, задумаўшыся над гэтым простым тэзысам, неўзабаве разумееш ягоную супярэчлівасьць: імкнучыся сыйсьці ад «рэальнасьці» сьвету, які нас акаляе, мы трапляем у «рэальнасьць» сваю, асабістую, самастойна й відавочна сканструяваную, якая агортвае нас утульным слоем у непрыбраных пакоях і бракаваных здымках.

lisouskaja

Тацяна Лісоўская / сэрыя «FashionablePeople»

НАЗАД У АБ’ЕКТЫЎНУЮ РЭАЛЬНАСЬЦЬ

Цыянатыпію — самую простую з альтэрнатыўных фатаграфічных тэхнік — немагчыма ні з чым пераблытаць, як немажліва, хоць раз забачыўшы, на яе забыцца. Інтэрнэт-крыніцы стракочуць рамантычнымі мэтафарамі, апісваючы магію здымкаў нябеснага адценьня. Менавіта ў гэтым колеры, зь візуальнага пункту гледжаньня, самая ўчэпістая аптычная характарыстыка выяваў, што ў такой ступені нагадваюць жывапіс.

Нягледзячы на мастацкі складнік, нараджэньне ідэі цыянатыпіі абумоўлівалася вельмі аб’ектыўнымі патрэбамі навуковага пляну. Ейным бацькам стаўся Джон Гершэль, ангельскі астраном і фізык. У 1842 годзе ён распрацаваў новы спосаб атрыманьня пазытыўнае выявы, заснаваны на адчувальнасьці да сьвятла соляў жалеза. У асяродку сваіх першых прыхільнікаў цыянатыпія карысталася папулярнасьцю з прычыны зручнасьці, надзейнасьці й прастаты. І выкарыстоўваўся ў тыя гады дадзены спосаб… дзеля капіяваньня чарцяжоў. Праз асаблівы калярыстычны эфэкт скапіяваныя чарцяжы на сьленгу навуковых супрацоўнікаў называліся «сінькаю» (blueprint). Дакладнасьць перадачы інфармацыі з арыгіналу на паперу пры дапамозе цыянатыпіі была высока ацэненая яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя: у 1843 годзе ангельская дасьледчыца Ганна Аткінс выпусьціла цэлы альбом з 424 цыянатыпнымі адбіткамі водарасьцяў Брытаніі — найбагацейшая візуальная спадчына, якая сёньня ўяўляе цікавасьць ня толькі для аматараў прыроды.

Цыянатыпныя адбіткі Ганны Аткінс з альбому «Водарасьці Брытаніі» (1843)

Цыянатыпныя адбіткі Ганны Аткінс з альбому «Водарасьці Брытаніі» (1843)

У больш блізкім нам культурным асяродку альтэрнатыўная фатаграфія набыла найбольшую папулярнасьць у 1920-я гады, у зьмястоўным аспэкце выяўляючы своеасаблівы пратэст супраць мэханізаванае савецкае эстэтыкі сацыялістычнага рэалізму, трыюмфу агітплякату й манумэнтальных піянэраў, што шэрагамі крочылі па Краснай плошчы. Раньняе савецкае мастацтва было перагружанае мітамі пра гіпэрбалізаваную рэальнасьць, а альтэрнатыўная фатаграфія здавалася мастакам, якія яе пераасэнсоўвалі, спосабам вяртаньня да вытокаў, спробаю адшукаць у сусьветнай спадчыне іншую, больш шчырую, візуальную мову.

Можна зазначыць, што настрой прыхільнікаў піктарыяльнае фатаграфіі й іншых наўпростых тэхнік адлюстроўваў у той час тугу чульлівых эстэтаў па жывапіснасьці натуральнае прыгажосьці. У філязофскім пляне працягвае ўяўляць важнасьць першапачатковая ідэя, на якой грунтуецца вынаходзтва цыянатыпіі, — стварэньне адбітку рэальнасьці, яе максымальна дакладнае копіі. Калі выявы, што дамінуюць у грамадзтве, уяўляюць сусьветы ў такой ступені скажоныя, больш чульлівая сацыяльная праслойка ня можа не імкнуцца вярнуць, хаця б у адзінкавых спробах, прыватную, высьлізгвальную прыгажосьць таго сапраўднага, якое яны бачаць і цэняць.

Савецкая цэнзура не прымусіла сябе доўга чакаць: піктарыялістаў неўзабаве абвесьцілі ворагамі народу, інкрымінуючы ім прыхільнасьць да старога нерэвалюцыйнага сьвету, у якім замест клясавае барацьбы існавалі іншыя, буржуазныя, з пункту гледжаньня савецкае ўлады, каштоўнасьці.

Але калі ў савецкую эпоху зварот да альтэрнатыўных тэхнік быў абумоўлены жаданьнем вярнуцца да сапраўднай прыроды прыгажосьці, то чым можна патлумачыць рост цікавасьці да складаных працэсаў, якія патрабуюць канцэнтрацыі, часу й цяжкадаступных хімікатаў, у нашыя дні? Агульнавядомым зьяўляецца той факт, што сёньня ўвесь сьвет перажывае рэзкі скачок цікавасьці да візуальнае рэгістрацыі рэальнасьці. Але адначасова зь пераасэнсаваньнем і размыцьцём уяўленьня пра прафэсійнага фатографа (ім пачынаюць сябе лічыць, зыходзячы з фактычнага доступу да тэхнічных навінак, якія штогод зьяўляюцца на рынку фотатавараў, што ўвесь час пашыраецца) цікавасьць узрастае й да аналягавае фатаграфіі. Як зазначае аўтар некалькіх сур’ёзных працаў па актуальнай фатаграфіі амэрыканскі дасьледчык Лайл Рэсксэр, «ва ўмовах бясплёначнае лічбавае рэвалюцыі фатаграфія сёньня рухаецца ў мінулае».

Вядома, шмат для каго цыянатыпія й іншыя ручныя прыёмы працы з выявамі — проста спосаб вылучыцца сярод іншых і выпрацаваць уласную адметную візуальную мову. Для другіх — адчайны пратэст супраць лёгкасьці й даступнасьці лічбавага рэгістраваньня. Для трэціх (а, мажліва, насамрэч для ўсіх без выключэньня) гэта зноўку адказ на панаваньне лухты й адчайны пошук «сапраўднага».

НАЗАД У СУБ’ЕКТЫЎНЫЯ СЬВЕТЫ

Цыянатыпія — фатаграфічны прыём, да якога зьвяртаюцца й некаторыя беларускія аўтары, сярод якіх адною з найбольш самабытных уяўляецца віцяблянка Тацяна Лісоўская. Яна прыгадвае, што вырашыла паспрабаваць цыянатыпію пад уплывам натуральнага імпульсу цікавасьці й прагі экспэрымэнту. Вынік першых спробаў перасягнуў усе чаканьні, паслужыўшы пачаткам працяглага й узаемнага раману, дзе не было недахопу ў хіміі.

«Свае першыя цыянатыпіі я друкавала фактычна ўначы, — распавядае Тацяна. — Тады была зіма, сонечнага сьвятла зусім мала. Альтэрнатываю дзённаму сьвятлу мог быць ультрафіялет. Я сама ўручную канструявала лямпы, злучаючы шмат маленькіх лямпачкаў, робячы патрэбны адбівальнік. Хаця першы створаны мною прыбор і даваў вельмі слабы імпульс, за суткі ў мяне атрымлівалася карцінка.

Але ўсё ж самая большая складанасьць была зьвязаная з пошукам неабходных хімікатаў. Нягледзячы на тое што цыянатыпія — самы просты з альтэрнатыўных працэсаў, нават два асноўныя хімікаты трэба было дзесьці дастаць. Мае першыя спробы знайсьці жалеза й крывяную соль у аптэцы аказаліся беспасьпяховымі. Пазьней я даведалася, што ўсе рэактывы можна набыць на заводзе па вытворчасьці рэчываў і хімікатаў, якія ў далейшым выкарыстоўваюцца ў розных галінах. Гэткі завод знайшоўся ў Пецярбургу, а закупленага запасу хапіла надоўга».

Тацяна Лісоўская / сэрыя «FashionablePeople»

Тацяна Лісоўская / сэрыя «FashionablePeople»

Тацяна пагаджаецца з тым фактам, што аматары альтэрнатыўнае фатаграфіі часта зьвяртаюцца да ручных тэхнік у жаданьні наладзіць непасрэдны кантакт з рэальнасьцю. Аднак у якой ступені тая «рэальнасьць», якую яны ўзнаўляюць (ствараюць?) пры дапамозе сваёй тэхнікі, блізкая да аб’ектыўнасьці эпохі сініх чарцяжоў і водарасьцяў?

«Папрацаваўшы нейкі час зь лічбаваю фатаграфіяй, я зразумела, што яна засьмечвае мой мозг, — успамінае Тацяна Лісоўская. — Для мяне такая фатаграфія зьвязаная з камэрцыяй: здымкі для каталёгаў, вясельляў, партрэты. Я не лічу гэта тым, што хочацца рабіць толькі дзеля сябе.

У выпадку з цыянатыпіяй ты бярэш вельмі вялікую ўмоўнасьць, якая выяўляецца, напрыклад, пры самім выбары тэхнікі. У гэтую ўмоўнасьць ты можаш схаваць усё, складаючы свой уласны слой незразумеласьцяў. Усе рэчы, зьнятыя ў цыянатыпіі, будуць зусім іншыя. Калі глядзець вачыма людзей, якія ня ведаюць пра існаваньне альтэрнатыўнае тэхнікі, яны нават і ня скажуць, што гэта фатаграфія», — тлумачыць Тацяна.

Такім чынам, фатографы, якія адпачатку выбіраюць складаны, часазатратны працэс працы над цыянатыпнымі адбіткамі, уцягваюцца ў больш шчыльны, практычна тактыльны кантакт з рэальнасьцю, пры гэтым ствараючы жывапісныя сусьветы, якія адлюстроўваюць іхную ўласную вэрсію навакольнае рэчаіснасьці. Гэтая выснова не здаецца парадаксальнаю, калі ўзгадаць выказваньне яшчэ аднаго віцебскага мастака, чыя творчасьць была наўпрост зьвязаная са стварэньнем фантазійных ірэальнасьцяў, — Марка Шагала. «Наш унутраны сьвет рэальны, можа, больш рэальны, чымся сьвет, што нас акаляе», — казаў ён, а ў «рэальнасьці» ягоных палотнаў над горадам натуральна луналі закаханыя, а козы танчылі пад скрыпкі ў дэкарацыях правінцыйнага сюррэалістычнага цырку.

Сюжэты цыянатыпных адбіткаў Тацяны Лісоўскай як фармальна, колерам, так і прыватнымі гісторыямі люструюць «фантазарыюм» Марка Шагала. Але калі арэнаюна палотнахШагала найчасьцей выступае ўлюбёны горад з крывымі вулачкамі й сінімі дамамі, то здымкам Лісоўскай цалкам хапае лякацыяў прасторных майстэрняў унівэрсытэту, дзе кожны герой атрымлівае магчымасьць далучыцца да запрапанаванай гульні: пераапранацца, прымерваць маскі, пазаваць у адзеньні, якое болей нагадвае мітычны тэатар.

«Сэрыя FashionablePeople — сарказм у дачыненьні маёй прафэсіі, — тлумачыць Тацяна. — Я адразу разумела, што не хачу здымаць каталёжна, штучна, з намёкам на глямур. Найперш трэба было фатаграфаваць так, як бы гэта падабалася самой мне, як бы я разумела й прымала гэта сама. Хай сабе гэта сапраўды камэдыянства, гульня ў маскі, але ў гэтай гульні таксама можна заўважыць звыклыя месцы, вуліцы, натуральны вэрхал нашых жыцьцяў. Мне было важна запомніць гэты спод, зьмесьціць яго ў кадар. Паспрабаваць зьняць моду так!»

Тацяна Лісоўская / сэрыя «FashionablePeople»

Тацяна Лісоўская / сэрыя «FashionablePeople»

«Модныя людзі» — самая ёмістая цыянатыпная фотагісторыя Тацяны Лісоўскай. І гэта ейны асабісты адказ глямурным фотасэтам, постмадэрнісцкая іронія ў дачыненьні да сацыяльнага канструкту прыгажосьці, што навязваецца звонку, — правінцыйнае «модкі» гарадку ў 300 тысячаў жыхароў. Альтэрнатыўная тэхніка тут — яшчэ адзін магутны канцэптуальны прыём для выяўленьня супярэчнасьці паміж клясычнаю выпусташанасьцю глямуру й натуральнай непрыгажосьцю хімічных эфэктаў, дакумэнтальнаю прыродай фатаграфіі й жывапіснасьцю моманту выпадковасьці, нерэальнасьцю аб’ектыўнага й чысьцінёю суб’ектыўна каштоўнага.

Уцёкі ў рэальнасьць? Толькі ў якую?

Вольга Бубіч

Фатаграфіі // Тацяны Лісоўскай

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology