БЕЛАРУСКАЕ КІНО ЯК ВЫПАДКОВАСЬЦЬ

А КІНАФЭСТЫВАЛЬ «BULBAMOVIE»ЯК НОВАЯ МАГЧЫМАСЬЦЬ 

pARTisan #26’2014. Тарашкевіца

Трэці фэстываль беларускага кіно «Bulbamovie» прайшоў у Варшаве ў кастрычніку 2013 году й сабраў у конкурснай праграме 16 фільмаў. Усяго было пададзена 34 заяўкі — што праўда, гэта троху менш, чым на мінулым фэстывалі. У кінатэатар «LUNA» ігравыя, дакумэнтальныя й анімацыйныя фільмы на працягу двух дзён зьбіраліся глядзець, вядома, варшаўскія беларусы, тыя, хто прыехаў на фэст наўпрост зь Беларусі, былі й палякі — але заля была запоўненая недзе напалову. Гэтае відовішча выклікала супярэчлівыя эмоцыі. Але перадусім трэба разумець, што фэстываль ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных справаў Польшчы й ня мае камэрцыйных захадаў. Затое дае ўнікальную магчымасьць паўдзельнічаць у кінамарафоне: паглядзець ажно 16 конкурсных і некалькі пазаконкурсных, самых разнастайных, сучасных беларускіх фільмаў на працягу двух дзён. У выніку складаецца неблагая панарама.

Рэжысэр Арцём Лобач, уладальнік «Срэбнай бульбы» за фільм «Простыя рэчы»: «Для маладых беларускіх дэбютантаў, якія спрабуюць зрабіць фільм ці нешта падобнае да яго, «Bulbamovie» — гэта шанец падзяліцца сваёю творчай думкай з абсалютна іншым колам гледачоў. Няхай іх няшмат, але заўсёды адчуваеш, што польскі глядач прыходзіць на нашыя фільмы з прадчуваньнем нечага нечаканага. Так, у Польшчы ёсьць школа кіно, і, на маю думку, фільмы, зробленыя маладымі польскімі фільммэйкерамі, больш падобныя да кіно. У нас жа асобныя творцы робяць нешта цалкам сваё, і часам вынік атрымліваецца неадназначны. Асабліва калі зьвяртаць увагу не на якасьць і прафэсіяналізм творцы, а на думку, праблематыку, боль аўтара.

На жаль, я ня змог прысутнічаць на трэцім фэстывалі, але ведаю, што ягоны ініцыятар Януш Гаўрылюк (дырэктар фэстывалю. — Аўт.) усім сэрцам захоплены тым, каб зрабіць гэты фэстываль рухавіком новага беларускага кіно.

Мне часам здаецца, што некаторыя людзі ставяцца да фэстывалю як да падзеі «пра» й «за» эўрапейскія грошы, а ня «пра» й «за» беларускія фільмы.

Але я дакладна ведаю, што Януш робіць гэтую няпростую справу разам з тымі, хто яго падтрымлівае, вельмі шчыра, ён сапраўды верыць у маладое беларускае кіно, пазбаўленае цэтлікаў і «зручных» для Эўропы тэмаў. Я лічу, ня трэба бегчы за расейскімі альбо эўрапейскімі фільмавытворцамі, адпавядаць нейкім тэндэнцыям. Я веру ў кінавытворчасьць у пошуках зямлі пад белымі крыламі».

Андрэй Кудзіненка, Арцём Лобач, Максім Жбанкоў / «Bulbamovie» 2012

Такое шчырае выказваньне сапраўды выклікае цэлы букет патрыятычных пачуцьцяў і надзеяў на тое, што беларускае кіно выжыве й прарвецца. А «Bulbamovie» — хоць па большасьці арганізацыйных момантаў пакуль нагадвае нейкі аматарскі «міжсабойчыкавы» фэстываль — усё адно зьяўляецца ў пэўным сэнсе адзінай незалежнай і збольшага аб’ектыўнай пляцоўкай для дэманстрацыі сучаснага кіно зь Беларусі. Вядома, пляцоўку гэтую трэба ўдасканальваць, кінэматаграфістаў і ўсіх, хто зьвязаны з кіно ў нашай краіне, кансалідаваць і аб’ядноўваць.

Усе яны асбалютна самі па сабе і, магчыма, часам нават не здагадваюцца пра існаваньне патэнцыйных аднадумцаў. У гэтым вялікая праблема. Таму й нельга казаць ні пра якія тэндэнцыі й школу. Бо ўсё беларускае кіно сёньня — гэта выпадковасьць.

Дзяржаўная кінавытворчасьць заходзіць у тупік з прычыны абмежаванага фінансаваньня й цэнзуры, якая перашкаджае пашырэньню тэматычнага поля. Незалежныя маладыя фільммэйкеры ціхенька здымаюць нешта для сябе, а потым гучненька (як Крыс Нонг) паказваюць свой беларускі блакбастэр зь няхілым галівудзкім патэнцыялам. Але, па вялікім рахунку, у Беларусі яны ўсё адно застаюцца нікому не патрэбнымі. І нават зьяжджаюць за мяжу. Ёсьць яшчэ, напрыклад, тэлеканал «Белсат», які мае ўласную вытворчасьць дакумэнтальнага кіно. І гэта таксама свой сьвет, кан’юнктура, асаблівасьці. І ўсе гэтыя беларускія «кіналягеры» часам ня проста не здагадваюцца пра існаваньне адзін аднаго, але калі й здагадваюцца, то адзін аднаго вельмі ня любяць, крытыкуюць і зусім не падтрымліваюць. Здавалася б, мусіць быць здаровы канкурэнтны асяродак, а атрымліваецца — поле бітвы.

У той ці іншай ступені фэстывалю «Bulbamovie» ўдаецца спалучаць усе гэтыя й нават некаторыя іншыя «кінасупольнасьці» нашай сінявокай. Праўда, наконт сёлетняга конкурсу й журы, і гледачы ў кулюарах шапталіся пра тое, што праграма надзвычай слабая й узнагароджваць няма каго. Неаспрэчнае першае месца («Залатую бульбу») прысудзілі леташняй выпускніцы Акадэміі мастацтваў Марыі Матусевіч за мультфільм «Фокус», зроблены ў тэхніцы пакадравай лялечнай анімацыі. Вучаніца вядомых беларускіх аніматараў Міхаіла Тумелі й Алены Пяткевіч зрабіла кароткую кранальную гісторыю пра зайчыка, які жыве ў капелюшы фокусьніка й праз гэта жыцьцё ягонае поўнае непрадказальнасьцяў. Часам — ня самых прыемных. Фільм без асаблівых сюжэтных замарочак, але вельмі абаяльны й тэхнічна якасны.

FOCUS from matusevich maria on Vimeo.

Журы «Bulbamovie-2013» (у склад якога, дарэчы, увайшлі кінакрытыкі Максім Жбанкоў, Пётар Чаркаўскі, Аляксей Шота, Яцэк Дзідушка, рэжысэры Андрэй Кудзіненка й Юры Каліна) і «Бронзавую бульбу» таксама аддало анімацыйнаму фільму. Гэта немудрагелісты музычны фільм Андруся Такінданга й Дзяніса Міжуя «Горад». Гісторыя пра беларускіх месьцічаў, якія ператварыліся ў зомбі, але, слухаючы музыку гурта «Recha», зноўку становяцца звычайнымі людзьмі. Гэты высмактаны з пальцу сюжэт у прынцыпе можна было б пераўтварыць у нешта цікавае. Але амаль манахромная графіка Такінданга й тэхнічная недасканаласьць фільму-кліпу зрабілі зь яго нешта неакрэсьлена аматарскае.

Максім Жбанкоў: «“Bulbamovie” збольшага — гэта фэстываль пачаткоўцаў, фэстываль стартаў. І таму залічваюцца перадусім аўтарскі імпэт, энэргія, бачаньне рэчаіснасьці й здольнасьць пра яе нешта расказаць. У пэўным сэнсе гэта спаборніцтва драфтаў і пэрспэктываў. Фэстываль пазначае пэўныя магчымасьці. Таму мы ўзнагароджваем найбольш эфэктыўныя заяўкі на будучыню. Гэтыя стужкі ня мусяць быць бездакорнымі, яны мусяць быць цікавымі, энэргічнымі і, вядома, беларускімі.

Тут не пытаньне мовы, а пытаньне нейкай мэнтальнай залежнасьці ад наяўнай беларускай сытуацыі й здольнасьць пра яе распавесьці нешта сваё».

Другі па значнасьці прыз — «Срэбную бульбу» — атрымала Тацяна Сяцко за фільм «Ня веру». Гэта дакумэнтальная стужка пра хібы тэатральнай адукацыі ў Акадэміі мастацтваў. Маладая рэжысэрка назірае за творчымі заняткамі ў Акадэміі, камунікуе з навучэнцамі, пэдагогамі й выпускнікамі, сярод якіх вядомыя маладыя актор Сяргей Жбанкоў і тэатральны рэжысэр Яўген Карняг. Большасьць зь іх прызнаюць сыстэму навучаньня бездапаможнай і неэфэктыўнай. А Карняг увогуле трапна жартуе, што адзінае, чаму вучаць актораў у Акадэміі, — гэта: «Пахудней і — лягчэй!» Сапраўды, творчая адукацыя ў Беларусі заслугоўвае ўвагі, бо гэтая сфэра спрэс праблемная й балючая. Але фільм Тацяны Сяцко атрымаўся вельмі мазаічным, неаднародным. Кампазыцыйна ён разьбіваецца на шмат асобных міні-сюжэтаў. Стылістычна нагадвае ці то рэпартаж, ці то журналісцкае расьсьледаваньне. Умоўнай галоўнай гераіняй фільму зьяўляецца выпускніца Акадэміі 2009 году Тацяна Шыёнак. Яна пасьля навучаньня ня сталася «зоркай» тэатру (а кім яна стала — паводле фільму так і не зразумела), і таму — прынамсі, ствараецца такое ўражаньне — крытыкуе Акадэмію й усё, што зь ёй зьвязана, чыста з прыватных, а зусім не прафэсійных пазыцыяў. Гэта надае фільму «Ня веру» інтанацыю аматарскага кіно.

Варта адзначыць, што конкурс на «Bulbamovie» адзін. Няма падзелу на ігравое, дакумэнтальнае й анімацыйнае кіно. З аднаго боку, гэта зразумець можна: наўрад ці на кожны з трох конкурсаў набярэцца дастатковая колькасьць працаў. Пакуль, на жаль, незалежная айчынная кінавытворчасьць ня мае такіх абаротаў. Ды й сам «Bulbamovie» ня мае такіх рэсурсаў, каб адглядаць пададзеныя на конкурс фільмы ў павялічанай колькасьці: фэстываль, па сутнасьці, робяць 2–3 чалавекі. Тым ня менш «непадзельнасьць» конкурсу на асобныя праграмы ставіць пад пытаньне адэкватнасьць ацэнкі: маўляў, як можна параўноўваць ігравое кіно з дакумэнтальным, а дакумэнтальнае — з анімацыйным…

Напрыканцы яшчэ адна заўвага, калі ўжо гаворка зайшла пра недахопы. Адною з істотных хібаў ёсьць адсутнасьць архіву на сайце фэстывалю. На ім зьмешчаная інфармацыя пра праграму, журы й пераможцаў толькі апошняга фэсту. А знайсьці аналягічныя зьвесткі пра папярэднія фэстывалі нідзе нельга. Калі ўжо разьвіваць «Bulbamovie» й ператвараць яго ў сур’ёзную плятформу, неабходна, каб і яна мела сваю гісторыю, якая ўжо ёсьць.

Воля Чайкоўская 

МЕРКАВАНЬНЕ

Максім БАГДАНОВІЧ, рэжысэр, аўтар мастацкага кароткамэтражнага фільму «Соль», які браў удзел у «Bulbamovie-2013»:

— «Маладыя рэжысэры», пра якіх я разважаю, з тых людзей, якія, як правіла, ня маюць профільнай адукацыі й часта называюцца «незалежнымі фільммэйкерамі». Я не бяруся ўзгадваць пра студэнтаў і выпускнікоў спэцыяльных ВНУ, бо гэта тэма іншай размовы.

Калі адказаць хутка й наўпрост, чаго ж нестае маладым рэжысэрам у Беларусі, то гэта гучала б прыблізна так: «Беларусі бракуе маладых рэжысэраў!» Адказ, які выконвае наўпроставую задачу, але не дае разуменьня сутнасьці праблемаў, якія прыводзяць да такога адказу.

Нехта скажа, што нестае фэстываляў, — і будзе мець рацыю, некаму бракуе фінансаваньня, іншыя згадаюць пра адсутнасьць магчымасьцяў рэалізавацца на радзіме. Усе гэтыя фактары для кожнага з нас складаюцца часам у невырашальную задачу, якая ператвараецца ў непрабівальную сьцяну для творчасьці ў нашай краіне. І ня толькі для кіно. Але й гэткі адказ будзе няпоўным. Сёньня ўжо можна (часта нават модна) казаць пра бюджэтнае кіно, альбо кіно з адсутнасьцю бюджэту (што яшчэ больш модна). Гэта для незалежнага фільммэйкера — як манна нябесная. Глябальная сетка адкрыла нам свае прасторы, магчымасьці й непралазныя джунглі. Цяпер ужо не працуе адмазка «ў нас усё глуха». Незьлічоная колькасьць міжнародных фэстываляў гатовая прыняць любыя экспэрымэнты на разгляд, а калі твае стварэньні нечага вартыя, то й магчымасьць знайсьці фінансаваньне таксама ёсьць (разнастайныя міжнародныя фонды ды іншыя інстытуцыі).

Далёка ня ўсе гатовыя пусьціцца ўва ўсе цяжкія й прабіваць сябе на міжнародным узроўні, дзе ахвотных нямала. Куды прасьцей спрабаваць свае сілы на месцы, у звыклых абставінах, дзе «ўсё ціха й спакойна, мухі не кусаюць, а галоўнае — чыста». Тады ўзьнікае пытаньне, якія мэты ты перасьледуеш. Дзеля чаго ты прыйшоў у кіно, і хто табе сказаў, што будзе проста? Калі ў цябе «часовая пруха», таму што гэта модна, то й патрабаваць ня варта. Ну а калі ўсё сур’ёзна, то давядзецца рыць зямлю й ісьці да канца.

Я быў удзельнікам ужо не аднаго беларускага кінафэстывалю. Насамрэч іх было ня так шмат, але не з таго, што я не пасьпяваў за імі, хутчэй так — іх па пальцах можна пералічыць. З самых «нашумелых» — «КінаVarka» i «Velcom SmartFilm». Хаця гэта складана назваць фэстывалямі, бо іхная галоўная мэта — вялікая рэклямная акцыя, мастацтва тут на «танных» месцах. Што тычыцца такіх мерапрыемстваў, як «Cinema Perpetuum Mobile», — то гэта, хутчэй, кінаагледзіны, чым фэстывалі як такія. Я наўмысна абыходжу галоўны «эпас» агульнарэспубліканскага маштабу «Лістапад», бо гэта таксама тэма іншай размовы.

Кінафэстываль у маім разуменьні — гэта адкрытасьць і шанец да ўдзелу вартага кандыдата, прафэсійная ацэнка, магчымасьці дыялёгаў творцаў і зацікаўленых суб’ектаў, годнае фінансаваньне арганізацыі мерапрыемстваў і прызавога фонду, інфармацыйная падтрымка.

На тле ўсяго гэтага зьнянацку аднекуль зьвіўся неўтаймаваны «Bulbamovie». Я маю гонар удзельнічаць у ім з самага пачатку, калі выезд на фэстываль удзельнікаў не прадугледжваўся. І ўсе мы цудоўна разумеем, чаму фэстываль ня ладзіцца ў Беларусі. З аднаго боку, гэта засмучае. Зь іншага — дазваляе яму існаваць такім, якім ён ёсьць, што надае яму дух Беларускага Фэстывалю Кіно. Ён малады й пэрспэктыўны, ён адпавядае крытэрам, пералічаным вышэй. Няхай і на пачатковай стадыі разьвіцьця, але яны прысутнічаюць усе й адразу! Справа за «маладымі рэжысэрамі», якіх мала, якім трэба.

Падрыхтавала Воля Чайкоўская

24 астрычніка ў Варшаве распачнецца IV Фестываль беларускага кіно «Bulbamovie». Падрабязней ТУТ

На вокладцы // кадр з фільму А.Кудзіненка «Містэрыі. Акупацыя»

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology