СВАБОДЫ І МІФЫ «БЕЛАРУСКАГА КЛІМАТУ»

«Навошта людзі прыдумляюць міфы? Ды людзі не існуюць у рэальнасці ў прынцыпе!» – робіць выснову Філіп Чмыр, паглядаючы на мяне праз столік шумнага кафэ. Побач з ім – Ігар Корзун, які ўжо больш за гадзіну пляце бясконца заблытаную і супярэчлівую гісторыю ўзлёту і растварэння арт-групы «Беларускі клімат».

Сёння пра дзейнасць гэтай «унікальнай сінтэтычнай з’явы ў культуры горада» – згодна з беларускай нацыянальнай традыцыяй «абнулення» – застаецца больш пытанняў, чымсьці дакладных фактаў.

У спісе мерапрыемстваў «Месяца фатаграфіі ў Мінску» тры выставы «Беларускі клімат» выплываюць нібыта з ніадкуль. Суправаджальныя тэксты куратаркі Вольгі Рыбчынскай стракацяць цытатамі класікаў і моднымі філасофскімі тэрмінамі, аднак, падаецца, не імкнуцца выбудаваць масток паміж багатым на арт-мерапрыемствы савецкім мінулым «Клімату» і незвычайнымі серыямі, падрыхтаванымі для кастрычніцкіх выставаў. Самі «міфатворцы» ўносіць яснасць таксама не спяшаюцца, спрачаючыся пра дакладнасць фармулёвак і паслядоўнасць праведзеных у 1990-я акцый.

«Пакарэнне беларускіх пустэльняў», «Беларускі клімат», 1988

«Пакарэнне беларускіх пустэльняў» / «Беларускі клімат», 1988

А можа быць, усё гэта частка вялікай гульні працягласцю некалькі дзесяцігоддзяў? Гульні са зніклымі ўнікальнымі арт-аб’ектамі, зачыненымі выставамі і згубленымі слайдамі? Частка разгорнутага міфа пра тое, як група ап’янёных свабодай нефармальных мастакоў вырашыла стварыць міф?

На думку філосафаў, у культурнай сітуацыі постындустрыяльнага грамадства расце роля міфатворчасці як актыўнай вытворчасці, трансляцыі і тыражавання рознага кшталту міфаў.Жаданне пераказаць рэальнасць з’яўляецца ў выніку абвастрэння супярэчнасцяў паміж тэндэнцыямі грамадскага развіцця і адаптыўнымі магчымасцямі чалавека. У пэўны момант людзям становіцца занадта складана ўспрымаць і называць імклівыя змены навакол, упісваючы іх у звыклую сістэму каардынат. І ў выніку нараджаецца неабходнасць у стварэнні іншай «рэальнасці», функцыянаванне ў межах якой будзе больш натуральным і менш траўматычным. Штосьці падобнае здарылася і ў 1990-х, калі кампанія «маладых і злых» на сваёй шкуры адчула вецер пераменаў і вырашыла творчымі сродкамі выказаць сваё да яго стаўленне.

«Ніколі не трэба скідваць з рахункаў такую рэч, як прага да свабоды! – гаворыць адзін з удзельнікаў «Беларускага клімату» Ігар Корзун. – Важна памятаць і разумець, у якія часы нараджаўся і дзейнічаў «Клімат». У канцы 1980-х увесь свет быў малады! Усё перавярнулася з ног на галаву! Трэба было пражыць сямнаццаць гадоў у «саўку», каб потым раптам апынуцца ў абсалютнай свабодзе і ў поўнай меры адчуць на сабе яе ўздзеянне!»

Аднак ключавой у той сітуацыі была вострая супярэчнасць паміж свабодай, якая раптам абрынулася на людзей (у тым ліку ў выглядзе раптоўнага доступу да каласальнага аб’ёму новай інфармацыі), і фактычнай галечай і безграшоўем.
«Пакарэнне беларускіх пустэльняў», «Беларускі клімат», 1988

«Пакарэнне беларускіх пустэльняў» / «Беларускі клімат», 1988

«З галечы мы трапілі ў яшчэ большую галечу, калі скончылася ўсё. – успамінае Ігар. – Не было масла, каўбасы, гарэлкі і цыгарэт. Але затое мы былі вольныя! Мы паспыталі гэтую свабоду і хутка прыахвоціліся да яе, як да наркотыку, які не толькі ап’яніў наш мозг, але і выклікаў у нас мутацыі». Гэтыя «мутацыі» дайшлі да нашых дзён у выглядзе фатаграфічных дакументаў хэпэнінгаў і перформансаў арт-групы «Беларускі клімат», сярод якіх самымі яркімі былі, бадай што, «Пакарэнне беларускіх пустэльняў», «Алімпія» і «Аэранаўты». Разглядваючы гэтыя здымкі, і сёння перапаўняешся бязмежным адчуваннем п’янай свабоды, надзвычайнага аптымізму, гульні ў прыгожы, але ўтапічны свет, зусім не падобны на жорсткую рэальнасць 1990-х. Удзельнікі «Клімату» сапраўды актыўна і шчыра памнажалі іншыя беларускія рэальнасці, ствараючы новы міф пра саміх сябе.

«Алімпія», «Беларускі клімат», 1991

«Алімпія» / «Беларускі клімат», 1991

Свабода і выхад за межы закасцянелых саўковых традыцый, з іх аглядкай на тое, што можна, а што – не, зрабіліся асноватворнымі прынцыпамі дзейнасці арт-групы «Беларускі клімат». Адным з абліччаў гэтай свабоды было смелае, як на тыя часы, змешванне жанраў і кірункаў.

Сапраўды, дзейнасць «Беларускага клімату» немагчыма ўпісаць у пэўныя жанравыя рамкі. Удзельнікі калектыву рабілі фатаграфіі, пісалі музыку, ладзілі перформансы і акцыі, не толькі ствараючы шматжанравыя экспазіцыі, але і ператвараючы самі выставы ў асобныя маштабныя канцэптуальныя арт-аб’екты. Ігар Корзун апісвае творчасць «Клімату» як «унікальную сінтэтычную з’яву ў культуры горада», з непрыхаванай гордасцю заяўляючы, што ўдзельнікі арт-групы вынаходзілі ўласныя метады і формы працы, адной з якіх быў, напрыклад, жанр «вуснага кіно».

Адзін з удзельнік групы, Філіп Чмыр, адзначае, што ў гады старту «Беларускага клімату» некалькі кірункаў калектыву разгортваліся як бы паралельна. Рабіліся фатаграфічныя серыі, праходзілі спектаклі і хэпэнінгі, ствараўся інвайранмэнт – спецыфічныя абставіны рэалізацыі задуманай ідэі. «Хэпэнінгі займаюць вельмі мала часу, – каментуе Філіп, – таму ў пэўны момант мы вырашылі спецыяльна вазіць з сабой фатографаў, каб здымаць створаны намі спектакль, які дакументаваўся і потым мог быць паказаны на выставе пад музыку. Глядач, наведаўшы экспазіцыю, атрымліваў нібыта кароткую гісторыю ў ілюстрацыях».

Прыводзячы прыклад выставы–арт-аб’екта, Ігар Корзун расказвае пра экспазіцыю ў «Доме кіно» (цяперашнім Чырвоным касцёле), арганізаваную ў красавіку 1988 года. Фатаграфіі «Беларускага клімату» былі прадстаўленыя на падлозе, пад шклом, прысыпаным асколкамі і апалым лісцем. Ігар успамінае, што гэтая выстава, як і многія іншыя творчыя ініцыятывы «Клімату», была зачыненая адміністрацыяй; тым не менш, гэта не выклікала ва ўдзельнікаў асаблівага засмучэння.

«З выставы нас выгналі, бо мы не вельмі ўпісваліся ў агульнае ўяўленне пра тое, як усё павінна быць. Але нам было на гэта напляваць, бо акцыянізм быў для нас значна важнейшы, чым працяглая экспазіцыя. Зладзіць шухер дзеля ўласнага задавальнення нам заўсёды падабалася значна больш, чым дагадзіць цікаўнасці, густу або ўпадабанням кагосьці.

І гэта была зусім не юнацкая правакацыя! Больш за ўсё мы цанілі нашую свабоду. Прычым цанілі мы яе не як нешта ўласнае, яна была агульнай, належала аднолькава ўсім.

Менавіта тады і нарадзіўся адзін з лозунгаў «БК»: «Свабода не можа быць асабістай», – расказвае Ігар Корзун.

«Пакарэнне беларускіх пустэльняў», «Беларускі клімат», 1988

«Пакарэнне беларускіх пустэльняў» / «Беларускі клімат», 1988

Свабода, пра якую кажа Ігар, выяўлялася не толькі ў падачы творчых ідэй, але і ў падыходзе да выкарыстаных матэрыялаў. «Жыць уласным жыццём» дазвалялася і паперы, і пратэрмінаванай фотастужцы, і лісцю, што засцілала падлогу галерэі. Усім ім надаваліся суб’ектыўныя якасці і ўласная воля, якая вызначала вынік: «Мы самастойна рабілі слайды, драпалі стужку, прабівалі ў непраяўленай стужцы дзіркі, збіралі шматкі стужкі з мінілабаў, засвечаныя, непраяўленыя, сапсаваныя… Мы выкарыстоўвалі любы матэрыял, бо верылі, што ён можа быць цікавым. Галоўнае – узяць яго ў свае рукі і неяк падыхаць на яго: прыкласці высілкі і ажывіць, трансфармаваць яго, ператварыўшы ў самастойны суб’ект у свеце творчасці і фатаграфіі!»

«Аэранаўты», «Беларускі клімат», 1990

«Аэранаўты» / «Беларускі клімат», 1990

Унікальны арт-аб’ект – альбом з візуальнай дакументацыяй перформанса «Аэранаўты» – быў кульмінацыяй творчасці «Беларускага клімату». На жаль, згублены пры перасылцы, ён складаўся з шэрагу фотаздымкаў, налепленых на шчыльныя старонкі, вершаў Ігара Палякова і малюнкаў Аляксея Навіцкага. Настрой «Аэранаўтаў» падобны да ўтапічнай танальнасці свабодных аголеных персанажаў «Пакарэння беларускіх пустэльняў». Героі перформанса – першыя і апошнія жыхары няіснай краіны, адначасова мудрыя і бесклапотныя, якія не толькі верылі, але выразна бачылі светлае царства свабоды і розуму.

Міфатворчасць была асабістым адказам мастакоў на зменлівую рэальнасць і адначасова своеасаблівым ахоўным механізмам, прышчэпкай супраць алагічнасці свету.

«Ёсць ты, ёсць свет, які вакол цябе. І паміж табой і гэтым светам заўсёды існуе нейкі бар’ер, які заўсёды трэба спрабаваць пераадольваць, – падсумоўвае Ігар Корзун. – Часам гэта ўдаецца, часам не. Часцей за ўсё не… Гэты бар’ер перашкаджае табе цалкам адчуць і зразумець навакольны свет, таму ты пачынаеш яго фантазаваць, асабліва ў абставінах шматгадовага інфармацыйнага голаду… Стварэнне новых сусветаў было нам неабходнае як паветра».

Якія новыя праекты прадставіць публіцы пасталелая каманда «Клімату» ў рамках «Месяца фатаграфіі ў Мінску»? Ці знойдзе яна ў сабе сілы і фантазію працягваць эксперыменты з формай і матэрыяламі? І ці патрэбныя сёння беларускаму гледачу ўтапічныя ін’екцыі сканцэнтраванага ў мастацкіх формах экзістэнцыйнага досведу?

«Беларускі клімат» / «Пакарэнне пустыняў»

«Пакарэнне беларускіх пустэльняў» / «Беларускі клімат», 1988

З канца 1980-х прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і культурныя, і сацыяльныя ландшафты зведалі значныя змены. Але ці зрабіўся нам бліжэйшым намаляваны калісьці ўтапічны міф пра жыхароў і заваёўнікаў «беларускіх пустэльняў», ці навучыліся мы спраўляцца са свабодай, якая некалі звалілася нам на галаву? Адказы на гэтыя пытанні можа знайсці ў сабе кожны, вызначыўшыся: ці жывём мы ўжо сёння ў прыгожай гісторыі набытых свабодаў? ці тое, пра што марылі «аэранаўты», дагэтуль адно картка ў страчаным фотаальбоме?

Вольга Бубіч

«Выстава Беларускі Клімат. 1996–2000» працуе:  да 26 кастрычніка ў Анцiкафэ «Дом Фішэра» (Незалежнасцi,84A),  да 31 кастрычніка ў Лофце «Балкі» (вул. Чапаева, 3, блок 202). 29 кастрычніка адкрываецца яшчэ адна выстава, прысвечаная групе, у Музеі сучаснага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47). Падрабязней ТУТ.

Фатаграфіі // «Беларускі клімат», facebook

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology