«ШОСТАЯ ЛІНІЯ» ВЯРТАЕЦЦА? АРХІВЫ, ВЫСТАВА, ДЫСКУСІІ

13 лістапада — 13 снежня
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (МСВМ пр. Незалежнасці, 47)
Цэнтр сучаснага мастацтва (ЦСІ Някрасава, 3)

ГАЛЕРЭЯ СУЧАСНАГА МАСТАЦТВА «ШОСТАЯ ЛІНІЯ»
Выстава-форум беларускага мастацтва «Сума Сумарум»

suma-sumarum-afisha-LAST-EDITЗ 13 лістапада па 13 снежня 2014 года ў Менску адбудзецца выстава і міжнародны форум беларускіх мастакоў «Сума Сумарум». Гэта першы праект легендарнай галерэі «Шостая лінія» пасля паўзы ў 16 гадоў.

Праект «Сума Сумарум» будзе прадстаўлены на дзвюх пляцоўках — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (МСВМ, пр-т Незалежнасці, 47) і Цэнтры сучасных мастацтваў (ЦСМ, вул. Някрасава, 3). Генеральны партнёр праекта — першы беларускі аператар сотавай сувязі стандарту GSM кампанія velcom. Партнёр праекта — ААТ «Лідскае піва».

«Ідэя выставы нарадзілася з жадання апублікаваць архівы „Шостай лініі“, — кажа куратарка праекта „Сума Сумарум“, дырэктарка „Шостай лініі“ Ірына Бігдай. — Адказваючы самім сабе на пытанне, што будзе пасля публікацыі архіваў, мы зразумелі, што трэба рабіць калектыўную выставу мастакоў галерэі.

Вынікам гэтага праекта я хацела б бачыць „Гісторыю сучаснага беларускага мастацтва 1990-х“, а таксама адказ на пытанне, у якой форме можа існаваць і дзейнічаць „Шостая лінія“ далей».

«Правядзенне гэтага праекта ў сценах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва і Цэнтра сучасных мастацтваў сімвалічна адразу па некалькіх прычынах, — кажа дырэктарка ЦСМ Наталля Шаранговіч. — „Шостая лінія“ зачынілася ў той год, калі адкрыўся Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, перадаўшы яму сімвалічную эстафету. Сёння, праз 16 гадоў, праект „Шостая лінія“ аб’яднае пляцоўкі МСВМ і ЦСМ. Без ведання гісторыі не бывае будучыні — гэта ставіцца і да сучаснага мастацтва. Мы рады прыняць у сваіх сценах праект, які звязвае мінулае з сучаснасцю. Спадзяемся, што будучыня ў „Шостай лініі“ будзе не менш яркай, чым яе мінулае».

«У высокатэхналагічнага рынка сотавай сувязі і сучаснага мастацтва шмат агульнага, — лічыць начальнік упраўлення маркетынгу кампаніі velcom Юлія Дайнэка. — Абедзве гэтыя сферы заснаваныя на новых ідэях, знаходзяцца ў пастаянным развіцці і арыентаваныя на інавацыі. Я лічу, што лепшае вызначэнне тэрміна сучаснае мастацтва — гэта тое, што ўчора было немагчыма. Місія высокіх тэхналогій і сучаснага мастацтва — здзівіць людзей, натхніць іх на заваяванне новых вяршынь, падтрымаць іх амбіцыі і мары».

Публікацыя архіва «Шостай лініі» ужо пачалася на Facebook.  Да пачатку працы выставы 13 лістапада ў сетцы будзе ўпершыню апублікаваны ўвесь архіў «Шостай лініі», а таксама матэрыялы з асабістых архіваў мастакоў галерэі. Архіў будзе папаўняцца новымі публікацыямі па беларускаму мастацтву 1990-х і заўсёды адкрыты для каментароў.

У выставе прымаюць удзел больш за 20 мастакоў з Беларусі, Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Бельгіі, якія супрацоўнічалі з галерэй «Шостая лінія» у 1990-я. Аўтары прадставяць свае працы, якія раней не дэманстраваліся ў Беларусі.

У рамках праекта ў менскіх гледачоў будзе ўнікальная магчымасць не толькі ўбачыць работы мастакоў, але і пазнаёміцца ​​з імі асабіста, задаць свае пытанні падчас лекцый і дыскусій.

Удзельнікі выставы і спікеры форуму — вядомыя беларускія мастакі, якія жывуць па абодва бакі мяжы Беларусі: Міхаіл Баразна, Андрэй Вараб’ёў (Магілёў), Жанна Грак (Дзюсельдорф), Андрэй Дурэйка (Дзюсельдорф), Сяргей Ждановіч, Цімафей Ізотаў (Масква), Ігар Кашкурэвіч (Берлін), Артур Клінаў, Валянцін Нуднаў, Віктар Пятроў, Аляксандр Родзін, Арцём Рыбчынскі, Ігар Саўчанка, Вольга Сазыкіна, Канстанцін Селіханаў, Anton Snt, Кірыл Хлопаў, Ігар Цішын (Брусель), Максім Тымінько (Амстэрдам), Віталь Чарнабрысаў, Зміцер Юркевіч.

 

six_line

З архіву

Пра галерэю «Шостая лінія»
Адна з першых і найбольш папулярных у Беларусі некамерцыйных галерэй сучаснага мастацтва, якая праіснавала ў Менску з 1992 па 1998 год па адрасе Я.Коласа, 14 (9-й корпус БДПА). За шэсць гадоў больш чым 60 мастакоў з Беларусі, Германіі, Польшчы, ЗША правялі ў галерэі 50 выстаў, мастацкіх акцый і перформансаў, якія нязменна прыцягвалі вялікую цікавасць гледачоў і СМІ. «Шостая лінія» з’яўлялася найбуйнейшай пляцоўкай эксперыментальнага мастацтва ў Беларусі, упершыню прадстаўляючы беларускаму гледачу новыя формы сучасных мастацкіх практык.

За дадатковай інфармацыяй просьба звяртацца:
Ірына Бігдай, каардынатар праекта. Маб. (+ 375 29) 637-95-13, bigday@mail.ru, Skype ira.bigday
ЦСМ: тэл. 292-93-36, www.art-center.by
МСВМ: тэл. 288-24-68, www.modernartmuseum.by

ПРАГРАМА МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

12 лістапада (серада), 16.00, МСВМ. Прэс-канферэнцыя для СМІ. Акрэдытацыя: маб. 637-95-13.
12 лістапада, 17.00, МСВМ. Адкрыццё праекта. Перформанс Ігара Кашкурэвіча (Берлін). Уваход па запрашальніках і апавяшчэнне ў ФБ.
12 лістапада, 19.00, ЦСМ. Адкрыццё праекта, after-party. Перформансы Сяргея Ждановіча (Менск), Максіма Тымінько (Амстэрдам). Уваход вольны.

13 лістапада (чацвер), 16.00, МСВМ. Круглы стол «Прыняцце рашэння. Выбар альтэрнатыў на прыкладзе гісторыі галерэі „Шостая лінія“. Удзельнікі: І.Кашкурэвіч, В.Сазыкіна, В.Пятроў, І.Саўчанка і іншыя аўтары праекта. Мадэратар: Кацярына Кенігсберг.

13 лістапада (чацвер), 19.00, МСВМ «Шостая лінія: эканоміка, супольнасць і геаграфія менскіх галерэй 1990-х». Віталь Шуцкій (студэнт «Ecole normale», Парыж, арт-крытык, куратар).

14 лістапада (пятніца), 16.00, МСВМ. Сустрэча з мастаком Ігарам Кашкурэвічам (Берлін). Мадэратар: Таня Сяцко.

14 лістапада (пятніца), 19.00, ЦСМ. Творчая сустрэча з мастаком Максімам Тымінько на тэму: «Чым пазабавіць вас вечарам 14 лістапада 2014 года. Вяртанне жывых мерцьвякоў».

15 лістапада (субота), 17.00, ЦСМ. Опера-паведамленне Максіма Тымінько. «Праектар». Опера-паведамленне ў адной дзеі. Па матывах праекта «Болек і Лёлек Космас. Маніфест канструктара». Сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Менску.

17 лістапада (панядзелак), 15.00, МСВМ. Кінапаказ архіўных тэлеперадач 1990-х: «Шостая лінія» у СМІ. Удзельнікі: Вольга Ганчарык, Святлана Багданава, Марына Куноўская. Мадэратар: Ірына Бігдай.

18 лістапада (аўторак), 17.00, МСВМ. Сустрэча з мастаком Віктарам Пятровым. Мадэратар: Ілона Дзяргач.

20 лістапада (чацвер), 17.00, ЦСМ. Сустрэча з Цімафеем Ізотавым (Масква). Прэзентацыя першай кнігі мастака «Абдул Толік» і аўтограф-сесія. Мадэратар: Юрась Барысевіч.

21 лістапада (пятніца), 17.00, ЦСМ. Сустрэча з мастаком Ігарам Цішыным (Брусель). Мадэратар: Вольга Рыбчынская.

30 лістапада (нядзеля), 19.00, ЦСМ. Паказ і абмеркаванне архіўнага відэа «Тыдзень перформансу на „Шостай лініі“. 1997». Мадэратар: Ілля Свірын.

5 снежня (пятніца), 17.00, МСВМ. Сустрэча з мастаком Андрэем Вараб’ёвым. Мадэратар: Юрась Барысевіч.

8 снежня (панядзелак), 18.00, МСВМ. Лекцыя «Валюнтарысцкі метанаратыў: дыскурс архіва ў сучасным мастацтве». Аляксей Барысёнак (даследчык, крытык).

9 снежня (аўторак), 17.00, ЦСМ. «Знойдзена ў архівах». Прэм’ера дакументальнага фільма (аўтар У.Сямашка, 1996 год) пра фатографа Ігара Саўчанкі. Сустрэча з аўтарам і героем фільма.

11 снежня (чацвер), 17.00. МСВМ. Сустрэча з мастаком Артурам Клінавым. Мадэратар: Ірына Бігдай.

12 снежня (пятніца), 19.00, МСВМ. Лекцыя «Іншае мастацтва»: праблема імя і межы неафіцыйнай беларускай мастацкай сцэны». Таня Сяцко (арт-крытык, даследчыца).

13 снежня (субота), 17.00, МСВМ. Круглы стол. Падвядзенне вынікаў праекта, планы на будучыню.

Увага! Мерапрыемствы будуць адбывацца на дзвюх пляцоўках: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (МСВМ пр. Незалежнасці, 47), Цэнтр сучаснага мастацтва (ЦСМ Някрасава, 3).


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology