«ШОСТАЯ ЛІНІЯ»: 1992—1998

Архіў! pARTisan #1’2002 тарашкевіца

«Напрыканцы другога тысячагодзьдзя ў арганізьме чалавека зьявіцца пільная патрэба ў дадатковым пальцы на правай руцэ. З гэтай нагоды будзе зарганізаваны НДІ для вывучэньня гэтай праблемы. Але! (паўза) ён праіснуе нядоўга».

Ігар Кашкурэвіч. Катастрофікі 
напрыканцы другога тысячагодзьдзя

У гэтых трох сказах — кароткая й найбольш дакладная гісторыя галерэі «Шостая лінія». Тэкст «Катастрофіка» быў адмыслова напісаны Ігарам Кашкурэвічам і спрэзэнтаваны галерэі «Шостая лінія» на яе 3-я ўгодкі 26 жніўня 1996 года. Ува ўмовах дзьвюх катэгарычных акалічнасьцяў — пільнай патрэбы й непрацягласьці — «Шостая лінія» праіснавала з 1992 да 1998 года, акурат 6 год.

six_line_fasad

Будынак, у якім месьцілася галерэя

Зрэшты, у містычна-сымбалічных супадзеньнях на «Шостай» не было нястачы, пачынаючы зь мінімалістычнай архітэктуры былой спартовай залі з 6-ю магутнымі крукамі ў сьценах і лямпамі ў выглядзе крыжоў на столях — 5-мэтровай вышыні.

Вялізарная заля акумулявала ў сабе нейкую асаблівую энэргію, якую адчуваў кожны, хто трапляў сюды. «Шостая лінія» прымагнічвала да сябе цікавых, творчых людзей — як гледачоў, гэтак і мастакоў. І для першых, і для другіх галерэя была па-свойму адзіным, унікальным месцам, дзе кожны знаходзіў нешта для сябе: глядач — заўсёды іншую, новую, ніколі й нідзе ня бачаную выставу; мастакі — магчымасьць зрабіць гэтае іншае-новае, немагчымае недзе ў другой залі.
Апошняя выстава адбылася ў ліпені 1998 года, але ці патрапіць хто-небудзь сёньня даць пэўны адказ на два вельмі простыя пытаньні: што ёсьць «Шостая лінія» й чым яна была?

Гледзячы зь сёньня, гэтую галерэю ўвогуле можна было б палічыць за фантом, калектыўную фантазію, калі б не дакумэнтальнае пацьверджаньне шэрагу фактаў.

«Шостая лінія» нарадзілася ў Менску ў 1992 годзе ў выніку супольнай ініцыятывы групоўкі менскіх мастакоў (Алесь Тарановіч, Ігар Кашкурэвіч ды інш.) ды кіраўніцтва Закрытага Акцыянэрнага Таварыства «Белтэхналёгія й М», якое спэцыялізавалася ў сфэры цяжкога машынабудаваньня. Статус «Шостай лініі» як некамэрцыйнай структуры «Белтэхналёгіі» — а насамрэч прыватнай галерэі — ня быў замацаваны ніводным дакумэнтам, апроч фінансавага паквітаваньня за ўтрыманьне залі й штатнай адзінкі (нейкі час іх было дзьве). Дырэктар ЗАТ Уладзімер Садко быў хутчэй аматарам традыцыйнага мастацтва, чымся авангардовага, і не стаўляў перад галерэяй ніякіх звышзадачаў — ні камэрцыйных, ні творчых. Адзінаю відавочнай «выгодаю» для ЗАТ было зьбіраньне ўласнае калекцыі. Мастакі ж мелі ўжо за мэту ажно… стварэньне Беларускага цэнтру сучаснага мастацтва.

six_line_2

Праца Кірыла Хлопава, 1993 год. З архіву А.Дурэйка

Імя, якое ўдала прыжылося й атрымала разнастайныя інтэрпрэтацыі, галерэя ўспадкавала ад старой назвы вуліцы (цяпер Дарашэвіча), каля якой яна месьцілася. Гэтак сталася дзякуючы мастаку, паэту й філёзафу Аляксею Жданаву (1948–1993). Мала будзе сказаць, што Лёша Жданаў ствараў атмасфэру «Шостай лініі», ды й усяго нефармальнага арт-асяродзьдзя 1980-х у Менску. Аднак дырэкцыя ЗАТ не падтрымала прапановы Ігара Кашкурэвіча надаць галерэі імя Аляксея Жданава пасьля сьмерці мастака. У чэрвені 1995 года сябры Аляксея зладзілі першую й апошнюю ягоную пэрсанальную выставу, якая стала тым часам ужо мэмарыяльнаю, дзе быў рэпрэзэнтаваны жывапіс, аб’екты, відэафільм і кніга вершаў Жданава.

Палітыка галерэі вызначалася дырэктарам «Шостай лініі», які ў сваёй дзейнасьці мусіў адначасова выконваць абавязкі мэнэджэра, музэйнага наглядальніка, прыбіральніка ды адказваць за ўвесь рыштунак. У першы год існаваньня (1992–1993) дырэктарамі «Шостай лініі» былі мастакі Ігар Ермакоў і Алесь Тарановіч. Пасьля прыходзіць шэраг «непрафэсіяналаў» (назавем іх куратарамі-аматарамі): з 1994 да 1996-ы — Алена Дарашэвіч, з 1996 да 1998-ы — аўтар гэтых радкоў. Варта зазначыць, што прафэсійнае куратарства галерэя мела заўсёды. У 1994–1996 гады «Шостую лінію» патранаваў мастак Ігар Кашкурэвіч, з 1996 да 1998 года апякункаю была Вольга Капёнкіна, мастацтвазнаўца Нацыянальнага Мастацкага Музэю.

six_line_bigday

Ірына Бігдай / праект Цімафея Ізотава «Новыя банкноты альбо Беларускі рэалізм» (куратар В.Капёнкіна). Фота з архіву Ц.Ізотава

У 6-гадовай «Хроніцы падзеяў галерэі „Шостая лінія“» зафіксавана 48 выстаўных праектаў — гэта калектыўныя й пэрсанальныя выставы, акцыі ды пэрформансы, якія ладзілі мастакі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны, Польшчы.

Кантакты з замежнымі мастакамі, калі й не былі надта частыя, істотна паўплывалі на лёс галерэі. Гэтак у лютым 1994 года з «Шостай лініяй» пазнаёміўся сябра Ёзэфа Бойса нямецкі мастак Яганэс Клядэрс. Менавіта ён параіў зьвярнуць увагу на гэтую галерэю будучаму дырэктару Інстытуту Гётэ ў Менску Веры Багальянц. Як затым і Польскі Інстытут у Менску, Інстытут Гётэ, які ня меў яшчэ на той час юрыдычнага статусу на тэрыторыі нашай краіны, ладзіў свае першыя выставы ў Беларусі менавіта на «Шостай лініі».

Чуткі пра закрыцьцё «Шостай» жылі ўвесь час, пакуль існавала галерэя: зрэшты, яны зь ёю й нарадзіліся. З часам рэакцыя на чарговыя паведамленьні пра закрыцьцё стала нулявою, маўляў, вы зачыняецеся ўсё жыцьцё. Аднак залю сапраўды даводзілася адстойваць: у восень 1997 года ў ёй ужо стаялі сталы й вучыліся будучыя політэхнічныя «акадэмікі». Прыбраць іх удалося толькі празь месяц.  Але аднойчы гэта здарылася. На пачатку лета 1998 года адміністрацыя БДПА чарговы раз узьняла пытаньне наконт камэрцыйнай арэндавай аплаты за памяшканьне.

У новым будынку, які тым часам дабудоўвала «Белтэхналёгія», каб канчаткова пераехаць, — залі для галерэі не было.
six_line_photo

Выстава Інстытута Гётэ «Фатаграфія зь Менску». Сяргей Кажамякін, Уладзімір Шахлевіч, Галіна Маскалёва, Ігар Саўчанка / 1995. Публікацыя ў часопісе «Лэдзі прэстыж»

Чым была «Шостая лінія»? Мабыць, адказ на гэтае пытаньне наўрад мы дамо сёньня. Мо таму, што мінула няшмат часу, ці таму, што ня хочацца рабіць высноваў, спадзеючыся, што ўсё яшчэ адродзіцца. Відавочна адно: ніша, якую займала «Шостая лінія» ў авангардовага мастацтве Менску, — сёньня застацца не занятаю. Нават Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва (галоўная выстаўная заля якога адчынілася 18 траўня 1998 года), створаны ініцыятываю «зьверху», не запоўніў той прасторы, якую ўдала асвойвала «Шостая лінія». Вядома, існуюць «Саляныя склады» ў Віцебску, Вася Васільеў ды ягоная «In-formation», але, перафразуючы выказваньне сучасьніка, заўважым: дзе той Віцебск, а дзе той Менск!

1992

Выстава беларускіх мастакоў-авангардыстаў (Натальля Рачкоўская, Ігар Ермакоў, Тодар Копша, Алесь Тарановіч (Эроціч), Анатоль Ржавускі, Алесь Родзін, Валянцін Нудноў, Аляксандар Забаўчык ды інш.).

1993

верасень
Рэспубліканская выстава неафіцыйнага мастацтва (Аляксей Жданаў, Артур Клінаў, Андрэй Плясанаў, Ігар Ермакоў, Тодар Копша, Алесь Тарановіч ды інш.).

кастрычнік
Пэрсанальная выстава Алеся Тарановіча.

лістапад-сьнежань
Пэрсанальная выстава Віктара Пятрова «PXX».

сьнежань
Калектыўная выстава беларускіх мастакоў «Краявід як успрыманьне прасторы».

1994

студзень-люты
Акцыя пэрманэнтнай творчасьці «Zebar» (Ігар Кашкурэвіч, Вітальд Ляўчэня, Людміла Русава, Тодар Копша, Вольга Сазыкіна, Уладзімер Саўчанка, Віктар Пятроў, Ігар Цішын, Натальля Залозная, Ігар Ермакоў, Алесь Эроціч, Ягор Галуза, Уладзімер Фёдараў, Аляксандар Кірэль, Эдуард Марцінэс-Сакалоўскі, Алена Харламава, Кацярына Калашнікава, Валянцін Нудноў).

six_line_4

Міхаіл Баразна, Віталь Чарнабрысаў, Ігар Кашкурэвіч

сакавік
Пэрсанальная выстава Алеся Родзіна «Сьвет на квадратных кілямэтрах».

красавік
Пэрсанальная выстава Ігара Ермакова «Я сьвятло й цемра».

травень
Пэрсанальная выстава Леаніда Шчамялёва.

чэрвень
Пэрсанальная выстава Валерыя Песіна «Дрэвы пад дажджом».

1995

красавік
Выстава нямецкіх мастакоў Ульрыкі Лянг (графіка) і Райнэра Гая (фатаграфія).

травень
Акцыя «Labris» (Уладзімер Зьленка, Андрэй Логінаў, Генадзь Кацюбка, Зьміцер Зуйкоў, Леанід Васілеўскі, Віталь Хрушчынскі, Робэрт Воўчак, Валерый Савульчык).

чэрвень
Мэмарыяльная выстава Аляксея Жданава.

ліпень
Выстава амэрыканскага фатографа Стыва Ейца.

верасень
Праект Цімафея Ізотава «Каранацыя Голема».

кастрычнік
Праект «Sequenda» (Уладзімер Парфянок, Канстанцін Селіханаў, Ігар Засімовіч; куратар — Надзея Кароткіна).

лістапад
Выстава Інстытута Гётэ «Фатаграфія зь Менску» (Сяргей Кажамякін, Уладзімер Шахлевіч, Галіна Маскалёва, Ігар Саўчанка).

лістапад-сьнежань
Пэрсанальная выстава Людмілы Русавай «Праект Т».

2 Людміла Русава, Алёна Дарашэвіч. 1995 Лістапад-снежань — персанальная выстава Людмілы Русавай «Праект Т».

Людміла Русава, Алёна Дарашэвіч. Персанальная выстава Людмілы Русавай «Праект Т» / 1995

сьнежань
Выстава Інстытуту Гётэ «Нямецкая фатаграфія 1950–80-х гадоў».

1996

студзень
Пэрсанальная выстава Юрыя Дарашэвіча «Вэрсіі Грааля».

люты
Акцыя «Axis» (Уладзімер Зьленка, Аляксандар Шапо, Аляксандар Новікаў).

люты-сакавік
Пэрсанальная выстава Генадзя Гурвіча «Ад мадэлі да мандалы» (галерэя «Брама»).

красавік
«Рамантычны пэйзаж» Пятра ды Алены Шарыпаў.

красавік-травень
Фотапраект Уладзімера Блінова «Пасьля Чарнобылю».

травень-чэрвень
Праект Сьвятланы Зябкінай «Нам разум дал стальные руки-крылья».

чэрвень
Акцыя Андрэя Вараб’ёва «Жыцьцяпіс Андрэя Вараб’ёва».

ліпень
Выстава прыватнай калекцыі Аляксандра Іванова «Неактуальнае».

верасень
Выстава калекцыі ЗАТ «Белтэхналёгія і М». Да 3-годдзя галерэі «Шостая лінія».

кастрычнік
Праект Цімафея Ізотава «Новыя банкноты, ці Беларускі рэалізм».

лістапад
Праект Артура Клінава «Сьмерць піянэра-3».

six_line_klinau

Артур Клінаў, праект «Смерць піянера-3» / 1996

сьнежань
Праект «Па той бок банальнасьці» (Ігар Саўчанка, куратар — Надзея Кароткіна).

1997

студзень
Пэрсанальная выстава «Exhibition» Андрэя Азарава.
Пэрсанальная выстава Эдуарда Лапаткі «Фантазія й рэальнасьць».

люты
Выстава Віктара Пятрова й Тодара Копшы.

сакавік-красавік
Праект «Todesschaft» (Андрэй Дурэйка, Антон Сьлюнчанка, Максім Тымінька, Аляксей Церахаў, Вітальд Ляўчэня, Ягор Галуза, Уладзімер Фёдараў).

красавік-травень
Тыдзень пэрформансу (Максім Тымінька, Людміла Русава, Алег Ладзісаў, Ірына Зелянкова, Ільля Сьвірын).

травень
Пэрсанальная выстава Сяргея Балянка з прыватнай калекцыі Аляксандра Іванова.

травень-чэрвень
Калектыўны міжнародны праект «Традыцыі й экспэрымэнты» (куратары — Эўлялія Даманоўска, Вольга Капёнкіна).

лістапад
Праект Іны Каюты «Сьцежкаю Крэса».

сьнежань
Пэрформанс Людмілы Русавай «Пасьля».

1998

студзень
Выстава Польскага Інстытуту — Гражына Гурская «Плыня часу».

люты
Праект Віталя Трафімава «Graffiti» (куратары — Дзяніс Раманоўскі, Вольга Пазьняк).

люты-сакавік
Выстава швэдзкага фатографа Тарб’ёрна Ляага «Падземка».
Графіка Лізы Мірошнікавай. Выстава да пяцігодзьдзя галерэі (куратар — Юлія Мірошнікава).

сакавік
Выстава «Ш-3» (Антон, Алесь, Павал Шапо).

красавік
Выстава Польскага Інстытуту — Даніэль Дызма Казакевіч «Вандроўка з дэманам».

травень
Праект Вольгі Варэньнікавай «TV не для ўсіх».

чэрвень
Акцыя Зьмітра Вішнёва «Падземныя графімусы».

ліпень
Выстава Польскага Інстытуту — выкладнікі Варшаўскай Акадэміі Мастацтва «Пяцёра з Акадэміі» (Веслаў Лучай, Павал Новак, Рышард Лугоўскі ды інш., куратар — Эўлялія Даманоўска).

Ірына Бігдай

pARTisan #1’2002

З 13 лістапада па 13 снежня 2014 года ў Менску адбудзецца выстава і міжнародны форум беларускіх мастакоў «Сума Сумарум». Гэта першы праект легендарнай галерэі «Шостая лінія» пасля паўзы ў 16 гадоў. Падрабязней ТУТ!

На вокладцы // праца з праекта Цімафея Ізотава «Новыя банкноты альбо Беларускі рэалізм». Фота з архіву Ц.Ізотава

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology