ДОСЬВЕД ДАБРАЯКАСНЫХ МУТАЦЫЯЎ У ЦЕЛЕ БЕЛАРУСКАЕ КУЛЬТУРЫ

Архіў! pARTisan #1’2002 тарашкевіца

КАРОТКІЯ РАЗВАГІ ПРА «ШОСТУЮ ЛІНІЮ»

Зьяўленьне галерэі «Шостай лініі» хаця й было кур’ёзам, то бок тым, чаго не магло быць з гледзішча беларускай рэчаіснасьці, усё ж такі стала не выпадковым вынікам культурных працэсаў 1970–1980-х гг. Перадусім ідзецца пра тое кола людзей, што спрычынілася да яе ўзьнікненьня й адпачатку задало тыя парамэтры галерэі, тыя эстэтычныя й ідэалягічныя прынцыпы, якіх «Шостая лінія», за рэдкімі выняткамі, трымалася ўсе 6 гадоў свайго існаваньня. Ахарактарызаваць гэты зусім ня масавы «пласт» беларускіх аўтараў можна такімі ўжо неактуальнымі сёньня паняткамі, як авангардысты, андэграўнд, нефармальнае, неафіцыйнаемастацтва.

Трэба сказаць, статус авангардыста — мастака, які займаецца «неафіцыйным» мастацтвам, — у Беларусі заўсёды ставіў аўтара ў дастаткова суворыя рамкі, мабыць, больш суворыя, чымся ў суседзяў, напрыклад, у Маскве ці ў Піцеры, ня згадваючы ўжо «братоў» па сацлягеры.
six_line7

З выставы «Todessсhaft» (Андрэй Дурэйка, Антон Слюнчанка, Максім Тымінько, Аляксей Церахаў, Вітальд Ляўчэняе, Ягор Галуза, Уладзімір Фёдараў), 1997. З архіву А.Дурэйка

Хоць і ў расейскіх сталіцах падобныя зьявы ў культуры ўлада не вітала, але ў кожным разе андэграўнд тамака меў пэўную традыцыю, якая ніколі не перарывалася. І што яшчэ важлівей, там заўсёды існавала адмысловая «фізіялягічная рошчына» — дастаткова шырокае кола людзей, здольных і гатовых успрымаць авангард, што ў нейкай ступені кампэнсавала непрыняцьце яго афіцыйнымі ўладамі. У Беларусі ж авангардыст — гэта заўсёды выгнанец, падпольшчык, творца без аўдыторыі, які мае толькі невялікае кола паплечнікаў, такіх жа байцоў малое пАРТызанскае барацьбы ва ўмовах совхозно-антычнай эстэтычнай акупацыі.

Вядома, такая візія адпавядае хутчэй стану 1970–80-х гг., аднак на пачатак 1990-х, на момант зьяўленьня «Шостай лініі», сытуацыя хаця й пачала паціху «размарожвацца», але не настолькі, каб зьмяніцца кардынальна. Бо, нягледзячы на зьмену палітычных дэкарацыяў, людзі, адказныя за культурную палітыку ў краіне, засталіся практычна тыя самыя.

Таму ў самім факце зьяўленьня «Шостай лініі» — цэнтру, які ва ўмовах татальнага панаваньня «балотнага рэалізму» прапагандаваў цалкам іншыя эстэтычныя прынцыпы, — ужо была нейкая спэцыфічна беларуская анамалія, ненатуральнасьць,

вытлумачыць якую можна хутчэй зьяўленьнем гена-мутанта ад узьдзеяньня Чарнобыльскай радыяцыі, Перабудовы, каапуляцыі капіталізму з сацыялізмам ці нейкіх іншых чыньнікаў. Аднак у выніку неафіцыйная культура (Беларусь — адзіная краіна былога СССР, дзе да сёньняшняга дня гэты панятак захоўвае ў непарушнай цноце сваёй першаснае значэньне) атрымала ў сваё распараджэньне ўнікальнае па тэхнічных характарыстыках месца, якое стала цэнтральнай сцэнай актуальнага беларускага арт-працэсу 1990-х гадоў.

З факту прыналежнасьці «Шостай лініі» да неафіцыйнай, альтэрнатыўнай беларускай культуры натуральным чынам вынікалі праграмныя прынцыпы дзейнасьці галерэі. Гэта арыентацыя на новыя тэхналёгіі ў сучасным мастацтве, падтрымка некамэрцыйных праектаў, адмаўленьне ад прынцыпу элітарнасьці ў адборы аўтараў. «Шостай лініі» ўдалoся ня стаць галерэяй якой-небудзь канкрэтнай групы, тусоўкі, клану мастакоў. Яе ўнікальнасьць выяўлялася й у тым, што яна аб’яднала вакол сябе аўтараў, якія працуюць у самых розных напрамках экспэрымэнтальнага мастацтва. Аднак наўрад гэта можна назваць непераорлівасьцю або размытасьцю канцэпцыі галерэі. Хутчэй гэта была спроба ўзяць на сябе функцыі цэнтру сучаснага мастацтва, які стаіць па-над нейкімі канкрэтнымі плынямі, але прэзэнтуе ўвесь спэктар актуальнага мастацтва.

Варта заўважыць, што менавіта ў гэты час практычна ва ўсіх краінах Усходняй Эўропы й былога СССР досыць пасьпяхова рэалізоўваліся праекты стварэньня падобных цэнтраў пад эгідаю фонду Сораса. Беларусь жа заставалася — дый цяпер, на жаль, застаецца — адзінай краінай, не далучанай да гэтай праграмы. Досьвед «Шостай лініі» быў рамантычнай спробаю рэалізацыі такога праекту сіламі саміх мастакоў, але, на жаль, спробаю, не падмацаванаю ні матэрыяльнымі рэсурсамі, ні здаровым клёкам чынавенства зь Міністэрства культуры ды іншых установаў.

sauchanka

Праект Ігара Саўчанкі «Па той бок банальнасці», 1996 / Фота В.Сямашкі

Як зьяўленьне, гэтак і закрыцьцё «Шостай лініі» было лягічным і абсурдным адначасна. Фармальна яе «затапталі», нібы пэрсанажы з раманаў Кафкі, завхозы ўстановы, у сьценах якой знаходзілася галерэя. Затапталі безь якой-небудзь нагоды, беспрычынна, самі не разумеючы, навошта яны тое робяць. Зь іншага боку, такі вынік быў лягічны ў той атмасфэры страху, у якой патанала беларускае грамадзтва напрыканцы 1990-х, дзе гэтая выспачка эстэтычнага вальнадумства была занадта яркаю плямаю на фоне новай колхоз’на-камунальнай шэрасьці.

Аднак за 6 гадоў існаваньняі «Шостая лінія» выканала сваю галоўную мэту — стала цэнтрам камунікацыі, што зьвязаў шматлікія фрагмэнтарныя, дагэтуль ізаляваныя адна ад аднае зьявы ў адзіны кантэкст; артыкулявала задачы, якія стаялі перад актуальным беларускім арт-працэсам; стварыла аўдыторыю, здольную да ўспрыманьня новага мастацтва. Калі зрабіць спробу пэрыядызацыі разьвіцьця сучаснага мастацтва ў Беларусі, можна з упэўненасьцю сказаць, што

зьяўленьне «Шостай лініі» лягічна завершыла эпоху 1970–1980-х — пару экзыстэнцыйнай адзіноты аўтара — ды пачало адлік новага этапу — эпохі існаваньня аўтара ў інфармацыйным полі, па-за якім сёньня ставіцца пад сумнеў сама магчымасьць ўзьнікненьня самога гэтага поля.

Артур Клінаў, 2002

З 13 лістапада па 13 снежня 2014 года ў Менску адбудзецца выстава і міжнародны форум беларускіх мастакоў «Сума Сумарум». Гэта першы праект легендарнай галерэі «Шостая лінія» пасля паўзы ў 16 гадоў. Падрабязней ТУТ!

На вокладцы // З выставы «Todessсhaft» (Андрэй Дурэйка, Антон Слюнчанка, Максім Тымінько, Аляксей Церахаў, Вітальд Ляўчэняе, Ягор Галуза, Уладзімір Фёдараў), 1997. З архіву А.Дурэйка

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2018. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус