ЭКСПАЗІЦЫЯ АРТ-ПРАЕКТА «XXY»

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», мультымедыйны часопіс 34mag.net,
медыяпраект «pARTisan»

 13 верасня – 2 кастрычніка 2014 года

#Ідэнтычнасць фармуецца праз узаемныя адносіны паміж суб’ектам і супольнасцю і вызначаецца ў гарызонце той уяўнай структуры, з якой індывід сябе асацыюе – #гендар, нацыя, сацыяльны клас і г. д.

Для таго каб быць упісаным у сацыяльныя групы, #індывід павінен умець прымаць або адмаўляцца ад правілаў паводзін і практык знешняга выгляду, адпаведных розным ідэнтычнасцям. Мы можам крытыкаваць гэтыя зададзеныя вобразы і мадэлі, але мы не можам іх ігнараваць. Таму што нашае адзенне, #сексуальнасць, паводзіны – гэта маркеры, на падставе якіх нас прылічаюць да сваіх ці чужых, тых, хто нясе небяспеку (што можа выклікаць #агрэсію і справакаваць #гвалт) або выклікае давер. Такім чынам, індывід трапляе ў свайго кшталту нарматыўны бокс і становіцца зразумелым і прынятым соцыумам або асобнай супольнасцю.

Тым не менш, сёння маладыя людзі ўсё часцей адмаўляюцца вызначаць свой ​​спецыфічны «лэйбл». Яны разумеюць сваю ідэнтычнасць як дынамічную, перарывістую, па-за-бінарную і называюць сябе #квір (амерыканскае размоўнае слова, якім пазначаліся #іншыя, дзіўныя або маргінальныя групы).Такім чынам, квіры становяцца ў апазіцыю грамадству, якое хоча «баксаваць» («нармалізаваць») іх, зразумець іх у канкрэтных тэрмінах, каб ужо потым вызначыць сваё стаўленне да іх.

panor_1

Вобласць хэштэгаў праекта: #норма, #ідэнтычнасць, #індывід, #іншы, #табу, #квір, #гендар, #сексуальнасць, #памяркоўнасць, #гвалт, #соцыум, #каханне, #чужы, #страх, #давер, #цялеснасць ды інш.

Мастакі: група «Бергамот» (Беларусь/Польшча), Анатоль Бялоў (Украіна), Жанна Гладко (Беларусь), Міхаіл Гулін (Беларусь), Аляксей Лунёў(Беларусь), Таццяна Рэўт (Беларусь), Вольга Сасноўская (Беларусь), Тыльда Сўінтан (Велікабрытанія)&Сандра Коп(Германія/Новая Зеландыя), лусінэ талалян / арт-група «Queering Yerevan» (Арменія), Вольфганг Тыльманс (Германія),Сяргей Шабохін (Беларусь).А таксама Аляксей Барысёнак&Інга Ліндарэнка&Антон Сарокін (аўдыяэксплікацыя).

Куратары: Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Інга Ліндарэнка, Валянціна Кісялёва.

Куратарка суправаджальнай праграмы: Ана Лакціёнава (To Be.Queer).  Партнёр суправаджальнай праграмы: Makeout.by (Вікторыя Біран)*

Выстава не прызначаная для прагляду асобамі, маладзейшымі за 18 гадоў, а таксама не рэкамендуецца да прагляду асобам, якія прытрымліваюцца кансерватыўных поглядаў на сексуальныя адносіны!

Выказваем адмысловую падзяку Олівэру Эвансу (Галерэя «MAUREEN PALEY», Лондан)

АЛЯКСЕЙ БАРЫСЁНАК & ІНГА ЛІНДАРЭНКА & АНТОН САРОКІН (BY)
XXY / ГУКАВАЯ ЭКСПЛІКАЦЫЯ / 2014

Назва выставы адсылае да немагчымага набору храмасомаў (XY — мужчынскі набор, XX — жаночы набор) і зонам нераспазнавальнасці, дзе адно датычыцца, перасякаецца, накладаецца і перацякае ў іншае. Гендарна маркіраваныя колеры постэра — ружовы і блакітны — за кошт аднолькавага тону рэжуць вока і канфліктуюць паміж сабой. Але калі на постэр накласці чорна-белы фільтр, два колеры практычна зліваюцца.

Калі куратарская група думала пра тое, як падрыхтаваць тэкст да выставы, мы не хацелі дубляваць акадэмічны тэкст, які апісвае праблематыку праекта. Акадэмічны дыскурс можа быць небяспечным у дачыненні да аб’ектывацыі тых далікатных і нестабільных суб’ектыўнасцяў, пра якія ідзе гаворка ў выставе. Такім чынам, мы спрабавалі знайсці іншыя выразныя формы прагаворвання тэмы. Так куратарскі тэкст выйшаў за рамкі эксплікацыі і трансфармаваўся ў мастацкі праект, што ўяўляе сабой рэканструкцыю зрэзу выказванняў, пошук якіх ажыццяўляўся па хэштэгах у twitter і іншых сацыяльных сетках на тэму #сексуальнасці, #ідэнтычнасці, #рэлігіі, крытыкі і #палітыкі.

Шызафрэнічная плынь паведамленняў была апрацаваная з дапамогай некалькіх праграмных прадуктаў і модуляў, якія фарміруюць маўленчы сігнал па друкаваным тэксце. Выказванні, першапачаткова публічныя, перанесеныя ў сферу асабістага праз магчымасць судакранання з імі ў прыватным акустычным рэжыме. Разрозненыя рэплікі складаюцца ў герметычны і недаступны для абмеркавання маналог, што адсылае да перавытворчасці інфармацыі ў СМІ і немагчымасці прадуктыўнага абмеркавання — у прэсе, тэлебачанні і нават інтэрнеце. Падобную аперацыю робіць Анатоль Бялоў у сваёй «Самай парнаграфічнай кнізе» — ён выкарыстоўвае запыты з пошукавых сістэм на тэму сексу: тое, што рэдка агучваецца ў публічным дыскурсе і выносіцца на краі інтэрнету.

Безасабовы голас гукавой эксплікацыі прагаворвае фразы, хаваючы суб’ект выказвання і робячы нераспазнавальнай прастору дыялогу. Эксплікацыя такім чынам стварае новае поле хэштэгаў — #мова_варожасці, #цэнзура, #ананімнасць, #веб_публічнасць. Працэс працы з хэштэгамі адкрывае новыя вымярэнні саміх сябе і прасторы, у якой мы жывем.

Куратары праекта

ГРУПА «БЕРГАМОТ» (BY/PL)
Queer Belarus. Відэаперформанс, 7’55, 2010

«#Queer Belarus» праца з цыкла «Арганічная праца», які складаецца з перформансаў і акцый паводле сцэнарыяў іншых людзей. У 2010 годзе група «Бергамот» абвясціла адкрыты конкурс на ідэю або сцэнарый перформансу, у якім узнагародамі выступаюць флэшкі «SUPER TALENT», пакрытыя 24-каратным золатам; таксама мастакі забяспечваюць рэалізацыю сцэнарыяў фіналістаў. Больш пра конкурс можна даведацца на www.bergamot.in.

Сцэнарый відэаперформансу, замоўленага беларускай групе «Бергамот» для выставы ARS HOMO EROTICA ў Нацыянальным музеі ў Варшаве ў 2010 годзе.

Павел Ляшковіч (куратар выставы ў Варшаве):

Як куратар выставы ARS HOMO EROTICA я пачынаю конкурс на сцэнарый перформансу для групы «Бергамот», тым самым я ўдзельнічаю ў мастацкім праекце групы. Я лічу, што куратары мусяць мець права селекцыі твораў мастацтва для выставы, аднак не мусяць прыдумваць працы для або замест мастакоў. Тым не менш, згодна з пажаданнямі Рамана і Вольгі, я прапаноўваю ім свой сцэнарый. Такая форма ўдзелу ў выставе была ідэяй саміх мастакоў.

Назва замоўленага перформансу — «Queer #Belarus». Сродак — відэаперформанс. Працягласць — не менш за 1 хвіліну, не больш за 5 хвілін. Мова — польская з англійскімі субтытрамі або англійская з польскімі субтытрамі. Тэрмін выканання перформансу і паказ яго куратару для зацвярджэння — 1 чэрвеня 2010 года. Мэтай перформансу мае быць прэзентацыя прававога, сацыяльнага і культурнага становішча #геяў і #лесбіянак у сённяшняй Беларусі. Еўропа вельмі зацікаўленая ў правах чалавека ў Беларусі, палякі турбуюцца пра лёс польскай меншасці, давайце паставім таксама пытанне пра сексуальныя меншасці ў гэтай незвычайнай краіне. Тым больш, што ўсё часцей чуюцца прапановы арганізаваць парад у Мінску.

Я прашу мастакоў групы «Бергамот» пазнаёміцца з сітуацыяй #геяў і #лесбіянак у Беларусі, правесці даследаванне гэтай тэмы, пазнаёміцца з гісторыяй эмансіпацыйнага руху, узяць інтэрв’ю ў сябраў арганізацыі. З апорай на сабраны матэрыял прашу стварыць кароткую імітацыю праграмы беларускага тэлебачання, якая інфармуе пра становішча #геяў і #лесбіянак у Беларусі. Акурат гэтая «праграма» мусіць быць відэаперформансам мастакоў, у якім яны будуць удзельнічаць у вобразе тэлевядоўцаў або экспертаў. Прэзентаваны матэрыял мае адлюстраваць спецыфіку сітуацыі #геяў і #лесбіянак у іх краіне, а таксама праінфармаваць публіку пра самыя цікавыя падзеі, з’явы, пра актывістаў і акцыі. У межах канвенцыі тэлевізійнай праграмы мастакі маюць права на фантазію пры ўмове, што адлюструюць ключавыя і цікавыя навіны, звязаныя з пастаўленай тэмай.

ТЫЛЬДА СЎІНТАН & САНДРА КОП (UK)
На знак салідарнасці. З Расіі з любоўю / Фатаграфія. Анімацыя – Андрэй Ляўковіч / 2014

Фотаздымак брытанская акторкі Тыльды Сўінтан з надпісам — «Тыльда Сўінтан: У знак салідарнасці. З Расіі з любоўю» — быў зроблены яе сябрам Сандра Коппам падчас кароткатэрміновага візіту актрысы ў Маскву. 4 ліпеня фатаграфія з’явілася ў Twitter і за 24 гадзіны абляцела ўвесь інтэрнэт. У мастацкім кантэксце фатаграфія экспануецца ў першыню.

Першапачаткова куратарская ідэя палягала ў тым, каб выставіць у межах праекта працу Тыльды Сўінтан «Silence is Death». Гэта, на наш погляд, магло падкрэсліць рэпрэсіўнасць беларускага грамадства і адсутнасць у прынцыпе суб’екта ў сучаснай Беларусі, гатовага гаварыць пра сваю нябачнасць, гвалт над ідэнтычнасцю і кансерватыўнасць публічнага дыскурсу. Але Тыльда прапанавала выставіць фатаграфію з Чырвонай плошчы, якая ўпершыню з’явілася ў медыя і стала лаканічным жэстам салідарнасці з людзьмі, якія спрабуюць гаварыць пра сваю ідэнтычнасць ў межах рэпрэсіўных законаў. У першую чаргу,  фотаздымак ёсць медыя выказваньнем, але выстаўлены ў галерэйнай прасторы, ён таксама аднаўляе дыскурс творчай і актывістскай практык Тыльда, якія перасякаюцца і накладваюцца адна на адну.

Куратары праекта

tylda

СЯРГЕЙ ШАБОХІН (BY)
Зоны выцяснення / Інсталяцыя. Плітка, зацірка для пліткі, фарба, маркеры, лямпачка / 2014

З’яўляючыся часткай праекту «Практыкі падпарадкавання», інсталяцыя, перш за ўсё, выяўляе механізмы прамога і ўскоснага ўздзеяння #ўлады, рассеянага як у публічнай, так і ў прыватнай прасторы. Сяргей Шабохін канструюе ў экспазіцыі галерэі прастору, падобную на мужчынскую грамадскую прыбіральню, у якой на сцены наносіць архіў рэплік, лозунгаў і перапіскі, які ён збіраў з 2006 года.

Грамадскія прыбіральні ўяўляюць сабой дзіўную сумесь публічнай (перасячэнне з незнаёмымі людзьмі, даступнасць месца для ўсіх сацыяльных слаёў) і прыватнай прасторы (адсутнічае відэаздымка). Гэтая прастора таксама застаецца і месцам камунікацыі, уключаючы выказванні, пакінутыя мужчынамі для мужчын: ад сексуальных прапановаў — да гамафобных выказванняў, ад чорнага гумару — да адкрытых прызнанняў, ад палітычных лозунгаў — да субкультурных кодаў. Запісы, пакінутыя на швах паміж пліткай, абароненыя ад хуткага знікнення, у той час як запісы на самой паверхні пліткі хутка сціраюцца прыбіральшчыцамі. Працуючы з тэмай біяпалітычнага кантролю над целамі грамадзян (#сексуальны, #гігіенічны і #кантроль аховы здароўя), Сяргей Шабохін падкрэслівае падабенства паверхні пліткі як прасторы ўлады і нарматыўнасці, а швы паміж пліткай з’яўляюцца прасторай камунікацыі і выказвання, як і выцесненыя на край грамадскага жыцця розныя непрымальныя дэвіяцыйныя формы паводзінаў — як сексуальных, так і палітычных.

Куратары праекта

shabohin_xxy

ЖАННА ГЛАДКО (BY)
Inciting Force / Серыя фатаграфій. Чорна-белы друк на метале / 2011–2014

Мастацка-даследчы праект Жанны Гладко «Inciting Force» імкнецца да асэнсавання жаночай суб’ектыўнасці ў сістэме патрыярхатнай культуры, дзе інстанцыя бацькі і мужчыны з’яўляецца зыходным пунктам размеркавання #ўлады ў эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах. У Беларусі, як і ў іншых патрыярхатных грамадствах, свабода выбару самаідэнтыфікацыі жанчыны сутыкаецца з прамой агрэсіяй, #клішэ і зневажальнымі штампамі, актуальная тэма жаночага як Іншага.

Фемінісцкая крытыка сцвярджае, што сексуалізаваныя выявы жанчын у масмедыя з’яўляюцца формай эксплуатацыі і навязвання выгаднай суб’ектыўнасці жанчыне як аб’екта жадання. Жанна Гладко эксплуатуе гэтыя «вобразы эксплуатацыі» ў сваіх мэтах, руйнуючы збітыя ўяўленні і перакульваючы культурныя коды, паказваючы іх #супярэчлівасць і #канфліктнасць. Мастачка працуе з паверхняй рэпрэзентацыі: паверхняй #цела і вобраза. Жанна Гладко напластоўвае, прысвойвае, выварочвае, размяшчае на сваім целе вобразнасць, заснаваную на патрыярхатным бачанні жаночага і жаночай прыгажосці ды сексуальнасці. Яна спрабуе заняць і прысвоіць пазіцыю мужчынскай сілы – паспяховую, статусную, агрэсіўную – і выкарыстаць яе ў барацьбе за асабістую незалежнасць (незалежнасць пазіцыі, выказвання, творчасці). Жанна Гладко прынцыпова не адмаўляецца ад «глянцавых» рэпрэзентацый жанчыны, напоўненых спакусай, жаданнем і дзікай сексуальнасцю – яна паварочвае зброю рэпрэзентацыі ў бок патрыярхата.

Першая частка праекта «Inciting Force» была прэзентаваная ў 2012 годзе ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» і прысвячалася аналізу ўзаемаадносінаў мастачкі са сваім бацькам. Частка праекта,  адмыслова падрыхтаваная для выставы «XXY», уяўляе сабой серыю аўтапартрэтаў, у якіх мастачка «правакуе сілу» мужчынскага ўладнага погляду, спрабуючы знайсці месца жаночаму ў агрэсіўнай маскуліннасці культуры. Такім чынам мастачка спрабуе знаходзіцца ва ўладзе мужчынскіх сілаў і ў той жа час кіраваць імі.

Мастачка ў гэтым праекце працуе з тэмамі рэлігіі і #мацярынства, вобразнай амбівалентнасці і крытыкай масавай культуры, аздаблення і ўзброенасці, дэманізму і істэрычнасці, гвалту і канфлікту, улады бацькі і віны за «першародны #грэх». Асобнымі тэмамі з’яўляюцца крытыка ўладных механізмаў, адноўленых у полі мастацтва, як у глабальным наратыве (вобраз з фільма «Андалузскі сабака»), так і ў лакальнай гісторыі (размяшчэнне партрэтаў беларускіх мастакоў на ўласным целе), а таксама даследаванне асабістай/чужой ідэнтычнасці, адлюстраванай у прымерцы бачання жаночага трансвестытамі і насаджэнні свайго вобразу на калегу, мастака Сяргея Шабохіна.

Куратары праекта

gladko_xxy

АНАТОЛЬ БЯЛОЎ (UA)
Самая парнаграфічная кніга II / Графіка / 2012
Секс, лекавае, рок-н-рол / Відэа / 2013

Сваёй мастацкай практыкай, якая ўключае ў сябе графіку, кінематограф, музыку, Анатоль Бялоў даследуе межы паміж асабістымі інтымнымі перажываннямі і сацыяльнымі ды палітычнымі выказваннямі. У 2012 годзе Бялоў браў удзел у выставе маладых украінскіх мастакоў «Украінскае цела», якая даследавала паверхні перасячэння цялесных практык і рэпрэсіўнага #грамадства. Скандальнае закрыццё выставы пасля трох дзён працы паказала, што мастак сёння, працуючы з табуяванымі ў грамадстве тэмамі, можа выяўляць болевыя кропкі. На працягу сваёй творчай актыўнасці Бялоў паслядоўна звяртаўся да тэмы #гамафобіі, кансерватыўнага выкарыстання маралі і традыцыйных каштоўнасцяў, што выключаюць #цела і галасы суб’ектаў, якія не ўпісваюцца ў нарматыўнае разуменне сексуальных, сямейных і сяброўскіх адносінаў.

«Самая парнаграфічная кніга II» з’яўляецца прасторай, у якой яднаюцца інтымны #досвед мастака (сяброўскія сувязі, фантазмы і сексуальны вопыт ці фантазіі) і палітычнае вымярэнне суб’ектывавання прыватнай сферы. Мастак у наратыве кнігі пераплятае гомаэратычныя вобразы з кансерватыўнымі палітычнымі лозунгамі, фрагменты асабістых зносінаў і побытавыя сцэны, прафайлы сяброў у сацыяльных сетках і пошукавыя запыты.

Прасторай накладання выказванняў з’яўляецца таксама  і фрагмент мюзікла, зрэжысаванага Бяловым. Паэтычныя тэксты з «Самая парнаграфічная кніга II» робяцца тэкстамі песень гурта «Людьска Подоба» (у якой Бялоў з’яўляецца адным з удзельнікаў), а відэа «#Секс, лекавае, рок-н-рол» з’яўляецца пастаноўкай на адну з песень гурта. Выкарыстоўваючы эстэтыку музычнага кліпа — пратаганіст, які выконвае песню і харэаграфічныя элементы — Бялоў праз адносіны траіх маладых людзей выварочвае патрыярхатны код. Такім чынам мастак дае прастору #разумення, #суперажывання і любові, у якой магчыма пераадолець стэрэатыпы і ўмоўнасці.

Куратары праекта

ВОЛЬФГАНГ ТЫЛЬМАНС (DE)
З праекта «Цэнтральная нервовая сістэма» / 2012–2013

Апошнія некалькі гадоў Вольфганг Тыльманс працуе над праектам Neue Welt («Новы свет»), вывучаючы разнастайныя глабальныя тэрыторыі, а таксама метады атрымання выяваў і друку з дапамогай новых лічбавых тэхналогій. У сваім апошнім праекце «Цэнтральная нервовая сістэма» Тыльманс адкрыта паказвае працяглае сяброўства і непадзеленае #каханне — у роўнай ступені пераканаўча, прадпрымальна і ўразліва. Гэты праект быў для Тыльманса вяртаннем да даследавання партрэтыкі, і нягледзячы на тое, што гэтыя працы аддаляюцца ад тэмы праекта Neue Welt, яны абапіраюцца на тое ж «блізкае» бачанне свету. Гэтая калекцыя — інтымны партрэт тонкіх узаемаадносін і адначасова партрэт самога мастака. Працы з серыі «Цэнтральная нервовая сістэма» ўпершыню былі паказаныя падчас персанальнай выставы Тыльманса ў галерэі Maureen Paley ў Лондане ў 2013 годзе.

«Стварэнне партрэта — гэта фундаментальны мастацкі акт, і працэс – гэта непасрэдны чалавечы абмен. Дынаміка ўразлівасці, экспазіцыі, збянтэжанасці і шчырасці ніколі не мяняецца. Я думаю, стварэнне партрэта – гэта як добры метад «выстаўлення ўзроўню», які заўсёды вяртае мяне на свае колы».

Вольфганг Тыльманс, 2001

Тыльманс выступае піянерам у канцэптуальных падыходах да вытворчасці і выстаўлення фатаграфічных матэрыялаў цягам больш як двух дзесяцігоддзяў. Яго новыя эксперыменты і развіццё ў сферы струменнага друку павялічылі магчымасць павышанай рэзкасці ў яго здымках, якія выглядаюць гіперрэальна і пры гэтым маляўніча. Тыльманс асвятляе штодзённае і паказвае свет такім, якім ён ёсць, выдзяляючы яго часта не заўважаную дзіўнасць і прыгажосць.

Галерэя Maureen Paley

Удзел Вольфганга Тыльманса ў праекце «XXY»  —  гэта не толькі магчымасць для беларускай публікі ўбачыць працы мастака міжнароднага ўзроўню, але высокаякасны прыклад таго, як тэма гендэрнай і сексуальнай ідэнтычнасцяў артыкулюецца сёння ў глабальнай арт-прасторы. Для нас як для куратараў праекта  важны, як і ў выпадку Тыльды Сўінтан, сам жэст Тыльманса – ягоная салідарнасць з намі ў спробах задавацца пытаннямі пра прыняцце інакшасці ў беларускім грамадстве.

Тыя правакатыўнасць і вострасць, якія ляжаць на паверхні прац Тыльманса, — толькі абалонка. На нашую думку, гаворка ў першую чаргу ідзе пра пяшчоту, крохкасць, мімалётнасць, чуллівасць, давер, якія ўзнікаюць і адбываюцца паміж дзвюма асобамі. Гэта і ёсць прыгажосць, якую мастак убачыў у штодзённасці і вылучыў у асобнае фотапалатно. Важна таксама адзначыць, што сучасная постдыгітальная фатаграфія ў прынцыпе знаходзіцца пад вялікім уплывам практык Тыльманса і Нэн Голдзін, якія сфармавалі канон такой фатаграфіі, у межах якога (свядома ці не) працуюць і беларускія маладыя аўтары.

Куратары праекта

© WOLFGANG TILLMANS. Courtesy Maureen Paley, London

© WOLFGANG TILLMANS. Courtesy Maureen Paley, London

ЛУСІНЭ ТАЛАЯН / АРТ-ГРУПА QUEERING YEREVAN (AU)
Гэта хлопчык ці дзяўчынка? / Відэа / 2011

Калектыў «QUEERING YEREVAN» заявіў пра сябе ў 2007 годзе, калі групай мастакоў(чак), пісьменнікаў(ц), актывістаў(к) было прынята рашэнне пра супрацоўніцтва ў самых розных формах. Мэта — выкарыстоўваючы сталіцу Арменіі Ерэван у якасці эксперыментальнай прасторы для новай культурнай творчасці, «падарваць», дэаўтаматызаваць, разбурыць стэрэатыпы, якія існуюць у грамадстве.

Акрамя наўпрост працы з прасторай (нанясенне графіці на сцены пад’ездаў, праекты ў гарадскіх скверах і інш.), група актыўна працуе з целам як сродкам адстойваць сваё права на #публічнасць. У гэтым сэнсе відэа-праца Лусінэ Талаян «Is a boy or a girl», пашырае межы ўспрымання цялеснасці. Нашае #цела, ягоная ідэнтыфікацыя і артыкуляцыя — гэта не толькі чыннікі сексуальнай ці гендэрнай прыналежнасці, але — прастора індывіда, у межах якой ён мае права на галоснасць. Група «Queering Yerevan», хутчэй, не ставіць пытанні, яна цалкам упэўненая ў тым, што трэба дзейнічаць. Таму, абіраючы тэрмін «#квір», яны гавораць не пра стан, але пра акт. «Квірыць», значыць, дзейнічаць. Гэтая стратэгія цалкам прагледжаваецца ў іх працах, дзе #правакатыўнасць, жорсткасць, #агрэсіўнасць ёсць не тэмамі, але спосабам зламаць пэўныя ўстаноўкі закансерваванага грамадства.

Куратары праекта


МІХАІЛ ГУЛІН (BY)
Я – не гей / Акцыя, відэа / 2008

Акцыя «Я — не гей» з’яўляецца часткаю праекта Міхаіла Гуліна «Я — не…», куды таксама ўвайшлі акцыі-перформансы «Ich bin keine Partisan», «Я — не амерыкос», «Я — не тэрарыст», «Я — не габрэй». У перформансе «Я — не гей» мастак свядома абраў імідж менавіта транссексуала, а не гамасексуаліста. На ягоную думку, у свядомасці беларусаў няма выразнага падзелу гэтых паняццяў.

Акцыя «Я — не гей» адсылае да зрэзу нябачных сацыяльных, этнічных, субкультурных і іншых груп беларускага грамадства. У звязку з гэтым у адзін шэраг з «Я — не гей» можна было б змясціць выказваньні: «Я — не #жанчына», «Я — не інвалід», «Я — не габрэй», «Я — не пенсіянер». Беларускім уладам выгадна пазыцыянаваць грамадства як гамагенную #супольнасць альбо як адзінства без усялякіх адрозненняў: менавіта гэта дазваляе ім прамаўляць ад імя ўсяго народу. Нябачныя ж групы ў выніку маргіналізуюцца, то бок пазбаўляюцца правоў на роўнае суіснаванне з іншымі… Робячы бачнымі пералічаныя зрэзы беларускага грамадства, Міхаіл Гулін прапануе свой, крытычны, погляд на гэтае грамадства. Гэты погляд дазваляе задацца пытаннямі пра сацыяльную і культурную разнастайнасць, пра калектыўную #ідэнтычнасць, памяць і надзённыя сацыяльныя праблемы. І гэта вельмі важна, бо ўсе гэтыя пытанні не маюць адназначных адказаў, першым наступствам чаго ёсць менавіта #непрыняцце і #страх, што і дэманструе рэакцыя гледачоў.

Вольга Шпарага

Акцыянізм Міхаіла Гуліна й групы «1 + 1 = 1»: ад сацыяльных фобіяў да ўмоваў іхнага спараджэньня // «1 + 1 = 1» — «Калекцыя пАРТызана»

Важным аспектам перфарматыўнай практыкі Міхаіла Гуліна (серыя акцый «Я — не …», перформанс «Персанальны манумент») — гэта дыягностыка гарадскога асяроддзя і дыскурсіўнай прасторы каштоўнасцяў сучаснай Беларусі як бесканфліктнай і гамагеннай. Выкарыстоўваючы ў акцыі «Я — не гей» эстэтыку карнавалу і спектакулярнасці, Гулін тым самым робіць падвойнае #адмаўленне, бо адмаўляе сваю прыналежнасць да супольнасцяў, якія і так нябачныя ў публічным дыскурсе. У акцыі ён падкрэслена выкарыстоўвае вобраз фрыка, або бяспечнага Іншага, якія актыўна прадстаўленыя ў масавай культуры і на эстрадзе. Гэта таксама падкрэслівае бесканфліктнасць самога працэсу акцыі — публічнае існаванне #Іншага ў кансерватыўных грамадствах магчыма толькі ў сімвалічнай сферы (як, напрыклад, блазан у прасторы карнавалу), але — рэпрэсуецца, калі вопыт адрознення ўкараняецца ў штодзённасці.

Куратaры прaекта

ТАЦЦЯНА РЭЎТ (BY)
З такіх, як ты, растуць наркаманы / Фатаграфія, відэа / 2013–2014

Гэты праект пачынаўся, хутчэй, як пошук нацыянальна-тэрытарыяльнай прыналежнасці ў межах эміграцыі, а не як даследаванне сексуальнай ідэнтычнасці герояў. У той час я жыла ў Польшчы і пачала рабіць матэрыял пра беларусаў у Варшаве, у тым ліку пра Дашу і Дзяніса, якія сталі маімі асноўнымі героямі. Аспект эміграцыі застаўся важны ў праекце і надалей (я працягвала фатаграфаваць Дашу ў цягніку, па дарозе ў Мінск), але ў нейкі момант на першы план выйшла тэма ўзаемаадносінаў унутры пары, гендарнае размеркаванне роляў і ўзаемадзеянне іх са «знешнім светам».

У працэсе нашага збліжэння з Дашай я даведвалася падрабязнасці яе ўзаемаадносінаў з навакольнымі людзьмі. Яе «адрозненне» ад звыклага вобразаьвыклікае ў людзей #здзіўленне, #абурэнне, #страх, часам адкрытыя канфлікты. Суправаджаючы пару на працу, у транспарце, у клубах, у дактароў, у басейне, я міжволі стала сачыць за тым, што адбываецца навокал: надзвычайная ўвага, погляды (асабліва дзяцей, якія дэманстравалі сваё неразуменне шчыра і непрыхавана: хто гэта перада мной, хлопчык ці дзяўчынка?), пытанні. Пры гэтым было відавочна, што ўсё гэта не выклікала ніякага дыскамфорту для саміх Дашы і Дзяніса. Гэта ўжо потым я даведалася асабістыя гісторыі, калі пачуцця гумару і адкрытасці не стае ў супрацьстаянні адкрытай агрэсіі. І, можа быць, гэтыя вонкавыя раскаванасць, адкрытасць, прыязнасць выхоўваліся доўгім перыядам #супрацьстаяння, загартоўвання ва ўмовах завуаляванай або адкрытай варожасці.

Таццяна Рэут

reut_xxy1

1a

Фатаграфічны спосаб здымкі Таццяны Рэут, з аднаго боку, пазначае дыстанцыю вонкавага назіральніка ў адносінах да свайго аб’екту, з іншага боку, вельмі шчыльна да яго набліжаецца. Рэут дакументуе сцэны са штодзённасці сваіх сяброў. Галоўны герой «назірання» — Даша — прынцыпова адмаўляецца ад дамінуючых гендарных роляў, не маркіруючы сваю #ідэнтычнасць праз гендарныя атрыбуцыі, знешні выгляд і манеру паводзінаў. Даша пазбягае канкрэтнай назвы сваёй ідэнтычнасці, якой ад яе патрабуе грамадства – супраціў ціску традыцыйнай культуры счэплівать суб’ектыўнасці са стабільнымі сацыяльнымі ролямі. На гэтых межах дыстанцыяванага погляду і далучанасці знаходзіцца месца для асцярожнай рэпрэзентацыі #квір суб’ектыўнасці: дынамічнай, зменлівай і знікомай.

Даша ўжо была ўдзельніцай мастацкага сацыялагічнага фотапраекта Аліны Крушынскай «Як хлопчык», дзе яе канфлікт са сваёй няпроста вызначальнай гендарнай ідэнтычнасцю ўяўляўся праз запісаныя выказванні, якія былі выстаўленыя разам з фотаздымкамі. Праект Таццяны Рэут носіць больш дакументальны характар​​, які нівеліруецца эстэтыкай сямейных альбомаў і спосабам экспанавання. Рэут акцэнтуе ўвагу на атмасферы любові, прыхільнасці, далучанасці, даверу, а таксама фіксуе зоны канфліктаў, страхаў і занепакоенасці.

Куратары праекта

ВОЛЬГА САСНОЎСКАЯ (BY)
Celebration / Фатаграфія / 2012 – у працэсе

Праект «Celebration» працуе з канцэпцыяй мужчынскага погляду і канонамі нарматыўнай #цялеснасці ў кантэксце патрыярхатнай культуры і сучасных медыяў як ейнай часткі, праблематызуючы працэс і ўмовы суб’ектывацыі і самарэпрэзентацыі, уключаючы гэтыя элементы ў прастору сучаснай беларускай культуры.

Фемінісцкая крытыка сцвярджае, што жанчына, перш за ўсё, з’яўляецца пасіўным аб’ектам погляду. У патрыярхатным дыскурсе #жанчына павінная адчуваць задавальненне ад таго, што на яе глядзяць, ёю любуюцца. З аднаго боку, у праекце «Celebration» прадстаўлены гіпертрафаваны погляд, радыкальна пільнае ўгляданне, дзе жанчына-вобраз распадаецца да невыразнай плямы, фактуры. Чым больш пільны погляд, які намагаецца завалодаць выявай, тым больш яна супраціўляецца апазнаванню, акрэсленню. З іншага боку — узнаўленне жанчынамі традыцыйных мадэляў гендарнай рэпрэзентацыі, у прыватнасці ў медыях, праз позы, у якіх яны паўстаюць перад ўяўным «мужчынскім позіркам».

У межах праекта вылучаецца дыялектыка вытворчасці #цела: знутры — якая адштурхоўваецца ад самога суб’екта, і звонку, навязаная суб’ектывізуючымі тэхнікамі ўлады. Сасноўская выкарыстоўвае метад апрапрыяцыі выяваў. З аднаго боку — гэта фатаграфіі з сацыяльных сетак: фрагменты юных целаў з мінскіх дыскатэк. Гэтыя выхапленыя з натоўпу прыгожыя целы як быццам ананімныя — яны пазбаўленыя асабістай і сацыяльнай гісторыі, яны паведамляюць толькі пра маладосць, прыгажосці і катарсіс (sublime). З іншага боку — Сасноўская выкарыстоўвае фатаграфіі манументаў, размешчаных у гарадской прасторы. Прадстаўляючы даўгавечнасць і манументальнасць, бронзавыя целы сучаснай гарадской скульптуры з’яўляюцца гранічна акрэсленымі (прамалёўка лініі таліі, грудзей і г.д.) і практычна парнаграфічнымі, адгукаючыся на запыт улады і увасабляючы #цялеснасць у межах спецыфічнага канону.

Статычнасць, скаванасць, часовая падвешанасць і прызначанасць для разглядання, а таксама выцясненне сацыяльных характарыстык, гэтых целаў у адмысловых позах уплятае іх у кантэкст афіцыйнай беларускай культуры. З яе імкненнем да дэкаратыўнасці і адстойваннем апалітычнасці гэтай дэкаратыўнасці.

Куратары праекта

sosnovskaya_xxy

АЛЯКСЕЙ ЛУНЁЎ (BY)
Іншыя нябёсы / Don’t tell mama. Інсталяцыя. 2014

Асноўны аб’ект інсталяцыі — ігральныя карты — належыць да серыі аб’ектаў майго праекта «Duty Free». Прататыпам гэтых аб’ектаў заўсёды былі банальныя прадметы, якія я надзяляў інтравертнасцю (скрынкі з падвойным дном і схаваным у іх шарыкам, г.зн. гукам; замутнёнае люстэрка, якое не адлюстроўвае; кніга-тайнік; забінтаванасць). У ігральных карт ёсць спод. Быццам дзіцяці, якое ламае рэч, мне здаецца сумнеўнай яго знешняя маніфестацыя, мне цікава тое, што ўнутры. Вызваляючыся ад #табу, я разумею відавочнае: «совы не тое, чым яны здаюцца»*, і «штодзённасць, якае бесперапынна зацвердзявае ў форме прадметаў»**, не банальная.

* — Д. Лінч
** — М. Бланшо

Аляксей Лунёў

Для прац Аляксея Лунёва ўласцівая крохкасць і інтымнасць. Кожным разам, абіраючы тую ці іншую тэматычную прастору, ён у першую чаргу звяртаецца да сваіх уласных перажыванняў. Часта гэта тыя зоны, якія аказваюцца табуяванымі соцыюмам ці свядома індывідам. Дзіцячая #шчырасць, з якой мастак распавядае пра сябе, пазнавальныя вобразы (парнаграфічныя карты, схаваныя ад позірку «бацькоў») робяцца звязкаю паміж ім і гледачом. З аднаго боку, гэта асабістае — інтравертнасць, чуллівасць, #пачуццёвасць, #трывога. З іншага, — агульная прастора, у якой кожны можа знайсці свае ўласныя кропкі ўспамінаў, болю і страхаў.

Куратары праекта

IMG_5340

Фатаграфіі © 34mag.net

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology