НЕ ТОЕ, ЧАГО МЫ ЧАКАЛІ АД ТЭАТРА З БЕЛАРУСІ

ПРА KorniagTHEATRE *

Многія замежнікі мяркуюць, што беларускія творцы занятыя выключна палітыкай, што яны часта ўключаюць палітычны дыскурс у творы, прысвечаныя даследаванню зусім іншых пытанняў і метафар. Я паразмаўляў з чальцамі незалежнай беларускай тэатральнай трупы KorniagTHEATRE, што імкнецца ставіць на сцэне спектаклі, у якіх не будзе нічога агульнага з палітыкай. Чаму ж тады прысвечаныя яе пастаноўкі?

korniag3

«З іншага боку», рэж. Я.Карняг

ПРА РЭВАЛЮЦЫЯНЕРАЎ І РОК-ЗОРАК

Упершыню я даведаўся пра беларускую рэальнасць праз тэатр. Некалькі гадоў таму ў New York Times я прачытаў артыкул Дэвіда Л. Стэрна пра Беларускі свабодны тэатр — незалежную тэатральную трупу, заснаваную ў 2005 годзе Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой. Нягледзячы на тое, што артыкул быў апублікаваны ў рубрыцы пра мастацтва, ён быў чымсьці значна большым, чым проста рэцэнзіяй на спектакль «Лічбы» — частку спектакля «Зона маўчання». Шмат увагі аўтар надаў апісанню ўмоваў жыцця і працы беларускіх акцёраў, рэжысёраў і сцэнарыстаў «адзінага неафіцыйнага, а таму незалежнага драматычнага калектыву ў краіне з 10 мільёнамі жыхароў на ўскрайку Еўропы». А трэба адзначыць, што ў Беларусі «неафіцыйны» азначае «забаронены» (1).

У артыкуле прысутнічала апісанне асобных сцэнаў з «Лічбаў» — прыклады бліскучага спалучэння моваў танца, музыкі і тэатра. Калонка таксама апісвала некаторыя сакрэтныя, не тэатральныя пляцоўкі ў Менску, дзе гэтая падпольная трупа была вымушаная паказваць свае спектаклі, каб пазбегнуць арыштаў, якія пагражалі не толькі выступоўцам, але і гледачам і якія ўжо не раз здараліся раней. У артыкуле таксама згадвалася тая цана, якую Беларускі свабодны тэатр вымушаны быў плаціць за сваё існаванне: акцёраў, а часам нават іх блізкіх сваякоў выганялі з працы. Вось чым даводзілася паступацца тым, хто хацеў рабіць, паводле Халезіна, «значны тэатр», «тэатр, што падымае пытанні, пра якія людзі звычайна маўчаць» (2).

Акрамя вядомасці, якую ён атрымаў у сваёй краіне, на фоне пастаяннага ціску з боку аўтарытарнага рэжыму, Беларускі свабодны тэатр хутка здабыў шырокую міжнародную падтрымку з боку тэатральных установаў і дзеячаў, у тым ліку Джуда Лоў, Іяна МакКелена, Тома Стопарда і Гаральда Пінтэра. Для сусветных СМІ асабісты досвед Халезіна і Каляды непасрэдна звязаны з палітычнай сітуацыяй ва ўсёй Беларусі, асацыюючыся, такім чынам, з іх тэатральным мастацтвам. Не апошнюю ролю тут адыгралі сувязі з такімі знакамітасцямі, як Мік Джагер і Стынг, ператварыўшы  Беларускі свабодны тэатр у вачах свету ў спалучэнне рэвалюцыянераў і рок-зорак.

Пасля снежаньскіх пратэстаў 2010 года Беларускі свабодны тэатр апынуўся ў выгнанні. Атрымаўшы палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, трупа працягвае займацца арыгінальнымі палітычнымі спектаклямі разам з міжнароднымі акцёрамі на дэмакратычнай і бяспечнай лонданскай сцэне, у той жа час звязваючыся праз Skype са сваімі беларускімі калегамі, якія засталіся ў Менску. Гісторыя супраціву, выжывання і знаходлівасці Беларускага свабоднага тэатра моцная і натхняльная. Гэта гісторыя таго, як мастацтва можа надзяляць «уладай бяссільных», як пісаў Вацлаў Гавэл у 1978 годзе. У той жа час гэты досвед аказвае ўплыў на тое, як мы ўспрымаем любое мастацтва, народжанае ў Беларусі: мы мяркуем, што ўвесь беларускі арт ёсць — ці павінен быць — палітычным. Вядома, як і ў любой іншай краіне, культурная ідэнтычнасць і мастацкая дзейнасць у Беларусі — паняткі няпростыя. Я шмат пісаў пра беларускіх мастакоў, якія жывуць сёння ў краіне або за яе межамі. Іх творчасць уздымае не толькі палітычныя пытанні, спрабуючы такім чынам прадставіць больш поўную карціну разнастайнага сучаснага поля Беларусі (3).

Але што наконт тэатра і выканальніцкіх відаў мастацтва ? Ці існуюць сёння, акрамя Беларускага свабоднага тэатра, іншыя незалежныя трупы, на якія мы маглі б звярнуць увагу? Ці нагадвае іх дзейнасць творчасць Свабоднага тэатра, ці яны абсалютна розныя?
Korniag Theatre

«НЕтанцы», рэж. Я.Карняг

«У ІХ УСЁ ЯШЧЭ НЯМА ІНТЭРНЭТУ?»

«Мы займаемся тым, што нам падабаецца. Рэчамі, якія мы лічым цікавымі і важнымі. Дзяржаўныя тэатры ў Беларусі маюць планы, якія ім трэба выконваць і якія на іх спускаюцца зверху; і як мне здаецца, іх дзейнасць не мае нічога агульнага з мастацтвам… Часам я задаюся пытаннем: можа, у іх усё яшчэ няма інтэрнэту»?

KorniagTHEATRE — незалежная трупа з Беларусі. Яе заснавальнік і мастацкі кіраўнік — рэжысёр Яўген Карняг, мянчук, выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў. Ягоны дыпломны праект — спектакль «Не танцы» (2007), рэалізаваны на базе Акадэміі мастацтваў, — сфармуляваў эстэтыку, якая з тых часоў пачала асацыявацца з KorniagTHEATRE. Гэта фізічны, або пластычны тэатр, дзе «вялікае значэнне надаецца целу акцёраў. Менавіта цела становіцца асноўным сродкам выказвання. Цела — гэта мова, на якой рэжысёр будуе дыялог з гледачамі. А калі казаць пра місію нашага тэатра, гэта і ёсць дыялог — на мове, якая будзе зразумелай у любой краіне свету».

Прадзюсарка Марына Дашук дадае, што ў Беларусі «KorniagTHEATRE заняў вакантную нішу эксперыментаў з чалавечым целам», дзе пластычнасць акцёраў зрабілася «асноўным фасілітатарам і пасрэднікам паміж дзеяннямі, якія адбываюцца на сцэне, і фізічнай прысутнасцю гледачоў». Яна падкрэслівае, што нягледзячы на высокую ступень цялеснасці спектакляў, яны ўсё ж застаюцца тэатральнымі, а не танцавальнымі. «Сам танец, пазбаўлены драматызму, у прынцыпе не цікавіць нас, — адзначае яна. — Мы заўсёды супрацоўнічаем з драматычнымі акцёрамі. Нам важна, каб акцёры ўсвядомлена валодалі целам у працэсе прадстаўлення».

Скончыўшы Беларускую акадэмію мастацтваў, Kарняг працягнуў адукацыю ў Цэнтры Меерхольда ў Маскве, што дало яму магчымасць «наведаць больш тэатральных фестываляў і ўбачыць больш спектакляў. Гэты факт значна паўплываў. Гэта відавочна». Вярнуўшыся ў Менск, Карняг спачатку меў намер працаваць выключна ў Беларусі і менавіта з беларускімі акцёрамі. У такім жаданні праяўлялася ягоная любоў да роднай культуры, мовы і культурнай спадчыны. Ён знаходзіў акцёраў, мастакоў, музыкаў, якія ў той жа ступені падзялялі ягоны запал да «змены чагосьці ў беларускім тэатры, дзе эксперымент, пошук новых форм і актуальнасць» не мелі месца.

Аднак новая трупа хутка зразумела, што для ажыццяўлення таго аб’ёму альтэрнатыўнай тэатральнай дзейнасці, якую яны планавалі як незалежнае прадпрыемства ў Беларусі, не стае фінансавых рэсурсаў.

У краіне не існуе прыватных і эксперыментальных пляцовак, усе тэатральныя пляцоўкі належаць дзяржаве і падлягаюць строгай цэнзуры і кантролю зместу, які выносіцца на сцэну. Грашовыя сродкі, неабходныя для арэнды сцэны, закупкі матэрыялаў, выплаты падаткаў ды іншых базавых выдаткаў, былі настолькі абмежаванымі, што іх наяўнасць фактычна не адчувалася. Больш за тое, недахоп грошай азначаў немагчымасць сфармаваць пастаянную трупу, бо ўсе заробленыя з продажу квіткоў грошы ішлі на аплату базавых вытворчых выдаткаў.

KorniagTHEATRE

«Латэнтныя мужчыны», рэж. Я.Карняг

«Усе гэтыя цяжкасці адцягваюць нас ад творчай дзейнасці, каментуе сітуацыю менеджарка трупы Аляксандра Грыгаровіч. Здаецца, што мы нікуды не рухаемся». Дашук дадае, што акцёры трупы часта жартуюць, што яны працуюць у KorniagTHEATRE бясплатна, і скардзяцца, што «мы забралі іх пашпарты». «Насамрэч першая частка іх заявы зусім не жарт, — гаворыць яна. — Кожны ўдзельнік KorniagTHEATRE павінен мець сталае месца працы, бо гэта добраахвотны шлях самавыяўлення, творчасці і эксперыменту. Мы не зарабляем грошай, кожны ўкладвае ў стварэнне тэатра свае ўласныя час і рэсурсы».

Але суровыя рэаліі прымусілі KorniagTHEATRE змяніць сваю пачатковую арыентацыю выключна на Беларусь і шукаць магчымасці рэалізавацца за мяжой. Цяпер лідары трупы працуюць у Польшчы і ў Беларусі. Марына і Аляксандра жывуць і працуюць у Беластоку. Яўген падарожнічае паміж Беластокам і Менскам, а акцёры дабіраюцца да беларускай сталіцы праз беларуска-польскую мяжу, кожны раз праводзячы ў дарозе больш за чатыры гадзіны.  Трупа бачыць выйсце ў тым, каб у будучыні на нейкі час пусціць карані ў Польшчы. Свой намер яны тлумачаць тым, што ў гэтай краіне бачаць больш магчымасцяў для ажыццяўлення прафесійных планаў. Яны лічаць, што, у адрозненне ад  натуралістычнага тэатральнага стылю, які дамінуе ў Беларусі, у суседняй Польшчы ёсць устойлівая традыцыя цялеснага тэатра, што робіць польскую публіку значна больш успрымальнай у тым ліку да пластычнага стылю KorniagTHEATRE.

ПАЛІТЫЗУЕМ ПЛАСТЫЧНАСЦЬ

На працягу ўсяго свайго існавання Беларускі свабодны тэатр апеляваў да палітыкі — як у сваіх унікальных спектаклях, заснаваных на рэальных падзеях і паказаных праз тэхнікі дакументальнага тэатра (напрыклад, «Спасцігаючы каханне» або «Зона маўчання»), так і ва ўжо існых п’есах (напрыклад, адаптацыя Уладзімірам Шчэрбанем «Быць Гаральдам Пінтэрам», якая складаецца з п’ес, прамоваў і эсэ нобелеўскага лаўрэата). KorniagTHEATRE, наадварот, падкрэслівае, што яго пластычнае сцэнічнае мастацтва ніяк не звязанае з палітыкай. Яўген Карняг прызнаецца, што як беларускі акцёр ён зусім не адчувае ціску, звязанага са стварэннем палітычнага мастацтва.

«Здаецца, — адзначае ён, — што ў беларускіх тэатрах ужо ніхто нічога не чакае і ні ў каго няма ніякіх надзей».
Performance№7

«Спектакль №7», рэж. Я.Карняг

Марына Дашук і Аляксандра Грыгаровіч мяркуюць, што беларуская публіка і крытыкі гатовыя ўбачыць палітыку там, дзе і не думаў аўтар. Тое ж тычыцца і замежнай публікі, якая ўспрымае творчасць тэатра выключна ў рамках дысідэнцкай тэатральнай трупы, а сцэнарныя метафары інтэрпрэтуюцца праз прызму палітычных падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.

Такая сітуацыя можа не толькі турбаваць, але і рэальна даходзіць да абсурду. Гэтак, пры паказе прыпавесці на тэму страху «Спектакль № 7» на адным міжнародным фестывалі ў 2011 годзе вядучыя абвясцілі яе як працу «KorniagTHEATRE, пазбаўленага магчымасці паказваць яе на сваёй радзіме, у Беларусі». На такую заяву трупа не давала дазволу, акрамя таго, сам спектакль ніколі не быў забаронены ў Беларусі. У 2013 годзе пра спектакль «Латэнтныя мужчыны», які распавядае пра сексуальнасць і чалавечыя зносіны, замежная публіка часта згадвала як пра п’есу, чые метафары адлюстроўвалі чарнобыльскую катастрофу 1986 года, — такая інтэрпрэтацыя не мае нічога агульнага з сапраўднымі намерамі аўтараў.

У абодвух выпадках – магчыма, несвядома – погляд Захаду быццам бы фетышызуе беларускую культуру і ігнаруе тое, што насамрэч адбываецца на сцэне.

Дзякуючы ўнікальнаму пластычнаму стылю трупы, занадта часта замежная публіка палітызуе дзейнасць KorniagTHEATRE, як гэта часта адбываецца і з іншымі праявамі незалежнага мастацтва з Беларусі. Існуе абмежаванае меркаванне, што ўсё беларускае мастацтва, у тым ліку тэатр, круціцца вакол палітыкі, Лукашэнкі і «апошняй дыктатуры ў Еўропе». Калі прытрымлівацца такіх поглядаў, мы губляем нюансы агульнай карціны таго, што адбываецца на сучаснай беларускай арт-сцэне, і бачым толькі тое, што, як мы мяркуем, павінны бачыць.

«… НЕ ТОЕ, ШТО ЗАПАТРАБАВАНА Ў БЕЛАРУСІ СЁННЯ»

«Працэс стварэння спектакля ўсё яшчэ застаецца для мяне неразгаданай таямніцай, — прызнаецца Карняг. – Кожны раз, калі я раблю новую працу, быццам пачынаю спачатку. Кожны раз я спрабую ўспомніць, што я рабіў з папярэдняй п’есай, але гэта не спрацоўвае».

Сёння Аляксандра Грыгаровіч і Марына Дашук працягваюць падаваць заяўкі на атрыманне грантаў, каб паспрабаваць забяспечыць KorniagTHEATRE больш стабільнае месца на польскай сцэне. Сёлета ў жніўні ў Лодзі адбылася прэм’ера спектакля «З іншага боку» —  першага сумеснага праекта Карняга і тэатра Chorea (Польшча). Гэтая праца абазначыла новы кірунак у дзейнасці Яўгена, больш складаны мастацкі падыход да стварэння твора на тэму насамрэч палітызаваную.

korniag4

«З іншага боку», рэж. Я.Карняг

«Адзінае, што я магу сказаць: гэта не спектакль, — сцвярджае рэжысёр, разважаючы аб працы «З іншага боку». — Сапраўдныя спектаклі прысвечаныя вечным тэмам — гэта Чэхаў, Шэкспір. У нашым выпадку гэта не мастацтва, гэта чыстай вады эпатаж». Паводле Яўгена, твор «быў створаны падчас канфлікту паміж Украінай і Расіяй… і, вядома, гэтыя падзеі аказалі на яго ўплыў». Асноўнае дзеянне разгортваецца вакол вяселля, п’еса складаецца з жывых спеваў традыцыйных вясельных песень Беларусі, Польшчы і Украіны. «Я ставіў перад сабой мэту змясціць герояў у сітуацыю, дзе ім трэба было вырашыць, чый бок прыняць, каго выбраць: бацьку ці маці, сына ці дачку, — тлумачыць ён. — 

То бок паставіць іх у сітуацыю неверагодна складанага выбару, які не пад сілу звычайнаму чалавеку».

Першая рэакцыя публікі ў Лодзі была вельмі бурнай, і Марына Дашук спадзяецца, што ў наступным годзе KorniagTHEATREзможа адправіцца з гэтым спектаклем на гастролі па Польшчы і Беларусі. Акрамя таго, гэтай восенню беларускага рэжысёра запрасілі ставіць п’есу на сцэне аднаго з дзяржаўных тэатраў у Менску. «Пакуль я нічога не ведаю пра гэтую працу, — гаворыць ён. — Ведаю толькі, што гэта будзе казка для дарослых з мноствам песень і морам абсурду». Ён прызнаецца, што пакуль не думаў пра матэрыял, але падазрае, што «працаваць у дзяржаўным тэатры будзе цікава, бо для мяне гэта будзе новым досведам».

Гледзячы на тое, як KorniagTHEATRE жанглюе ўсімі сваімі відамі дзейнасці — асабістымі рэжысёрскімі магчымасцямі, сумеснымі праектамі з Польшчай, гастролямі, заяўкамі на гранты, — узнікае пытанне: а што заснавальнік трупы назваў бы найбольшай перашкодай для рэалізацыі сваіх творчых планаў?

«Пра гэта ў мяне ёсць асаблівае меркаванне, — адказвае ён. — Мне здаецца, што сучасны тэатр — зусім не тое, што цікава і запатрабавана ў Беларусі сёння».

Брэндан МакКол © 2014

Пераклад з ангельскай мовы Вольгі Бубіч

Брэндан МакКол — амерыканскі акцёр і пісьменнік, жыве ў Осла. Мастацкі кіраўнік нарвежскага тэатра Ensemble Free Theater і прадзюсар Grusomhetens Teater.

1. Stern, David L. In Belarus, Theater as Activism // New York Times. 22.09.2009.

2. Тамсама.

3. McCall, Brendan. Interviews: Art, lies, and truth in contemporary Belarus // Regard Sur l’Est. 18.06.2014.

* Артыкул быў упершыню апублікаваны (у часткова скарочанай версіі) 1 лістапада 2014 года ў Regard Sur l’Est на французскай і англійскай мовах.

Фатаграфіі © KorniagTheatre 

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology