29-30 ЛІСТАПАДА — ФЕСТЫВАЛЬ МАСТАЦТВА ПЕРФОРМАНСУ

ЦЭНТР СУЧАСНЫХ МАСТАЦТВАЎ
(МІНСК, НЯКРАСАВА, 3)
29-30 ЛІСТАПАДА 2014 

ФЕСТЫВАЛЬ МАСТАЦТВА ПЕРФОРМАНСУ
penAtra©tion-5
Тадэвуш Рэйтан vs Пане Каханку: мастацтва вайны
з аб’ектыўнасцю.

Пачатак а 17.00, уваход вольны.

Festival performansa CSIПерад тым, як эвалюцыянаваць у асобны фестываль, праграма перформансу penAtra©tion праходзіла ў рамках беларускага спецпраекта на IV Маскоўскай біенале сучаснага мастацта і такіх легендарных фэстаў, як кіеўскі «Гогальфэст» і мінскія «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» і «Дах». Наша мэта — выявіць разнастайнасць беларускага перформансу, стварыўшы пляцоўку для выступлення самым розным яго прадстаўнікам. Нехта з іх інтравертны і сур’ёзны, нехта — па-дзіцячаму дураслівы. Нехта абмяжоўваецца дапамогай толькі ўласнага цела, а нехта стварае мультымедыйныя дзеі з выкарыстаннем усіх відаў зброі сучаснага мастака. Нехта імкнецца шакаваць гледача, а нехта разлічвае на спакойнае з ім сумоўе. Нехта стварае герметычны тэкст з дбайна зашыфраванымі сэнсамі,  а нехта ў гэтыя сэнсы гуляецца.
Але ў кожным разе ўсім ім уласцівыя выразная «аўтарскасць» ды схільнасць выяўляць яе непасрэдна «тут і цяпер», на вачах у публікі. Што, уласна, і з’яўляецца мастацтвам перформансу.

penAtra©tion — гэта гібрыд двух англійскіх словаў: «пранікненне» і «атракцыя». Досвед пранікнення ўнутар сябе часам бывае хваравітым, аднак мастацтва мае сілу пераўтвараць псіхічныя траўмы ў займальны атракцыён.

 

Сёлетні фестываль прысвечаны «ганаровым айцам» беларускага акцыянізму — Каралю Станіславу Радзівілу (1734 — 1790) і Тадэвушу Рэйтану (1740 — 1780). Гэтыя дзве гістарычныя постаці жылі ў адзін час і амаль у адным месцы. Сем’і Радзівілаў і Рэйтанаў лучылі даўнія сяброўскія повязі, адлегласць ад Нясвіжа да Грушаўкі добры конь перадольваў за пару гадзінаў. Агульную атмасферу таго часу вызначала апакаліптычнае прадчуванне немінучага скону эпохі — і з гэтым трэба было нешта рабіць. Але супрацьстаяць няўмольнаму ходу гісторыі «легітымнымі» палітычнымі метадамі аказалася ўжо немагчыма. Рэйтан і Радзівіл узялі на ўзбраенне той спосаб актыўнасці, які мы сёння без асаблівых ваганняў назвалі бы перформансам.  Атрымалася ў іх па-рознаму. Адзін прадэманстраваў выключны прыклад самаадрачэння на карысць высокіх ідэалаў, другі стаў узорам паталагічнага эгацэнтрызму. Адзін увайшоў у гісторыю ў якасці несумненнага героя, другі — у сумнеўным амплуа «фрыка».

Але ў абодвух выпадках засваенне новых жыццёвых практыкаў дазволіла тым асобам дзейнічаць, «не згубіцца ў часе», які вымагаў адной толькі пакорлівай пасіўнасці. І гэты «мэсыдж» падаецца актуальным у любых кутках свету і ў любыя гістарычныя эпохі — нават  у куды больш аптымістычныя, чым тая, у якой давялося жыць першым беларускім перформерам.

ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЮ

29 лістапада, субота
17.00. (пляцоўка каля ўваходу). МЕХАНЁРЫ КУЛЬТУРЫ. Хто болей?!
17.20. (фае) ЭКЗАРЦЫСТЫЧНЫ GESAMTKUNSTWERK. Ego
17.40. (фае) Адкрыццё фестывалю.
18.00. (калідор другога паверха) Юрка ДЗІВАКОЎ. Skačok.
18.30. (зала на другім паверсе) MASQUE NOIR (death-jazz-industrial).
18.30. (кіназала) Сяргей ЖДАНОВІЧ. Вне себя
19.00. (кіназала) nikita + ROOMDARK + KRITCHEV vs. BAN Грэйпфрут.
19.30. (кіназала) Мультымедыйны праект ISM (Алег НЯХАЙ і Максім БАГДАНОВІЧ)

30 лістапада, нядзеля
17.00. (кіназала).GOLOVA (ambient, noise, sound-art).
17.20 (фае) Аляксандр ЗАЙЦАЎ
17.30. (кіназала) Юрка ДЗІВАКОЎ. ROT.
17.50. (фае) Юрась БАРЫСЕВІЧ.
17.50. (кіназала).GOLOVA (ambient, noise, sound-art).
18.00. (калідор другога паверха). Канстанцін МУЖАЎ. «№ 3. тэхналогія кахання».
18.20. (фае). Вольга РАГАВАЯ. Унутры.
18.30. (кіназала) Улад БУБЕН. Мультымедыйны праект.
18.30 (зала на другім паверсе) Віктар СЯМАШКА і К (імправізацыйная музыка).
19.00. (кіназала) Паказ дакументацыі першага на Беларусі фестываля перформансаў (галерэя «Шостая лінія», май 1997 года). У рамках міжнароднага фестывалю SUMA SUMARUM.
Па заканчэнні — дыскусія пра беларускі перформанс з удзельнікамі мінулага
і цяперашняга фестываляў, у тым ліку з Ігарам КАШКУРЭВІЧАМ (анлайн-трансляцыя).

УДЗЕЛЬНІКІ ФЕСТЫВАЛЮ:

Асноўная праграма:
Канстанцін МУЖАЎ
Юрка ДЗІВАКОЎ
Сяргей ЖДАНОВІЧ
ЭКЗАРЦЫСТЫЧНЫ GESAMTKUNSTWERK
(Павел ВАЙНІЦКІ, Ілля СІН, Яўген РАГОЗІН)
МЕХАНЁРЫ КУЛЬТУРЫ
(Алесь РОДЗІН і Зміцер ЮРКЕВІЧ)
Юрась БАРЫСЕВІЧ
Вольга РАГАВАЯ
Аляксандр ЗАЙЦАЎ

Дадатковая праграма (эксперыментальная музыка, мультымедыйныя праекты):
Улад БУБЕН
Віктар СЯМАШКА
MASQUE NOIR
Nikita + ROOMDARK = KRITCHEV VS BAN
ISM (Алег НЯХАЙ і Максім БАГДАНОВІЧ)
GOLOVA


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology