МАСТАК ВІТАЛЬ КАЛГІН НЕ МОЖА АТРЫМАЦЬ ВЫЗВАЛЕННЯ

Нягледзячы на станоўчае заключэнне лечкамісіі, якая адбылася ў верасні гэтага года, ён да гэтай пары знаходзіцца ў «Навінках», куды быў пераведзены ў мінулым годзе са спецыяльнай установы ў Гайцюнішках. Там ён правёў каля двух гадоў.

kaglin

Беларускі мастак-авангардыст Бісмарк, якого таксама памятаюць як Віталя Ражкова, з’яўляецца выбітнейшым прадстаўніком беларускага неафіцыйнага мастацтва 1980–90-х. Мастак са сваім унікальным лёсам, які свядома абраў шлях творчага індывідуалізму, пасля распаду Савецкага саюза Бісмарк амаль не ўдзельнічаў у калектыўных праектах, здзяйсняючы сваю мастацкую стратэгію праз персанальныя арт-акцыі, як, напрыклад, у галерэі «Падземка» у 2007 годзе.

У 1988 годзе Віталю Ражкову быў пастаўлены дыягназ «шызафрынія», падставай для якого стала яго карціна «Патрыярх», што была выстаўлена у межах калектыўнага праекта «На Калектарнай». Менавіта гэты дыягназ стаў прычынай таго, што восенню 2010 года, стаўшы ахвярай жорскага збівання групай з трох мужчынаў, менавіта Бісмарку, як «сацыяльна неблаганадзейнаму элементу», было выдвінута абвінавачванне ў правакацыі бойкі, у выніку якой адзін мужчына быў паранены. Дарэчы, Бісмарк некалькі тыдняў знаходзіўся у лякарні з вялікай колькасцю пабояў. Але іншых сведкаў, акрамя Бісмарка, трох мужчынаў і жанчыны, што была з імі, не было. Таму суддзя паверыў паказанням групоўкі, якая сцвярджала, што нападзенне было справакавана менавіта Бісмаркам.

Пастановай Фрунзенскага суда ад 25.01.2011 Віталь Калгін (сапраўднае прозвішча Бісмарка) павінен быў прайсці прымусовае лячэнне ў спецыяльнай установе ў вёсцы Гайцюнішкі, для асобаў, што здзейснілі злачынства ў стане псіхічнага расстройства. Падчас следчага і судовага працэсу адвакат мастака знайшоў шмат парушэнняў, былі пададзеныя скаргі, але чарговы суд не прыняў іх да ўвагі.

Падрабязнасці падзеяў з дакументацыяй можна прачытаць на партале ArtAktivist, які разам з pARTisan актыўна адсочваў справу Калгіна. Тады ні публікацыі, ні адкрыты ліст з подпісамі дзеячоў грамадскай і мастацкай супольнасьці не змаглі паўплываць на рашэнне суда і медычнай камісіі — Віталь каля двух гадоў правёў у Гайцюнішках, і нарэшце (хоць гэта магло адбыцца і раней, бо, па словах ягонай жонкі Ларысы, шмат каго з такім жа дыягназам і артыкулам вызвалілі раней) — у мінулым годзе яго адправілі ў «Навінкі». Па правілах рашэнне выносіць лечкамісія, якая спачатку дала адмову, маўляў, з такім артыкулам рана не выпускаем (паўторым, шмат каго вызвалялі і раней, тым больш што Віталь за час знаходжання ў Гайцюнішках не меў парушэнняў рэжыму).

У верасні адбылася чарговая камісія, вынікі якой аказаліся станоўчымі, і Віталя Калгіна рэкамендавалі на выпіску на амбулаторнае лячэнне. Але 19 лістапада быў суд, які не зацвердзіў вынікі камісіі, таму што пракурор выступіў з прапановай падоўжыць тэрмін лячэння. Ларыса, жонка мастака, паспрабавала падаць наглядную скаргу на рашэнне суда, таму што лічыць пастанову не справядлівай.

Зноў звяртаемся да юрыстаў, праваабаронцаў, псіхіятраў, якія маглі б даць кансультацыю (ёсць усе дакументы па справе, а таксама заключэнне з апошняй камісіі), пісаць па адрасе: partisanmag.by@gmail.com


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology