COOL’OK ПАДЗЕЙ’14: «І ЖЫВЁЛІНЫ, І АКРАБАТЫ»

Ужо трэці раз pARTisan спрабуе падвесці культурныя вынікі папярэдняга года ў рубрыцы «Cool’OK падзей». Раней мы апытвалі культурных дзеячаў і актывістаў, чые імёны пастаянна ў цэнтры незалежнага, неафіцыйнага культурнага жыцця краіны.

Гэтым разам мы падумалі, што ў прынцыпе можам прадказаць тое, што адзначаць эксперты: Месяц фатаграфіі, фестывалі ў Шаблях, тэатральны форум «Тэарт», кінафестываль «Лістапад», выставы «Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва», «XXY» ды іншыя, праект «Фемінісцкая (art) крытыка», імпрэзы, фестывалі, кніжкі ў кнігарні «ЛогвінаЎ», Дзень вышыванкі – то бок тыя падзеі, пра якія пісалі, абмяркоўвалі, спрачаліся – яны былі бачныя ў нашым культурным коле.

А што бачыць – мінак? Як і праз што ўспрымае культуру той ці тая, хто так і не адкрыў для сябе галерэю «Ў», кнігарню «ЛогвінаЎ», ЦЭХ ды іншыя арт-пляцоўкі?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, pARTisan вырашыў пакінуць сваю ўтульную зямлянку і выйсці ў народ. У апытанні паўдзельнічалі людзі з розных кропак Менска, рознага ўзросту і прафесійнай адукацыі, у тым ліку культурныя актывісты.

Прыемнага чытва!

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

ЧАСТКА ПЕРШАЯ: «І ЖЫВЁЛІНЫ, І АКРАБАТЫ»

Аня, супрацоўніца канцэртнага агенцтва, Партызанскі раён

Для мяне аднымі з найбольш цікавых падзей былі канцэрт харвацкіх віяланчэлістаў 2Cellos і спектакль «Абломаў» Новага рыжскага тэатра. Нягледзячы на тое, што я бачыла ўсё гэта раней не ў Менску, было вельмі важна паглядзець гэта менавіта тут.

Ну, а асабістым нумарам адзін сёлета быў канцэрт хору Данілава манастыра. Ніколі не думала, што харавы акапэльны спеў можа даваць такі невымоўны зарад энергіі. А калі бачыш натхнёныя і адухоўленыя твары гледачоў у зале, дык адразу разумееш, што працуеш недарма.

Ігар, эканаміст, Серабранка

Я вельмі рады, што тэндэнцыя падтрымліваць нацыянальную культуру зрабілася моднай, а рух людзей на адмысловых імпрэзах – шматлікім. Мне спадабаўся Дзень вышыванкі, я пайшоў на імпрэзу адмыслова і не расчараваўся.

Алена, студэнтка, Курасоўшчына

Выстава японскай гравюры ў Нацыянальным мастацкім музеі. Цудоўныя экспанаты, многія былі выстаўленыя ўпершыню – даўно такога не было. Я ўбачыла і вельмі жывую рэакцыю публікі падчас агляду, зацікаўленасць, і гэта таксама прыемна.

Ія, майстар спорту па сінхронным плаванні, Паўднёвы Захад

Была з сяброўкай на выставе «Анатомія чалавечага цела» – вельмі ўразіла, ніколі такіх экспазіцый яшчэ не бачыла!

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

Ірына Станіславаўна, адміністратар кінатэатра «Аўрора»

Найбольш уразіў творчы вечар Аляксандра Міхайлава. Ён шчыра адказваў на шматлікія пытанні з залі, але я неяк засаромелася і сама не задала.

Міхаіл, майстар па рамонце абутку, Фрунзенскі раён

Галоўнай падзеяй сёлета быў хакей. Але на саміх матчах я не быў – зашмат працы. Чэмпіянат запомніўся тым, як усіх прадпрымальнікаў «дручыў» мясцовы выканкам.

Валянціна, пенсіянерка, Паўднёвы Захад

Двойчы была ў цырку! Беларуская трупа так сабе, не ўразіла, затое шоу братоў Запашных – вось гэта быў цуд! І жывёліны, і акрабаты – усё супер. А ў канцы адзін з Запашных стаяў на кані ў касцюме такога, быццам, рымляніна і адным рухам зацягнуў угару дзяўчыну-акрабатку. Сапраўдны арыец!

Аляксандр, бізнесовец, Курасоўшчына

Найлепшай падзеяй быў канцэрт гурта «Океан Ельзи» ў лістападзе. Хіба таму, што юбілейны, і таму, што я ўпершыню хадзіў з дачкой, з якой іх слухаем гадоў дзесяць, калі не болей. Яна, дарэчы, не нашмат старэйшая за сам гурт.

cool24

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

Аляксей, гісторык, выкладчык, Першамайскі раён

Мне складана меркаваць пра ўсе гарадскія падзеі культурнага жыцця, але я лічу, што ўжо некалькі гадоў запар самай прыкметнай і па-сапраўднаму масавай падзеяй ёсць кінафестываль «Лістапад»: якаснае кіно, добра прадуманыя праграмы, прыцягненне валанцёраў, праца з гледачамі і гэтак далей. Таксама я казаў бы не толькі пра падзеі, але і пра пляцоўкі для іх – вось з гэтым у горадзе заўсёды былі праблемы. Сёлета, на мой погляд, самыя цікавыя падзеі адбываліся ў прасторы ЦЭХ – фатаграфічныя выставы (у тым ліку Месяц фатаграфіі), публічныя лекцыі ды інш.

Калі разглядаць не толькі самі падзеі, але і іх кантэкст, то для мяне былі цікавыя скандалы, якія ўзніклі вакол. Напрыклад, скандал, звязаны з выказваннямі Кацярыны Кібальчыч, заснавальніцы звышпапулярных у Менску курсаў беларускай мовы, якая мае спецыфічныя погляды на ўкраінскую сітуацыю. Гэты скандал паказаў, што спрэчкі пра каштоўнасці – палітычныя або культурныя – сёння ўскладняюцца і множацца ў сучасным беларускім грамадстве.

Часам культурныя падзеі «не апраўдвалі чаканняў». Напрыклад, я чакаў, што выставы «XXY» (галерэя «Ў») і «Фемінісцкая (art) крытыка» могуць суправаджацца нейкай балючай рэакцый кансерватыўных групаў, але высветлілася, што жаданне штосьці зразумець пакуль пераважае ў нашай публіцы над ахавальным жаданнем неадкладна ўсталяваць манаполію на прымальны лад жыцця.

А можа, у нашым грамадстве гэтыя пытанні яшчэ не палітызаваныя і не ўвайшлі ў мэйнстрым?

Працяг будзе…

Падрыхтавала Саша Губская

Малюнкі Юркі Дзівакова-Душэўскага

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology