COOL’OK ПАДЗЕЙ’14: «ЗАБУДЗЕМСЯ ЎЖО НА ГЭТУЮ ЭКАНОМІКУ»

Ужо трэці раз pARTisan спрабуе падвесці культурныя вынікі папярэдняга года ў рубрыцы «Cool’OK падзей». Раней мы апытвалі культурных дзеячаў і актывістаў, чые імёны пастаянна ў цэнтры незалежнага, неафіцыйнага культурнага жыцця краіны.

Гэтым разам мы падумалі, што ў прынцыпе можам прадказаць тое, што адзначаць эксперты: Месяц фатаграфіі, фестывалі ў Шаблях, тэатральны форум «Тэарт», кінафестываль «Лістапад», выставы «Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва», «XXY» ды іншыя, праект «Фемінісцкая (art) крытыка», імпрэзы, фестывалі, кніжкі ў кнігарні «ЛогвінаЎ», Дзень вышыванкі – то бок тыя падзеі, пра якія пісалі, абмяркоўвалі, спрачаліся – яны былі бачныя ў нашым культурным коле.

А што бачыць – мінак? Як і праз што ўспрымае культуру той ці тая, хто так і не адкрыў для сябе галерэю «Ў», кнігарню «ЛогвінаЎ», ЦЭХ ды іншыя арт-пляцоўкі?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, pARTisan вырашыў пакінуць сваю ўтульную зямлянку і выйсці ў народ. У апытанні паўдзельнічалі людзі з розных кропак Менска, рознага ўзросту і прафесійнай адукацыі, у тым ліку культурныя актывісты.

ЧАСТКУ ПЕРШУЮ знойдзеце тут!

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

ЧАСТКА ДРУГАЯ: «ЗАБУДЗЕМСЯ ЎЖО НА ГЭТУЮ ЭКАНОМІКУ»

Ірына, прадавачка кветак, Фрунзенскі раён

Наведванне аквапарка і новага музея Вялікай Айчыннай вайны.

Андрэй, рэжысёр, жыве ў Вяснянцы 

Не галоўнай, але адной з добрых навін ці нават навінак, быў выхад «Interstellar» у кіно. Шмат розных водгукаў было пакінута, але мяне вабіць космас і фантастычныя сюжэты, таму фільм запомніўся надоўга.

Валерыя, танцорка, Саламяная вуліца

Год быў доўгі і насычаны, але што запомнілася — прэзентацыя дакументальнага фільма «Скрыжаванне» пра жыццё і творчасць бяздомнага гомельскага мастака Валеры Ляшкевіча і выстава яго карцін, што праходзіла ў арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея. Я спачатку прарыдала, калі глядзела гэты фільм, потым тры разы схадзіла на выставу, прыцягнула бацькоў і частку сяброў, а па начах шукала інфармацыю ў інтэрнэце пра аўтара — спаць не магла. І сам Валеры быў на адкрыцці выставы, увесь час усміхаўся, і святло ад яго быццам ішло — добрае і глыбокае.

Уладзімір, арганізатар Форуму вулічных тэатраў, Цэнтральны раён

Перш за ўсё, гэта канечне Менскі форум вулічных тэатраў, які ў гэтым годзе адбыўся ў другі раз і быў значна ярчэйшы, частку спектакляў удалося нават вывезці ў абласныя гарады. Таксама варта ўзгадаць форум «ТЕАРТ», таму што, дзякуючы гэтай найбуйнейшай падзеі ў тэатральным жыцці краіны, беларускі глядач можа пазнаёміцца з апошнімі тэндэнцыямі ў сусветным тэатры і атрымаць «ежу для разважанняў», параўноўваючы ўбачанае з айчынным кантэкстам. Гэта як глыток свежага паветра.

І апошняе — стрыт-арт фестываль «Vulica Brazil», бо ўпершыню вулічным мастакам дазволілі афіцыйна папрацаваць са будынкамі ў Менску

Аленадызайнерка, Савецкі раён

Адразу ўсплываюць у памяці джазавыя вечары пад адкрытым небам. Было выдатна. А ў астатнім, падаецца, нічога яскравага не было, ну, можа, яшчэ Ноч музеяў.

Вера, прадавачка латарэйных квіткоў, Уручча

Увосень была на канцэрце Лінды. Люблю такую музыку, вось і пайшла.

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

Данііл, прадзюсар культурных падзей, Уручча

У кантэксце значнасці для ўсёй краіны адзначу, хіба, Чэмпіянат свету па хакеі. Падзея важная, таму што пазначыла прабелы ў культуры — аказалася, што людзям не хапае, да прыкладу, узаемадзеяння, і падчас Чэмпіянату былі знятыя некаторыя абмежаванні.

Алег Канстанцінавіч, настаўнік фізікі, Барысаўскі тракт

Хадзіў з жонкай на фестываль нямога кіно — нестандартны фармат. Але больш усё роўна шануем тэатр. 

Інеса, хатняя гаспадыня, разводзіць сабак, Партызанскі раён

Вось нядаўна прайшла выстава рэчаў ручной працы «Млын». А яшчэ — спектакль «Яблыкавы пірог» у Новым драматычным тэатры. Напісала сцэнар жанчына, таму жаночы «віток» там даволі цікавы. Іграюць як жывуць!

Сяргей, дырэктар фірмы, Інстытут Культуры

Спаборніцтвы па бальных танцах. Сын займаецца прафесійна і прымае ўдзел — нядрэнна скончыў сезон улетку!

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

Валянціна Дзмітрыеўна, вартаўніца, жыве непадалёк ад пр.Пераможцаў

Вельмі лёгкім і прыемным быў спектакль «Каляднае rendez-vous» у РТБД, і таму вельмі спадабаўся. Таксама прыемна ўразіў новы Музей ВАВ, асабліва, калі рабілі салют на Дзень Перамогі. Горад радуе, і забудземся ўжо на гэтую эканоміку..!

Працяг будзе…

Падрыхтавала Саша Губская

Малюнкі Юркі Дзівакова-Душэўскага

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology