WZ-orkiestra з Вайцюшкевічам дасць клубны канцэрт у Мінску

Гурт Змітра Вайцюшкевіча сыграе найлепшыя песні за 15 год у межах праекту «Жывы Тузін». Эксклюзыўны канцэрт адбудзецца 6 лютага ў клубе «Піраты».

Клубныя канцэрты для Вайцюшкевіча — рэдкасць. Звычайна спявак выступае ў сядзячых залях. 6 лютага ён запрашае сваіх прыхільнікаў у клуб «Піраты», дзе сыграе праграму з найлепшых песень. Будзе што паслухаць, і будзе пад што патанчыць. «Сапраўды, чамусці рэдка граем у клубах, хаця можам даць драйву напоўніцу», — кажа Зміцер.

2Яго WZ-orkiestra выйдзе на сцэну поўным складам — баяніст-віртуоз Аляксандр Шувалаў, піяніст і кіраўнік джаз-ансамблю «Дыліжанс» Андрэй Лабчэўскі, выдатны гітарыст Алег Івановіч, вядучы джазавы бас-гітарыст Вячаслаў Сяргеенка, бубнач з аркестра Купалаўскага тэатру Андрэй Сапоненка разам з Змітром сыграюць творы з праектаў «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут», «Сьвяты вечар», «Цацачная крама», «Паравіны году», «Апошні золак» ды іншых — усё найлепшае з сваёй багатай творчай спадчыны за 15 год. Будуць песні на Караткевіча, Ваячака, Бураўкіна, Барадуліна, Някляева, Вольскага…

«Будзем граць каля двух гадзінаў. Пэўная частка песень ужо намечана, а частку будзем адбудоўваць па хадзе канцэрту. Спадзяюся ўсе застануцца задаволенымі», — заўважае выканаўца.

Канцэрт адбудзецца ў клюбе «Піраты» 6 лютага ў 19.00 у межах праекту «Жывы Тузін», што ладзяць партал Tuzin.fm і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Квіткі каштуюць 165 000 (танцпляц), 215 000 (столік). Іх колькасьць абмежаваная, так што варта паклапаціцца загадзя.

Квіткі можна набыць он-лайн і ў касах Kvitki.by па ўсёй краіне.
Тэлефон для даведак — +37529 6872093


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology