24—31 студзеня — праграма івэнтаў у межах Georgian Video Art

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» і часопіс пра беларускае сучаснае мастацтва ARTAKTIVIST 
запрашае на серыю размоваў і лекцыяў у межах выставы Georgian Video Art

Першая лекцыя і размова адбудзецца з куратарамі выставы і часткай заснавальнікаў архіўнага праекта videoimage.ge Алексіем Саселія, Галактыёнам Ерыставі, Гіо Спандэрашвілі. Куратары раскажуць пра ідэю стварэння архіву грузінскага відэаарта, пра асобныя адабраныя відэаарт праекты, якія адлюстроўваюць і аналізуюць грузінскую сітуацыю, дэманструюць розныя візуальныя перспектывы рэальнасці і дазваляюць стаць сведкамі/назіральнікамі пост-савецкага культурнага жыцця Грузіі.

Спецыяльная серыя сустрэч прызначаная для таго, каб распачаць размову пра гісторыю беларускага відэаарту і ролю медыі відэа ў практыках беларускіх сучасных мастакоў.
Кадр з працы «Падземка» Ю. Ігрушы (2000)

Кадр з працы «Падземка» Ю. Ігрушы (2000)

Нажаль, відэа як мастацкі сродак і відэаарт дагэтуль з’яўляюцца не вельмі распаўсюджанымі і папулярнымі як мастацкая практыка (адсутнічаюць падрыхтоўчыя курсы ў Акадэміі мастацтваў; Музей сучаснага выяўленчага мастацтва не мае ніводнай відэа працы ў сваёй калекцыі; нізкая колькасць мастакоў, якія выкарыстоўваюць відэа як асноўны сродак сваёй працы). Тры мерапрыемствы дапамогуць зірнуць на відэаарт з трох розных перспектываў: архіўнай, даследчыцкай і мастацкай. Юры Ігруша, кінапрадзюсэр і захавальнік адной з самых буйных прыватных калекцыяў відэаарту і відэа-дакументацыяў мастацкай сцэны 1980 — 1990-х гг. раскажа пра свой вопыт удзелу ў мастацкім жыцці (здымаў знакамітыя перформансы І. Кашкурэвіча і Л. Русавай, Усесаюзны сэмінар па неафіцыйным мастацтве «Сьвята мастацтва. Нарва-88» і т.д.) і пакажа працы беларускіх мастакоў са сваёй калекцыі.

Лекцыя-перформанс «Магчымасці выказвання: беларускі відэаарт часоў Перабудовы» даследчыцы і фатографа Маргарыты Кірылкінай будзе тычыцца тэарытычнага аналізу ролі і мастацкіх асаблівасцяў відэаарта на Беларусі ў 1990-я гады ў кантэксце сацыяльна-палітычнага развіцця краіны. Публічная размова з мастачкай Вольгай Маслоўскай (група «Бергамот», bergamot.in) будзе весціся вакол відэа прац групы Бергамот і ролі відэа ў дакументацыі перформансаў групы. Бергамот удзельнічаў у першым фестывалі відэаарту і эксперыментальнага кіно «Праекцыі» (2000) і мае вялікі вопыт удзелу ў выставах па ўсёй Еўропе.

Расклад мерапрыемстваў:

24 студзеня 16:00 — Лекцыя і публічная размова з куратарамі выставы Georgian Video ArtАлексіем Саселія, Галактыёнам Ерыставі, Гіо Спандэрашвілі.

29 студзеня 19:00 — Публічная размова з Юрыем Ігрушам і паказ фрагментаў відэа працаў беларускіх мастакоў і архіўных матэрыялаў мастацкага жыцця 1980 — 1990-х.

31 студзеня 16:00 — Лекцыя-перформанс «Магчымасці выказвання: беларускі відэаарт часоў Перабудовы» Маргарыты Кірылкінай.

31 студзеня 17:00 — Публічная размова з мастачкай Вольгай Маслоўскай (група «Бергамот»).

Мадэратар мерапрыемстваў: Аляксей Барысёнак (рэдактар artaktivist.org, куратар).

Уваход вольны!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology