Кніга «Байсан» і сімвал Vieršnica з’явіліся на беларускім рынку

Алесь Плотка выпускае дэбютны зборнік вершаў — кнігу, чуткі пра якую хадзілі даўно. Выданне стала своеасаблівым Best Of паэта, у якое ўвайшлі лепшыя вершы ад першых публікацый да сённяшняга дня.

Baisan ViershnicaПад цвёрдай вокладкай першага выдання чытача чакаюць лепшыя думкі аўтара — ад маладых гадоў у Чарнобыльскай зоне да пабачанага і перажытага на прасторы ад Багамаў да Ўладзівастоку. Гераіня вокладкі кнігі — Vieršnica, аўтарскае бачанне беларускіх жанчынаў, што натхняюць на творчасць.

Кажа сама кніга: «Па шчырасці, мне вельмі цяжка даваць якія-кольвек каментары, бо я ж кніга і не ўсё разумею ў свеце людзей. Нашыя стасункі з аўтарам зрабіліся даволі складанымі пасля майго з’яўлення. Я, бывае, кажу яму цяпер: „Калі ласка, пачухай мяне там, уверсе карэньчыка, надта чэшацца пасля выдавецкіх калідораў“. А ён мне адказвае: „Хай чытачы тое робяць, калі ты ў фэйсбуку столькі лайкаў збіраеш“. Карацей, нармальны ў мяне аўтар, але вы лепш мяне ад яго забярыце».

Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» пад рэдакцыяй Наталлі Кучмель. Мастацкае ўвасабленне Vieršnica паводле ідэі аўтара выканала мастак Юлія Галавіна. Значны ўплыў на канчатковы змест і форму кнігі аказалі творцы Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч (Сачанка) і Віталь Рыжкоў. Замовіць кнігу па Беларусі і па-за яе межамі можна на афіцыйным сайце аўтара — baisan.org.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца:
16га лютага ў Мінску, у галерэі TUT.BY разам з Уладам Бубенам і Змітром Плянам
28га лютага ў Віцебску у арт-прасторы Vitebsk4Me разам з Вольгай Чайкоўскай


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology