Праект Руслана Вашкевіча «Не гледзячы ні на што» у Маскве

3 сакавіка — 11 красавіка
Праект Руслана Вашкевіча «Не гледзячы ні на што»
Галерэя «11.12», ЦСМ ВІНЗАВОД / Масква

«За час рэалізацыі праекта гэтая карціна ўбачыла
больш, чым некаторыя з нас за ўсё жыццё»

3 сакавіка ў межах вясновага Вечару вернісажаў ў Цэнтры сучаснага мастацтва ВІНЗАВОД Галерэя «11.12» адкрывае выставу беларускага мастака, удзельніка Венецыянскай біенале (2005), Руслана Вашкевіча. Аўтар, чыя творчая пазіцыя «быць у куце і супраць усяго свету», прадставіць маскоўскай публіцы адзін са сваіх яркіх праектаў — выставу-эксперымент, сацыяльны эксперымент, вынік якога (жывапіс, фота, відэа, музыку) змогуць убачыць наведвальнікі галерэі. Гэта выстава карціны-падарожніка, якая прарабіла вялікі шлях, аж да калоніі строгага рэжыму.

vashkevich

Нейкая трывога і адчуванне ўласнай недарэчнасці. Цікаўнасць, якая ўзмацняецца, і нарастальнае (ад немагчымасці яе задаволіць) раздражненне. Але што з’яўляецца крыніцай гэтай турботы?

Чатыры чалавекі глядзяць кудысьці ўніз, іх погляды скіраваныя на прастору, якая застаецца за рамкай, у нябачнай для гледача зоне. Тут няма гісторыі, якую можна расказаць. Тым больш — няма драмы. Нічога не адбываецца. Пазбаўлены глыбіні і дэталяў цёмны фон толькі ўзмацняе ўражанне зачараванасці персанажаў, нібы выпалі на час са свайго штодзённага свету. Тое, на што глядзяць карцінныя героі, нам недаступнае: мы застаемся ў недасведчанасці адносна аб’екта іх увагі. Па меншай меры, да таго часу, пакуль не пяройдзем ад карціны да фатаграфій і відэа.

Каб пачаць бачыць тое, што адкрылася чатыром парам намаляваных вачэй, гледачу прыйдзецца пазычыць іх погляд. Змяняючы ракурсы, кадрыруя бачны свет інакш, прапаноўваючы нечаканы «пункт гледжання», канструюючы ўяўны свет за рамкай карціны, мастак нагадвае нам пра тое, што жывапіс — гэта заўсёды мастацтва бачання.

Важна зразумець: карціна першапачаткова «патрабавала» развіцця сюжэту, у аснову якога лягло яе падарожжа / перасоўванне ў пошуках аб’екта ўвагі. Але што гэта за аб’екты, якія гэта месца? Прыгоды Погляда разгортваюцца далёка за межамі сцен майстэрні мастака — у розных сацыяльных прасторах, куды няпроста трапіць і не блізка дабірацца. У полі зроку мастака і створанай ім карціны не выпадкова апынуліся: гарадскі сметнік, стрыптыз-клуб, царква, морг НДІ анкалогіі, дзіцячы садок, калонія агульнага рэжыму, прадуктовы гіпермаркет, могілкі і іншыя месцы. Ці было падарожжа мастака і карціны бяспечным, а прыгоды Погляду прыемнымі?

Карціна, што пакінула майстэрню мастака дзеля непрадказальнай сустрэчы з аб’ектам свайго погляду, здаецца, стваралася з мэтай выкрыцця актаў тайнага падглядання. Кожная сустрэча — як вочная стаўка. Паміж назіральнікам і ягоным «аб’ектам». Быць (пад поглядам) або валодаць (ім)? Назіраць ці знаходзіцца пад наглядам? Верагодна, з гэтай дылемай прыйдзецца сутыкнуцца і гледачу.

Пра аўтара: нарадзіўся ў Менску. Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў. Член Беларускага саюза мастакоў, член Cité Internationale des Arts (Парыж). Персанальныя выставы: Менск, Амстэрдам, Гранада, Кіеў, Масква, Парыж, Рым, Страсбург, Талін, Чыкага і інш. Працы прадстаўленыя ў калекцыях Музея сучаснага мастацтва (Менск), Нацыянальнага мастацкага музея (Менск), Музея сучаснага рускага мастацтва (Нью-Ёрк), Музея новага мастацтва (Пярну) і прыватных калекцыях.

Пры падтрымцы artPR KarneevaGroup.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology