БОЛЬШ ЧЫМ ВЫСТАВА

Выстава «Больш чым ЁН», якая адбылася ў межах фестывалю квір-кіно DOTYK, — больш чым проста выстава. І гэта, хутчэй, яе недахоп.

Тры з паловай дні, з 26 лютага па 1 сакавіка ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» праходзіла выстава з задзірлівай назвай «Больш чым ЁН», прысвечаная маскуліннасці і перфарматыўнасці гендару. Выстава мелася быць адным са складнікаў другога этапу першага беларускага квір-кінафестывалю DOTYK і працавала ў якасці фону для праграмы дакументальных фільмаў і прэзентацыі міжнароднага ЛГБТ-фэсту «Бок о бок». У апублікаваных праграмах праект «Больш чым ЁН» быў пазначаны апошнім у спісе запланаваных мерапрыемстваў. Выглядае на тое, што ў параўнанні з іншымі элементамі фестывалю, выстава насіла дадатковы, дапаможны характар, хоць сам ейны мэсыдж пры гэтым прэтэндаваў на самадастатковасць і больш чым амбіцыйнасць. Дадзены артыкул спрабуе адказаць на пытанні, што гэта былі за амбіцыі, на чым яны грунтаваліся і чаго, у рэшце рэшт, дасягнулі.

Фота by Таня Капітонава / 34mag.net

Фота by Таня Капітонава / 34mag.net

СТАРТАВАЯ КРОПКА

У студзені 2012-га ў Берліне, а ў чэрвені таго ж года — у Лондане быў паказаны куратарскі праект Змітра Суслава «Усходняя Еўропа як трансвестыт». Выстава сталася вынікам магістарскага даследавання Суславым патэнцыялу беларускіх, украінскіх і польскіх травесці-артыстаў у змаганні за роўныя правы для ЛГБТ-супольнасці. «Я думаю цяпер, пасля таго, як выстава прайшла ў шэрагу заходнееўрапейскіх гарадоў, было б выдатна паказаць яе ў Менску, жыхары якога ў сваёй большасці столькі ж мала ведаюць пра мясцовую гей-субкультуру, праблемы гей-супольнасці і рэальныя формы праявы гамафобіі, як і публіка ў Берліне і Лондане», — распавёў тады куратар у інтэрв’ю парталу Art Activist. Мінула два з паловай года, і Зміцер Суслаў у якасці сукуратара выставы «Больш чым ЁН» атрымаў магчымасць ажыццявіць сваё жаданне. Так, на выставе былі паказаныя серыя з чатырох фатаграфій «Таіс» (2011) Аляксандры Канончанка, відэа «Drag Activism» (2011) Змітра Суслава, Ганны Бабіцкай, Анастасіі Арловай і Аляксандра Моніча, інсталяцыя Drag Show (2011) Змітра Суслава і Ганны Бабіцкай, праекты, якія раней былі прэзентаваныя на выставе «Усходняя Еўропа як трансвестыт». Паказальна, што ў якасці ўдзельнікаў «Больш чым ЁН» з усіх названых вышэй аўтараў на афішы фігуруе толькі імя Змітра Суслава: куратар можа лічыць уласнымі ўсе працы, якія калісьці трапілі ў ягоны праект, — нават чужыя (?).

«Drag Activism» (2011) Змітра Суслава, Ганны Бабіцкай, Анастасіі Арловай і Аляксандра Моніча / з архіву А.Лок

«Drag Activism» (2011) Змітра Суслава, Ганны Бабіцкай, Анастасіі Арловай і Аляксандра Моніча / з архіву А.Лок

За астатнюю частку выставы, здаецца, адказвала куратарка і мастачка Анна Лок — фігура заўважная ў беларускім квір-руху і суарганізатарка фестывалю DOTYK. Гэтая частка склалася з фотасерый «Дыфузія» (2005) і «ПП» (2010-2013) Юлі Канаплёў- Лейдзік і праектаў украінскіх мастачак і мастакоў Анатоля Бялова («Эскізы 2002-2010») і Тасі Жыўкавай («Drag and Drop»). Сабраныя ў гэтым блоку працы яднае, падаецца, досыць адвольная метафара страху волі ў людзей, якія вызваляюцца з турмы, — Юля Канаплёў-Лейдзік і Тася Жыўкава карыстаюцца наўпрост аднымі і тымі ж словамі, апісваючы свае — розныя — праекты. Але што тут сапраўды цікава і заблытана — гэта тры невытлумачальныя факты: 1) Юля Канаплёў-Лейдзік не толькі ўдзельніца выставы «Больш чым ЁН», але і натхняльніца; 2) Анна Лок напісала «Казку пра Юлю, „Дыфузію“ і страх», і гэты тэкст-каментар да праекта Юлі Канаплёў-Ледзік, створанага дзесяць год таму, стаўся адзіным куратарскім тэкстам на выставе; 3) тэкст-эксплікацыя да выставы «Больш чым ЁН» напісаны не сукуратар(к)амі, але паходзіць з каментара Тасі Жыўкавай да ўласнага праекту.

Атрымліваецца, што выстава структурна раскладаецца на цяжка сумяшчальныя фрагменты праекта Змітра Суслава з ягоным паслядоўным акцэнтам на экзатычнай барацьбе за роўныя правы ва Усходняй Еўропе і хаатычную квір-калекцыю на тэму ўнутранага разняволення і індывідуальнага супраціву масавым стэрэатыпам у посткамуністычных грамадствах Беларусі і Украіны, сабраную Аннай Лок. Таму не дзіўна, што канцэпт выставы ледзь утрымлівае раўнавагу.

СТРАХ ДОТЫКУ І ВЯСЁЛКАВЫЯ ПАНТЭРЫ

Паралельна з фестывалем DOTYK у Менску ў Мастацкай галерэі М.Савіцкага праходзіць досыць традыцыйная фотавыстава з блізкай, сінанімічнай назвай —«Дакрананне». Біёлаг Янак Коўзель колькі месяцаў займаўся навукай у Японіі, а ў вольны ад працы час фатаграфаваў штодзённае японскае жыццё. Менскія гледачы любога ўзросту могуць прыйсці пазнаёміцца, то-бок «дакрануцца» да іншага, непадобнага ладу жыцця. Афішы ёсць і на «Нашай ніве», і на буйных парталах tut.by, znyata. Выстава падтрыманая Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама і доўжыцца больш за месяц.

Не тое што хуткі «дотык» праекта «Больш чым ЁН». Тры з паловай дні экспазіцыі, рэклама толькі на прыязных нішавых інтэрнэт-рэсурсах (make.out, 34mag.net, partisanmag.by), узроставае абмежаванне 18+ і ніякага афіцыйнага блаславення —

гэтая выстава «для сваіх», для тых, каму дотыкі патрэбныя не дзеля знаёмства з «іншым» жыццём — а дзеля хаця б часовага адчування роўнасці і бяспекі.

Таму што ў звычайным жыцці дакрананні незнаёмцаў нам непрыемныя, часцей за ўсё мы стараемся пазбегнуць іх. Але час ад часу людзі ствараюць такую супольную прастору, дзе дотыкі становяцца неабходнымі. Кажучы словамі Эліаса Канэці, які пабудаваў цэлую тэорыю масы і ўлады з дапамогай панятку «страх дотыку»: «Вызваліць чалавека ад гэтага сполаху перад дотыкам здольная толькі маса. Толькі ў ёй страх абарочваецца сваёй процілегласцю. Дастаткова аднойчы адчуць сябе часцінкай масы, як перастаеш баяцца ейнага дотыку. Тут у ідэальным выпадку ўсе роўныя. Губляюць сэнс усе адрозненні, у тым ліку і адрозненні полу» .

diffusia

«Дыфузія» Юлі Канаплёў- Лейдзік / з архіву А.Лок

Хаця выстава «Больш чым ЁН» дэклараваная як культурна-асветніцкі праект, яна, па факце, зусім не была культурна-асветніцкім праектам: выпадковы наведнік не здолеў бы знайсці ніякіх тлумачэнняў таго, чым ёсць маскуліннасць ці перфарматыўнасць, гендар ці квір. Зразумела, адной з галоўных мэтаў выставы было стварэнне квір-масы — і, з аднаго боку, я падкрэслю, гэта больш чым годная палітычная мэта ў даволі неспрыяльных ЛГБТ-руху беларускіх абставінах. Але з іншага боку — мэта не можа апраўдаць сродкаў, а канструкцыя выставы ўтрымлівае неадрэфлексаваныя элементы, да якіх ёсць некалькі крытычных пытанняў.

Па-першае, выстава пабудаваная такім чынам, што калі аглядаць яе традыцыйна, па руху гадзіннікавай стрэлкі, то мэсыдж выставы можа быць прачытаны вельмі па-актывісцку зараджаным. А менавіта наступным чынам:

         Ці змогуць усходнееўрапейскія травесці-артысты змагацца за роўныя правы для ЛГБТ? (Спасылак на Стоўнвольскія паўстанні ў якасці прыкладу патэнцыялу барацьбы травесці-артыстаў у суправаджальных тэкстах да частак праекту Змітра Суслава не засталося, але самі працы магчымасць актуалізацыі гэтай тэмы захоўваюць.)

         Не трэба баяцца вызвалення з навязанай грамадствам турмы! (Працы з другой часткі выставы зафіксаваныя на тэме максімальнай раскаванасці: «Хочется быть самим собой. Плевать на всех», — цытуе, напрыклад, сваю мадэль Пашу Юля Канаплёў-Лейдзік.)

         Пачні проста цяпер! (Мастачка Тася Жыўкава выкладае на тумбу самыя неабходныя для пачатку вызвалення з турмы і барацьбы за роўнасць рэчы — бранзалет, эспандэр, прэзерватыў і фотаздымак трансвестыта, які рухаецца наперад.)

Па-другое, ужо ў назве выставы закладзены канфлікт: простыя і ўсім зразумелыя словы «больш» ці «менш», «лепш» ці «горш» адсылаюць да параўнання. То-бок «Больш чым ЁН» лёгка зводзіцца, напрыклад, да формы кшталту «мужчына, які вызваляе ўласную жаноцкасць, — больш чым проста маскулінны мужчына», правакуючы (магчыма) у першага пачуццё перавагі, а ў другога — нязгоды. Параўнанне можа запусціць логіку супастаўлення, высвятленне адносінаў і спрэчкі.

Я не ўпэўнены, што мабілізацыя актывізаванай квір-масы пачуццём уласнай перавагі — гэта найлепшы адказ гамафобнаму асяроддзю ў сакавіку 2015 года.

Парадаксальна і амаль незаўважна праект «Больш чым ЁН» супярэчыць дэклараваным мэтам — асветніцтву і супраціву гамафобіі. Калі б выстава мела больш часу, гэтыя супярэчанні зрабіліся больш відавочнымі. Напрыклад, радыкалізуючы, можна было б сказаць, што праект меў на мэце стварэнне масы «вясёлкавых пантэр» (гэта як у часы барацьбы за грамадзянскія правы ў ЗША 60-х паралельна з негвалтоўнымі акцыямі Марціна Лютэра Кінга ішлі на адкрытае і гвалтоўнае супрацьстаянне «чорныя пантэры»). А гэтая гульня — з агнём.

tais

«Таіс» (2011) Аляксандры Канончанка // з архіву А.Лок

НЕАКТУЛЬНАСЦЬ, АБО ІНЕРЦЫЯ МЫСЛЕННЯ

Акрэсленая вышэй карціна пра «чорных пантэр», зразумела, хутчэй фантазія. Усё ж такі галоўная праблема выставы «Больш чым ЁН» не ў тым, што яна прайшла занадта хутка, каб спраўдзіць свой мабілізацыйны патэнцыял, і не ў тым, што мэсыдж праекта атручаны канфліктнасцю і нерэфлексіўным супрацьстаяннем грамадству. На маю думку, галоўная праблема — цалкавітая неактуальнасць выставы. Канешне, праблема састарэласці можа быць звязаная яшчэ і з тым, што зрабіць культурніцкі квір-праект у Менску складана і што дзесяць ці нават тры гады таму выставіць тыя ж самыя працы тут было немагчыма. З іншага боку — у верасні 2014-га ў той самай галерэі праходзіў выбітны квір-арт-праект XXY, прысвечаны гендару і сексуальнасці, у якім таксама ўдзельнічаў украінскі мастак Анатоль Бялоў і паказаў свае значна больш актуальныя працы.

Але неактуальнасць выставы ў першую чаргу тоіць у сабе небяспеку не для гледачоў, а для куратараў — небяспеку мыслення па інерцыі:

шчыра думаць, што менскія drag queens для менскіх гледачоў такая ж экзотыка, як для берлінскіх, ці наіўна лічыць, што нарматыўнасць — гэта турма.

Да чаго яшчэ можа прывесці арганізатараў інерцыя мыслення? Ну, напрыклад, да ідэі зрабіць выставу так, нібыта мы жывем у 2011 годзе, быццам разбурэння праваабарончага цэнтра «Лямбда» яшчэ не было ці нібы на ўсходзе яшчэ не прынялі супермедыйныя законы пра прапаганду.

Антон Барысенка

На вокладцы // «Drag Activism» (2011) Змітра Суслава, Ганны Бабіцкай, Анастасіі Арловай і Аляксандра Моніча

Фота:  34mag.net, архіў Анны Лок

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


  1. leva:

    Такое ощущение, что автор текста за что-то лично обижен на организаторов… ммм

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology