ЗАПУСК ПАРТАЛА ДАСЛЕДЧАЙ ПЛАТФОРМЫ KALEKTAR

30 сакавіка 2015 года запусціўся інтэрнэт-партал нашых партнёраў — kalektar.org.

KALEKTAR — публіцыстычны рэсурс даследчай платформы беларускага сучаснага мастацтва. Партал аб’ядноўвае разнастайныя ініцыятывы, якія ўжо працуюць і гатовыя да рэалізацыі разнастайных праектаў у рамках дзейнасці платформы KALEKTAR. Самастойныя праекты платформы маюць свае рэдактарскія каманды і мэты і будуць прадстаўленыя ўласнымі сайтамі ў межах адзінай інфармацыйнай сістэмы партала.

kalektar_platform_

У планы платформы ўваходзіць паслядоўная распрацоўка і далучэнне энцыклапедычнай базы дадзеных беларускага сучаснага мастацтва INDEX, якая стане галоўным інструментам, што аб’ядноўвае аўтаномныя праекты платформы. Сістэма дадзеных будзе запаўняцца па прынцыпе інтэрнэт-энцыклапедыі ў выглядзе інфармацыйных старонак пра імёны, ключавыя падзеі і інстытуцыі ў сістэме беларускага сучаснага мастацтва. Таксама будзе распрацоўвацца тэрміналагічны гласарый. Да дзейнасці энцыклапедыі будзе прыцягнута вялікая колькасць экспертаў і ўдзельнікаў сістэмы беларускага мастацтва. У бліжэйшы час платформа рыхтуе да запуску даследчы праект ZBOR — рэсурс, які будзе рэгулярна публікаваць эсэ пра значныя арт-выказванні, створаныя мастакамі /чкамі, групамі, куратарамі і інстытуцыямі ў беларускім мастацтве за апошнія дзесяцігоддзі.

ZBOR стане архівам, якія знаходзяцца ў працэсе пастаяннага канструявання. Галоўныя задачы праекта — захаванне, асэнсаванне і папулярызацыя досведу беларускага сучаснага мастацтва.

Канструяванне архіву — як галоўную мэту платформы KALEKTAR — падтрымаюць іншыя плануемыя да запуску прылады: стварэнне і напаўненне відэа-архіва, pdf-бібліятэкі і медыятэкі. Платформа KALEKTAR кансалідавала вакол агульных задач наступныя праекты: Art Aktivist — рэсурс пра сучаснае беларускае мастацтва і блог факультатываў агітацыйнай Крытыкі — ФАК. Абодва праекта — раздзел Мастацтва партала Art Aktivist і блог ФАК стануць часткай партала KALEKTAR.

У межах дзейнасці платформы будуць праводзіцца спецыяльныя публічныя мерапрыемствы: выставы, семінары, дыскусіі, прэзентацыі, выпуск выданняў і многае іншае. Сачыце за абнаўленнямі.

Над запускам партала працавалі:
Кіраўнікі платформы: Аляксей Барысёнак, Сяргей Кірушчанка і Сяргей Шабохін
Менеджэр праекта: Павел Праабражэнскі
Карэктар: Люда Шпілеўская
Дызайн партала: Сяргей Шабохін
Распрацоўка і праграмаванне: інтэрактыўная брэнд студыя HA

Платформа асабіста дзякуе ўсіх, хто аказваў падтрымку і дапамогу ў запуску рэсурсу: Таню Арцімовіч, Паўліна Вітушчанка, Жанну Гладко, Ілону Дзергач, Іллю Доўнара, Андрэя Дурэйка, Марыю Катлячкову, Валянціну Кісялёву, Аляксея Лунёва, Лену Прэнц, Моніку Шэўчык.

Падрабязней http://kalektar.org/zapusk/


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology