АДАМ ГЛОБУС: КВАТЭРНІК, ЦЭНЗУРА, АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ СВЕТАГЛЯД

22 красавіка 2015 у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адкрываецца выстава «Мінск. Нонканфармізм 1980-х», прысвечаная эпосе рэвалюцыйнай і вызначальнай не толькі для беларускага мастацтва. Першыя свабодныя выставы, непадцэнзурныя выданні, акцыі ды перформансы – мастакам прыходзілася адстойваць ледзь не кожны сантыметр сваёй свабоды. Пра незалежныя аўкцыёны, выставу «1+1+1+1+1=6», якая павінна была перакуліць свет, але была забароненая, пра каштоўнасць альтэрнатыўных светаглядаў расказвае мастак, пісьменнік, нонканфарміст Адам Глобус.

Аўкцыёны ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Фота Алены Адамчык. З архіву А.Глобуса. 1982

Аўкцыёны ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Фота Алены Адамчык. З архіву А.Глобуса. 1982

– Першай падзеяй, якая пакуль лічыцца ўмоўнай адпраўной кропкай неафіцыйнага мастацкага руху ў Мінску, быў аўкцыён у Акадэміі мастацтваў у 1982 годзе, ініцыятарам якога выступілі вы. Зразумела, гэта наўрад ці старт, але гэтая падзея ўжо больш-менш акрэсленая і прагавораная. Адкуль з’явілася такая ідэя? Як гэта ўсё адбывалася?

Адам Глобус: Аўкцыёны – гэта не пачатак гісторыі беларускага авангарду. Нават са свайго досведу я магу назваць 1979 год, калі мы, студэнты-першакурснікі Тэатральна-мастацкага інстытута, зладзілі ў кінатэатры «Кастрычнік» выставу, прысвечаную 140-годдзю Францішка Багушэвіча. І прыйшла сама рэктар інстытута, каб зняць нашыя карціны.

Яна несла іх па праспекце, а мы глядзелі з другога боку і думалі: ну і добра, цяпер рэктар ведае нашыя карціны. То бок гэта ўжо быў пратэст.

Што тычыцца аўкцыёнаў, гісторыя вельмі простая. У той час я навучаўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце і часта, калі стаяў каля сметніцы, бачыў, як мастакі пасля экзаменацыйнага прагляду выкідаюць свае карціны. Выкідаюць на сметнік адну за адной – малюнкі, накіды, усё. І я зразумеў, што калі гэта ўсё сыдзе на сметнік, яно сыдзе незваротна. А калі мы ўсё гэта збяром, расставім, развесім, яшчэ раз пераацэнім і прапануем за ўмоўныя грошы – 20 капеек за здымак, малюначак або накід, рубель за карціну, – то будзе пасля сорамна занесці гэта на сметнік, яно будзе ўжо чагосьці вартае.

Мы сабралі гэтыя карціны ў нашай майстэрні ў інстытуце, кожны з нас яшчэ прывёў сваіх сяброў і сябровак, і мы пачалі аўкцыён. Я жартам расхвальваў усе карціны, бо самае галоўнае было расхваліць. Людзі пачалі набываць, а потым тое, што купілі, прынеслі дамоў і павесілі. Гэтыя карціны і дагэтуль захоўваюцца. Потым мы зрабілі другі аўкцыён, затым трэці – ужо ў майстэрні на праспекце тады Леніна, на які прыйшло ўжо чалавек больш за сто. Суседзі тады абурыліся і выклікалі міліцыю. Але ўсе былі цвярозыя, на сценах у мастака віселі карціны, таму крыміналу ніхто ў гэтым не ўбачыў. Адзінае, мяне выклікалі на кафедру і сказалі, каб я больш не праводзіў аўкцыёнаў. Я паабяцаў, што больш не буду праводзіць у майстэрні інстытута. Таму што была ў мастакоў іншая форма – кватэрнік, то бок калі я выстаўляю ў кватэры і запрашаю сяброў, то гэта ўжо мая справа. Тут яны ўжо нічога не маглі зрабіць. Таму апошні, чацвёрты аўкцыён праходзіў ужо на кватэры ў 1983-м. Там была Воля Сазыкіна, Вова Лапо, Гена Хацкевіч ды іншыя, аўкцыён быў маленькі, бо праходзіў на кватэры, але разам з тым усё прадавалася і так захавалася.

Менавіта такія кватэрнікі і такія выставы ў майстэрнях у 1980-я – гэта вельмі актуальныя формы нонканфармізму. Кожны мастак таго часу пераўтвараў сваё жытло ў такі пастаянны кватэрнік. І ў таго ж Шчамялёва, і ў Кашкурэвіча ўсе сцены былі завешаныя карцінамі. Наколькі гэта актыўна праходзіла, залежала ўжо ад таго, што ты пісаў і хто былі твае сябры-наведвальнікі. Калі ты авангардыст, зразумела, гэта адныя кватэрнікі, калі малюеш этыкеткі для запалак, то іншыя. Але збіраліся ў такой форме ўсе.

– А які кватэрнік вам запомніўся больш за ўсё?

А. Г.: Мяне ўразіла святкаванне стагоддзя Малевіча, калі ў майстэрні Віктара Паўлоўскага сабралася каля сотні мастакоў. Гэта быў 1978 год. Правесці афіцыйнае святкаванне ўлады адмовіліся. Мы з Уладзімірам Сцяпанам дапамаглі Паўлоўскаму зрабіць у майстэрні невялікую выставу. Мастакі прынеслі свае палотны, Уладзімір Конан і Раманюк чыталі даклады, прысвечаныя Малевічу, прынеслі часопіс «Амерыка»…

– Мяне заўсёды цікавіла, дзе вы знаходзілі такія матэрыялы?

А. Г.: Усе наменклатурныя работнікі, лаўрэаты ленінскіх і сталінскіх прэмій атрымлівалі гэты часопіс, той жа Караткевіч, Быкаў. То бок гэта не была праблема… Потым было шмат віна, то бок стагоддзе Малевіча ў Мінску вельмі шыкоўна адзначалася. Прывязвалі творчасць Малевіча да вышыванак і арнаментаў. Праўда, для мяне гэта было смешна, бо я інакш гэта бачу. Тым не менш, гэта была палеміка. Паўлоўскі, дарэчы, вельмі марыў пра Парыж і хутка, падчас візіту ў складзе афіцыйнай дэлегацыі, туды збег. У Гены Хацкевіча не атрымалася, а ў Паўлоўскага атрымалася.

– А ці ўдзельнічалі вы напрыканцы 1980-х у першых публічных выставах – на набярэжнай, напрыклад?

А. Г.: Не, бо сур’ёзна ўжо не ўспрымаў. Бо, умоўна кажучы, таемныя арганізацыі тых часоў былі больш актуальнымі, чым гэтыя выхады на вуліцу. Маю на ўвазе тыя арганізацыі, якія думалі пра лёс краіны, а не пра лакальныя, тыпу мастацкія дыверсіі.

Hlobus 2SM

Ігар Кашкурэвіч, Адам Глобус, Людміла Русава. На прыступках Дома літаратараў. 1985. Фота Алены Адамчык. З архіву А.Глобуса

– Але ў выставе «1+1+1+1+1=6» у 1985-м вы ўдзельнічалі?

А. Г.: Так, але гэта было іншае, тым больш што перабудова яшчэ не пачалася. Ідэя належала Людзе Русавай. Яна прыйшла да мяне і сказала, што мы павінны зрабіць напружанне ды перакуліць свет адной выставай і што ў яе ёсць ідэя: выстава павінна быць мёртвая, то бок трэба напісаць праграмныя нацюрморты і выставіць.

Гэта будзе выстава, прысвечаная мёртвай натуры, але яна будзе самай жывой на фоне маразму, які адбываецца ў афіцыйным мастацтве.

Яна ўгаварыла пяць чалавек. Мне не вельмі хацелася, але я сказаў, што для Люды я напішу нацюрморт, што гэта будзе мая апошняя карціна, таму што мяне дастаў гэты савецкі мастацкі маразм. Яна доўга ўгаворвала мяне, і я напісаў эскіз сваёй самай апошняй карціны, якая называлася «За дзве хвіліны як стаць чымсьці». Гэта быў такі знак, абстракцыя, якая імкнецца пераўтварыцца ў жывапіс, які імкнецца пераўтварыцца ў графіку, графіка хоча зрабіцца літарай, а літара – словам. Мне здавалася, вось так скончыць жывапіс самы час. Потым я дамовіўся са Стральцовым, ён папрасіў парторга Саюза пісьменнікаў, каб нам далі фае ў Доме літаратараў. Прыйшоў Максім Танк з Карамазавым і Стральцовым, паглядзелі ўсе карціны і сказалі, што ўсё выдатна, што ім вельмі падабаецца. Асабліва парадавала карціна Ігара Кашкурэвіча з катамі-скарбонкамі, якія Танку нагадалі пэўных савецкіх беларускіх пісьменнікаў. Мы пасмяяліся і былі ўпэўненыя, што выставу адкрыюць. Але тут прыйшлі людзі ў штацкім, паглядзелі і сказалі, што не, такую выставу адкрываць нельга, таму што яна праходзіць без выстаўкаму, то бок без узгаднення. Мы спасылаліся на аўтарытэт Танка, але нічога не спрацавала. Былі таксама людзі з Міністэрства культуры – Васюк, Загорская, вось менавіта яны і забаранілі.

На адкрыццё прыйшло пад пяцьсот чалавек, і міліцыя іх не пусціла. А нам сказалі, што пытанне наконт выставы будзе разгледжанае і што яна пройдзе ў іншым месцы і з іншымі наведвальнікамі. Гэтак, праз два тыдні нам дазволілі выставіць працы на адзін вечар ужо ў Саюзе мастакоў на рагу Карла Маркса, каб старэйшыя мастакі нас ацанілі і сказалі, што думаюць пра гэтае новае мастацтва. Мы прыйшлі, зноў развесілі карціны, прыйшлі мастакі – Азгур, Савіцкі, Анікейчык, і ўсе ў твар сказалі, што мы шкодныя элементы, што мы льём ваду на млын імперыялізму і нам, маўляў, абрыд сацыялістычны рэалізм як такі. Пыталіся, чаму мы ненавідзім «Дзяўчыну з персікамі» і Веласкеса, быццам гэта два прыклады сацыялістычнага рэалізму. То бок Веласкеса яны прымалі, а нас – чамусьці не. Хоць мы былі іх натуральныя біялагічныя дзеці: Кашкурэвіч, Малішэўскі, я. Бараніў нас толькі Альгерд Адамавіч Малішэўскі. Гэта быў 1985 год. Перабудова была яшчэ наперадзе.

Я запомніў гэты дзень, бо перад гэтым да мяне прыйшоў рэдактар, даў маю кніжку і сказаў, што мяне забараніла цэнзура і што мяне ніхто ніколі ў Савецкім Саюзе не надрукуе. То бок у адзін дзень мне забаранілі і выставу, і кніжку. Тут трэба акцэнтаваць увагу менавіта на слове «цэнзура», таму што ў 1980-я гады сапраўдны мастак заўсёды сутыкаўся з цэнзурай. Ты не меў магчымасці нават паказаць карціну. Цэнзура працавала на тое, каб не выпусціць.

Таму наступныя, пасля «кватэрніку», працоўныя словы гэтага перыяду – гэта «самвыдат» і «тамвыдат». Але гэта ўжо асобная гутарка.

– Праз год-два сітуацыя кардынальна змянілася, так? Пайшоў дазвол выстаўляць усіх і ўсё. Здарылася выстава ў Траецкім, «Перспектыва»…

А. Г.: На той момант я не лічыў ужо, што гэта актуальна. Калі пасля 1985-га пачала адбывацца так званая перабудова і зрабілася дазволена, я быў ужо на новым этапе. Трэба было не проста патрабаваць адкрыцця выставы, але ствараць структуры і арганізацыі, якія маглі б выказаць недавер беларускаму або савецкаму ўраду. Мяне ўжо не цікавіла аматарства. Адна справа – стварэнне нейкай суполкі, іншая справа – легальнай арганізацыі, якая ў 1988 годзе выкажа недавер беларускаму ўраду. І калі мы зарэгістравалі «Тутэйшых» як легальную арганізацыю, і калі мы выказалі недавер Кампартыі і ўраду, гэта было зусім іншае. А падставаю было тое, што ўлады схавалі ад людзей наступствы выбухаў Чарнобыльскай АЭС. Калі мы прагаласавалі і прынялі такое рашэнне, думалі, што дадому не дойдзем. Гэта тады было важна. Таму мяне гэтыя выставы не цікавілі, тым больш ужо можна было выстаўляцца.

Plasanau 5SM

«Перспектыва», 1987. З архіву А.Плясанава

Я сам адчуваў, што праз дзень-два буду пісаць пра іх выставы афіцыйна. Так і здарылася. У 1988 годзе мяне запрасілі працаваць у часопіс «Крыніца» з паўмільённым накладам, і я адразу пачаў пісаць і пра Русаву, пра выставу ў касцёле, і пра «Перспектыву».

– Пра гэты момант, калі нібыта з Масквы пайшоў дазвол, нават загад усё дазваляць, узгадвае шмат хто.

А. Г.: І гэта зразумела: трэба было выпускаць пар. Але больш цікавымі і важнымі мне падаюцца – і пра гэта няшмат узгадваюць – альтэрнатыўныя светагляды. Менавіта гэта можна назваць знакам эпохі.

Быў агульна прыняты светагляд – матэрыялізм, дыялектыка, марксізм-ленінізм. Ён быў афіцыйны, вельмі выбудаваны і ясны. Але былі іншыя людзі, якія неслі альтэрнатыўныя светагляды. Яны карысталіся павагай, таму што ў чалавека былі погляды, якія адрозніваліся ад дзяржаўных. Такім чалавекам быў Кім Хадзееў, да якога прыходзіла моладзь. Ён быў гуру. Гэтая лямпачка, якая вісела з акна Кіма і ніколі не згасала… Я да Хадзеева не хадзіў, а наведваў Алега Уладзіміравіча Хадыку, які стварыў беларускую рэстаўрацыю, працаваў у рэстаўрацыйных майстэрнях і вёў у нас асновы архітэктурнай кампазіцыі. І вось вакол гэтай рэстаўрацыі і архітэктуры былі гурткі. Мы марылі, як усё адновім, перачытаем старое, зробім з мёртвага жывое, як гэтыя руіны, у якіх стаяць нашыя замкі, будзем падымаць. Зразумела, тады тэорыі было больш, чым практыкі, філасофіі і паэзіі больш, чым бухгалтэрыі, і тым не менш…

Globus 2SM

Адам Глобус. Фота Алены Адамчык. З архіву А.Глобуса

Быў яшчэ адзін такі брутальны светагляд, пра які мала хто хоча згадваць і з чаго пайшло гэтае ўсё чарнасоценства і рускі мір. Маю на ўвазе Бегуна, які працаваў у Акадэміі навук. Там нават выдаваліся нейкія брашуркі пра тое, што навокал нас жыдамасоны і што яны кіруюць светам. Але нават гэты светагляд быў на тыя часы прывабны, бо не супадаў з дзяржавай, хоць і маскіраваўся пад дзяржаву, але сутнасна быў іншым. Канечне, мы тады не думалі, што гэта можа выйсці за межы суполкі і стаць чымсьці больш маштабным. Мы думалі, што гэта толькі паэзія.

І вось мне падаецца цяпер, што гэтыя альтэрнатыўныя светагляды недастаткова асветленыя, не ўсвядомленая іх роля ў жыцці нашага нонканфармізму.

Ну быў адзін матэрыял у pARTisan, Юля Чарняўская зладзіла імпрэзу, прысвечаную Кіму, але гэтага мала. А гэта якраз таму, што не было сфармавана тое, што гэта былі менавіта альтэрнатыўныя светагляды, што да гэтых людзей прыходзілі, таму што яны мелі мужнасць сказаць, што дзяржаўны светагляд у прынцыпе няправільны ды не адзіны ў гэтым свеце. Гэтага ўжо было дастаткова. Пры гэтым яны ўсе былі цалкам супрацьлеглых светапоглядаў, але моладзь 1980-х так ці інакш сутыкалася менавіта з гэтымі людзьмі.

Такія людзі, на жаль, недаацэненыя нашымі даследчыкамі, хоць яны самі па сабе ёсць каштоўнасцю.

Гутарыла Таня Арцімовіч

Працяг будзе…

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology