Выстава «Прэс-фота Беларусi 2015» у Гродна

З 4 па 9 траўня ў галерэі «Крыга» (Гродна) адкрыецца выстава па вынiках VI конкурсу сярод фатографаў і фотажурналістаў «Прэс-фота Беларусі».

afisha_2015_grodna_42x59

Пераможцаў у 8 намінацыях і ўладальніка гран-пры міжнароднае журы выбрала з 137 аўтараў, чые заяўкі былі дапушчаныя да ўдзелу ў конкурсе. Больш за 2000 прац прэтэндавалі на перамогу ў серыях і адзіночных здымках. На выставе прадстаўленыя фатаграфіі ўладальнікаў гран-пры, I, II і III месцаў у намінацыях, а таксама здымкi, якія атрымалі спецыяльныя адзнакi журы.

Традыцыйныя беларускія абрадавыя святкаванні, спартыўныя спаборніцтвы, сацыяльныя назіранні, палітычнае і эканамічнае жыццё, штодзённасць сталіцы і рэгіёнаў Беларусі, аўтарскія дакументальныя праекты — такім убачылі жыццё краіны беларускія фотажурналісты. Яркім звяном конкурсу ў гэтым годзе стала адкрытая намінацыя, адзіная, даступная для ўдзелу фатографаў з усіх краін свету. Тэмай года ў рамках намінацыі сталі падзеі ва Ўкраіне. У ліку ўдзельнікаў і пераможцаў — фатографы з чатырох краін (Літва, Расія, Украіна і Беларусь).

Нагадаем, што ў склад міжнароднага журы конкурсу ў гэтым годзе ўвайшлі медыя-спецыялісты і фотарэпарцёры з дзевяці краін: Daphne Angles (фотарэдактар ​​The New York Times in Paris, Францыя-ЗША), Арцём Чарноў (фатограф, фотарэдактар, праект Photopolygon.com, Расія ), Ramunas Danisevicius (фатограф, газета «Lietuvos rytas», Літва), Jillian Edelstein (фатограф, Вялікабрытанія-ПАР), Petr Josek (фатограф, выкладчык, Reuters, Чэхія), Вадзім Качан (фатограф, выкладчык, Беларусь), Аляксандр Ляпін (фатограф, журналіст, выкладчык, куратар, галоўны рэдактар ​​парталу foto.ua, Украіна), Jonas Staselis (прэзідэнт Клуба прэс-фатографаў Літвы, старшыня Саюза фотамастакоў Літвы, Літва), Stephan Vanfleteren ( фатограф, са-заснавальнік і арт-дырэктар выдавецтва Kannibaal / Hannibal Publishing, Бельгія).

Пра конкурс «Прэс-фота Беларусі»

Адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі быў арганізаваны ў 2009 годзе беларускімі фотарэпарцёрамі пры падтрымцы фотопортала ZНЯТА (www.znyata.com).

Конкурс аказвае падтрымку прафесійнай прэс-фатаграфіі, а таксама стымулюе развіццё фотажурналістыкі і дакументальнай фатаграфіі. У рамках праекта штогод праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія дазваляюць падтрымліваць абмен вопытам і ведамі паміж пакаленнямі беларускіх фатографаў, а таксама з фотарэпарцёрамі з іншых краін. Усё гэта павінна падтрымліваць высокі ўзровень прафесійных стандартаў у фотажурналістыцы, садзейнічаць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафесійнай інфармацыяй.

Афiцыйны сайт «Прэс-фота Беларусі»: www.pressphoto.by

Адкрыцце фотавыставы адбудзецца 4 траўня ў 18.30 галерэя «Крыга» па адрасе Гродна, Савецкая 3

Уваход вольны!

afisha_2015_grodna_42x59

 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology