Выйшаў дэбютны дыск Паліны Рэспублікі

Спявачка Паліна Рэспубліка прадставіла свой дэбютны альбом «Бясконцы красавік», прысвечаны вясне і закаханасці.

palina01

Паліна папярэджвае: на альбоме няма новых песень. Амаль усе творы напісаныя ў перыяд яе 16-17 гадоў. «Для мяне гэты ўзрост – бясконцая вясна і пяшчота, бясконцая закаханасць і захопленасць, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэнне і ты перапоўнены жыццёвай энергіяй. Менавіта гэтыя адчуванні я вельмі хацела захаваць у альбоме і з імі звязаныя назва і агульная канцэпцыя».

Агулам у студыі праца над альбомам вялася тры гады. Словы і музыку Паліна да сваіх песень пісала сама, а аўтарам усіх інструментальных партый стаў гітарыст Уладзімір Пыльчанка, вядомы таксама з удзелу ў гуртах HandmadE і Markuts Band. Матэрыял для альбома запісваўся на студыі «Бегемот» у Аляксея Зайцава, а таксама на студыях Hukapis і Mapletree. У запісе ўдзельнічалі Джэймс Глюк (бас), Юры Мартынаў (бубны), Аляксандра Аляксюк (віяланчэль) і яшчэ шэраг запрошаных музыкаў.

Жывая прэзентацыя альбома «Бясконцы красавік» адбудзецца 15 траўня ў Studio 67. Спявачка абвясціла, што пасля гэтага канцэрта прыпыніць канцэртную дзейнасць. Паслухаць альбом «Бясконцы красавік» можна на рэсурсах Tuzin.fm і Budzma.by

(спасылкі http://tuzin.fm/article/2044/palina-respublika—viasna-nazauzdy-premjera-albomu.html, http://budzma.by/news/palina-respublika-vyasna-nazawzhdy-premyera-albomu.html)

15.05.2015. 19.00. Паліна Рэспубліка. Прэзентацыя альбома “Бясконцы красавік”. Месца: Studio 67 (пр. Партызанскі, 2а). Квіткі ў касах і анлайн у аператара Kvitki.by. Цана – 200 000 руб. (папярэдне). Інфалінія: +375 29 6872093.

palina

 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology