Сяргей Жадан заспявае «Я рок-музыкант» для праекта «Global Reload»

Знакаміты хіт беларускага року загучыць па-ўкраінску ў межах праекта грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала Tuzin.fm.

Жадан_foto

Рок-зорка ўкраінскай літаратуры Сяргей Жадан з гуртом з Харкава «Собаки в космосі» вырашыў пераспяваць для «Global Reload» знакаміты хіт гурта «Мроя» «Я рок-музыкант» аўтарства Лявона Вольскага і Уладзі Давыдоўскага.

«Першапачаткова мы хацелі ўзяць песню з творчасці Лявона і спынілі выбар на гэтым творы, — кажа Сяргей Жадан. Па-першае, адчулі, што можа атрымацца штосьці цалкам іншае і новае, па-другое, для нас вельмі важная рытмічная падача вакалу. Вось у гэтым выпадку „Я рок-музыкант“ цалкам нам пасаваў. У нашым разуменні гэтая песня пра людзей, якія дакладна ведаюць, чаго хочуць, і гатовыя за гэта біцца».

Сэнс праекта «Global Reload» у тым, каб музыкі з розных краінаў свету выканалі песні на словы беларускіх паэтаў на сваёй мове. Амерыканец Карл Фрыерсан, лідар нямецкай групы De Phazz, заспяваў па-ангельску песню на словы Анатоля Сыса, у выкананні гурта Karpatt упершыню па-французску загучаў Уладзімір Караткевіч. А вось лідар «Машины времени» Андрэй Макарэвіч вырашыў заспяваць па-беларуску сваю песню «Снег».

«Я рок-музыкант» пераклаў на ўкраінскую мову сам Сяргей Жадан. Жывая прэм’ера песні адбудзецца падчас першага ў гісторыі «Жадана і сабак» канцэрта ў Мінску 4 чэрвеня ў Jack Club. Пасля выступу музыкі збіраюцца яе запісаць у студыі «Осмос».

Перад канцэртам, у 14.00 у кнігарні «логвінаЎ», адбудзецца «Абед з Жаданом» — аўтограф-сесія ўкраінскага пісьменніка з нагоды выхаду зборніка «Украінскія авіялініі». Кнігу складаюць выбраныя вершы ўкраінскага аўтара ў перакладзе на беларускую Андрэя Хадановіча, а таксама бонус-анталогія «Адзінаццаць сяброў Жадана».


4.06.2015. 19:00. Сяргей Жадан і «Собаки в космосі». Прэзентацыя альбому «Бийся за неï». Месца: Jack Club (вул.Няміга, 12). Квіткі ў касах і анлайн у аператара Kvitki.by. Цана (папярэдне) — 200 000 руб. (танцпляц), 250 000 руб. (столік). Інфалінія — +375 29 687-20-93.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology