MENTAL FORCE: ПА МУЗЫЧНА-ВІЗУАЛЬНЫ ЭКСПІРЫЕНС

22 і 23 траўня 2015 у менскай прасторы Studio67 адбыўся першы з серыі фэстаў электроннай музыкі і лайв-відэаперформансаў Mental Force з удзелам сусветна вядомых аўдыявізуальных артыстаў — сола-праекта Monolake Роберта Хэнке (Германія) і Тарыка Бары (Нідэрланды/Германія).

mf

Mental Force. Фота: Goethe-Institut / А. Tarantino Ждановіч

Выступіць разам яны пагадзіліся па просьбе арганізатараў — Віктара Камянецкага, Юліі Кавязінай, Паўла Няхаева і Вольгі Салахеевай, якія прадстаўляюць беларускія лэйблы Foundamental Network і Force Carriers. Адсюль, дарэчы, і назва фестывалю, якая адсылае да назваў двух лэйблаў і дакладна акрэслівае канцэпцыю. Акрамя запрошаных хэдлайнераў, на фэсце таксама гралі музыкі і відэа-артысты з Беларусі — i/dex, Alexei De Bronhe & Artemiy Kalinin, Pavel Ambiont & Solar Olga, ism, Khmarun & TXYZ, Apex Sphere, Poltishiny і Андрэй Савіцкі. На наступны дзень адбылася адукацыйная праграма: лекцыі Роберта Хэнке і Тарыка Бары.

Праект адбыўся пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Менску, а таксама іншых партнёраў, але за ўсю арганізацыю фэсту — канцэпцыя, планаванне, менеджмент, прома — адказвала менавіта група з чатырох чалавек. «Усё мы абмяркоўвалі разам, але ў кожнага ёсць і свая „суперсіла“, — тлумачыць Павел Няхаеў. — Юля — выдатная менеджарка праекту, здольная хутка знаходзіць неабходныя кантакты, тэхніку і планаваць бюджэт, Віктар — выключна прафесійны дызайнер, да таго ж абодва яны займаліся будоўляй сайта, Воля — майстар медыяпланавання і PR, а я пішу ўсялякія канцэпцыі, артыкулы ды перакладаю». Ідэя фестывалю паўстала не раптоўна. У групы ўжо быў досвед арганізацыі рознага фармату культурных івэнтаў — музычных, мастацкіх, адукацыйных, чым яны працягваюць займацца і далей. «Арганізацыя фэсту такога кшталту — гэта планамерная і старанная праца, якую неабходна пачынаць загадзя: складанне бюджэту, медыяпланаванне, напісанне ўсялякіх тэкстаў, інтэрв’юіраванне артыстаў, кантакты са СМІ і партнёрамі, прадумванне дызайну, перамовы з букінг-агенцтвам замежных артыстаў і шмат чаго яшчэ, — каментуе Вольга Салахеева. — І за кожным з гэтых інструментаў стаіць вопыт, які назапашваецца паступова — ад маленькіх і простых падзей да працяглых і складаных. Нашая каманда фармавалася амаль 5 гадоў, у кожнага з нас — розны досвед, і менавіта гэтым мы адзін аднаму і цікавыя».

mf1

Тарык Бары і Юля Кавязіна. Фота: Goethe-Institut / А. Tarantino Ждановіч

— З чаго паўстала ідэя фестывалю? Адчуваецца, што падзея адбылася значная.

Павал Няхаеў: У 2008 годзе Віктар Камянецкі і Юлія Кавязіна рабілі вечарыны з еўрапейскімі электроншчыкамі «першай велічыні» (Vladislav Delay, Pole, Mikkel Metal), а ў 2009-мнад фэстам In-Touch працавалі разам з яго асноўнымі арганізатарамі, склаўшы выдатную эксперыментальную праграму (Signal, Zavoloka, Mika Vainio). З канца 2010-га мы ўчатырох уключыліся ў працу над фестывалем Live Performers Meeting — Minsk. Яго рабіла італьянская каманда сумесна з намі і Галерэяй «Ў». За 10 месяцаў працы мы атрымалі добрую загартоўку, шмат чаму навучыліся і зразумелі, што разам можам рабіць шмат цікавага. Фэст прайшоў выдатна і сабраў каля 120 артыстаў з амаль 20 краін — віджэяў, відэа-артыстаў, лайв-кодэраў, візуальныя тэатры і перформераў, музыкаў, даследчыкаў ды іншых зацікаўленых у галіне лічбавага мастацтва і тэхналогій.

З той пары мы высветлілі, што проста музыкі мала — неабходна займацца і візуальным і перфарматыўным складнікам, а таксама адукацыяй у гэтай сферы, бо напрацоўкамі лічбавых медыятэхналогій цяпер карыстаецца ўсё сучаснае мастацтва і масавая культура, якая далёка не адразу інтэгруе гэтыя практыкі і прыёмы.

А ў Беларусі, на жаль, часта маладыя артысты — музыкі і VJ/відэа-мастакі — пасля пары гадоў энтузіязму расчароўваюцца і сыходзяць у працу ды паўсядзённасць. Таму проста неабходна пастаянная пульсацыя творчага асяроддзя, у якім яны маглі бвыяўляцца, паказваць свае работы, атрымліваць дадатковыя веды і досвед, натхняцца працай з іншымі — карацей, трэба, каб рух не згасаў. А рух гэты можа скласціся толькі дзякуючы супрацы розных суполак на працягу многіх гадоў.

Тое, можна сказаць, перадгісторыя. А з фэстам Mental Force падзеі разгортваліся так. 20 лістапада 2014 года мы з Воляй і Юляй былі ў Берліне на выступе Monolake & Tarik Barri. Канцэрт уразіў. Раней мы з Робертам Хэнке гралі на адным ці двух фестывалях, таму мінімальны кантакт і супольны кантэкст быў. Трохі пагаварылі з артыстамі пасля выступу, пажартавалі, што хацелі б запрасіць іх у Менск. Жарт іх не спалохаў. 5 снежня мы ўчатырох сабраліся і абмеркавалі планы на наступны год: івэнты, спісы музыкаў, — і сталі думаць, якая інстытуцыя можа падтрымаць праекты і дапамагчы з запрашэннем артыстаў. Сярод запланаваных мерапрыемстваў быў і вясновы аўдыя-відэафэст з удзелам Monolake. Гэта была праграма-мінімум, але была і праграма-максімум. Так, 15 снежня мы адправілі ў Інстытут Гётэ канцэпцыю івэнту, расказалі, каго хочам запрасіць і якая дапамога трэба. Даволі хутка атрымалі папярэднюю згоду. 15 студзеня напісалі Роберту і Тарыку, дазналіся пра ўмовы выступу і вольныя даты. Яны даўно супрацоўнічаюць, але гэты новы альбом Роберт звычайна грае без візуальнага суправаджэння і не ў фармаце A/V фестываляў. Тое, што мы чулі і бачылі ў Берліне, было выключэннем. І Хэнке пагадзіўся зрабіць яшчэ адно выключэнне для Менска.

Такім чынам, у пачатку лютага мы атрымалі згоду і ад артыстаў, і ад Інстытута Гётэ, які ўзяў на сябе далейшыя клопаты па візіце Роберта і Тарыка. А мы заняліся падрыхтоўкай усяго фэсту — пошукам месца, тэхнікі і партнёраў, адборам беларускіх выступоўцаў, гастрольным пасведчаннем, медыяпланам, напісаннем артыкулаў, дызайнам, сайтам, паліграфіяй, зарабляннем грошай на ўсё гэта ды мноствам тэхнічных і арганізацыйных пытанняў.

Khmarun & TXYZ

Monolake & Tarik Barri. Фота: Goethe-Institut / А. Tarantino Ждановіч

— Якія складанасці, асаблівасці мае наш кантэкст для арганізацыі падобных івэнтаў?

Павел Няхаеў: Вельмі важная фінансавая ды інстытуцыйная падтрымка, аіх немагчыма знайсці ўнутры нашай краіны. Інакш трэба ставіць усё на камерцыйныя рэйкі і рабіць поп-фэсты з шалёна дарагімі квіткамі. Без Інстытута Гётэ мы б не змаглі запрасіць ні Роберта Хэнке, ні Тарыка Бары — і пры гэтым захаваць даволі дэмакратычны кошт квіткоў. Інстытут, як вы ведаеце, падтрымлівае візіты выбітных нямецкіх артыстаў і экспертаў, а гэта менавіта такія асобы, прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню. Роберт з калегам Gerhard Behles проста перавярнуў электронную музыку: распрацаваў праграму Ableton Live, зараз працуе над лазернымі шоу, якіх больш ніхто ў свеце не робіць. Вядома, прывезці такіх выступоўцаў туды, дзе яны яшчэ не былі, — няпроста. Інстытут Гётэ мае сур’ёзную рэпутацыю, што вельмі важна, калі артыст едзе ў новую для сябе краіну. Калі б мы запрашалі майстроў з іншых краін, звярталіся б да адпаведных інстытуцый.

Пра магчымасць поўнага самафінансавання ці істотную дапамогу ад тутэйшых спонсараў няма і гаворкі.

Што да тэхнічных складанасцяў — выступ Роберта і Тарыка патрабаваў вялікага памяшкання з экранам на большую частку сцяны. І гэтае памяшканне мусіла мець «добрае імя». Так, мы вымушаныя былі адкінуць варыянт з вялікім ангарам каля «Хулігана». Артыстам, якія выступаюць у Цэнтры Пампіду ды іншых славутых галерэях, не хацелася мець нічога супольнага з хуліганамі. Да таго ж у ЦЭХа\Хулігана на той момант не было дазволу на вялікія музычныя мерапрыемствы, а мы не маглі рызыкаваць ні івэнтам, ні рэпутацыяй партнёраў на выпадак, калі б раптам усё адмянілася. У выніку выбралі Studio67, дзе маецца досыць вялікі экран. Але аднаго экрана мала: для выступу Тарыка Бары патрэбны вельмі спецыфічны праектар, яго арэнда каштавала б шалёныя грошы. На шчасце, дапамагла кампанія PrintLux.

Юлія Кавязіна: Так, першыя сапраўдныя цяжкасці, з якімі мы сутыкнуліся, — гэта менавіта відэатэхніка. Мы нават не ўяўлялі маштаб авантуры, калі пачыналі працу над фестывалем! Некалькі тыдняў прысвяцілі пошуку: тое, што, знаходзілі, не пасавала па якасці выявы і, вядома, коштам. У Беларусі магутны fullHD-праектар выкарыстоўваюць дзяржаўныя тэатры і здаюць яго за «дзве сярэднія зарплаты» ў суткі. Уявіце: калі б мы яго паставілі, кошт квітка вырас быў 2 разы! Мы вырашылі звярнуцца наўпрост да прадстаўніка брэндаў Epson і Panasonic у Беларусі — кампаніі PrintLux. Яны прадаюць відэаабсталяванне ды інтэрактыўныя панэлі, і для нас гэта быў апошні шанец. Дырэктар кампаніі ды менеджары,уважліва вывучыўшы ідэю і мэты фестывалю Mental Force, з энтузіязмам падтрымалі наш праект, уключыліся ў працэс — перамовы, тэхнічны райдар, камутацыю, абсталяванне, праверку вялізнага праектара яркасцю 12000 ANSI на месцы. Вынік нашай сумеснай працы вы ўбачылі 22 траўня.

Але падмурак для такіх мерапрыемстваў ёсць: беларускай электроннай музыцы больш за 20 гадоў, руху відэа-артыстаў і віджэяў крыху менш.

Мясцовыя музыкі пішуць і выпускаюць музыку, відэа-артысты падарожнічаюць з групамі па Еўропе і выступаюць на міжнародных фестывалях. Бяры і рабі! Як часта? Залежыць ад прамоўтара, які захоча стварыць фестываль ці серыю мерапрыемстваў, ад падтрымкі наведнікаў, якія будуць набываць квіткі, распаўсюджвання інфармацыі, асабістай прысутнасціды водгукаў пасля, ад падтрымкі культурных праектаў партнёрамі. Гэта вялікая праца і рызыка, якія не кожны захоча ўзяць на сябе.

mf2

Khmarun & TXYZ. Фота: Goethe-Institut / А. Tarantino Ждановіч

— Наколькі такога кшталту музыка, івэнты запатрабаваныя ў Беларусі?

Павел Няхаеў: Справа не ў адной толькі электроннай музыцы. Ды і яна занадта розная — у кожнага сегмента свая аўдыторыя. Электронная музыка — гэта і папсовыя дыджэі ў Мінск-Арэне, і дыскачы ў «Дозарі», і падпольныя вечарыны, і лясныя оўпэны, і вельмі эксперыментальныя мікра-фэсты. Мы не хочам рабіць забаўляльныякамерцыйныяівэнты,што фінансуюцца за кошт алкаголю, тытуню, наркотыкаў, сэкс-турыстаў ці людзей, якім усё роўна, хто грае, — абы гэта было модна, весела і папулярна. Таксама мы не хочам рабіць класічныя рэйвы. Ёсць людзі, якія робяць гэта выдатна, і мы да іх з задавальненнем ходзім. У нас жа — свае арыенціры ў свеце эксперыментальна-музычных і мультымедыйных арт-фэстаў — і менавіта такога фармату ў Беларусі не хапае, пры тым, што ёсць і попыт, і, як сказала ўжо Юля, свае добрыя артысты, што выступаюць на падобных фестывалях за мяжой.

Беларусі і Менску ў тым ліку патрэбны свой Transmediale, CTM, Unsound, LPM ці Up To Date, і гэта мусіць быць не адзінкавы праект, якіх ужо было некалькі, а рэгулярная серыя.

— Якія ўражанні ад фэсту і ўвогуле ад Менску засталіся ў Роберта і Тарыка?

Вольга Салахеева: Падрабязней, канешне, трэба было б у іх пытаць, але ў перапынках паміж падключэннем сёе-тое мы з Тарыкам і Робертам абмяркоўвалі. Іх, напрыклад, уразіў першы праект Poltishiny, а менавіта сама магчымасць паслухаць якасную імправізацыю двух кампазітараў, ды яшчэ і ў цемры. Дзівіліся, што моладзь не ведае, што рабіць з і пад тэхна — стаяць, ляжаць, тузацца, танцаваць альбо трэсціся. Хоць, як асабіста мне падалося, падчас іх выступу публіка актыўна завібравала ў такт музыцы і яшчэ хвілін 30 пасля завяршэння перформанса не адпускала артыстаў.

Горад атрымалася паказаць толькі ў сам дзень прыезду: мы прагуляліся ад кінатэатра «Перамога» да Нямігі, міма Траецкага, праз тэатр Оперы і балета, потым па цёмным парку, паўз помнік Марату Казею. Напалохалі некалькі закаханых пар сваімі гарачымі абмеркаваннямі ідэй для электронных праектаў, як, напрыклад, Фестываль аднаго пікселя. Пасля мы выйшлі да ўзбярэжжа і затрымаліся, разглядаючы радыёвежу. Адсюль у тэлефоне Роберта з’явіўся куток з фатаграфіяй Менска. Пару пацешных жартаў атрымаў на свой адрас «Домік Леніна», і далей мы рушылі да галоўнага помніка нашага горада, дзе на паверхні праходзіць афіцыйная культура, а пад ім — неафіцыйная.

— Як на фоне запрошаных зорак адчувалі сябе нашыя артысты? Як увогуле вы б ахарактарызавалі нашую электронную сцэну?

Павел Няхаеў: Гэта не быў фэст хэдлайнераў з наборам музычных статыстаў — прынамсі для нас. Мы вельмі хітрыя і адным фестывалем рэалізавалі некалькі мэтаў: прывезлі Роберта і Тарыка, паказалі, што ў нас ёсць артысты не горш, далі стымул зрабіць нешта мацнейшае, ніж звычайна, і музыкам, і відэа-мастакам. У дадатак прыцягнулі новую публіку, натхнілі на самастойнае вывучэнне новых творчых тэхнік людзей, з якіх, магчыма, вырасце яшчэ некалькі майстроў. Роберт і Тарык неверагодныя тым, што можна не толькі паслухаць-паглядзець іхны выступ, але ў іх можна і павучыцца. На другі дзень фэсту яны расказалі пра сваю працу, творчыя метады.

Я не памылюся, калі скажу: у Менску яшчэ не было медыя-артыстаў такога ўзроўню, якія б перадавалі свае веды і натхненне. І людзі, што прыйшлі на лекцыі, гатовыя былі дапытваць іх цэлы дзень.

Пра тое, каб Роберт Хэнке выступіў у Менску, мы фантазіравалі шмат гадоў. Мы бачылі іх ідэальнымі кандыдатурамі для першага Mental Force. Але нам гэтага мала. Мы хацелі выкарыстаць натуральную ўвагу да такіх выбітных артыстаў, каб заманіць народ на фэст і паказаць у чарговы раз, што нашыя музыкі таксама вартыя ўвагі, што і ў нас ёсць кім ганарыцца. (Мазгі тыя ж, толькі ўмовы працы і жыцця іншыя, а гэтаўскладняе творчы працэс.) Мы хацелі, каб і замежныя госці ўбачылі гэта, бо чуткі ў музычнай сферы распаўзаюцца добра, і такія фэсты фармуюць імідж нашай сцэны за мяжой, рыхтуюцьглебу для таго, каб замежнікі не баяліся ездзіць у Беларусь, а прамоўтары з розных краін не баяліся супрацоўнічаць з нашымі артыстамі і калегамі-прамоўтарамі.

Ю.К.: Шмат хто казаў, што мы сумясцілі несумяшчальнае – імправізацыю, эмбіент, дроўн і тэхна ў адным фестывалі. Але наша задача – паказаць «сілу розуму», творчую задуму, якая трансфармуецца ў завершаны праект. Мяркую, у нас гэта атрымалася, мы запрасілі выступіць тых, хто на нашых вачох стварае гісторыю. Напрыклад, Алесь Цурко і Канстанцін Яськоў (праект «Poltishiny») адкрывалі фестываль і імправізавалі з беларускай калыханкай «Пайшоў каток у лясок». Абодва музыканты ініцыявалі стварэнне «Таварыства развіцця новай музыкі», мэта якога – прасоўванне сучаснай акадэмічнай музыкі. Канстанцін – вядомы кампазітар і педагог, аўтар аркестравых, камерных і вакальных твораў. Алесь вывучае новыя формы напісання музыкі і падчас выступу выкарыстаў праграму, якую стварыў сам. Хутка яна выйдзе як iOS дадатак і будзе даступная любому музыканту.

Аляксей дэ Бронхе і Арцемій Калінін стварылі лайв-сінема праект Laserlove Townsheeps і знялі матэрыял для яго ўсяго за 25 дзён у Берліне. Лайв-сінема – гэта новы від медыя-перформансу, які злучае музыку і мантаж кінаматэрыялу: кожны раз на вачах у гледачоў фільм мантуецца нанова. Хто ўбачыў іх праект, наўрад ці яго забудзе. Магчыма, танцаваць і адначасова глядзець кіно складана, але вось фотасправаздача: перформанс завёў танцпляц!

Яшчэ ўдзельнік – Віталь Гармаш, адзін з вядучых гукавых дызайнераў Беларусі, ужо больш за 20 гадоў піша высокатэхналагічную музыку ў стылях IDM, Glitch, Ambient. У яго выдадзена шмат сола-альбомаў і сумесных запісаў з вядомымі музычнымі прадзюсарамі, дзясяткі выступаў на еўрапейскіх фестывалях. Віталь ездзіў у турнэ з вар’ятамі – польскімі хімікамі-візуальшчыкамі Analog Visuals, напісаў музыку да нямецкага нямога трылеру 1920-х «Голэм» і да спектакля «Шоўк» па п’есе Алесандра Барыка. На фестывалі Mental Force ён прадставіў відэашэраг, які запраграмаваў сам, але дапамагала яму Вольга Салахеева, таму што за пару дзён да выступу Гармаш пашкодзіў руку. Пра кожнага ўдзельніка лепш прачытаць на сайце фестывалю www.mentalforce.by – усе праекты па-свойму цікавыя і незвычайныя.

Вы задаволеныя вынікам, публікай?

Павел Няхаеў: Фэст, на мой погляд, прайшоў удала. Але адзін івэнт — гэта яшчэ не вынік, а толькі пачатак. Як я казаў, ідэяў шмат — былі б сродкі. Адна з нашых мэтаў — уступіць у сетку фестываляў European / International Cities of Advanced Sound. Гэта справа не аднаго году, але вартая высілкаў. Бо гэта і статус для Беларусі як творчага месца, куды варта ехаць не дзеля сталінскага ампіру і экзотыкі саўка, а па яскравы музычна-візуальны экспірыенс. Гэта і магчымасць рабіць супольныя мерапрыемствы з іншымі фэстамі-ўдзельнікамі, звяртацца па кансультацыі і падтрымку, рабіць больш складаныя канцэптуальныя праекты — commissioned works — сумесныя творы беларускіх і замежных артыстаў, зробленыя спецыяльна для івэнту.

Галоўныя ж мэты — далейшая інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую і глабальную культурную прастору праз творчыя сувязі і мову музыкі ды медыямастацтва, а таксама спрыянне развіццю нашай сцэны — не толькі электронна-музычнай ці віджэйскай. Мы хочам супрацоўнічаць і з іншымі творчымі суполкамі — праграмістамі, тэатраламі, перформерамі, скульптарамі, паэтамі ды навукоўцамі — усімі, каго яднае сіла творчага розуму і неабыякавасць да жыцця.

mf6

Alexei De Bronhe & Artemiy Kalinin. Фота: Goethe-Institut / А. Tarantino Ждановіч

Вольга Салахеева: На днях я пісала падзяку аднаму з нашых партнёраў, які дапамог нам надрукаваць афішы і флаеры. Мы засталіся задаволеныя і якасцю друку, і паперай — лагатып адчуваўся на дотык. Падобна на тое, што партнёры таксама засталіся задаволеныя намі, гэта я зразумела з простага, але ёмістага пытання: «Калі наступны фестываль?» Удзячнымі засталіся і бацькі, якіх мы паклікалі нам дапамагаць. Мае бацькі і мама Юлі заставаліся з намі да самага завяршэння фестывалю. У іх таксама ўзнікла пытанне, калі ж наступны фэст. Самыя розныя гісторыі адбываюцца на ўваходзе, тут, вядома, Юля і Паша могуць расказаць лепш і больш, але сёе-тое засталося і ў маёй памяці. Для аховы фестывалю мы запрасілі двох моцных хлопцаў.

Каля 3 ночы іх давялося адпусціць у сувязі з тым, што «да нас прыйшла інтэлігентная і спакойная публіка», у наступны раз хлопцы парэкамендавалі браць толькі аднаго чалавека для аховы.

Нашыя сябры, калегі, неабыякавыя да развіцця сцэны людзі, меламаны і шмат хто яшчэ выказалі падзяку і канструктыўную крытыку нам асабіста.

З водгуку наведніка:

«Foundamental Network — бадай, адзіная прома-група ў Беларусі, якая займаецца некамерцыйнай электроннай музыкай не па-тутэйшаму, але на сур’ёзным узроўні, таму патрабаванні ды чаканні ад іх большыя, чым ад вечарыны ў ДК альбо на тэрасе „Хулігана“. Добра, што яны працягваюць апраўдваць тыя чаканні і падымаць свой уласны цэнз і ўзровень івэнтаў. Крута, што яны запарыліся з месцам правядзення і падабралі яго ідэальна для фэсту такога кшталту. Яшчэ адзін відавочны плюс — лекцыйны дзень пасля івэнту. Адукацыйных праграм у Беларусі моцна не хапае, і добра, што арганізатары гэта разумеюць і падумалі пра гэта. Акцэнт на візуальным складніку і разгляд яго не проста як суправаджэнне музыкі — сур’ёзны для лакальнай сцэны зрух наперад, у бок еўрапейскіх фестываляў сумежнай накіраванасці. Ну і нарэшце, самы сур’ёзны плюс арганізатарам — іх уключанасць у агульны сусветны кантэкст, з гэтай устаноўкай у іх павінна атрымаецца многае.

Калі казаць пра мінусы, на фестывалях такога ўзроўню нельга ссоўваць хэдлайнера больш, чым на гадзіну. Другім пунктам адзначыў бы пачатак: разагрэў Alexei De Bronhe & Artemiy Kalinin, пры іхняй актыўнасці ў музычным плане, — музыка не таго ўзроўню, які павінен быць перад Monolake. Больш прычапіцца няма да чаго».

Спецыяльна для pARTisan

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology