ШПАЦЫР ПА ЎЯЎНЫМ МУЗЭЙНЫМ ДЫСНЭЙЛЭНДЗЕ

pARTisan #27’2015. Тарашкевіца

Ці ёсьць сёньня ў Менску музэй, здольны канкураваць унікальнасьцю сваёй экспазыцыі з калекцыямі знакамітых ва ўсім сьвеце музэяў? Наўрад ці трэба чакаць на пазытыўны адказ.

Беларусь — адна з самых пацярпелых ад войнаў і рабаваньняў краінаў у Эўропе, таму ў нас крытычна мала ня толькі твораў сусьветна вядомых мастакоў, але і нават простага антыкварыяту. Ці магчыма ў Беларусі зьяўленьне ўнікальных канкурэнтаздольных калекцый? Магчыма. Але не праз спробу стварыць другі Люўр. Колькі б грошай і намаганьняў мы ні ўклалі, гэта будзе ня Люўр і не Эрмітаж, а ў лепшым выпадку — кепская правінцыйная копія вялікага імпэрскага музэю. Другі шлях — пошук новых, унікальных музэйных канцэпцый, якія мелі б унівэрсальны фармат, але зыходзілі з гістарычных адметнасьцяў нашага краю.

pARTisan_27_toSEND-6

Бадай ці не адзін з самых цікавых аб’ектаў на тэрыторыі нашай краіны — «Горад Сонца», унікальны ўрбаністычны ансамбаль камуністычнай эпохі ў Менску. Некалькі год таму альманах pARTisan прэзэнтаваў маштабны праект «Горад Сонца-2», праграму па рэбрэндынгу Менска ў новы турыстычны цэнтар Эўропы. Сёньня «Горад Сонца», які ўжо даўно мусіў займець статус музэю — архітэктурнага запаведніка пад адкрытым небам, фэномэн не «камуністычны», а, хутчэй, «капіталістычны», пэрспэктыўны бізнэс-праект, які пры ўмелай «раскрутцы» займее ўсе шанцы зрабіцца знакамітым у Эўропе турыстычным брэндам.

На жаль, апошнім часам адбываецца адваротнае: мы губляем гэты аб’ект, праз хаатычную забудову цэнтра гораду зьнішчаецца цэльнасьць ансамбля.

Аднак, нягледзячы на наступ некантраляванага хаосу, «Горад Сонца» пакуль яшчэ застаецца найбольш патэнцыйна цікавым музэйным аб’ектам, надзейным і непаўторным капіталам гораду. Праект «Горад Сонца-2» — гэта мільёны і мільёны турыстаў у пэрспэктыве ды, адпаведна, абароты ў мільярды даляраў. I дзеля гэтага ня трэба будаваць гіганцкіх заводаў, а толькі зрабіць дзьве падставовыя рэчы. Па-першае — захаваць гэты горад, не даць яго зьнішчыць. Па-другое — разьвіць адпаведную інфраструктуру музэяў. Менавіта музэяў, бо гатэляў (дзякуй хакею!) ды рэстарацый ужо набудавалі, а музэяў, якія зацікавяць турыста, практычна няма. Пасьля трох-чатырох гадзінаў шпацыру па горадзе ў госьця сталіцы непазьбежна паўстане пытаньне: «Ок! А што далей?» Далей, вядома, абед. А затым, на жаль, «valise, gare, France».

Турыстычны брэнд «Горад Сонца» патрабуе, у добрым сэнсе гэтага слова, музэйнага «дыснэйлэнду». Але не чарговага, падобнага да тых, што ўжо існуюць у Эўропе, а свайго, аўтэнтычнага, унікальнага «дыснэйлэнду». Гораду неабходныя новыя музэі ды частковае перафарматаваньне дзейсных. Паспрабуем уяўна перафарматаваць музэйную мапу Менска пад турыстычны брэнд «Горад Сонца». Напэўна, трэба пачаць з галоўнага музэю краіны.

Музэй як рэпрэзэнтацыя ўлады

Большасьць сучасных беларускіх музэяў нам засталася ў спадчыну ад савецкай улады. Тыя ж нешматлікія новыя інстытуцыі, якія паўсталі ў часы незалежнасьці хутчэй зьяўляліся працягам усё таго ж савецкага дыскурсу. Калі адкінуць ідэалягічныя (камуністычныя, марксісцкія) складнікі, то сутнасьць савецкай сыстэмы музэяў можна зьвесьці да каляніяльнай мадэлі. Некалькі дужых Імпэрскіх музэяў (Эрмітаж, Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, Дзяржаўны гістарычны музэй у Маскве), якія ў сваю чаргу перайшлі ў спадчыну СССР ад Расейскай Імпэрыі, вялікая колькасьць іх нашмат менш цікавых клонаў у кожным вялікім горадзе Савецкага Саюза, сетка этнаграфічных (краязнаўчых), зноў жа па функцыі — каляніяльных, бо іх мэта — дасьледаваць захопленыя Імпэрыяй этнасы й культуры, а таксама шэраг тэматычных музэяў, якія з прычыны іх малой сацыяльнай вагі пакінем па-за разглядам. Асобнай групай у сыстэме стаялі чыста ідэалягічныя музэі (да прыкладу, Музэй Рэвалюцыі ў Маскве), якія былі перафарматаваныя ці зьніклі са зьменай ідэалёгіі, і так званыя музэі «дэпрэсіўнай памяці», экспазыцыі якіх завязаны на падзеях Другой сусьветнай вайны.

Maskva

Вялікі Імпэрскі Музэй — галоўны рэпрэзэнтант уяўленьня пра музэй у масавай сьвядомасьці ня толькі постсавецкіх краін, але і ўсяго так званага старога сьвету. Спытаўшы выпадковага мінака пра ўзорны музэй, вы, хутчэй за ўсё, пачуеце: Люўр, Прада, Эрмітаж, Брытанскі Музэй. Гэтыя найбольш знаныя ў сьвеце калекцыі ствараліся ў мэтраполіях вялікіх імпэрыяў і па сутнасьці ўяўлялі кунсткамэры, у якія звозіліся нарабаваныя каштоўныя артэфакты з шматлікіх калёніяў. Імпэрскія музэі ня толькі рэпрэзэнтавалі моц і веліч мэтраполіі, але й былі адным зь неабходных яе атрыбутаў, матэрыяльным доказам тэрытарыяльных экспансій. Час Імпэрый сышоў. Грамадзтвы перафарматаваліся. Аднак імпэрскія музэі засталіся нерэфармаваным рэліктам з тых часоў, самі ператварыліся ў адзін вялізарны артэфакт каляніяльнага мінулага народаў.

Пытаньне перафарматаваньня Імпэрскіх музэяў, якое немагчыма без рэстытуцыі, вяртаньня нарабаванага спадкаемцам былых каляніяльных народаў, зь вядомых прычынаў сёньня не стаіць на актуальнай павестцы дня, ды наўрад ці калі-небудзь паўстане. Заходнія грамадзтвы перафарматаваліся, але, мабыць, не настолькі, каб добраахвотна вярнуць былым уладальнікам гэткія скарбы. Хутчэй гэта галаўны боль саміх былых калёніяў, аднак боль бяз шанцаў на вырашэньне нават у далёкай пэрспэктыве. Але тут для нас важны не маральны аспэкт існаваньня вялікіх імпэрскіх музэяў, а той факт, што сёньня ў заходніх грамадзтвах складнік інтэлектуальнага пошуку перамясьціўся да музэйных інстытуцыяў іншага тыпу. А старыя імпэрскія монстры якраз і зрабіліся тым «музэйным дыснэйлэндам» для мільёнаў турыстаў.

Перафарматаваньне музэйнай прасторы Эўропы адбылося не праз рэфармаваньне гэтых інстытуцыяў, а праз выхад у авангард працэсу новых музэяў. Дэмакратычныя сыстэмы ўлады рэпрэзэнтуюць сабе музэямі іншага кшталту.

Аднак ці ёсьць шанец на падобныя зьмены ў Беларусі?

Музэй як рэпрэзэнтацыя ўлады — 2

Што сёньня ўяўляе сабою нерэфармаваная мапа музэяў Беларусі? Яна цалкам дублюе ўсё тую ж каляніяльную схему. Вялікі, але правінцыйны клон Імпэрскага музэю з мноствам разнавэктарных (ажно 17!) калекцыяў, дзе ролю антычнасьці выконвае кітайскае мастацтва ХІХ стагодзьдзя (Нацыянальны мастацкі музэй). Краязнаўча-этнаграфічны (Нацыянальны гістарычны) музэй, які мусіць прэзэнтаваць норавы й побыт тутэйшых абарыгенаў, але нават з гэтай задачай ня надта дае рады. Побач з асноўнай экспазыцыяй, раздробленай па паверхах, разьмясьціліся нейкія невялічкія музэйчыкі на любы густ, ад «зялёных кракадзільчыкаў» да «шакалядных мішак». Яшчэ мы маем вялікі, адкрыты ў новым будынку музэй «дэпрэсіўнай памяці» (Дзяржаўны музэй Вялікай Айчыннай вайны), некалькі дробных ды мноства таямнічых ведамасных музэяў, схаваных недзе на гарадзкой пэрыфэрыі. Бадай самы таямнічы з іх — Музэй старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук Беларусі, з фантастычнай, па аповедах нешматлікіх сьведкаў, калекцыяй беларускага мастацтва, пабачыць якую просты чалавек ня мае шанцаў.

Калі галоўны музэй краіны ёсьць рэпрэзэнтантам улады, то якую ўладу сёньня рэпрэзэнтуе Нацыянальны мастацкі музэй зь яго эклектычнай экспазыцыяй, што складаецца зь дзіўнага міксту сармацкага партрэту, парцалянавых статуэтак, твораў сацыялістычнага рэалізму, аўтарскіх варыянтаў пэйзажаў Шышкіна ды эскізаў да карцін перасоўнікаў?
Артур Клінаў. З візуальнай паэмы Горад СОНца.

Артур Клінаў. З візуальнай паэмы «Горад СОНца»

Гаворачы пра ўладу, размова ідзе не пра яе пэрсаніфікацыю, а пра онталягічную сутнасьць, то-бок паняцьце ўлады як сувэрэна ў незалежнай краіне.

Кожная ўлада патрабуе легітымізацыі. Прамузэй і ўзьнік не як калекцыя прыгожых пенкнотаў, а менавіта як адзін са сродкаў легітымізацыі ўлады, збор матэрыяльных доказаў правоў сувэрэна на пэўную тэрыторыю. Кожны барон імкнуўся мець гэты прамузэй у выглядзе фамільных рэліквій, галерэі партрэтаў продкаў ды іншых «сьвятых машчэй». Найлепшай легітымізацыяй для манарха была легітымізацыя ад Бога. Але нават валодаючы «боскім патэнтам», ён мусіў мець матэрыяльны доказ свайго радаводу калі не ад старажытных рымлян, то хаця б ад вікінгаў.

Сёньня сувэрэнам у большасьці краінаў сьвету (прынамсі так дэкляруецца) зьяўляецца народ. Галоўны дзяржаўны музэй і надалей ёсьць неабходным атрыбутам сувэрэна незалежнае краіны, адным з матэрыяльных доказаў яго легітымнасьці. Ён не павінен быць вялікім і выпадковым зборам каштоўнага антыкварыяту. Музэй — гэта тэкст, у дадзеным выпадку тэкст сакральны, матэрыялізацыя калектыўнай памяці і пасланьне да нашчадкаў. Сутнасьць гэтага пасланьня ня ў тым, што ў нас таксама ёсьць Шышкін. Задача яго — засьведчыць легітымнасьць сувэрэна (народа), давесьці яго правы на пэўныя тэрыторыі, праз гістарычныя артэфакты матэрыялізаваць яго радавод нават не да сёмага, а нашмат больш даўняга калена. Бяз гэтага матэрыяльнага доказу легітымнасьць сувэрэна, то-бок народа, заўсёды будзе заставацца пад пытаньнем. Тым больш для нашага ўсходняга суседа, для якога беларусы і ўкраінцы па-ранейшаму неданарод, а іх тэрыторыі па-ранейшаму ягоныя калёніі.

Адсюль вынікае канцэпцыя так неабходнага перафарматаваньня галоўнага музэю краіны. Тым больш, што першая спроба яе прэзэнтацыі ўжо адбылася ў самім жа музэі ў 2014 годзе праектам «Дзесяць стагодзьдзяў беларускага мастацтва». Неабходна вынесьці «за дужкі» ўсё, што ня мае дачыненьня да галоўнага тэксту. Дастаць з запасьнікаў і прэзэнтаваць тое, што працуе на сакралізацыю і легітымізацыю сувэрэна, стварыць яснае, чытэльнае пасланьне. Праз творы мастацтва правесьці шлях ад вікінгаў, крывічэй і яцьвягаў да раньняга сярэднявечча, праз ВКЛ да Рэчы Паспалітай, праз ХІХ стагодзьдзе да Хаіма Суціна і Марка Шагала. Пакінуць у асноўным тэксьце толькі сапраўды вартае з савецкага часу, з таго ж, што ў яго не патрапляе, стварыць асобныя экспазыцыі (да прыкладу, галерэю замежнага мастацтва).

Калі ў гэтым вялікім «пазьле» сёньня і бракуе асобных элемэнтаў, дык прыкласьці намаганьні, каб іх здабыць. Зразумела, аўтэнтыкі Суціна ці Шагала каштуюць нямала. Аднак гэта вялікія грошы для прыватнай асобы, але не для дзяржавы.

З таго, што патрапляе «за дужкі» галоўнага тэксту, ёсьць вялікая калекцыя твораў мастацтва, вартая таго, каб стварыць зь яе асобны музэй, магчыма і ў межах Нацыянальнага, каб пазьбегнуць спрэчак пры падзеле маёмасьці. Гаворка пра савецкую спадчыну. Сёньня яна ніяк не рэпрэзэнтуе ўладу (сувэрэна краіны), а калі і зьяўляецца матэрыяльным субстратам калектыўнай памяці, дык толькі для пакаленьня, якое сыходзіць. Тым ня менш гэтыя творы маюць безумоўную вартасьць, нават ня столькі для нас, але для гледача з замежжа. У Беларусі, на жаль, лічаныя творы Шагала, але мы маем сапраўды ўнікальныя зборы савецкага мастацтва, цікавасьць да якога ў сьвеце нязьменна расьце. Бязглузда было б не скарыстацца гэтай спадчынай і не зрабіць зь яе асобную вялікую экспазыцыю, стварыць новы музэй — Сацыялістычнага рэалізму.

Radyjo

Няздзейснены праект будынку Радыё ў Менску

Гэты музэй ня меў бы прэтэнзіяў на сакральную памяць, але стаўся б часткаю вялікага бізнэс-праекту, адным з важнейшых элемэнтаў турыстычна-музэйнага дыснэйлэнду. Гэта якраз тое новае месца, якога так не хапае «Гораду Сонца». Аднак, каб турыстычны брэнд «Горад Сонца» быў эфэктыўным, каб чалавек захацеў застацца тут не на дзень, а на болей, горад патрабуе ня двух, а некалькіх унікальных музэяў. Паспрабуем зрабіць шпацыр па першай топ-пяцёрцы ўяўнага музэйнага «дыснэйлэнду» ў Менску.

Маршрут 1. (Топавая пяцёрка-1 музэяў турыстычнага Менску)

  • Нацыянальны мастацкі музэй у зьмененым выглядзе. Экспазыцыя — тысячагадовая гісторыя беларускага мастацтва ад паганскіх часоў да нашых дзён. Функцыя — рэпрэзэнтацыя сувэрэна краіны, матэрыялізацыя калектыўнай памяці народу. Такая экспазыцыя мела б важнасьць перш за ўсё для самой Беларусі, але й была б цікавай для замежнага гледача як прэзэнтацыя аўтэнтычнага беларускага мастацтва. Вынас «за дужкі» большасьці твораў савецкай клясыкі ды «яек Фабэржэ» зрабіў бы чытэльнай галоўную канцэпцыю. Для гасьцей беларускай сталіцы нашмат больш цікавымі былі б яйкі Цэсьлера («Праект стагодзьдзя» Ўладзімера Цэсьлера і Сяргея Войчанкі). А ўзмоцненая арыгіналамі Шагала экспазыцыя музэю была б вырачаная на посьпех.
  • Музэй сацыялістычнага рэалізму і сацарту. Экспазыцыя са збораў Нацыянальнага мастацкага музэю, Мэмарыяльнага музэю-майстэрні З. Азгура, Мастацкай галерэі М. Савіцкага, дапоўненая творамі з іншых прыватных і дзяржаўных збораў (не абавязкова толькі беларускіх), манумэнтальнай скульптурай, архітэктурнымі праектамі, плякатамі і фотатворамі савецкай эпохі. Функцыя — бізнэс-праект, музэйны дыснэйлэнд, разьлічаны найперш на замежнага гледача. Важна было б папоўніць зборы творамі сусьветна вядомых небеларускіх савецкіх клясыкаў (А. Дайнека, Б. Ёгансана, Налбандзяна ды інш.). Фінальную частку экспазыцыі (для кантрапункту) мусіла б утвараць калекцыя твораў сацарту 1980-90х (Комар і Меламід, І. Кабакоў, Дз. Прыгаў, А. Касалапаў ды інш.). Гэтаксама, апроч пастаяннай экспазыцыі, важную ролю гралі б выставачныя залі музэю з праграмай вялікіх рэтраспэктыўных выстаў клясыкаў як сацрэалізму, гэтак і сацарту.
  • Музэй Утопіі, ці Музэй Камунізму. Інтэрактыўная экспазыцыя, якая распавядала б пра 500-гадовую эвалюцыю камуністычнай ідэі — ад часоў яе зьўленьня ў Эўропе (Т. Кампанэла, Т. Мор) да нашых дзён. Унікальнасьць праекту яшчэ і ў тым, што на сёньня ён ня мае аналягаў у сьвеце. Калекцыя патрабавала б пошуку і набыцьця ўнікальных дакумэнтаў і артэфактаў у Эўропе. Асобны разьдзел быў бы прысьвечаны спробе рэалізацыі камуністычнага праекту ў Савецкім Саюзе. Важная частка яго — ГУЛАГ і рэпрэсіі ў БССР. Гэтак жа ў склад музэю мог бы ўвайсьці Дом першага зьезду РСДРП. Музэй Утопіі (Камунізму) стаўся б абсалютна наватарскай установай ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе. Ён нёс бы некалькі функцый: месца калектыўнай памяці (рэпрэсіі, ГУЛАГ) для беларусаў, бізнэс-праект, музэйны дыснэйлэнд (ілюстраваная, інтэрактыўная энцыкляпэдыя разьвіцьця камуністычнай ідэі) для замежнага гледача і вялікая дыскусійная пляцоўка вакол сацыяльных тэорый. Дзеля гэтага музэй, апроч пастаяннай экспазыцыі, мусіў бы мець адмысловы арт-цэнтар «Утопія» з выставачнымі залямі для прэзэнтацыі разнастайных сацыяльных практык у сучасным эўрапейскім мастацтве.
  • Музэй беларускага габрэйства. Абсалютна новая інстытуцыя, але вельмі важная з пункту гледжаньня аднаўленьня калектыўнай памяці на істотную ролю габрэйства ў гісторыі Беларусі, гэтаксама як на ролю нашага краю ў лёсе эўрапейскага габрэйства. Цікавым рашэньнем для лякалізацыі музэю было б аднаўленьне аднаго з гістарычных кварталаў горада разам з былой сынагогай. Апроч мэмарыяльных функцый, такі музэй стаўся б важным месцам прыцягненьня замежных турыстаў.
  • Музэй сучаснага мастацтва ў адноўленым выглядзе. На сёньняшні дзень Музэй сучаснага мастацтва ўяўляе сабой выставачныя залі для часовых экспазыцый. Аднак ён мусіць займець і прастору для сталай прэзэнтацыі ўласнай калекцыі. Сёньня калекцыя музэю знаходзіцца толькі на стадыі фармаваньня. Каб будучыя зборы адпавядалі крытэрыям паняцьця «сучасны», важна зрабіць яе не чарговай рэляцыяй Саюза мастакоў «за справаздачны пэрыяд», а прэзэнтаваць менавіта найноўшае беларускае мастацтва другой паловы ХХ стагодзьдзя, пачынаючы ад нонканфармізму 60-70-х і беларускага авангарду 80-х (Авангард-2), праз канцэптуальнае мастацтва, аб’ект, інсталяцыю, відэа-арт 90-х, да найноўшых праектаў пачатку ХХІ стагодзьдзя. Важна на новых плошчах музэю распачаць практыку паказу вялікіх выстаў сусьветна вядомых сучасных артыстаў. Гэта прыцягвала б наведнікаў ня толькі зь Беларусі, але і з замежжа. Сёньня фэстывальны турызм — новы пэрспэктыўны кірунак у Эўропе.

Маршрут 2. (Топавая пяцёрка-2 музэяў турыстычнага Менску)

Да першых пяці добра б пасавала наступная пяцёрка музэяў, большасьць якіх ужо існуе, але таксама патрабавала б пэўных зьменаў пад фармат турыстычнага Менску.

  • Музэй Гораду. Калі цэнтральным элемэнтам турыстычнага «дыснэйлэнду» стане архітэктурны запаведнік «Горад Сонца» ці ўласна сам горад, то важна было б мець экспазыцыю, якая б тлумачыла, на чым палягае яго ўнікальнасьць. Цалкам лягічна месцам для такой экспазыцыі зрабіць Музэй гораду. Апроч функцыі прэзэнтацыі гісторыі Менску, а таксама разнастайных тэорый ідэальнага гораду, варта было на базе Музэю ўтварыць дыскусійную пляцоўку па практыках сучаснага ўрбанізму.
  • Музэй Другой сусьветнай вайны. Па функцыі так званыя музэі «дэпрэсіўнай памяці» (Музэй вайны, Музэй галакосту) мусяць акрэсьліваць у калектыўнай памяці табуяваныя зоны, ставіць пэўныя дыдактычныя маркеры. Па сутнасьці задача іх экспазыцый — распавядаць пра катастрафічныя наступствы парушэньня азначаных межаў. Аднак у наш час табуяваныя зоны ўсе больш робяцца часткай масавай культуры, а музэі «дэпрэсіўнай памяці» бяруць на сябе неўласьцівую ім ролю ў забаўляльнай індустрыі. Што праўда, у кожнага народа свае гістарычныя траўмы. Галакост ніколі ня стане часткай музэйнага «дыснэйлэнду» для габрэяў. Гэтак жа як тэма Другой сусьветнай вайны, ды ўвогуле вайны, заўсёды будзе зонай «дэпрэсіўнай памяці» ў калектыўнай сьвядомасьці беларусаў. Але гэтая тэма можа стаць важнай часткай музэйнага дыснэйлэнду для замежных турыстаў. Як бы мы ні ставіліся да інсталяцыі «Лінія Сталіна», але трэба прызнаць: сёньня яна карыстаецца нязьменнай папулярнасьцю менавіта ў гасьцей нашай краіны.
Артур Клінаў. З візуальнай паэмы «Горад СОНца»

Артур Клінаў. З візуальнай паэмы «Горад СОНца»

Музэй Другой сусьветнай вайны гэтаксама мае добрыя шанцы стаць адным з важных цэнтраў турыстычнай інфраструктуры. Аднак ён мусіў бы зрабіць крок у бок большай інтэрактыўнасьці, улучнасьці гледача ў кантэкст экспазыцыі. Добры ўзор такога інтэрактыўнага музэю — Музэй Варшаўскага паўстаньня ў Польшчы. Глядач там ня проста пасіўны назіральнік экспазыцыйнай прасторы. Прастора інтэрактыўнага музэю правакуе яго, ён сам робіцца часткай яе, нібыта ўдзельнік кампутарнай гульні. Можна спрачацца пра маральны аспэкт «дыснэлэндызацыі» тэмы вайны, аднак, калі казаць пра ўлучэньне гледача ў працэс суперажываньня яе, перавага інтэрактыўнага музэю тут падаецца бясспрэчнай.

  • Гістарычны музэй. Па функцыі Гістарычны мае на мэце тое ж, што і Нацыянальны музэй. Ён мусіць легітымізаваць сувэрэна краіны, але не артэфактамі мастацтва, а праз дакумэнтальны расповед. Гэты не мастацкі, а дакумэнтальны тэкст, адрасаваны хутчэй унутранаму, чым замежнаму спажыўцу. Аднак у яго межах можа зьявіцца асобны вялікі разьдзел, а лепей музэй (натуральна, не ў залі «музэю елачных цацак», а ў новым будынку), які мае шанцы стаць важным пунктам у турыстычнай інфраструктуры Менску. Гаворка пра экспазыцыю, прысьвечаную тэме Першай сусьветнай вайны. Як вядома, лінія ўсходняга фронту праходзіла менавіта па тэрыторыі Беларусі. Першая сусьветная вайна мела для беларусаў ня менш катастрафічныя наступствы, чым Другая сусьветная. Таму гэтая тэма вартая асобнай разгорнутай экспазыцыі. Да таго ж яна ідэальна патрапляе і ў эўрапейскі кантэкст, то-бок ёсьць ня толькі ўнутрыбеларускай тэмай, але была б безумоўна цікавай і для гледача з Эўропы. Пры стварэньні экспазыцыі, прысьвечанай Першай сусьветнай вайне, варта было б гэтаксама пайсьці па шляху інсталяцыі інтэрактыўнага музэю, з улучэньнем старых кінахронік, пошуку ці рэканструкцыі ваеннай тэхнікі (авіяцыя, першыя танкі), зброі тых часоў, фотадакумэнтаў, васковых фігур імпэратараў і вядомых асобаў.
  • Музэй Хаіма Суціна. Найбольш складаная з фінансавага пункту гледжаньня экспазыцыя, бо патрабуе набыцьця арыгіналаў прац мастака. Аднак Хаім Суцін — найбольш вядомы ў сьвеце мастак пасьля Марка Шагала — выхадзец зь Беларусі. Інвэстыцыі ў калекцыю твораў Суціна апроч маральнага аспэкту — вяртаньня твораў мастака на радзіму — напэўна ў пэрспэктыве акупіліся б праз прыбыткі ад павелічэньня турыстычнай прыцягальнасьці Беларусі.
  • Музэй драўлянага дойлідзтва ў Строчыцах. Ужо зараз гэта адзін з самых цікавых менскіх музэяў. У пэрспэктыве хацелася б бачыць пашырэньня яго экспазыцыі. Магчыма, праз рэканструкцыю ўзору традыцыйнага беларускага мястэчка з драўляным касьцёлам, царквой і сынагогай, а таксама старадаўняй шляхецкай сядзібай. Ужо сёньня экспазыцыя ў Строчыцах карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў кінэматаграфістаў. Разьвіцьцё экспазыцыі, апроч большай турыстычнай зацікаўленасьці да музэю, дадало б магчымасьцяў мець неблагі прыбытак ад супрацы ў кіно.

Экспазыцыя ў Строчыцах мае шанец стаць месцам, якое наўпрост, без двукосьсяў, можна будзе назваць беларускім дыснэйлэндам. Дзеля гэтага архітэктурную экспазыцыю трэба дапоўніць рэканструкцыяй абрадаў, народных сьвятаў, майстэрнямі традыцыйных рамёстваў, якія разам з забаўляльным сэрвісам (корчмы, канюшні, гуляньні) сталіся б сур’ёзным цэнтрам прыцягненьня ня толькі турыстаў, але і беларусаў. 

Музэйны падатак ці траставы фонд?

Першае балючае пытаньне, якое паўстане пры рэалізацыі праграмы (добра, што яно хаця б не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў), — пераразьмеркаваньне калекцый. Наўрад ці ёсьць сэнс мець два падобныя музэі ці распыляць нешматлікія артэфакты пэўнай эпохі па мноству дробных калекцый. Відавочна, старажытнабеларускае мастацтва мусіць быць сканцэнтравана ў Нацыянальным. Гэтак жа як лепшыя творы савецкай эпохі — у Музэі сацыялістычнага рэалізму. Малаверагодна, што музэі падзеляцца сваімі калекцыямі добраахвотна. Але магчыма, калі на гэта будзе палітычная воля дзяржавы.

Другое пытаньне: папаўненьне вышэй згаданых калекцый, гэтак жа як і ўтрыманьне музэяў, патрабуе немалых сродкаў. Відавочна, што ў фармаце вялікага турыстычнага бізнэс-праекту частку гэтых грошай інстытуцыі могуць зарабіць самі. Але мала які музэй у сьвеце можа выйсьці на поўную самаакупляльнасьць. Аднак у разьвіцьці музэйнай інфраструктуры зацікаўлены горад, і перш за ўсё — тыя бізнэс-структуры, якія наўпрост атрымоўваюць прыбытак ад турыстычных патокаў. Мільён турыстаў, якія на некалькі дзён застануцца ў Менску, гэта каля паўмільярда даляраў прамых інвэстыцый у эканоміку горада. Аднак турыстычны брэнд «Горад Сонца» мае патэнцыял большы, чым мільён турыстаў у год. Гаворка ідзе пра практычна яшчэ не адкрытую (наўрад ці можна сур’ёзна ўспрымаць тую колькасьць турыстаў, што сёньня прыяжджаюць у горад), але вялікую галіну ў эканоміцы з абаротамі ў мільярды даляраў. Але гэтая галіна не запрацуе напоўніцу без стварэньня адпаведнай інфраструктуры музэяў.

Дзе ўзяць грошы на яе ўтварэньне? Наўрад ці дзяржаўны бюджэт можа дазволіць сабе такія выдаткі. Самым лягічным выйсьцем было б заснаваньне адмысловага пазабюджэтнага фонду, які зьбіраў бы ахвяраваньні ад зацікаўленых бізнэс-структураў.

Кожны з названых музэяў меў бы магчымасьць на конкурснай аснове зьвяртацца ў яго па грант на пашырэньне калекцый ці фінансаваньне пэўных праграмаў. Аднак ад разьвіцьця турызму выйграюць ня толькі гатэлі, агенцыі, сэрвісы, рэстарацыі, клюбы. Калі грошы застаюцца ў дзяржаве, у выніку іх далейшага пераразьмеркаваньня ў плюсе застаецца кожны. То можа, прасьцей увесьці ў Менску мясцовы музэйны падатак? Невялікі адсотак ад прыбыткаў кожнага прадпрыемства ў двухмільённым мегаполісе — і набыцьцё арыгіналаў Суціна ці Шагала робіцца абсалютна рэальным. Ня ведаю, ці існуе дзе-небудзь у сьвеце музэйны падатак. А калі нават і не, дык чаму б нам ня стаць першымі?

Артур Клінаў

pARTisan #27’2015. Праект падтрыманы Інстытутам Гётэ ў Менску.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Natalia:

    Музэй камунізму існуе ў Празе, але ён прысвечаны перыяду з 1948 па 1989 годы ў Чэхіі.

  2. alex:

    Думаю, што музеі камунізма можна адкрываць у кожнай краіне з такім мінулым. І кожны з такіх музеяў будзе асаблівы і не падобны адзін на аднаго, таму што — розныя твары камунізмаў (калі гэта так можна назваць). У Менску быў бы свой, як дарэчы і Музей савецкай акупацыі быў бы непадобны на Музей у Тбілісі.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2018. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус