pARTisan #27’2015. Тарашкевіца
Беларусь — адна з самых пацярпелых ад войнаў і рабаваньняў краінаў у Эўропе, таму ў нас крытычна мала ня толькі твораў сусьветна вядомых мастакоў, але і нават простага антыкварыяту. Ці магчыма ў Беларусі зьяўленьне ўнікальных канкурэнтаздольных калекцый? Магчыма. Але не праз спробу стварыць другі Люўр. Колькі б грошай і намаганьняў мы ні ўклалі, гэта будзе ня Люўр і не Эрмітаж, а ў лепшым выпадку — кепская правінцыйная копія вялікага імпэрскага музэю. Другі шлях — пошук новых, унікальных музэйных канцэпцый, якія мелі б унівэрсальны фармат, але зыходзілі з гістарычных адметнасьцяў нашага краю.
Бадай ці не адзін з самых цікавых аб’ектаў на тэрыторыі нашай краіны — «Горад Сонца», унікальны ўрбаністычны ансамбаль камуністычнай эпохі ў Менску. Некалькі год таму альманах pARTisan прэзэнтаваў маштабны праект «Горад Сонца-2», праграму па рэбрэндынгу Менска ў новы турыстычны цэнтар Эўропы. Сёньня «Горад Сонца», які ўжо даўно мусіў займець статус музэю — архітэктурнага запаведніка пад адкрытым небам, фэномэн не «камуністычны», а, хутчэй, «капіталістычны», пэрспэктыўны бізнэс-праект, які пры ўмелай «раскрутцы» займее ўсе шанцы зрабіцца знакамітым у Эўропе турыстычным брэндам.
На жаль, апошнім часам адбываецца адваротнае: мы губляем гэты аб’ект, праз хаатычную забудову цэнтра гораду зьнішчаецца цэльнасьць ансамбля.
Аднак, нягледзячы на наступ некантраляванага хаосу, «Горад Сонца» пакуль яшчэ застаецца найбольш патэнцыйна цікавым музэйным аб’ектам, надзейным і непаўторным капіталам гораду. Праект «Горад Сонца-2» — гэта мільёны і мільёны турыстаў у пэрспэктыве ды, адпаведна, абароты ў мільярды даляраў. I дзеля гэтага ня трэба будаваць гіганцкіх заводаў, а толькі зрабіць дзьве падставовыя рэчы. Па-першае — захаваць гэты горад, не даць яго зьнішчыць. Па-другое — разьвіць адпаведную інфраструктуру музэяў. Менавіта музэяў, бо гатэляў (дзякуй хакею!) ды рэстарацый ужо набудавалі, а музэяў, якія зацікавяць турыста, практычна няма. Пасьля трох-чатырох гадзінаў шпацыру па горадзе ў госьця сталіцы непазьбежна паўстане пытаньне: «Ок! А што далей?» Далей, вядома, абед. А затым, на жаль, «valise, gare, France».
Турыстычны брэнд «Горад Сонца» патрабуе, у добрым сэнсе гэтага слова, музэйнага «дыснэйлэнду». Але не чарговага, падобнага да тых, што ўжо існуюць у Эўропе, а свайго, аўтэнтычнага, унікальнага «дыснэйлэнду». Гораду неабходныя новыя музэі ды частковае перафарматаваньне дзейсных. Паспрабуем уяўна перафарматаваць музэйную мапу Менска пад турыстычны брэнд «Горад Сонца». Напэўна, трэба пачаць з галоўнага музэю краіны.
Большасьць сучасных беларускіх музэяў нам засталася ў спадчыну ад савецкай улады. Тыя ж нешматлікія новыя інстытуцыі, якія паўсталі ў часы незалежнасьці хутчэй зьяўляліся працягам усё таго ж савецкага дыскурсу. Калі адкінуць ідэалягічныя (камуністычныя, марксісцкія) складнікі, то сутнасьць савецкай сыстэмы музэяў можна зьвесьці да каляніяльнай мадэлі. Некалькі дужых Імпэрскіх музэяў (Эрмітаж, Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, Дзяржаўны гістарычны музэй у Маскве), якія ў сваю чаргу перайшлі ў спадчыну СССР ад Расейскай Імпэрыі, вялікая колькасьць іх нашмат менш цікавых клонаў у кожным вялікім горадзе Савецкага Саюза, сетка этнаграфічных (краязнаўчых), зноў жа па функцыі — каляніяльных, бо іх мэта — дасьледаваць захопленыя Імпэрыяй этнасы й культуры, а таксама шэраг тэматычных музэяў, якія з прычыны іх малой сацыяльнай вагі пакінем па-за разглядам. Асобнай групай у сыстэме стаялі чыста ідэалягічныя музэі (да прыкладу, Музэй Рэвалюцыі ў Маскве), якія былі перафарматаваныя ці зьніклі са зьменай ідэалёгіі, і так званыя музэі «дэпрэсіўнай памяці», экспазыцыі якіх завязаны на падзеях Другой сусьветнай вайны.
Вялікі Імпэрскі Музэй — галоўны рэпрэзэнтант уяўленьня пра музэй у масавай сьвядомасьці ня толькі постсавецкіх краін, але і ўсяго так званага старога сьвету. Спытаўшы выпадковага мінака пра ўзорны музэй, вы, хутчэй за ўсё, пачуеце: Люўр, Прада, Эрмітаж, Брытанскі Музэй. Гэтыя найбольш знаныя ў сьвеце калекцыі ствараліся ў мэтраполіях вялікіх імпэрыяў і па сутнасьці ўяўлялі кунсткамэры, у якія звозіліся нарабаваныя каштоўныя артэфакты з шматлікіх калёніяў. Імпэрскія музэі ня толькі рэпрэзэнтавалі моц і веліч мэтраполіі, але й былі адным зь неабходных яе атрыбутаў, матэрыяльным доказам тэрытарыяльных экспансій. Час Імпэрый сышоў. Грамадзтвы перафарматаваліся. Аднак імпэрскія музэі засталіся нерэфармаваным рэліктам з тых часоў, самі ператварыліся ў адзін вялізарны артэфакт каляніяльнага мінулага народаў.
Пытаньне перафарматаваньня Імпэрскіх музэяў, якое немагчыма без рэстытуцыі, вяртаньня нарабаванага спадкаемцам былых каляніяльных народаў, зь вядомых прычынаў сёньня не стаіць на актуальнай павестцы дня, ды наўрад ці калі-небудзь паўстане. Заходнія грамадзтвы перафарматаваліся, але, мабыць, не настолькі, каб добраахвотна вярнуць былым уладальнікам гэткія скарбы. Хутчэй гэта галаўны боль саміх былых калёніяў, аднак боль бяз шанцаў на вырашэньне нават у далёкай пэрспэктыве. Але тут для нас важны не маральны аспэкт існаваньня вялікіх імпэрскіх музэяў, а той факт, што сёньня ў заходніх грамадзтвах складнік інтэлектуальнага пошуку перамясьціўся да музэйных інстытуцыяў іншага тыпу. А старыя імпэрскія монстры якраз і зрабіліся тым «музэйным дыснэйлэндам» для мільёнаў турыстаў.
Перафарматаваньне музэйнай прасторы Эўропы адбылося не праз рэфармаваньне гэтых інстытуцыяў, а праз выхад у авангард працэсу новых музэяў. Дэмакратычныя сыстэмы ўлады рэпрэзэнтуюць сабе музэямі іншага кшталту.
Аднак ці ёсьць шанец на падобныя зьмены ў Беларусі?
Што сёньня ўяўляе сабою нерэфармаваная мапа музэяў Беларусі? Яна цалкам дублюе ўсё тую ж каляніяльную схему. Вялікі, але правінцыйны клон Імпэрскага музэю з мноствам разнавэктарных (ажно 17!) калекцыяў, дзе ролю антычнасьці выконвае кітайскае мастацтва ХІХ стагодзьдзя (Нацыянальны мастацкі музэй). Краязнаўча-этнаграфічны (Нацыянальны гістарычны) музэй, які мусіць прэзэнтаваць норавы й побыт тутэйшых абарыгенаў, але нават з гэтай задачай ня надта дае рады. Побач з асноўнай экспазыцыяй, раздробленай па паверхах, разьмясьціліся нейкія невялічкія музэйчыкі на любы густ, ад «зялёных кракадзільчыкаў» да «шакалядных мішак». Яшчэ мы маем вялікі, адкрыты ў новым будынку музэй «дэпрэсіўнай памяці» (Дзяржаўны музэй Вялікай Айчыннай вайны), некалькі дробных ды мноства таямнічых ведамасных музэяў, схаваных недзе на гарадзкой пэрыфэрыі. Бадай самы таямнічы з іх — Музэй старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук Беларусі, з фантастычнай, па аповедах нешматлікіх сьведкаў, калекцыяй беларускага мастацтва, пабачыць якую просты чалавек ня мае шанцаў.
Калі галоўны музэй краіны ёсьць рэпрэзэнтантам улады, то якую ўладу сёньня рэпрэзэнтуе Нацыянальны мастацкі музэй зь яго эклектычнай экспазыцыяй, што складаецца зь дзіўнага міксту сармацкага партрэту, парцалянавых статуэтак, твораў сацыялістычнага рэалізму, аўтарскіх варыянтаў пэйзажаў Шышкіна ды эскізаў да карцін перасоўнікаў?
Гаворачы пра ўладу, размова ідзе не пра яе пэрсаніфікацыю, а пра онталягічную сутнасьць, то-бок паняцьце ўлады як сувэрэна ў незалежнай краіне.
Кожная ўлада патрабуе легітымізацыі. Прамузэй і ўзьнік не як калекцыя прыгожых пенкнотаў, а менавіта як адзін са сродкаў легітымізацыі ўлады, збор матэрыяльных доказаў правоў сувэрэна на пэўную тэрыторыю. Кожны барон імкнуўся мець гэты прамузэй у выглядзе фамільных рэліквій, галерэі партрэтаў продкаў ды іншых «сьвятых машчэй». Найлепшай легітымізацыяй для манарха была легітымізацыя ад Бога. Але нават валодаючы «боскім патэнтам», ён мусіў мець матэрыяльны доказ свайго радаводу калі не ад старажытных рымлян, то хаця б ад вікінгаў.
Сёньня сувэрэнам у большасьці краінаў сьвету (прынамсі так дэкляруецца) зьяўляецца народ. Галоўны дзяржаўны музэй і надалей ёсьць неабходным атрыбутам сувэрэна незалежнае краіны, адным з матэрыяльных доказаў яго легітымнасьці. Ён не павінен быць вялікім і выпадковым зборам каштоўнага антыкварыяту. Музэй — гэта тэкст, у дадзеным выпадку тэкст сакральны, матэрыялізацыя калектыўнай памяці і пасланьне да нашчадкаў. Сутнасьць гэтага пасланьня ня ў тым, што ў нас таксама ёсьць Шышкін. Задача яго — засьведчыць легітымнасьць сувэрэна (народа), давесьці яго правы на пэўныя тэрыторыі, праз гістарычныя артэфакты матэрыялізаваць яго радавод нават не да сёмага, а нашмат больш даўняга калена. Бяз гэтага матэрыяльнага доказу легітымнасьць сувэрэна, то-бок народа, заўсёды будзе заставацца пад пытаньнем. Тым больш для нашага ўсходняга суседа, для якога беларусы і ўкраінцы па-ранейшаму неданарод, а іх тэрыторыі па-ранейшаму ягоныя калёніі.
Адсюль вынікае канцэпцыя так неабходнага перафарматаваньня галоўнага музэю краіны. Тым больш, што першая спроба яе прэзэнтацыі ўжо адбылася ў самім жа музэі ў 2014 годзе праектам «Дзесяць стагодзьдзяў беларускага мастацтва». Неабходна вынесьці «за дужкі» ўсё, што ня мае дачыненьня да галоўнага тэксту. Дастаць з запасьнікаў і прэзэнтаваць тое, што працуе на сакралізацыю і легітымізацыю сувэрэна, стварыць яснае, чытэльнае пасланьне. Праз творы мастацтва правесьці шлях ад вікінгаў, крывічэй і яцьвягаў да раньняга сярэднявечча, праз ВКЛ да Рэчы Паспалітай, праз ХІХ стагодзьдзе да Хаіма Суціна і Марка Шагала. Пакінуць у асноўным тэксьце толькі сапраўды вартае з савецкага часу, з таго ж, што ў яго не патрапляе, стварыць асобныя экспазыцыі (да прыкладу, галерэю замежнага мастацтва).
Калі ў гэтым вялікім «пазьле» сёньня і бракуе асобных элемэнтаў, дык прыкласьці намаганьні, каб іх здабыць. Зразумела, аўтэнтыкі Суціна ці Шагала каштуюць нямала. Аднак гэта вялікія грошы для прыватнай асобы, але не для дзяржавы.
З таго, што патрапляе «за дужкі» галоўнага тэксту, ёсьць вялікая калекцыя твораў мастацтва, вартая таго, каб стварыць зь яе асобны музэй, магчыма і ў межах Нацыянальнага, каб пазьбегнуць спрэчак пры падзеле маёмасьці. Гаворка пра савецкую спадчыну. Сёньня яна ніяк не рэпрэзэнтуе ўладу (сувэрэна краіны), а калі і зьяўляецца матэрыяльным субстратам калектыўнай памяці, дык толькі для пакаленьня, якое сыходзіць. Тым ня менш гэтыя творы маюць безумоўную вартасьць, нават ня столькі для нас, але для гледача з замежжа. У Беларусі, на жаль, лічаныя творы Шагала, але мы маем сапраўды ўнікальныя зборы савецкага мастацтва, цікавасьць да якога ў сьвеце нязьменна расьце. Бязглузда было б не скарыстацца гэтай спадчынай і не зрабіць зь яе асобную вялікую экспазыцыю, стварыць новы музэй — Сацыялістычнага рэалізму.
Гэты музэй ня меў бы прэтэнзіяў на сакральную памяць, але стаўся б часткаю вялікага бізнэс-праекту, адным з важнейшых элемэнтаў турыстычна-музэйнага дыснэйлэнду. Гэта якраз тое новае месца, якога так не хапае «Гораду Сонца». Аднак, каб турыстычны брэнд «Горад Сонца» быў эфэктыўным, каб чалавек захацеў застацца тут не на дзень, а на болей, горад патрабуе ня двух, а некалькіх унікальных музэяў. Паспрабуем зрабіць шпацыр па першай топ-пяцёрцы ўяўнага музэйнага «дыснэйлэнду» ў Менску.
Да першых пяці добра б пасавала наступная пяцёрка музэяў, большасьць якіх ужо існуе, але таксама патрабавала б пэўных зьменаў пад фармат турыстычнага Менску.
Музэй Другой сусьветнай вайны гэтаксама мае добрыя шанцы стаць адным з важных цэнтраў турыстычнай інфраструктуры. Аднак ён мусіў бы зрабіць крок у бок большай інтэрактыўнасьці, улучнасьці гледача ў кантэкст экспазыцыі. Добры ўзор такога інтэрактыўнага музэю — Музэй Варшаўскага паўстаньня ў Польшчы. Глядач там ня проста пасіўны назіральнік экспазыцыйнай прасторы. Прастора інтэрактыўнага музэю правакуе яго, ён сам робіцца часткай яе, нібыта ўдзельнік кампутарнай гульні. Можна спрачацца пра маральны аспэкт «дыснэлэндызацыі» тэмы вайны, аднак, калі казаць пра ўлучэньне гледача ў працэс суперажываньня яе, перавага інтэрактыўнага музэю тут падаецца бясспрэчнай.
Экспазыцыя ў Строчыцах мае шанец стаць месцам, якое наўпрост, без двукосьсяў, можна будзе назваць беларускім дыснэйлэндам. Дзеля гэтага архітэктурную экспазыцыю трэба дапоўніць рэканструкцыяй абрадаў, народных сьвятаў, майстэрнямі традыцыйных рамёстваў, якія разам з забаўляльным сэрвісам (корчмы, канюшні, гуляньні) сталіся б сур’ёзным цэнтрам прыцягненьня ня толькі турыстаў, але і беларусаў.
Першае балючае пытаньне, якое паўстане пры рэалізацыі праграмы (добра, што яно хаця б не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў), — пераразьмеркаваньне калекцый. Наўрад ці ёсьць сэнс мець два падобныя музэі ці распыляць нешматлікія артэфакты пэўнай эпохі па мноству дробных калекцый. Відавочна, старажытнабеларускае мастацтва мусіць быць сканцэнтравана ў Нацыянальным. Гэтак жа як лепшыя творы савецкай эпохі — у Музэі сацыялістычнага рэалізму. Малаверагодна, што музэі падзеляцца сваімі калекцыямі добраахвотна. Але магчыма, калі на гэта будзе палітычная воля дзяржавы.
Другое пытаньне: папаўненьне вышэй згаданых калекцый, гэтак жа як і ўтрыманьне музэяў, патрабуе немалых сродкаў. Відавочна, што ў фармаце вялікага турыстычнага бізнэс-праекту частку гэтых грошай інстытуцыі могуць зарабіць самі. Але мала які музэй у сьвеце можа выйсьці на поўную самаакупляльнасьць. Аднак у разьвіцьці музэйнай інфраструктуры зацікаўлены горад, і перш за ўсё — тыя бізнэс-структуры, якія наўпрост атрымоўваюць прыбытак ад турыстычных патокаў. Мільён турыстаў, якія на некалькі дзён застануцца ў Менску, гэта каля паўмільярда даляраў прамых інвэстыцый у эканоміку горада. Аднак турыстычны брэнд «Горад Сонца» мае патэнцыял большы, чым мільён турыстаў у год. Гаворка ідзе пра практычна яшчэ не адкрытую (наўрад ці можна сур’ёзна ўспрымаць тую колькасьць турыстаў, што сёньня прыяжджаюць у горад), але вялікую галіну ў эканоміцы з абаротамі ў мільярды даляраў. Але гэтая галіна не запрацуе напоўніцу без стварэньня адпаведнай інфраструктуры музэяў.
Дзе ўзяць грошы на яе ўтварэньне? Наўрад ці дзяржаўны бюджэт можа дазволіць сабе такія выдаткі. Самым лягічным выйсьцем было б заснаваньне адмысловага пазабюджэтнага фонду, які зьбіраў бы ахвяраваньні ад зацікаўленых бізнэс-структураў.
Кожны з названых музэяў меў бы магчымасьць на конкурснай аснове зьвяртацца ў яго па грант на пашырэньне калекцый ці фінансаваньне пэўных праграмаў. Аднак ад разьвіцьця турызму выйграюць ня толькі гатэлі, агенцыі, сэрвісы, рэстарацыі, клюбы. Калі грошы застаюцца ў дзяржаве, у выніку іх далейшага пераразьмеркаваньня ў плюсе застаецца кожны. То можа, прасьцей увесьці ў Менску мясцовы музэйны падатак? Невялікі адсотак ад прыбыткаў кожнага прадпрыемства ў двухмільённым мегаполісе — і набыцьцё арыгіналаў Суціна ці Шагала робіцца абсалютна рэальным. Ня ведаю, ці існуе дзе-небудзь у сьвеце музэйны падатак. А калі нават і не, дык чаму б нам ня стаць першымі?
Артур Клінаў
pARTisan #27’2015. Праект падтрыманы Інстытутам Гётэ ў Менску.
Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.
Музэй камунізму існуе ў Празе, але ён прысвечаны перыяду з 1948 па 1989 годы ў Чэхіі.
Думаю, што музеі камунізма можна адкрываць у кожнай краіне з такім мінулым. І кожны з такіх музеяў будзе асаблівы і не падобны адзін на аднаго, таму што — розныя твары камунізмаў (калі гэта так можна назваць). У Менску быў бы свой, як дарэчы і Музей савецкай акупацыі быў бы непадобны на Музей у Тбілісі.