ІДЭЙНАСЬЦЬ, АЎТЭНТЫЧНАСЬЦЬ І ДАСТУПНАСЬЦЬ

pARTisan #27’2015. Тарашкевіца

Чаго мы чакаем ад музэяў і што такое наогул музэй? Навукоўцы вядуць актыўныя пошукі дэфініцыі для гэтага панятку, што мусіць адпавядаць сучасным навуковым падыходам і рэаліям практычнага жыцьця.

Сёньня сьвет, поўны пярэчаньняў паміж інфармацыйным багацьцем і дэфіцытам ведаў, уяўляе сабой інфармацыйна-псыхалягічную пагрозу для назапашваньня асабовых кампэтэнцыяў. Музэй, прытым, быў і застаецца ўнікальным вынікам узаемадзеяньня культуры і розуму чалавека. Згадваю свой леташні музэйны год і дзячу лёсу за тое, што я здолеў гэтулькі пабачыць, узбагаціць свой досьвед.

Musée National du Bardo. Фота С.Харэўскі

Musée National du Bardo. Фота С.Харэўскі

Сярод найгалоўнейшых маіх высноваў з гэтага досьведу — тое, што музэй ня мусіць быць ідэйна нэўтральным, як энцыкляпэдыя. Сучасны музэй — ня толькі большае ці меншае сховішча артэфактаў, як антыкварная крама. Музэй павінен узрушваць і змушаць да мысьленьня, як гэта, напрыклад зроблена ў Музэі сучаснага мастацтва ў Стакгольме. Там наведнік ня проста знаёміцца з імёнамі й творчасьцю найбольш значных творцаў найноўшага часу, ад Пікаса й Маціса да Мандрыяна й Дзюшана, але — з тымі, хто мысьліў катэгорыямі будучыні, сацыяльнага прагрэсу й гуманізму. Таму ў стакгольмскім Музэі сучаснага мастацтва няма твораў фашыстаў, сталіністаў, расістаў. Там няма афіцыёзнага акадэмізму ці камэрцыйнае салённасьці.

Экспазыцыя ўкладзеная так, што ты міжволі кожны крок робіш толькі наперад, усьведамляючы, якія выклікі сьвету непакоілі, трывожылі ці абуралі мастакоў.

Той музэй быў людны сярод працоўнага дня, бо ягонае наведаньне — важная частка выхаваньня і асьветы ўсяго грамадзтва, ад дзяцей да імігрантаў. Сюды прыяжджаюць цэлымі сем’ямі. Менавіта каб спасьцігнуць дух гуманізму, якім прасякнуты ўвесь гэты музэйны асяродак, на востраве Шэпсхольмэн, у цэнтры Стакгольма.

Гэткае ж сэнсоўнае ўзрушэньне я перажыў у Музэі гісторыі польскіх габрэяў у Варшаве — сапраўдны шэдэўр архітэктуры пасярод непрыкметнага кварталу Муранава. Унікальны будынак у выглядзе вялізарнага ліхтара, што асьвятляе цэлы квартал, спраектаваў фінскі архітэктар Райнэр Махламякі. А ў сярэдзіне мы нібы трапляем у цясьніны палестынскіх гораў, якія то сьціскаюцца, то расступаюцца перад намі, бы морскае дно, ведаючы, што ў залі распавядаюць пра тысячагодзьдзе супольнай гісторыі славянаў і габрэяў на нашых землях, гісторыі, якая была трагічна абарваная… Але Музэй гісторыі польскіх габрэяў — гэта не музэй Галакосту. Я назіраў за плыняю наведнікаў розных моваў і расаў, што, заходзячы, як зачараваныя азіраліся па баках, разглядаючы незвычайную архітэктуру, а тыя, хто выходзілі, былі ў здуменьні. Сучасны музэй мусіць быць носьбітам значных ідэяў, увасобленых у адмысловай архітэктуры. У гэтым сэнсе мне цяжка штосьці прывесьці ў прыклад зь беларускіх музэяў, дзе нават зялёная хатка І зьезду РСДРП не тлумачыць, чым жа былі яны, сабраныя на зьезд, такія харошыя, і чым завяршыліся іхныя біяграфіі.

Нібы выдраны кавалак кнігі — ні канца, ні пачатку… Лішне казаць: у тым музэі ўсё — несапраўднае, пачынаючы ад падмуркаў!

Сучаснага наведніка музэя можна назваць «новым культурным спажыўцом», арыентаваным не толькі на атрыманьне канстатуючай дыдактычнай інфармацыі асьветнага кшталту, але і на атрыманьне задавальненьня. Музэй трансфармуецца, пераўтвараецца ў інстытут унутрыкультурнае рэфлексіі, пашыраючы жыцьцёвыя гарызонты наведніка. У гэтым сэнсе для мяне надзвычай важным быў досьвед Туніса. У адрозьненьне ад многіх музэяў нашае часткі сьвету, там экспануецца толькі (!) аўтэнтыка. На Віле Себасьціяна ў Хамамэце, пабудаванай паводле праекту славутага амэрыканскага архітэктара Ф. Л. Райта, дзе гасьцявала француская, румынская і брытанская багема, можна ўбачыць сапраўдныя асабістыя рэчы «ліса пустэльні» — нямецкага генэрала Ромэля, Ўінстана Чэрчыля, які пачаў тут пісаць свае мэмуары, брытанскага караля Георга IV. Цяпер тут мастацкая галерэя, але засталіся паўсядзённыя пабытовыя рэчы колішніх гасьцей, якія можна проста памацаць. У тамтэйшых «мэдынах» — сярэднявечных цэнтрах гарадоў за крапаснымі мурамі — ёсьць свае музэі пры старажытных мячэтах. Але перадусім у Тунісе ёсьць Нацыянальны музэй Бардо, дзе сабраная калекцыя рымскіх і бізантыйскіх мазаікаў, антычных, маўрытанскіх і асманскіх твораў мастацтва. Тут можна знайсьці і падрабязна вывучыць гісторыю Туніса і старажытнага магутнага Карфагена, паглядзець экспанаты Пунічнае эпохі, старажытнага Рыма і старажытнае Грэцыі, мноства прадметаў мусульманскай і хрысьціянскай культураў. Усё, што было калі-кольвек знойдзена пад зямлёй, пад вадой і на зямлі, клясыфікавана, апісана ды падрабязна вывучана й годна выстаўлена для зручнага агляду. Можна пабачыць самую вялікую ў сьвеце ацалелую арыгінальную мазаіку, што займае плошчу 56 квадратных мэтраў і вялізарную залю. Некаторыя мазаікі нельга здымаць з фотаўспышкамі, а іншыя можна мацаць рукамі й па некаторых — нават хадзіць! Гэта стварае ўнікальную атмасфэру спрычыненасьці, нечуванае для нас, беларусаў, даступнасьці да аўтэнтыкі.

Musée National du Bardo. Фота С.Харэўскі

Musée National du Bardo. Фота С.Харэўскі

Канцэпцыя музэю Бардо распрацаваная з улікам ня толькі акадэмічных і археалягічных дасьледаваньняў, але й актыўнага выкарыстаньня музэйнае экспазыцыі, прадстаўленай праз храналягічныя і тэматычныя экскурсійныя праграмы, адаптаваныя да густаў шырокае публікі. Публіка тут насамрэч вельмі розная, разнамоўная і рознаўзроставая. Гэта вымагае ад супрацоўнікаў немалых ведаў і прафэсійных практыкаў. Музэйныя работнікі што ў Швэцыі, што ў Польшчы, што ў Тунісе — абсалютна непадобныя да нашых сонных пэнсіянэрак, рассаджаных па кутах заляў… Як і ў Стакгольме і ў Варшаве, туніскі музэй Бардо — унікальны арыгінальны будынак, узьведзены паводле праекту туніскага архітэктара Аміра Нуіра пры дапамозе францускіх інжынэраў і дызайнэраў. Дызайн там заслугоўвае асобнае гаворкі, бо экспанаваць часам вельмі вялікія рэчы, што былі колісь часткаю зусім іншых архітэктурных збудаваньняў, розных маштабаў, — насамрэч складана. Там трэба забясьпечыць вэнтыляцыю і кандыцыянаваньне, абарону ад сонечных промняў. Паўсюль у тым музэі, як, дарэчы, і ў гарадзкіх прасторах Туніса, прадугледжаны непарыўны безбар’ерны асяродак для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі або зь дзецьмі.

Наогул у бальшыні сучасных музэяў менавіта дзеці — самы шанаваны кантынгент наведнікаў, для якіх створаны ўсе магчымасьці, каб у самастойнай тактыльнай ці ролевай гульнёвай формах яны вучыліся самаму важнаму ў музэйнай справе — піетэту да арыгіналаў. Бо які б ні быў музэй, адсутнасьць аўтэнтыкі робіць ягонае існаваньне бессэнсоўным. І менавіта гэтыя дзеці, што ўсьведамляюць розьніцу паміж амаль сакральным, сапраўдным і даступным — у выглядзе муляжоў, макетаў, экранаў, з чым можна гуляцца, адвольна ўкладаючы ў тое ўласны сэнс, — наведнікі музэяў, «спажыўцы культуры» ў будучым.

Калі ж у іх няма прышчэпленага з маленства разуменьня адрозьненьняў паміж арыгіналам і кантрафактам, то ўсе намаганьні ў іншых сфэрах культуры будуць марнымі.

Рацыянальны складнік сучаснае музэйнае інфармацыі ў вялікай ступені ўключаецца ў інфармацыйныя цэнтры, кіёскі, парталы і г.д., вызваляючы прастору для існаваньня культурна-сымбалічных сэнсаў гісторыка-культурнай спадчыны, што адпавядае сучаснай мадэлі музэйнае камунікацыі, якая прадугледжвае множнасьць спосабаў засваеньня рэальнасьці, уключаючы нерацыянальныя — інтуіцыю, уяўленьне, эмпатыю. Але яны ня мусяць замяняць аўтэнтычныя артэфакты, дэзарыентаваць наведніка, скажаючы сэнсы. Дарэчы, у Нацыянальным музэі Бардо няма ані кавярняў, ані сувэнірнага гандлю, за выключэннем навуковай прадукцыі самога музэя — манаграфіі, улёткі-артыкулы, паштоўкі з выявамі музэйных скарбаў. Даход складаецца зь несупыннае плыні экскурсіяў, забясьпечаных тысячамі розных турфірмаў і гатэляў. Рэклямную прадукцыю на тэмы гэтага музэю можна сустрэць у Тунісе паўсюдна! Ад аэрапортаў да таксі. У выніку каапэрацыі ў нацыянальным маштабе нараджаецца ўнікальны фэномэн.

Musée National du Bardo. Фота С.Харэўскі

Musée National du Bardo. Фота С.Харэўскі

Гуманітарныя веды, нараджаючы вобраз, мэтафару, сымбаль, робяць магчымым вычуць сэнсы, схаваныя часам ад рацыянальнага ўсьведамленьня. Вынікам становіцца якасная зьмена асобы — самаідэнтыфікацыя, здабыцьцё новага вопыту, зразуменьне гісторыка-культурнай спадчыны як часткі свайго духоўнага жыцьця. Але толькі пры ўмове несупыннага паўтору гэтага наратыву, беспасрэднага нашага ўдзелу ў музэйных практыках. У гэтым сэнсе музэі нагадваюць храмы — калі ты туды ня ходзіш рэгулярна, то тваё пачуцьцё буцьвее і гасьне, жаданьне вычуваць сэнсы слабее, а ўласна вычуваньне сэнсаў глухне. Музэі й галерэі мусяць быць непарыўна прывязаныя да цэнтраў грамадзкага жыцьця. Яны павінны быць у крокавай даступнасьці ў самых цэнтрах гарадоў. Ад Скандынавіі да Магрыбу гэта ўсьведамляецца як належнае, як тое, што не патрабуе доказу. А цяпер паспрабуйце паставіць сябе на месца госьця Менска, які спрабуе знайсьці шыкоўны Музэй старажытнабеларускае культуры, Менскую гарадзкую галерэю Леаніда Шчамялёва ці, даруйце, Дзяржаўны музэй вайсковай гісторыі або Заалягічны музэй? Досьвед будзе несуцяшальным. Роўна ж бессэнсоўна шукаць музэйных ці галерэйных флаераў і буклетаў у беларускіх гатэлях.

Галерэі ды музэі сышлі з цэнтру сталіцы, страчваючы повязь з рэальнасьцю і сваімі гледачамі. І колішняе пачуцьцё безумоўнага піетэту да арыгіналу мастацкага твора ці гістарычнага артэфакта гасьне на вачах у цэлага пакаленьня.

А разам з гэтым гасьне і ўсьведамленьне таго, чаго мы чакалі ад музэяў і што такое музэй наогул.

 Сяргей Харэўскі

pARTisan #27’2015. Праект падтрыманы Інстытутам Гётэ ў Менску.

Запрашаем на дыскусію «Музей на постсавецкай прасторы: час зменаў?» з удзелам Юліі Ваганавай. 18 чэрвеня ў 18-00 / прастора ЦЭХ (Кастрычніцкая 16). Уваход вольны!

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology