ГЭТА БОЛЬШ АКТУАЛЬНА ЗА ЗВАРОТ ДА САВЕЦКІХ ЗДАНЯЎ

pARTisan #27’2015. Тарашкевіца

Цэнтар сучаснага мастацтва ў Тбілісі паўстаў на мапе гораду ў 2010 годзе. Але гэтая гісторыя пачалася на тры гады раней, калі малады грузінскі мастак і фатограф Вато Цэрэтэлі, заснавальнік і натхняльнік Цэнтру, трапіў на канфэрэнцыю ў Бухарэсьце, дзе ад калег з Усходняй Эўропы пачуў пра тое, што яны для сваіх ініцыятываў атрымалі памяшканьні бясплатна. Тады Вато паверыў у тое, што калі ў іншых гэта атрымалася, то й у яго павінна. «Галоўнае — слушна сфармуляваць камбінацыю інтарэсаў для ўладальнікаў. Нават калі гэта будзе часовая прастора, таму што, як кажа мой сябар, у любым выпадку зараз гэта тваё, ты ў гэтым моманце», — кажа Вато. Гэта сталася для яго адпраўным пунктам, ён прыехаў у Грузію й сустрэўся з адным бізнэсмэнам, які пасьля аргумэнтаў Вато пагадзіўся даць бясплатна адзін з цэхаў старой фабрыкі ў цэнтры гораду. Вато з камандай зрабілі там рамонт і 1 кастрычніка адкрылі першую выставу. Праз тры гады гаспадары памяшканьня запатрабавалі арэнду, Вато адмовіўся й пачаў шукаць новую прастору. І — знайшоў памяшканьне тбіліскага Музэю мэдыцыны, дзе апроч уласных праектаў Цэнтр таксама займаецца рэарганізацыяй музэю ў прынцыпе.

Пра сваю каапэрацыю зь дзяржаўнай інстытуцыяй такога кшталту, агульныя інтарэсы, пра сваю працу ўвогуле распавядаюць ВАТО ЦЭРЭТЭЛІ (удзельнік праекту «Машына часу. Музэі ў XXI стагодзьдзі») й грузінскі мастак МАМУКА ДЖАПАРЫДЗЭ.

Будынак Музея медэцыны. З архіву ССА

Будынак Музэя мэдыцыны. З архіву ССА

— Вато, як здарылася, што Цэнтар сучаснага мастацтва пачаў супрацоўнічаць з Музэем мэдыцыны? Што агульнага паміж сучасным мастацтвам і мэдыцынай?

Вато Цэрэтэлі: Усё адбылося неяк само сабой. Якраз у той момант, калі мы страцілі памяшканьне, Інстытут Гётэ ў Тбілісі запусьціў музэйны праект «Машына часу. Музэі ў XXI стагодзьдзі». І выпадкова дырэктар Музэю мэдыцыны прачытаў у нейкай газэце, якую я ніколі ў жыцьці нават ня бачыў, што я зьяўляюся адным з удзельнікаў праекту. Мы ўжо былі крыху знаёмыя, ён мяне запрасіў і прапанаваў дапамагчы музэю.

Справа ў тым, што цяпер Музэй мэдыцыны знаходзіцца ў жудасным стане. Ён быў заснаваны ў 1963 годзе, і гэта быў першы ў СССР музэй такога пляну, ягоная калекцыя на сёньняшні дзень складаецца больш чым з 19 тысячаў аб’ектаў. Гэта дагістарычныя археалягічныя матэрыялы, артэфакты з XII стагодзьдзя, мэдычныя рукапісы XVII–XIX стагодзьдзяў, старадаўнія мэдычныя прыборы й абсталяваньне, выключная калекцыя фатаграфіяў з 1920-х, жывапіс і скульптура вядомых грузінскіх мастакоў і інш. Але з 2005 году дзяржава перастала фінансаваць музэй, і, можна сказаць, ён «заснуў». А трэба разумець, што калекцыя, архіў музэю — гэта ўнікальныя веды. Супрацоўнікі музэю 40 гадоў праводзілі экспэдыцыі па ўсёй Грузіі, запісваючы народныя рэцэпты. Гэта канкрэтныя веды, да якіх зараз ніхто ня мае доступу.

Я вельмі зацікавіўся прапановай дырэктара музэю, таму што, з аднаго боку, мы шукалі новае памяшканьне. Але зь іншага боку, мне вельмі падабаецца гісторыя Мэдэі, якая мае ня толькі этымалягічную сувязь з мэдыцынай. Менавіта Мэдэя выдумала атруту — атрымала канцэнтрат. А працэс яго разьвядзеньня — гэта й ёсьць база фармацэўтыкі. Тым больш што ў грузінскай мове словы «атрута» й «лекі» маюць адзін корань. Паўнавартаснае функцыянаваньне гэтага музэю важнае яшчэ й таму, што веды пра мэдыцыну — гэта адзін з нашых нацыянальных брэндаў, як, напрыклад, віно ці найстаражытнейшы руднік па здабычы золата.

1

Падчас рэканструкцыі. З архіву ССА

— А якія ты знайшоў канцэптуальныя кропкі перасячэньня мэдыцыны й сучаснага мастацтва?

В.Ц.: Так здарылася, што ў нас першапачаткова была сувязь з гэтай тэмай. У 2010 годзе першая выстава, якую мы зладзілі яшчэ ў прасторы старой фабрыкі, называлася «Здароўе». Мы тады й ня думалі, што ў будучым пачнем супрацоўнічаць з Музэем мэдыцыны. Проста грузінскае слова «здароўе», калі літаральна расшыфраваць, азначае «суцэльная душа». Мяне цікавілаперадусім мэнтальнае здароўе, таму мы зрабілі гэтую выставу.

Мамука Джапарыдзэ: Мне як мастаку нашае супрацоўніцтва з Музэем мэдыцыны здаецца абсалютна натуральным. Калі ў 1960–70-я мастак быў засяроджаны на сваім сьвеце, мастацтва было больш індывідуальнае, то ў 2000-я гэтая ідэя, на мой погляд, састарэла. Сьвет хворы, вакол нас вельмі шмат сьмецьця, таму новае пакаленьне мастакоў не жадае марыць, вобразна кажучы, пра зоркі, а імкнецца думаць пра тое, як жыць тут і цяпер. І мастак як носьбіт пэўных імпульсаў павінен быць этычным з гэтымі пытаньнямі.

Мастак, у прынцыпе, як мэдык. Ён працуе з асяродзьдзем, нібыта з асяродзьдзя вядзе гаворку.Калі мы першы раз зайшлі ў Музэй мэдыцыны, на мяне гэта адразу падзейнічала. Гэта такое «сьпірытыўнае» асяродзьдзе.
tbilisi3

З калекцыі Музея медэцыны. З архіву ССА

В.Ц.: Я таксама быў уражаны атмасфэрай, таму мы адразу пагадзіліся супрацоўнічаць. Дарэчы, будынак сам па сабе ўнікальны: яго пабудаваў нямецкі архітэктар у 1872 годзе. Мы падумалі, што будынак не такі вялікі, каб мы не дасталі грошы для рэканструкцыі. Так і здарылася.

Але для нас ад самага пачатку было важна ня проста адрамантаваць музэй, але рэарганізаваць яго, зрабіць па-іншаму.

У нас ужо ёсьць ідэя зьмяніць назву на Музэй Мэдэі. Мы ўжо рэалізоўваем асобныя праекты ў ягоных межах. Напрыклад, Мамука ва ўнутраным дворыку будынку распрацоўвае Сад Мэдэі. Ёсьць адна старая кніга, дзе апісваецца 36 розных расьлінаў, якія Мэдэя культывавала ў сваім садзе. У выніку гэта будзе, з аднаго боку, канцэптуальная праца мастака, а зь іншага, яна будзе ўтрымліваць у сабе веды, зьвязаныя з музэем. Яшчэ ў нас ёсьць ідэя зрабіць такую плятформу-форум для людзей, якія дома гатуюць лекі, каб яны прыходзілі, распавядалі й паказвалі тое, што робяць. Таму што такой плятформы ў нас зараз няма.

То бок ідэяў шмат, і вельмі добра, што дырэктар музэю, сын ягонага заснавальніка, аказаўся адкрытым да экспэрымэнтаў чалавекам. Над праектам працуе цэлая група: гэта Рамаз Шангелія (Ramaz Shengelia), дырэктар музэю, Ака Мархіладзэ (Aka Morchiladze), пісьменьнік і гісторык, Франц Бэлсэр (Frances Belser), мастак з Швэйцарыі, Ганс дэ Гердэр (Hans De Herder), экспэрт зь Нідэрляндаў, і я. Гэта будзе музэй новага тыпу, магчыма, больш арыентаваны на атмасфэру, чым на гісторыю. Адзін нямецкі куратар казаў, што музэй павінен быць як ядзерная станцыя, то бок неабходная дынаміка. Я з гэтым згодны. Мы пакуль толькі пачалі, але што важна: як толькі мы туды зайшлі й сталі там працаваць, дзяржава пачала даваць грошы. Гэта значыць, узьнік рух, які немагчыма ігнараваць.

— Якое месца ў гэтай структуры — маю на ўвазе Музэй мэдыцыны — займае ЦСМ?

В.Ц.: Я думаю, мы тут таксама часова. З дырэктарам у нас такі кантракт: мы дапамагаем канцэптуальна, пішам праекты, робім блог, а яны даюць бясплатнае памяшканьне для працы ЦСМ. Калі музэй ажыве й запрацуе, мы адсюль пераедзем, таму што хочам усё-такі мець сваю аўтаномную прастору. У любым выпадку для нас гэта вельмі цікавы досьвед, і, мяркую, нашыя мастакі пакінуць пасьля сябе шмат добрых працаў, пра якія потым, можа, і не падумаюць, што гэта мастацтва. Вось гэта й цікава.

— Якія напрамкі дзейнасьці, акрамя выстаўных праектаў, мае ваш цэнтар?

В.Ц.: Па-першае, гэта адукацыйная плятформа — дзевяцімесячны курс пад назваю «Нефармальная магістратура». За чатыры гады праз гэты курс прайшло каля 50 чалавек, і каля 30 зь іх ужо пабывалі з рознымі праектамі ў Заходняй Эўропе. Адна студэнтка паступіла бясплатна ў Цюрых ва ўнівэрсытэт. Па-другое, калі казаць пра выстаўныя праекты, нам цікава шукаць для іх розныя прасторы, у тым ліку й публічныя, то бок нейкія незвычайныя, нестандартныя месцы. Напрыклад, мы рабілі двухдзённы фэстываль у адным з аддаленых раёнаў гораду, калі раптам у фактычна закінутым месцы паўстала цэлая арт-вуліца. Па-трэцяе, мы займаемся праграмай рэзыдэнцыяў для мастакоў. Нашыя аўтары ўжо пабывалі ў Швэйцарыі, Францыі, Даніі, Швэцыі — і наадварот. Таксама мы робім дасьледчы праект, прысьвечаны гісторыі сучаснага грузінскага мастацтва ХХ стагодзьдзя, якім займаецца група з 20 чалавек. Да гэтага часу ў нас няма такой гісторыі, ёсьць толькі гісторыя грузінскага савецкага мастацтва. Ужо выдадзеная адна невялікая кніга артыкулаў, у выніку іх будзе шэсьць. Гэта апісаньне працэсаў у нашым сучасным мастацтве зь сёньняшняй пэрспэктывы, аналіз найважнейшых тэндэнцыяў дзесяцігодзьдзяў.

Actors of Urban change

«Actors of Urban change» праект. З архіву ССА

Яшчэ адзін праект — гэта Трыенале сучаснага мастацтва ў Тбілісі. Часьцей за ўсё ў такіх праектах гаворка ідзе пра стварэньне брэнду гораду. Але для мяне тут самай істотнай зьяўляецца тэма адукацыі, таму што, я думаю, гэта найважнейшая праблема сучаснасьці, актуальная для ўсяго сьвету. Нават для Заходняй Эўропы, дзе мастакоў найперш рыхтуюць да арт-рынку, што, на мой погляд, супярэчыць сутнасьці мастацтва. Таму мы хочам, каб на нашай трыенале гаворка ішла менавіта пра адукацыю й веды. Наступная трыенале адбудзецца ў Тбілісі 1 кастрычніка 2015 году й будзе называцца «S.O.S — Self. Organize. System». Гэта будзе прэзэнтацыя розных сыстэмаў салідарнасьці, самаарганізацыі й г. д.

RELAX (Chiarenza & Hauser & Co) — A Word A Day To Be Wiped Away. З архіву ССА

— Наколькі, на твой погляд, актуальная ідэя стварэньня Музэю савецкага мінулага, праца з савецкаю спадчынай на постсавецкай прасторы?

В.Ц.: Я ведаю, што для многіх краінаў постсавецкага блёку гэта неадпрацаваная тэма. Увесь час гучаць даты 1917-ы, 1937-ы, зварот да гэтай гісторыі. Мы таксама ў Грузіі з гэтым працуем. Але, мне здаецца, трэба думаць пра будучыню, пра тое, як чалавеку выбудаваць свае зносіны з прыродай, напрыклад.

Мне падаецца, гэта больш важнае й актуальнае за зварот да савецкіх зданяў.

pARTisan, лістапад 2014

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology