«АНАТОМІЯ. ІДЭАЛЬНАЕ ЦЕЛА»: АДКАЗЫ НА ШЛЯХУ ПОШУКУ

Гэтае лета нечакана выявілася надзвычай багатым на цікавыя праекты, рэалізаваныя як на прыватных, так і на дзяржаўных пляцоўках сталіцы. Усяго пару дзён таму ў галерэі «Ў» адкрылася групавая выстава «Вымярэнне пустаты», радуе адважным супрацоўніцтвам з актуальным мастацтвам Літаратурны музей Максіма Багдановіча, на прасторы якога здзейснена мастацкая інтэрвенцыя «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры» (абедзве выставы ладзяцца ў межах праекта «АРТ-СОЦ-ЛАБ»). А Цэнтр сучасных мастацтваў ужо не першы год аддае свае залы пад праект «Анатомія» куратару і мастачцы Дзіне Даніловіч.

Фрагмент серыі Таццяны Лісоўскай «Dolce e vita» / выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Фрагмент серыі Таццяны Лісоўскай «Dolce e vita» / выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Праблемы цялеснасці — далёка не новы кірунак у куратарскай дзейнасці Дзіны Даніловіч. Першая групавая выстава «Анатомія» была паказаная на арт-пляцоўках Віцебска ў сакавіку 2013 года, аб’яднаўшы пад адным дахам працы 18 аўтараў. Сёння, праз тры гады, удзельнікаў больш, а менскіх залаў, дзе дэманструюць фота, відэа і інсталяцыі, — 11. І калі падчас першай выставы Дзіна скардзілася на складанасці ў пошуку ахвочых выставіць свае працы, то цяпер, назіраючы разнастайнасць прадстаўленых праектаў, сумненняў у недахопе імёнаў не ўзнікае.

Аднак «Анатомія» відавочна вырасла не толькі ў колькасным, але і ў якасным плане. А больш за ўсе радуе з’яўленне аўтараў, якія нарэшце пачалі разумець, што зададзеная тэма мяркуе далёка не толькі фатаграфаванне голых жанчын альбо «хлопчыкаў, у якіх усё бачна».

У гэтым сэнсе, сыходзячы з размежавання, прапанаванага выбітным французскім даследчыкам Андрэ Руе, фотапраекты «Анатоміі-3» можна ўмоўна падзяліць на дзве групы. Тыя, дзе фатаграфія ўсё яшчэ выступае ў якасці састарэлай сёння «фатаграфіі-дакумента», і тыя, дзе яна прадстаўляе іншыя, «абыходныя» шляхі доступу да рэчаў, фактаў і падзеяў: пераходзячы ад «калькі [рэальнасці] да мапы, ад ідэалу праўды і блізкасці да бясконцай гульні аддалення і дыстанцый» [1]. У першую групу, на жаль, трапляе пакуль большая колькасць прац — такіх, дзе гледачу прапануецца разам з аўтарамі фота атрымаць асалоду ад літаральнага чытання паняцця «ідэальнасці», гэта значыць разглядаць здымкі ідэальных аголеных целаў. У пераважнай большасці, натуральна, жаночых і юных. І калі прысутнасць у экспазіцыі натуралістычных прац класіка польскай фатаграфіі Збігнева Длубака, выкананых у 1970-1974 гады, можна растлумачыць жаданнем куратаркі найбольш поўна, у эвалюцыі, прадставіць заяўленую тэму, то прычыны звароту да сінанімічнай і сёння абсалютна не актуальнай візуальнай мове ў работах сучаснага маладога аўтара Андрэя Карачуна незразумелыя. «Асэнсавання цела», заяўленага ў назве праекта, так і не адбылося.

Фрагмент серыі Андрэя Карачуна «Некаторыя практыкі асэнсавання цела» /  выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Фрагмент серыі Андрэя Карачуна «Некаторыя практыкі асэнсавання цела» /
выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Такім чынам, больш падрабязна хацелася б спыніцца на праектах, якія трапляюць пад тэг «фатаграфіі-выразы», куды з упэўненасцю можна аднесці серыі Таццяны Лісоўскай, Сяргея Ждановіча, Алены Пратасевіч і Сяргея Кажамякіна.

У праекце дызайнеркі ды фатографа з Віцебска Таццяны Лісоўскай «Dolce e vita» і ў трох працах Сяргея Ждановіча з серыі «Метаморфінг» выкарыстоўваюцца неадушаўлёныя прадметы (цацкі), праз іх адбываецца крытыка канцэпцыі «ідэальнага цела». Праекты аб’ядноўвае пільная цікавасць да лініі пластыкавых лялек Барбі, якая, як адзначала ў сваім фундаментальным даследаванні «Полая жанчына: свет Барбі знутры і звонку» пісьменніца Ленор Гаралік, уяўляе з сябе «клубок цалкам не цацачных тэм: грамадства спажывання, гендарнае самавызначэнне, глабалізм, этнічная і расавая варожасць, сучасная педагогіка, няпоўныя сем’і, успрыманне поп-культуры, сацыялізацыя асобы, страх смерці — словам, усё, што на сённяшні дзень утварае кола найбольш актуальных і найбольш балючых праблем чалавечага грамадства»[2]. Беларускія аўтары, натуральна, не з’яўляюцца наватарамі ў разгортванні канцэптуальных гульняў у лялькі. Барбі ў сучаснай фатаграфіі — надзвычай папулярны персанаж, які натхняе мастакоў на часам вельмі вар’яцкія ідэі. Дастаткова ўспомніць жорсткі праект Марыэль Клейтан (Mariel Clayt), што паказвае садысцкія схільнасці амерыканскай іконы прыгажосці, серыю партрэтаў-калажаў Шэйлы Прыі Брайт (Sheila Pree Bright) альбо іранічныя тэатралізаваныя мізансцэны з касцюмаванымі героямі — «Паўшыя прынцэсы» і «У лялечным доміку» Дзіны Голдштэйн (Dina Goldstein).

Гульні, у якія гуляюць са сваімі лялькамі Таццяна Лісоўская і Сяргей Ждановіч, пры адсутнасці тлумачальнага куратарскага ці аўтарскага тэксту паўстаюць не настолькі чытэльнымі і выразнымі, чым тыя, што мы бачым у праектах іх замежных калегаў. Аднак эмоцыі і разважанні, якія яны выклікаюць, моцныя і шматслойныя. Так, віцебская фатограф стварае ў сваіх фотаздымках аптычныя ілюзіі, звязаныя з перспектывай і маштабам лялек, тым самым прапаноўваючы падумаць над неадпаведнасцю патрабаванняў грамадства і масавай культуры да канонаў прыгажосці і «ідэальнасці» чалавечага цела ў сучасным свеце.

На бессэнсоўнасць гэтых патрабаванняў таксама ўскосна намякае часта прысутная на здымках маска — у чым, як не ў сляпым перайманні штучных ідэалаў, можна вінаваціць натоўпы прыхільнікаў гламурнага свету?

Працы Сяргея Ждановіча, з прычыны вялікага маштабу і простасці франтальнай кампазіцыі, выглядаюць лаканічнымі і таму пужаюць. Антрапаморфнасць, заканамерна закладзеная ў вобраз любой цацкі, у праекце гэтага аўтара ўзводзіцца ў абсалют. Безабароннае, нерухомае, застылае ў ненатуральнай паставе безгаловае («ідэальнае») цела лялькі, бязвокая пластыкавая цацка Пятачок, дыснэеўскія прынцэсы ў манерных позах, з-пад спадніцаў якіх замест ног выглядаюць пачварныя «пратэзы» — што стаіць за прыгожымі выявамі ідэальнага? Гледзячы на трыпціх з «Метаморфінгу», адказ на гэтае пытанне глядач адчувае на ўзроўні несвядомых перажыванняў: страх, асуджанасць, адчуванне тупіковасці прытрымлівання ненатуральных прынцыпаў «Барбі-свету».

Яшчэ адным годным праектам «Анатоміі-3» ёсць візуальнае даследаванне матэрыялаў малюнкаў рэсурсу «Ebay», якое правяла фатограф Алена Пратасевіч. На працягу шасці месяцаў яна праглядала раздзел з фатаграфіямі, пазначанымі #Perfect Body, збіраючы свой уласны лічбавы архіў знаходак з усяго свету. Вынікам стала фотатэка, што налічвае больш за 200 малюнкаў, некаторыя з іх і ўвайшлі ў экспазіцыю «Анатоміі-3».

Фрагмент серыі Алены Пратасевіч «#Perfect Body (хэштэг Ідэальнае цела)» /  выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Фрагмент серыі Алены Пратасевіч «#Perfect Body (хэштэг Ідэальнае цела)» /
выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Сама аўтарка так апісвае мэту сваёй канцэптуальнай калекцыі: «Складанне гэтага архіва мела для мяне выключна даследніцкі інтарэс, пры гэтым я не ставіла за мэту атрымаць у выніку тыпалогію, візуальную дыяграму альбо класіфікацыю — мне было важней зразумець, чаму людзі адносяць той ці іншы фотаздымак да катэгорыі „ідэальнае цела“, убачыць прыкметы, па якіх яны называюць прадстаўленае цела ідэальным». Высновы, якія можа зрабіць, разглядаючы сабраныя Аленай Пратасевіч здымкі, выдатна кладуцца на канцэпцыю сучаснага разумення прыгажосці як «выпрабавання», прадстаўленую ў працы «Мастацтва прывабнасці. Гісторыя цялеснай прыгажосці ад Рэнесансу да нашых дзён» прафесара Універсітэта Парыж V Жоржа Вігарэла. Спецыяліст у галіне рэпрэзентацыі і культурнай гісторыі цела лічыць, што для цяперашняга этапу развіцця культуры і соцыуму характэрная высокая значнасць індывідуальнасці, якая стала асновай сучаснага свету.

«Асоба „вызначаецца сваім вонкавым выглядам“, як сцвярджае сацыёлаг Ален Эрэнберг, прычым выключна знешнім выглядам: тое, што чалавек дэманструе на „цялесным“ узроўні, становіцца гэтак жа важна, як тое, што ён кажа. Адсюль празмерная стараннасць у імкненні „паказаць“ сябе, бачную частку свайго „я“, сваю працу над прыгажосцю, каб прадэманстраваць цэласнасць сябе як асобы». [3]  Разважаючы пра «працу над прыгажосцю», Жорж Вігарэла мае на ўвазе шэраг «выпрабаванняў», якім сённяшні чалавек гатовы сябе падвяргаць з мэтаю дасягнення ідэалаў, што актыўна транслююцца праз тэлебачанне і музыку. Гэта разнастайныя модныя дыеты, павальнае захапленне фітнесам і танцамі, рост папулярнасці трэнажорных залаў.

Месца асноўных крытэрыяў прыгажосці цела трывала занялі эратычныя і функцыянальныя абліччы. І ілюстрацыі менавіта гэтых рысаў мы бачым у адабраным Аленай Пратасевіч матэрыяле з сусветнай сеткі.
Фрагмент серыі Алены Пратасевіч «#Perfect цела (хэштэг Ідэальнае цела)» /  выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Фрагмент серыі Алены Пратасевіч «#Perfect цела (хэштэг Ідэальнае цела)» /
выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

У якасці выказванняў пра ідэальнае цела, дзе выразна прагаворваюцца канцэптуальныя аспекты дадзенай праблемы, неабходна адзначыць два найцікавейшыяпраекты класікаў беларускай фатаграфіі — Сяргея Кажамякіна («У пошуках ideal body») ды Ігара Саўчанкі («Дапушчэнне Кшыжаноўскага»). Першы спалучае ў сабе візуальны матэрыял і элементы інсталяцыі — выпуклыя літары шрыфту Брайля, замяніўшы якімі звыклае «бачанне ідэальнасці», аўтар прапануе гледачу самастойна адказаць на пытанні: «Ці любая бачнасць выклікае давер… Ці можам мы растлумачыць, стоячы перад карцінамі, скульптурамі і фатаграфіямі, якія дэманструюць прыкрашаныя, ідэалізаваныя, а часам і знявечаныя целы, чаму мы так упарта іх выяўляем?» Прымаючы прапанаваныя фатографам правілы гульні, мы здольныя паспрабаваць пераасэнсаваць папулярныя ўяўленні пра прыгажосць і ідэальнасць (выпадкова ці не, але ў той жа зале, якраз за нашай спінай, знаходзяцца серыі Андрэя Карачуна і Алены Пратасевіч), задзейнічаючы ў іх пазнанні тактыльныя адчуванні.

Што ж у такім выпадку застаецца ад «ідэальнасці»?

Пасля эксперыментаў адкрытага дыялогу Сяргея Кажамякіна з гледачом у экспазіцыі ўзнікаюць «тэксты» Ігара Саўчанкі. «Дапушчэнне Кшыжаноўскага» задзейнічае выключна тэкставы медыум падачы інфармацыі, а саму ідэю праекта можна апісаць як увогуле кульмінацыю ўсёй «Анатоміі-3». Застаючыся верным свайму «тэкставага стылю» актуальнага перыяду творчых пошукаў, фатограф і літаратар Ігар Саўчанка прапануе дэталёва перапрацаваны ланцужок разважанняў пра ідэальнае цела, крытэрыі вызначэння якога ён супастаўляе з працэсам факусоўкі люстранога і дальнамернага фотаапаратаў. У фінальным пасажы разваг аўтара мы чытаем:

«З’яўляемся мы толькі спосабам фармавання гэтага канала альбо / і самой крыніцай сігналу, і што там — на прыёмным баку? Як ведаць, што адкрыецца нам у адказах на гэтыя пытанні ці нават на шляхах пошуку такіх адказаў?»

Праца Ігара Саўчанкі «Дапушчэнне Кшыжаноўскага» / выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Праца Ігара Саўчанкі «Дапушчэнне Кшыжаноўскага» / выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Суаднясенне гэтай высновы з цэнтральным паняццем экспазіцыі — ідэальным целам — дэмакратычна, зусім на іншым узроўні абагульнення зводзіць «шляхі» персанальных шуканняў усіх 22-х аўтараў пад адзін добры, аптымістычны назоўнік, які прадугледжвае нязменнае суб’ектыўнае адкрыццё: калі не на выхадзе, дык абавязкова ў дарозе. І, нібы па іроніі лёсу, на выхадзе з залы са мной пачынае гутарку пажылы наглядчык Цэнтра. «Ну, што ж вы хочаце? — з доляй мудрай паблажлівасці пытаецца ён. — І ў Шышкіна, і ў Левітана былі свае канцэпцыі. Усё ж не проста так „малявалі“. Ва ўсіх свая філасофія».

«І насамрэч — усё ж так і ёсць!» — думаю я. Хтосьці, рэфлексуючы ў сілу сваіх магчымасцяў на тэму «ідэальнага цела», здымае дарослых жанчын на фоне гламурных партрэтаў іх «ідэалаў», побач з якімі гэтыя жанчыны не могуць не прайграць, выглядаюць стомлена і страчана. Хтосьці здымае ў розных ракурсах хударлявага аголенага мужчыну, сарамліва прыкрываючы яго палавы орган панарамнай фатаграфіяй горада. Хтосьці бегае па лесе з голай дзяўчынай і фотаапаратам… Усе яны шчыра шукаюць і знаходзяць свае адказы.

Усё ж не проста «малююць».

Фрагмент серыі Дзіны Даніловіч «Блізкасць» / выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Фрагмент серыі Дзіны Даніловіч «Блізкасць» / выстава «Anatomia. Ідэальнае цела», Менск 2015

Вольга Бубіч

[1] Андре Руйе «Фотография. Между документом и современным искусством»
[2] Ленор Горалик «Полая женщина: мир Барби изнутри и снаружи»
[3] Жорж Вигарелло «Искусство привлекательности. История телесной красоты от Ренессанса до наших дней»

Фатаграфіі В.Бубіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology