ЖАНОЦКАСЦЬ І ІДЭНТЫЧНАСЦЬ

Выстава беларускай мастачкі Л.Хрысцевай (вядомай як L.Christeseva) пад назвай «Sustainidentity» прайшла ў чэрвені ў Цэнтры Сучаснага Мастацтва «Куланшы» ў сталіцы Казахстана — Астане. Адкрыццё было прымеркавана да святкавання Дня Швецыі, краіны, дзе мастачка пражывае на сённяшні дзень. Як кажа L.Christeseva, ёй цікава экспанаваць свае працы ў розных краінах, паколькі гэта дае ёй магчымасць паглядзець на сваё мастацтва вачыма людзей з іншай культуры.

Инсталляция Sustainidentity.

Л.Хрысцева. Інсталяцыя «Sustainidentity»

«Sustainidentity» — праект, у якім L.Christeseva даследуе тое, як розныя культуры ўплываюць на нашае ўяўленне пра жаноцкасць і ідэнтычнасць. Гэта мабільны праект, а значыць кожная новая выстава дадае змены і новыя элементы ў ягоную структуру. Мастачка не ставіць сабе задачу адказаць на пытанні, што такое жаноцкасць і якой менавіта «сапраўдная» жанчына павінна быць. Яна дазваляе гледачу паразважаць над гэтым і зразумець, наколькі стэрэатыпныя нашыя паняцці пра жаноцкасць. L.Christeseva кажа: «Выстава ў Казахстане дала мне неверагодную магчымасць заняцца даследаваннем таго, як людзі разумеюць жаноцкасць у гэтай краіне, а таксама паказаць, як жаноцкасць разумеецца ў Швецыі».

Творца прызнаецца, што выстава шмат у чым аўтабіяграфічная і апавядае пра доўгае падарожжа з аднаго культурнага асяроддзя ў іншы. L.Christeseva нарадзілася і вырасла ў Беларусі, у пачатку 2000-x пераехала ў Швецыю, каб працягнуць сваю мастацкую кар’еру.

Гэта не было простым крокам: давялося прайсці праз некалькі складаных творчых этапаў, каб здабыць сябе і прывыкнуць да пастаянных зменаў.

Менавіта таму пытанні ідэнтычнасці, асабліва гендарнай, граюць важную ролю ў творчасці аўтаркі: «Я б сказала, што пытанне гендарнай ідэнтычнасці праходзіць чырвонай ніткай праз маё мастацтва, што зусім нядзіўна, таму што гендар пранізвае ўсе сферы нашага быцця, свядомасці ды і культуры ў цэлым. Такім чынам, гендар становіцца асновай майго мастацкага светапогляду». Несумненна, пытанні гендарнай ідэнтычнасці і нашага разумення тых роляў, якія займаюць у грамадстве мужчыны і жанчыны, з’яўляюцца часткай палітычнай сферы, нават калі ў многіх краінах іх значнасць адмаўляецца і не абмяркоўваецца. Як кажа L.Christeseva:

«Мы нават не ўсведамляем, як шмат палітыкі ў нашым разуменні роляў мужчыны і жанчыны, і гэта таму, што гендарная стэрэатыпізацыя заўсёды звязаная з размеркаваннем улады. Давайце задамося пытаннямі: хто вырашае, што такое феміннасць і маскуліннасць? Хто сцвярджае нормы і маралі? Менавіта гэтыя пытанні я стаўлю ў сваім мастацтве».
Фотография из проекта Скопофилия, 100 х 100 см.

Л.Хрысцева. Фатаграфія з праекта «Скопафілія»

Выбіраючы працы для выставы ў Астане, мастачка вырашыла на карысць камбінацыі акрылавых палотнаў і скульптур, зробленых з туалю вядомых шведскіх мадэльераў: «Я хацела знайсці мастацкі медыум, які валодае больш „цялеснымі“ якасцямі, чымся жывапіс, для таго каб працягнуць расповеду іншым вымярэнні».

Як правіла, выбар мастацкіх твораў для выставы — складаная задача, таму што творца заўсёды мусіць зважаць на культурныя кантэксты, у якіх адбываецца інтэрпрэтацыя мастацтва. Часам выставы, на якіх кранаюцца гендарныя пытанні, могуць быць досыць супярэчлівымі, аднак гэта не заўсёды звязана з тым, што існуе супрацьстаянне ці непаразуменне паміж Захадам і Усходам. Як лічыць L.Christeseva: «Быць жанчынай у Швецыі часам не менш складана, чым у Казахстане альбо ў любой іншай краіне. Таму мая задача — расказаць сваю гісторыю гледачам і даць ім магчымасць самім вырашыць, як яны ставяцца да гендарных пытанняў».

У 2016 годзе L.Christeseva пакажа свае працы ў Беларусі.

Кацярына Калініна,
прафесар, Факультэт медыя і камунікацыі Södertörn University Stockholm Sweden

Фатаграфіі © L.Christeseva

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology