НА ШТО НЕ ГЛЯДЗІЦЬ РУСЛАН ВАШКЕВІЧ

pARTisan #27’2015. Тарашкевіца

У рамане «Што я любіў», прысьвечаным інтэрпрэтацыі творчасьці сучаснага мастака, амэрыканская пісьменьніца Сіры Хуствэт прыходзіць да высновы, што кожная карціна пачынае існаваць толькі ў той момант, калі на яе пазірае глядач. «Штораз, уключаючы ў кампазыцыю цень гледача, мастак акцэнтуе прастору паміж гледачом і карцінай, таму што менавіта там і адбываецца сапраўднае дзеяньне, — піша Сіры. — …Але прастора, якую ў гэты момант ён займае, належыць яшчэ й мастаку». 

Развагі амэрыканскай навэлісткі практычным чынам знаходзяць адлюстраваньне ў незвычайным для Беларусі праекце — карціне Руслана Вашкевіча, ахрышчанай у мясцовых СМІ «вандроўнай».

1

Руслан Вашкевіч «Ня гледзячы ні на што»

Праца, чыя назва «Ня гледзячы ні на што» фэнамэналягічна рэзануе, сапраўды, паводле прызнаньня ейнага аўтара, убачыла значна больш, чым некаторыя людзі за ўсё жыцьцё. А канцэпцыя, закладзеная аўтарам у выяву з адлюстраванымі чатырма фігурамі, падаецца, даволі далёка выходзіць за межы традыцыйнага разуменьня твору мастацтва.

Маршрут падарожжаў карціны Руслана Вашкевіча праходзіць па розных лякацыях, якія маюць значэньне для апісаньня жыцьця чалавека. Аўтар камэнтуе ў сваіх інтэрвію: «Сутнасьць… у тым, што адсутнічае аб’ект увагі герояў карціны. Самае галоўнае я схаваў. […] Любы прадмет, трапляючы ў поле зроку намаляваных пэрсанажаў, назапашвае іхную энэргію, становіцца часткай карціны. […] Калі я зразумеў, што атрымалася, то пачаў прыдумляць, як дзейнічаць далей. Карціна ўжо сама пачала падказваць, а часам і дыктаваць. Я адчуў сапраўдны кураж. Зразумеў, што гэтая карціна не для музэю, не дзеля сьцяны ў спальні багатага калекцыянэра. Здагадаўся, што сьвет для яе — і яе трэба выпраўляць у падарожжа. Паказваць не яе, а ёй сьвет. Паглядзець на тое, што адбываецца, вачыма намаляваных герояў, паспрабаваць сумленна ўбачыць тое, што ёсьць насамрэч, а ня тое, што распавядаюць

Я задаў сабе пытаньне: што ж ім паказаць? Якія гэта могуць быць месцы? Мне падалося важным апісаць чалавечы жыцьцёвы цыкль у горадзе — ад нараджэньня да сьмерці, ад царквы да турмы, ад гіпэрмаркету як увасабленьня ідэі пераможнага спажываньня да сьмецьцевай звалкі, дзе гэтая ідэя прыходзіць да апакаліптычнага стану. Я пачаў прывозіць карціну ў розныя месцы».

Аднак сакрэт і моц праекту палягалі зусім не ў фіксацыі лякацыяў, у якіх мастаку — дзе боем, дзе ўгаворамі — удалося сфатаграфаваць карціну, а ў тым, якім чынам ейны старанна прадуманы зьмест працуе з пастаянна зьменным кантэкстам, вызначаючы глядацкае бачаньне й спараджаючы дзіўныя адкрыцьці-сэнсы.

2

Руслан Вашкевіч «Ня гледзячы ні на што»

Бо менавіта гэтая прастора, зазор паміж карцінай і гледачом, аказваецца галоўнай дзейнай асобай, якая запаўняе наўмысны сэнсавы прабел, што вар’юецца ад здымку да здымку.

Кажучы пра сучаснае выяўленчае мастацтва, расейскі філёзаф і культуроляг Алена Пятроўская вылучае сярод ягоных характарыстыкаў перавынаходзтва выразных сродкаў. Сьледам за Разаліндай Краўс яна прытрымліваецца думкі, што актуальны мастак вымушаны сёньня вынаходзіць іх зноўку, у падпарадкаваньні ўласнай задумцы зьмешваючы й запазычваючы свае інструмэнты са сфэраў, якія могуць быць нават гранічна далёкімі ад мастацтва. Аналізуючы ў такім сьвятле праект Руслана Вашкевіча, мы прыходзім да высновы, што «Ня гледзячы ні на што» з прычыны значнасьці дынамікі перамяшчэньняў карціны й ролі ўзаемадзеяньня ейнай прасторы й гледача можна — зь вялікай доляй упэўненасьці — назваць пэрформансам.

Самая простая дэфініцыя пэрформансу як формы сучаснага мастацтва мае на ўвазе зьдзяйсьненьне мастаком пэўнага дзеяньня ў пэўным месцы й у пэўны час. Пэрформансам можна назваць любую сытуацыю, якая ўлучае чатыры базавыя элемэнты: час, месца, цела мастака й узаемадачыненьні мастака й гледача. У праекце Руслана Вашкевіча прысутнічаюць усе пералічаныя вышэй кампанэнты. На кожным са здымкаў, якія фіксуюць перамяшчэньні карціны, выразна счытваюцца складнікі часу й месца, у той час як своеасаблівым «целам мастака» выступае само палатно. Відавочна, што найбольшую сэнсавую нагрузку ў дадзеным акце пэрформансу нясе менавіта ўзаемадзеяньне мастака й гледача. Разглядаючы кожны канкрэтны здымак, мы, іншыя назіральнікі, счытваем часам значна адрозную рэакцыю жывапісных фігураў на карціне, разьмешчанай у каардынатах адмыслова падабраных аўтарам дэкарацыяў: сьметніку, начнога клюбу, царквы, моргу й інш. Рэакцыі намаляваных на палатне пэрсанажаў становяцца трансьлятарам самага шырокага спэктру інтэрпрэтаваных намі эмоцыяў. Мы бачым на іх тварах ганьбаваньне або гнеўны дакор, жаль ці непрыхаванае спачуваньне, зьдзіўленьне ці пагарду.

Як піша беларускі філёзаф і культуроляг Альміра Ўсманава, аналізуючы працу Руслана Вашкевіча, «зьмяняючы ракурсы, кадруючы бачны сьвет інакш, прапаноўваючы нечаканы “пункт гледжаньня”, канструюючы ўяўны сьвет за рамкай карціны, мастак нагадвае нам пра тое, што жывапіс — гэта заўсёды мастацтва бачаньня». Аднак варта мець на ўвазе, што гэтае самае актываванае праектам бачаньне абумоўленае перш за ўсё фігурай самога гледача, гэта значыць нас саміх, а дакладней, тымі штампамі, стэрэатыпнымі сацыяльна й культурна зададзенымі ўяўленьнямі, якія выклікаюць у нас здымкі прапанаваных мастаком месцаў.

Карціна тут — усяго толькі трыгер, які запускае ў нас мэханізм эмацыйнага бачаньня прапанаванага кантэксту.
Руслан Вашкевіч «Ня гледзячы ні на што»

Руслан Вашкевіч «Ня гледзячы ні на што»

Іншаю характэрнай асаблівасьцю сучаснага мастацтва, якую можна прасачыць у працы «Ня гледзячы ні на што», ёсьць ейны інтэрвэнцыйны патэнцыял. Выносячы палатно за сьцены майстэрні, мастак быццам бы выпрабоўвае на трываласьць, зандуе ступень гатоўнасьці розных сацыяльных ячэек ператварыцца, хай на некалькі хвілінаў фактычнай здымкі аб’екту, у выстаўную пляцоўку. Пад сумнеў ставіцца непахіснасьць аўтарытэту музэю як адзінага месца кантакту з мастацтвам.

Адначасова са зьменай вонкавых дэкарацыяў адбываецца й падмена кірунку погляду: цяпер сама карціна, нароўні з гледачамі, перамяшчаецца па выдуманых залях музэю велічынёй у сьвет.

Трэба адзначыць, што тэма праблематызацыі межаў музэю далёка ня новая ў творчасьці Руслана Вашкевіча. У 2011 годзе полем для творчага экспэрымэнту, праверкі на трываласьць стаўся Нацыянальны мастацкі музэй, дзе экспанаваліся больш за 20 работ аўтара, аб’яднаныя іранічным назовам «Музэй». Ужо тады, тры гады таму, ключавое слова «інтэрвэнцыя» прагучала з вуснаў самога мастака, які адзначыў, што праект зусім не прыраўноўваецца да музэю ў яго традыцыйным разуменьні. «Гэта рэпэтыцыя музэю, — камэнтаваў Руслан Вашкевіч, — гэта макет мастацкай інтэрвэнцыі, замаскаваны ў залатыя рамкізакону” ў маштабе 1:1». Але, у адрозьненьне ад «перагортышу», задуманага ў праекце «Ня гледзячы ні на што», своеасаблівы падрыў тут адбываўся нібыта зьсярэдзіны: пагадзіўшыся на зададзены аўтарытарны і патасны кантэкст самай прэстыжнай у краіне пляцоўкі, мастак прымушае яго гуляць па сваіх правілах, запаўняючы залі дасьціпнымі інтэрпрэтацыямі добра знаёмых усім прызнаных шэдэўраў клясычнага мастацтва.

Куратар выставы «Музэй» Альміра Ўсманава тлумачыць, што сваёй экспазыцыяй мастак прапануе паразважаць пра музэй зусім іншага кшталту, пра месца, далёкае ад успрыманьня яго ў тэрмінах «бастыёну “культурнай рэспэктабэльнасьці”, сакральнай прасторы, у якой захоўваюцца шэдэўры й дзе нячутна перамаўляюцца паміж сабой эпохі». «Музэй» Руслана Вашкевіча ня толькі раскрывае аўтарскае гульлівае бачаньне дыялёгу, інтэракцыі эпохаў, імёнаў і вобразаў, але й стварае адкрытую правакацыю ў дачыненьні да Стаўпоў, Канонаў і Музэяў.

Такім чынам, праект «Ня гледзячы ні на што» аказваецца прыемным для беларускага арт-асяродку адкрыцьцём яшчэ адной грані таленту неверагодна актыўнага й нязьменна іранічнага мастака Руслана Вашкевіча. Вандроўная карціна, якая задае свой тон гульні, ставіць перад гледачамі пытаньні, што выходзяць далёка за межы звыклага сузіраньня твораў у сьценах музэяў і галерэй. Узаемадзеяньне карціны й разнастайных гарадзкіх прастораў, ініцыяванае экспэрымэнтальным фарматам праекту, прымушае задумацца пра ролю актуальнага ў сёньняшнім асяродзьдзі кантэксту, які аказваецца здольным настолькі магутна ўзьдзейнічаць на мадальнасьць нашага бачаньня. І гаворка тут ідзе ня толькі пра пляцоўкі экспанаваньня твораў мастацтва, хоць, безумоўна, у межах спэцыфічнай сытуацыі канатацыяў дзяржаўных і прыватных музэяў і галерэй у Беларусі гэтая тэма таксама вельмі вострая. У цэнтры развагаў мастака — праблема аб’ектыўнасьці, незакаламучанасьці любога погляду, накіраванага ў сьвет, пытаньне магчымасьці быць сёньня вольным ад клішэ й стэрэатыпаў.

Руслан Вашкевіч «Ня гледзячы ні на што»

Руслан Вашкевіч «Ня гледзячы ні на што»

Невыпадковым тут здаецца вяртаньне вандроўнай карціны ў сьцены музэю, дзе прастора паміж ёю й гледачом застаецца вакантнаю, нібы прапаноўваючы кожнаму з наведнікаў удзельнічаць у пэрформансе, які працягваецца. А што калі пад пільнымі позіркамі «Ня гледзячы ні на што» апынесься ты сама?

Вольга Бубіч

Фотаздымкі © Руслан Вашкевіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology