ПРАЗ 20 ГАДОЎ, альбо ПРА ПЕРАЕМНАСЬЦЬ У ФОТА BY

pARTisan #28’2015. Тарашкевіца

 «У дадзены момант я — нулявы ўзровень беларускай ідэнтычнасьці».
Аляксандар Веледзімовіч, беларускі фатограф, адзін зь фіналістаў праекту «BY NOW»

Стан беларускай фатаграфіі сёньня — адна з тых тэмаў, якія найбольш актыўна абмяркоўваюцца ў культурным асяродзьдзі Беларусі. Пра неабходнасьць вывучэньня разьвіцьця й актуальных тэндэнцыяў фатаграфіі неаднаразова абвяшчалася падчас публічных абмеркаваньняў (напрыклад, на круглым стале «Рэканструюючы фатаграфічную гісторыю: ад “Менскай школы” да пакаленьня “By Now”»), гэтае пытаньне рэгулярна паўстае ў артыкулах, альбомах і кнігах. Важным для беларускай крытычнай супольнасьці стаўся выхад альбому «Новая хваля. Беларуская фатаграфія 1990-х» у «Калекцыі пАРТызана» й зборніку артыкулаў «Творчая фатаграфія ў Беларусі. Досьвед галерэі візуальных мастацтваў NOVA й беларускага фатаграфічнага вэб-альманаху PHOTOSCOPE.BY. 1996–2013».

1space2

Аляксандар Веледзімовіч. Месца

Вывучэньне фатаграфіі й выяўленьне тэндэнцыяў пераемнасьці цесна зьвязаныя з балючай для нас тэмай культурнага самавызначэньня. Фатаграфія, асноўнымі функцыямі якой сярод іншых зьяўляюцца рэгістрацыя рэальнасьці й экзыстэнцыйны пошук аўтара-фатографа, дае ў гэтым аспэкце дасьледчыкам найбагацейшы матэрыял для аналізу.

Яна валодае велізарным патэнцыялам у знаходжаньні адказаў на пытаньні пра традыцыі візуальных дасьледаваньняў, пра тэмы, якія дзесяцігодзьдзямі застаюцца ў аб’ектывах фотакамэраў, пра тое, якія рысы калектыўнага падсьвядомага могуць складаць аснову беларускага характару. Асаблівую цікавасьць у зьвязку з гэтымі пытаньнямі ўяўляе праект «BY NOW» — вынік амбіцыйнага конкурсу, праведзенага ў 2013 годзе нямецкімі куратарамі Матыясам Хардэрам і Гансам Пілерам. Беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч, арт-мэнэджэр праекту, называе асноўнаю мэтаю «BY NOW» стварэньне «простага праекту пра сучасную беларускую фатаграфію», які прэтэндаваў бы на фіксацыю прамежкавага «зрэзу» альбо «мазаікі» ўсяго таго, што адбываецца ў гэтай сфэры апошнія дзесяць гадоў.

Значнасьць «BY NOW» зьвязаная, перш за ўсё, з тым, што менавіта гэтыя 16 абраных куратарамі візуальных выказваньняў сёньня й у бліжэйшыя гады будуць фармаваць уяўленьне эўрапейца пра Беларусь. Апублікаваны па выніках конкурсу аднайменны альбом можна свабодна набыць у Эўропе, а выстава працаў удзельнікаў у кастрычніку 2014 году адкрылася ў сьценах бэрлінскай галерэі «ifa-Gallery Berlin», а ў лютым наступнага году была прэзэнтаваная ў «ifa-Gallery Stuttgart».

«BY NOW» у чымсьці стаўся сымбалем маладой беларускай фатаграфіі, тым, што здарылася з маркетынгавага пункту гледжаньня своечасова й у патрэбным месцы.

Сама назва хітрай ангельскай шматзначнасьцю амбіцыйна намякае на неабходнасьць асэнсаваньня ўсяго, што адбылося ў нашым візуальным полі «да цяперашняга моманту», адначасова прапаноўваючы нейкі новы актуальны погляд на краіну з геаграфічным скарачэньнем «BY». Не выпадковым супадзеньнем здаецца той факт, што роўна дваццаць гадоў таму, таксама ў кастрычніку, толькі 1994 году, «ifa-Gallery Berlin» ужо выступала ў якасьці пляцоўкі, на якой шырокай публіцы прэзэнтаваўся візуальны зрэз беларускай рэальнасьці. Выстава «Fotografie aus Minsk» сабрала працы маладых у тыя часы фатографаў, многія зь якіх знаходзілі стымул да творчасьці ў студыі Валерыя Лабко, легендарнай асобы, што зрабіла вялікі ўнёсак у фармаваньне й разьвіцьцё беларускай фатаграфіі ў 1980–1990-я. Калі гартаеш альбом «Fotografie aus Minsk» з працамі герояў зусім іншага пакаленьня, заканамерна ўзьнікае жаданьне зноў узьняць тэму пераемнасьці ў беларускай фатаграфіі, паспрабаваць параўнаць на прыкладзе матэрыялаў двух фотаальбомаў пытаньні, якімі задаваліся аўтары ў 1994 і 2014 гадах, а таксама адказы, якія яны сваімі фатаграфіямі фармулявалі.

Ігар Саўчанка. 12-90-4-2  24694 Bytes

Ігар Саўчанка. 12-90-4-2
24694 Bytes

Ці можам мы прасачыць нейкую заканамерную пераемнасьць у беларускай фатаграфіі апошніх дваццаці гадоў? Альбо й у візуальнай плоскасьці мы таксама асуджаныя на «абнуленьне» й вечны комплекс вынаходнікаў ровараў?

БЕЗ АСОБЫ

У шырокім сэнсе да жанру партрэту ў жывапісе, фатаграфіі й літаратуры залічваюць малюнак альбо апісаньне мастацкімі сродкамі чалавека ці групы людзей, якія існуюць ці існавалі ў рэчаіснасьці. Культуролягі адзначаюць, што ў мастацтве партрэт уяўляе сабой ня толькі прайграваньне вонкавых асаблівасьцяў індывіда, але й выяўленьне ягоных унікальных складнікаў — раскрыцьцё асобы ўва ўсёй паўнаце ейнага ўнутранага сьвету. Параўноўваючы выявы людзей у альбомах «Fotografie aus Minsk» (1994) і «BY NOW» (2013), мы знаходзім у іх цікавую тэндэнцыю.

На ўсіх здымках з альбому 1994 году прысутнічаюць людзі, аднак амаль на ніводнай выяве гледачу не даецца магчымасьць цалкам разгледзець партрэтаванага.

У сэрыях Ігара Саўчанкі, Сяргея Кажамякіна й Уладзімера Парфянка мы бачым толькі часткі чалавечых фігураў, зафіксаваныя ў нязвыклых ракурсах і / альбо з экстрэмальным кадраваньнем. У працах Галіны Маскалёвай і Ўладзімера Шахлевіча тэма партрэту рэалізуецца пры дапамозе тыражаваньня выявы, дзе суцэльная ідэнтычнасьць пэрсанажа ўяўляецца нібы сабранай з фрагмэнтаў ці паўтораў кадру. Акрамя таго, фізычная немагчымасьць убачыць твар чалавека абыгрываецца (напрыклад, Уладзімерам Парфянком) праз вобраз маскі: на здымках сэрыі «Persona Non Grata» адзін з герояў чытае газэту «Советская культура», закрываючы твар супрацьгазам, у той час як аголеная пара пазуе з галовамі, загорнутымі ў тканіну, цытуючы вядомы сюррэалістычны сюжэт Рэнэ Магрыта. Альбом беларускіх фатографаў «нулявых» працягвае традыцыю адыходу ад «клясычнага» партрэтаваньня. Фактычна ідэнтычныя здымкам з альбому «Fotografie aus Minsk» кадры з экстрэмальным кадраваньнем мы знаходзім у праектах Вольгі Сасноўскай, Аляксея Навумчыка й Сяргея Гудзіліна.

Партрэт у ягоным традыцыйным сэнсе дэманструе тэндэнцыю заставацца ў межах камэрцыйнага фармату. У альбоме «Fotografie aus Minsk» гэтую нішу займае сэрыя Сяргея Кажамякіна «Дзіцячы альбом», у «BY NOW» — здымкі Яўгена Канаплёва-Лейдзіка «Фата-Маргана». Камэнтуючы ідэю сэрыі, у інтэрвію для сайту ZNЯТА Кажамякін распавядае: «Фатограф-рамесьнік здымае дзяцей і стварае антураж. Нейкая дзіўная ўніформа, якая, паводле ягоных уяўленьняў, павінна быць прывабнай для кліента. Тут намяшана вельмі шмат чаго — фальклёр, эстрада, элемэнты вайсковай формы, савецкая эмблематыка. Па сутнасьці, тут выяўляюцца культурны багаж фатографа, ягоны густ, стэрэатыпы, уяўленьне пра прыгажосьць і шмат чаго яшчэ. І на гледачоў трансьлюецца ўвесь гэты кіч. Іншы пласт — калі глядзіш на ўсе працы разам, на “Дзіцячы альбом”. Ёсьць зусім маленькія дзеці, ёсьць старэйшыя, ёсьць і дарослыя дзесьці побач. І разумееш, як чалавека ўбудоўваюць ў грамадзтва».

leydik

Яўген Канаплёў-Лейдзік. Фата-Маргана

У такім жа кічавым ключы, адыграным паводле законаў уяўленьня пра «смачнасьць», сэксуальнасьць і прывабнасьць для масавага гледача, выбудаваныя партрэты трыё «Топлес», якія адкрываюць альбом «BY NOW». Нягледзячы на відавочныя адрозьненьні ў падборы герояў, фатограф Яўген Канаплёў-Лейдзік працягвае традыцыю паказваць гледачу безаблічныя плоскія карцінкі. Ідэальныя ў тэхнічным выкананьні, яны не даюць ніводнага намёку на сапраўдны характар — індывідуальнасьці дзяўчат. Падобныя выявы маглі б быць зробленыя фактычна ў любой краіне сьвету, якая гуляе паводле законаў камэрцыйнай фатаграфіі. Але, акрамя камэрцыйнага складніку, яны па сутнасьці абсалютна нічым не адрозьніваюцца ад кадраваных здымкаў Сяргея Кажамякіна альбо Ігара Саўчанкі: глядач зноў застаецца сам-насам з пытаньнем пра ідэнтычнасьць пэрсанажаў.

Адным зь лягічных тлумачэньняў тэндэнцыі да выяўленьня ў беларускай фатаграфіі безаблічнага пэрсанажа можа стаць тэзыс культуроляга Барыса Маркава, які зьвязвае страту асобы са стратай ідэнтычнасьці — як на ўзроўні кожнай канкрэтнай індывідуальнасьці, так і ў дачыненьні да цэлага народу. «Кожны чалавек, кожная група, народ павінны любіць і ўхваляць як свой вонкавы выгляд, так і культуру й звычаі, і ганарыцца імі, каб ня страціць сябе й не растварыцца ў іншых, — піша Маркаў у кнізе «Культура штодзённасьці». — Праблема страты й захаваньня ідэнтычнасьці па-сапраўднаму можа быць асэнсаваная на ўзроўні ня столькі ідэалёгіі, колькі псыхалёгіі й нават фізіялёгіі людзей. Ідэнтычнасьць — гэта псыхасаматычны стан; яна ўлучае ў сябе ня толькі веданьне пра тое, хто я, але й пачуцьцё ўпэўненасьці, гонару й павагі да сябе».

kazamiakin

Сяргей Кажамякін. Дзіцячы альбом

Як вядома, беларусы ў гэтым сэнсе — нацыя, для якой характэрныя «адсутнасьць выразных нацыянальна-культурных формаў» і нявызначанасьць у пабудове дыялёгу з уласным калектыўным «я», што выяўляецца ў сытуацыі дзьвюхмоўя, насьцярожаным стаўленьні як да гістарычнага мінулага, так і да наяўнай спадчыны, а таксама ў бесьперапынных спрэчках пра тое, да якога геапалітычнага лягеру далучыцца. Як бачым, падобныя мэнтальныя асаблівасьці знаходзяць сваё адлюстраваньне й у традыцыі фатаграфаваньня.

Мы альбо высьлізгваем з-пад аб’ектываў фотакамэраў, альбо прытрымліваемся правілаў навязанай нам звонку гульні.

І як паэтычны рэфрэн тэндэнцыі прэзэнтацыі чалавека ў беларускай фатаграфіі гучыць формула беларускага філёзафа Валянціна Акудовіча: «Мяне няма».

БЕЗЫМЕННАЯ ПРАСТОРА

Яшчэ адным цікаўным аспэктам пры параўнаньні альбомаў з прабелам у 20 гадоў зьяўляецца падыход беларускіх фатографаў да фіксаваньня навакольнай прасторы. У фатаграфіі пэйзажаў, як і ў партрэтах, ім дзіўным чынам удаецца прытрымлівацца абранай лініі безыменнасьці й сюррэалізму. Дастаткова супаставіць сэрыю Ўладзімера Парфянка «Дзівоснай мэлёдыі нестае нашым жаданьням (Арцюр Рэмбо)» з фотакнігі «Fotografie aus Minsk» і ўжо пазнавальны стыль маладых менскіх фатографаў Максіма Шуміліна й Міхаіла Лешчанкі: спакойны, але настойлівы адказ рэальнасьці, якая не задавальняе аўтараў, спроба ўцёкаў у сьвет на мяжы сну й адчуваньні моманту, стварэньне ўласнага, не падобнага да ўсяго навакольнага, сусьвету. Камэнтуючы выставу «Сад» тандэму Максіма Шуміліна й Міхаіла Лешчанкі, мастак Сяргей Шабохін піша: «Гледзячы на фатаграфіі з сэрыі “Сад” і больш раньнія працы, усьведамляеш, што ў іх няма ніякіх адбіткаў сучаснай цывілізацыі, “капсулаў часу” — аб’ектаў, якія характарызуюць месца й час таго, што адбываецца ў кадры. Усе прадметы й вобразы простыя й пазнавальныя, яны як быццам існавалі вечна. Усё выяўлена й растворана, “міталёгія звычайнага”, чыстая шчырасьць, прастата й гармонія. Фатографы, як яны самі лічаць, “зьяўляюцца праваднікамі нейкай іншай, вялікай ірацыянальнай сілы”, таму інтуіцыя ў іхнай творчасьці займае значнае месца».

Максіма Шуміліна

Міхаіл Лешчанка. Сад

Сюррэалізм паўстаў у Эўропе на пачатку ХХ стагодзьдзя як рэакцыя мастацкіх розумаў на ўзрастаньне антыгуманізму й духоўную дысгармонію капіталістычнага сьвету. У пошуках «сапраўднай рэальнасьці», якая дазволіла б спасьцігнуць асобасна-пачуцьцёвую суб’ектыўнасьць і вызваліцца ад прыгнёту сацыяльнага ціску, мастакі абвяшчалі сваімі асноўнымі каштоўнасьцямі свабоду й ірацыянальнасьць. Аднак калі па меры станаўленьня сюррэалізм паступова адыйшоў ад паляваньня за некрытычным падсьвядомым, саступіўшы месца прадуманым разумным экспэрымэнтам, накіраваным на правакацыю звыклых уяўленьняў, то ў выпадку зь беларускай фатаграфіяй ён застаецца, на мой погляд, цесна зьвязаным з самалюбаваньнем, захапленьнем унікальнасьцю ўласнага ціхамірнага сьвету. Уцёкі ў сябе, якія былі задуманыя сюррэалістамі як першы крок да рэвалюцыі, завялі аўтараў ва ўтульны тупік, населены сырэнамі, што заспакойваюць іх. «Тут час спыняецца, — кажа Максім Шумілін, — увесь наш творчы працэс — гэта нібы ўцёкі ў рай ад навакольнай рэальнасьці». Так, да безасобаснага прадстаўленьня чалавека ў беларускай фатаграфіі дадаецца такі ж безасабовы паказ навакольнай прасторы, фармуючы агульную карціну татальнага мэнтальнага вакуўму — унікальнай значнай нулявой марфэмы, якой паўстае Беларусь на эўрапейскай сцэне.

Але ці так гэта насамрэч? Калі разгледзець фатаграфіі на старонках альбому «BY NOW» і параўнаць падыходы маладых фатографаў са стратэгіямі іхных папярэднікаў, выявіць новыя тоны ўсё ж магчыма.

НОВЫ ПОГЛЯД

Калі ня новую, то, безумоўна, іншую візуальную мову можна выявіць у сэрыі Аляксандры Салдатавай «Канікулы ў горадзе», калі параўноўваць кантэнт «BY NOW» з альбомам «Fotografie aus Minsk». Аляксандра аказваецца практычна адзінай аўтаркай з 16 удзельнікаў праекту, якая займаецца вывучэньнем беларускай штодзённасьці па-за зонай кухоннага камфорту. Ейныя працы раскрываюць тэму ўрбаністычных будняў звычайнага месьціча, паказваючы яго непатрабавальным павольным назіральнікам жыцьця краіны ў рэжыме «stand by».

Аляксандры Салдатавай «Канікулы ў горадзе»

Аляксандра Салдатава. Канікулы ў горадзе

Іншым неардынарным прыкладам ёсьць сэрыя Сяргея Гудзіліна «Прыватны Прэзыдэнт», у якой правакацыйны рэпартэр «Нашай Нівы» працуе з тэмай прыватнага й публічнага. Карыстаючыся візуальным прыёмам дэканструкцыі, папулярным яшчэ ў 1990-х сярод беларускіх фатографаў (згадайма, напрыклад, Уладзімера Шахлевіча, Вадзіма Качана), Гудзілін, тым ня менш, дазваляе па-новаму зірнуць на межы дыстанцыі й іхную вымушаную трансфармацыю ў сучасным мэдыйным грамадзтве. Сяргей падае партрэт прэзыдэнта Беларусі сэрыяй фрагмэнтаў здымкаў, зробленых з экрану тэлевізару. Фармуецца парадокс: лідэр, які неаднаразова заяўляе падчас сваіх выступаў пра блізкасьць да народу, сапраўды фармальна аказваецца на «прыватнай» ад нас адлегласьці. Аднак той факт, што мы ня можам зьведаць яго, убачыць ягоны партрэт у традыцыйным разуменьні, фармуе размыты, безаблічны вобраз з фрагмэнтаў твару, рухаў, атрыбутаў адзеньня.

Яшчэ адзін прыклад іншага погляду на традыцыйную тэму — фатаграфіі Андрэя Лянкевіча, прысьвечаныя тэме ваеннага мінулага беларусаў. Аўтар уключае ў свой маштабны праект пра калектыўную памяць адважнае спалучэньне разнастайных новых для візуальнага поля беларускай фатаграфіі прыёмаў, сярод якіх, напрыклад, архіўны здымак і ягонае пераасэнсаваньне ў сёньняшніх рэаліях, псэўдадакумэнтальная пастаноўка, гугл-тэхналёгіі. Асаблівай увагі заслугоўваюць дыптыхі, якія ўлучаюць гугл-здымку беларускіх вуліцаў, названых у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, і наўмысна недакладныя архіўныя партрэты гэтых самых герояў. Разьмяшчаючы выявы падобным чынам, фатограф задаецца пытаньнем пра іх рэальнасьць, значэньне ў калектыўнай сьвядомасьці народу, пра фэномэн гістарычнай памяці. Якое значэньне маюць для беларусаў назвы вуліцаў Марыі Мельнікайтэ, Ліліі Карастаянавай, Пятра Машэрава? Звыклыя для слыху імёны даўно перасталі асацыявацца з подзьвігамі герояў, якія абаранялі Радзіму, іхныя фатаграфіі не выклікаюць у нашай памяці ніякіх зачэпак. Больш «рэальнымі» нам здаюцца кампутарныя малюнкі гугл-мэпс, якія шэрымі лініямі асфальту й бэтону перасякаюць беласьнежную старонку.

Названыя аўтары выводзяць маладую беларускую фатаграфію на новы віток разьвіцьця, прапануючы іншы погляд на вядомыя тэмы, якія маюць дачыненьне да таго, што можна было б назваць «беларускай рэчаіснасьцю».

Такім чынам, адказваючы на пытаньне пра пераемнасьць у фатаграфіі апошніх дваццаці гадоў, я хацела б запярэчыць думцы фатографа Аляксандра Веледзімовіча, сфармуляванай у эпіграфе да артыкулу. У фільме Максіма Багдановіча, зьнятым пра ўдзельнікаў праекту «BY NOW», на пытаньне пра пераемнасьць Веледзімовіч вызначае сябе «нулявым узроўнем ідэнтычнасьці», заўважаючы, што ён сам толькі пачынае пачувацца «чалавекам, які хоць якім чынам можа асацыяваць сябе з гэтай краінай».

Абмінаючы тое, што «нулявой чалавечай ідэнтычнасьцю» культуролягі называюць гендэрную ідэнтычнасьць, адзначым, што існаваньне любой культуры немагчымае без традыцыі, незалежна ад таго, ці прытрымліваемся мы яе сьвядома, чэрпаючы інфармацыю з фармальных, структураваных крыніцаў, прадстаўленых, напрыклад, адукацыйнымі праграмамі, публікацыямі альбо выставамі, ці схопліваем стыхійна, часта несьвядома. Нараджэньне новага прадугледжвае засваеньне вынікаў папярэдняй дзейнасьці — гэты агульны закон разьвіцьця працуе й у сфэры культуры. На пустым месцы, «вымеценым» ад культуры, ствараць новую культуру немагчыма. На нуль, як вядома, дзяліць нельга, а безасабовасьць у выяўленьні людзей і сьвядомыя ўцёкі ад рэчаіснасьці здаюцца такімі ж паўнавартаснымі характарыстыкамі, якія сьведчаць пра пераемнасьць у беларускай фатаграфічнай традыцыі, як і сталая ўвага да тэмы даўно мінулых войнаў і жаданьне пагуляць з рэжымам.

Нельга кожны раз пачынаць з нуля, зь якімі б асобаснымі духоўнымі пошукамі мы ў дадзены момант сябе ні асацыявалі.

Вольга Бубіч

Фотаздымкі © А.Веледзімовіч, Я.Канаплёў-Лейдзік, С.Кажамякін, А.Салдатава, І.Саўчанка, М.Шумілін

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology