ПАКАЛЕННЕ Y: ТРЭБА РЫЗЫКАВАЦЬ

25 жніўня 2015 года ў прасторы Studio67 адбылася прэзентацыя новага нумара pARTisan, прысвечанага маладым мастакам і мастачкам, чыя творчасць выбухнула ў апошнія некалькі год. У межах прэзентацыі прайшла дыскусія, прысвечаная адметнасці мастацтва новай хвалі.

На вокладцы нумара праца Жанны Гладко з серыі Inciting Force

На вокладцы нумара праца Жанны Гладко з серыі Inciting Force

Таня Арцімовіч: Добры вечар! Радыя, што сёння прыйшло столькі людзей, у тым ліку бачу і герояў новага нумара pARTisan. Дарэчы, мне падаецца, столькі розных і новых імёнаў пад вокладкаю альманаха сабралося ўпершыню. І перш чым распачаць дыскусію пра адметнасці новага беларускага мастацтва, хацела б сказаць пару словаў пра слоган, вынесены на вокладку, — «генерацыя нуль». Вольга Шпарага ўжо адзначыла ў сваім блогу, што «нуль» тут, хутчэй, адсылае да мастацтва «нулявых», якому ўжо было прысвечанае даследаванне — «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых». Мы абсалютна згодныя, і дакладней было б, канешне, абазначыць тую генерацыю або «пасля нуля», або «Y». Але мы вырашылі ўсё ж заявіць гэты «нуль», спрабуючы справакаваць альбо аспрэчыць якраз стэрэатыпы «абнуленага» беларускага мастацтва.

Ці сапраўды гэта мастакі з «нулявой», цытуючы словы фатографа Аляксандра Веледзімовіча, «ідэнтычнасцю»? Альбо акурат самы час забыцца на «пустэчу» і нарэшце сказаць, што мы напоўненыя?

Спадзяюся, гэты нумар таксама ўключаецца ў размову, магчыма, нават дае пэўныя адказы. Тым не менш у межах гэтай прэзентацыі мы вырашылі публічна разам з запрошанымі гасцямі — філосафам, кіраўніцай канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» (ECLAB) Вольгай Шпарагай і мастаком Міхаілам Гуліным — абмеркаваць гэта. І першае пытанне гучыць наступным чынам: якія адметнасці мы можам вылучыць у новай хвалі беларускага мастацтва? Якія тэмы і медыя абіраюць маладыя творцы, што, магчыма, і дае падставу гаварыць пра новае пакаленне?

Вольга Шпарага: Апошнія пяць год былі такімі насычанымі, што, сапраўды, па маім адчуванні, ёсць пра што гаварыць. Можна, напрыклад, параўнаць з «нулявымі», паколькі мы рабілі пра «нулявыя» даследаванне — «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых». І калі мы тады казалі пра новых мастакоў, эксперты выявілі тры ключавыя фігуры — Сяргея Шабохіна, Марыну Напрушкіну і Андрэя Лянкевіча. А калі звярнуцца да «дзясятых» і паспрабаваць пералічыць імёны, то гэтых імёнаў выявіцца вельмі шмат. І гаворка ідзе не проста пра нейкую адзінкавую выставу, а пра больш-менш рэгулярную выставачную актыўнасць, а таксама пра выкарыстанне новых медыя і ўнёсак чагосьці новага ў лакальны парадак сучаснага мастацтва. У мяне адчуванне, што зараз мы маем шырокую палітру мастакоў, якія ў першую чаргу мяняюць сам лакальны асяродак сучаснага мастацтва, робяць яго больш шчыльным, насычаным і разнастайным.

Ці прынясуць яны нейкія структурныя змены, ці з’явяцца новыя фігуры, напрамкі, прасторы — стане ясна пазней, але тое, што фармуецца новае асяроддзе, у якім магчымыя гэтыя змены, гэта, мне здаецца, можна зафіксаваць.

Як гэтае асяроддзе ахарактарызаваць? У параўнанні з «нулявымі» мы, па-першае, бачым шырокі спектр медыя — з’явіўся саўнд, бачым, як мастакі сінтэзуюць розныя медыя — інсталяцыі, дзе, акрамя аб’ектаў, ёсць відэа і фота, напрыклад. Гэта вядзе да таго, што з’яўляюцца новыя формы і спосабы выказвання сродкамі сучаснага мастацтва.

Rusłan Vaśkiević, Aksana Źhirouskaja, Volha Śparaha about Zero Radius. Art of the 00s Ontology research project

З нумару pARTisan #19, прысвечанага выставе «Радыюс нуля. Анталогія арт-нулявых»

Далей я адзначу новыя формы супрацоўніцтва ў артыстычным асяроддзі. Калі паглядзець на апошнія гады, можна ўбачыць вялікую колькасць калектыўных праектаў, у тым ліку супрацоўніцтва мастакоў розных пакаленняў, працу куратарскіх груп. Мы пачынаем бачыць розныя куратарскія стратэгіі. Напрыклад, дзве апошнія выставы ў рамках праекта «АРТ-САЦ-ЛАБ»: «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры» ў Музеі Багдановіча і «Вымярэнне пустэчы» ў галерэі «Ў» прэзентавалі дзве розныя куратарскія стратэгіі. Адна стратэгія, калі куратар прапаноўваў мастакам тэму і мастакі шмат у чым працавалі на куратара (Аляксея Барысёнка), і другая, калі куратарка (Вера Залуцкая) доўгі час супрацоўнічала з мастакамі і ўзгадняла, якім у выніку будзе праект. І мне здаецца, тэма формаў калектыўнасці — ці можа сучаснае мастацтва прапаноўваць сёння формы гарызантальнага супрацоўніцтва, вынаходзіць іх новыя мадэлі, якую ролю іграюць часовыя аб’яднанні і супольнасці — турбуе многіх тэарэтыкаў сучаснага мастацтва, Барыса Гройса, напрыклад. Не ведаю, што там, унутры гэтых часовых арт-калектываў, адбываецца, можа, там шмат канфліктаў і спрэчак, але на выхадзе мы бачым цікавыя арт-праекты.

Наступнае, што можна адзначыць, — фармат выставы з суправаджальнымі мерапрыемствамі стаўся нормай. Мне здаецца, гэта таксама новая з’ява. Калі ў «нулявыя» такія прыклады здараліся зрэдку, то цяпер неяк непрыстойна стала, калі выстава праходзіць без дыскусій, куратарскіх экскурсій, сустрэч з мастакамі, то-бок суправаджальныя мерапрыемствы цягнуць за сабой наступныя крокі. Хоць, трэба сказаць, нам усё яшчэ не хапае крытыкі, рэцэнзентаў і цікавасці журналістаў. Але я спадзяюся, што гэтае асяроддзе будзе стымуляваць далейшае развіццё.

Больш рэгулярнымі сталі даследаванні ў сферы сучаснага мастацтва. Гэта пачалося ў «нулявыя», можна ўспомніць Андрэя Лянкевіча з праектам «Паганства». А зараз на розных пляцоўках з розным поспехам заяўляецца аб тым, што куратары прэзентуюць менавіта даследаванне. Адбываецца пошук, намацванне таго, што ёсць даследаваннем — сродкамі фатаграфіі, інсталяцыі, сродкамі стварэння часовых калектываў. Напрыклад, выстава пра спорт «OFFSIDE» у мінулым годзе — гэта якраз даследаванне метадам фарміравання калектыву мастакоў і куратараў, а ўнутры яго фарміраванне абмеркавання тэмы.

Калі казаць пра тэмы, з’явілася тое, пра што я марыла ў «нулявыя», — штодзённасць. Я ўспамінаю выставу «Прафота» ў 2014 годзе, гэта вельмі важная выстава, дзе быў прадстаўлены цэлы спектр паўсядзённых праблем. Мы ўбачылі, як жывуць беларускія навукоўцы і ветэраны, зазірнулі ў мікрараёны горада, нешта даведаліся пра жыццё новых генерацый, даведаліся аб рэпрэзентацыі Халакосту ў Інтэрнэце і г.д. Нашае штодзённае жыццё перастае быць сумным і аднастайным, а мы — адхіленымі ад яго. Таксама трэба адзначыць, што мастакі сталі распавядаць пра лакальнае на больш глабальнай мове, гэта значыць яны асвойваюць новыя сродкі сучаснага мастацтва, сінтэзуюць іх, удзельнічаюць у міжнародных выставах, такім чынам адбываецца сувязь глабальнага з лакальным.

І па сутнасці толькі так мы можам сябе асэнсоўваць — праз погляд іншага, якому ёсць што нам прапанаваць, удзельнічаючы ў выпрацоўцы агульнай мовы.

Акрамя таго, на выставах фармуецца новая мова таго, як гаварыць пра палітыку, уяўленне пра тое, што палітыка — гэта не толькі справа прафесійных палітыкаў і дзесьці там адбываецца, але разгортваецца ў дварах, мае гендарнае вымярэнне, звязаная з крытыкай інстытутаў (успамінаю тут нядаўнюю выставу «Дыплом»). Напрыклад, мы бачым, як гендарная тэматыка ўсё больш цікавіць аўтараў, таму што гэта таксама пытанне правоў, пытанне таго, як мы прысутнічаем у грамадстве, у палітыцы. Працягваецца праца з культурнай спадчынай і асэнсоўваюцца складаныя адносіны ўладаў і грамадзян. Напрыклад, у рамках «Прафота» быў праект «598 выкрадзеных дзён» Максіма Сарычава, прысвечаны гісторыям тых, хто быў змешчаны ў турму падчас Сусветнага чэмпіянату па хакеі ў 2014 годзе. І гэта таксама новая мова таго, як гаварыць пра палітыку, накіраваная на крытыку, на асэнсаванне таго, што адбываецца, і ў той жа час у ёй ёсць элемент актывізацыі — падумайце, як вы жывяце ў сваім мікрараёне, пра свае гендарныя правы, звярніце ўвагу на нейкія рэчы, якія на першы погляд нябачныя. Гэта робіцца маленькімі крокамі, але, тым не менш, адчувальны зрух, палітыка становіцца чымсьці адчувальным.

Адкрыццё выставы. Фота 34mag.net

Адкрыццё выставы «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры». Фота 34mag.net

Мы таксама бачым развіццё аўтараў. Напрыклад, Алеся Жыткевіч, я бачыла яе працы на розных выставах і магу зрабіць выснову аб развіцці яе мовы, таго, як яна працуе з тэмамі, эксперыментуе з медыя. Альбо Жанна Гладко. У прынцыпе, мастакі, прадстаўленыя ў новым нумары pARTisan, развіваюцца, у рамках розных праектаў узаемадзейнічаюць з іншымі мастакамі.

З крытычнай жа перспектывы можна спытаць: а з публікай што адбываецца? Мяняюцца яны? Пашыраюцца? Зразумела iм тое, што бачым мы, крытыкі? Што бачыць, адчувае, разумее глядач? Наталля Гарачая адзначае ў сваім артыкуле, што так, але мне хацелася б мець пацверджанне. Альбо сучаснае мастацтва — гэта па-ранейшаму нешта чужое і незнаёмае? Напрыклад, тыя, хто цяпер тут сядзяць, мы бачым гэтыя зрухі, мы адкрываем для сябе грамадства, пераасэнсоўваем для сябе культуры, каштоўнасці, палітыку, але мы замыкаемся на нашым коле ці нашыя публікі адчуваюць гэты зрух і таксама пачынаюць адчуваць і думаць па-іншаму? Гэтае пытанне таксама хацелася б абмяркоўваць сродкамі сучаснага мастацтва.

Міхаіл Гулін: Я таксама пачаў бы з таго, што прыемна бачыць тут столькі людзей — зацікаўленых або крытычна настроеных, тым не менш.

Я згодны з Вольгай, што, сапраўды, у параўнанні з 2000-мі сёння можна казаць пра новую генерацыю. Калі тады адзначаліся асобы, то сёння прыйшоў цэлы калектыў. Яны не ўсе звязаныя наўпрост паміж сабой, але гэта і дзякуй Богу. Таксама адзначу, што з’явіліся людзі, асабліва калі казаць пра куратараў, якія, як мне здаецца, зацікаўлены ў развіцці поля і застануцца ў гэтым полі. Таму што раней усё ж такі можна было назіраць пэўную цякучасць кадраў.

А для працэсу вельмі важная трываласць:  пры адсутнасці пляцовак (нам усё ж такі і да гэтай пары не хапае прасторы), пры адсутнасці дынамікі ў мастацкім працэсе — важны людзі, якія будуць суправаджаць і рухаць гэты працэс.

Т.А.: Было адзначана шмат важных рэчаў, хацелася б дадаць яшчэ пра страту полем сучаснага мастацтва пэўнай элітарнасці. Маю на ўвазе, калі мы будзем казаць пра візуальнае мастацтва, у апошнія гады яно перастала быць такой закрытай сферай. Мы бачылі, колькі адбылося арт-праектаў, напрыклад, звязаных з гендарам, прысвечаных правам ЛГБТК-супольнасці. У новым нумары мы якраз згадваем два з іх — «XXY» і «Больш чым ЁН». І гэта, на маю думку, паказчык таго, што ўсе гэтыя розныя сферы — мастацтва, гуманітарная, грамадзянская сферы — пачынаюць выкарыстоўваць сродкі адно аднаго. Напрыклад, як адзначыла Вольга, мастакі звяртаюцца да тэмы штодзённасці, і наадварот, ініцыятывы, не звязаныя з мастацтвам, пачынаюць выкарыстоўваць сродкі мастацтва — ладзіць арт-праекты, каб звярнуць увагу да праблем грамадства альбо меншасцей. Гэта сапраўды такі відавочны пазітыўны момант.

Але выступлю апанентам, напэўна, іншай выказанай думцы. Вольга ўзгадала выставы ў межах «АРТ-САЦ-ЛАБ», адзначыўшы іх разнароднасць, але, па маім адчуванні, яны аказаліся вельмі падобнымі, а імёны мастакоў-удзельнікаў былі амаль што аднолькавыя. Калі мы гэта абмяркоўвалі з Аксанай Жгіроўскай, куратаркай праекта, яна сказала, што, магчыма, гэты праект выявіў дэфіцыт мастакоў. Аднак, на маю думку, гэта памылка менавіта куратараў, якія не звярнулі на гэта ўвагі, магчыма, пайшлі па такім вядомым лёгкім, пратаптаным ужо шляху, а не паставілі перад сабой мэту — адкрыць, прэзентаваць малавядомых альбо ўвогуле невядомых аўтараў. Ці, напрыклад, не сабралі ў межах адной выставы аўтараў розных, умоўна кажучы, суполак, бо, напрыклад, існуе пэўнае кола мастакоў вакол «Ў», вакол прасторы ЦЭХ і г.д., якія, на жаль, не так часта выстаўляюцца разам.

Наступнае пытанне нашай дыскусіі звязанае з пераемнасцю, а менавіта — ці можна гаварыць пра пераемнасць паміж генерацыямі мастакоў?

Таня Арцімовіч, Міхаіл Гулін, Вольга Шпарага

Таня Арцімовіч, Міхаіл Гулін, Вольга Шпарага

В.Ш.: Я выкажу пакуль толькі некаторыя здагадкі, ідэі, таму што для якіх-небудзь вывадаў трэба сур’ёзнае даследаванне. Калі звярнуцца да постацяў Андрэя Лянкевіча і Сяргея Шабохіна, то можна адзначыць той факт, што яны не толькі мастакі, але і куратары, і гэта не можа не ўплываць, не ствараць умовы для пераемнасці. І гэта таксама такая адметная рыса: мастакі становяцца куратарамі, выступаюць у многіх ролях, і можна сказаць, што фігура мастака, які выступае ў мностве роляў, — таксама пераемнасць. Напрыклад, Артур Клінаў, які ў праекце «Радыус нуля» быў фігурай у шматлікіх асобах — пісьменнік, выдавец, мастак. То-бок гэтая традыцыя працягваецца.

Калі гаварыць у больш вузкім сэнсе, то пра пераемнасць можна казаць на прыкладзе асобных прац. Напрыклад, у Алёны Гайдук была праца «Са святам!» на выставе «Вымярэння пустэчы», і пра яе адразу ж сказалі, што гэта «новая Напрушкіна». Ці праца з мармурам — не ведаю, ці першы, але Сяргей Шабохін працаваў з гэтым матэрыялам, а цяпер мармур узнікае ў многіх мастакоў, гэта ўжо такая рэпліка.

Гэта значыць, стала паўтаральным прыёмам — цытаваць адзін аднаго і паказваць, што мы ствараем агульную прастору не толькі сродкаў, але і тэм. Таму што адсылка да працы Марыны Напрушкінай — гэта ў тым ліку і адсылка да тэмы палітыкі і палітычнага.

У рамках выстаў мы бачым, што розныя генерацыі мастакоў узаемадзейнічаюць, і куратары часам ставяць сваёй задачай выявіць немеханічную сувязь паміж імі. Напрыклад, вельмі цікава, як пластыка Тамары Сакаловай упісваецца ў актуальны кантэкст і як з ёй узаемадзейнічаюць мастакі. Гэта значыць, мы бачым гэтыя рэплікі, і яны важныя, таму што гэта таксама прастора дыялогу. А адметныя рысы, напэўна, можна будзе вылучыць пазней. Таму што ўсё ж такі пакуль можна казаць пра разнастайнасці поля сучаснага мастацтва, яго стратэгіі мы не звядзем да нейкага адзінства, хоць унутры яго ёсць узаемасувязі.

М.Г.: Не ведаю, наколькі гэтая пераемнасць важная для ўсіх мастакоў, але я б хацеў пачаць з таго, што Таццяна пазначыла раней. А менавіта: апошнія выставы паказалі, што нават яркія мастакі могуць выглядаць дастаткова гамагенна, калі іх прыкладна фармальна спалучаць у адных і тых жа прапорцыях на розных пляцоўках.

Калі ж казаць пра пераемнасць, яна, напэўна, больш адчуваецца ў акадэмічных мастакоў, выхадцаў з Акадэміі. Зараз асяроддзе разнастайнейшае, людзі прыходзяць з розных сфераў. І я б не сказаў, што кідаецца ў вочы нейкая пераемнасць. Магчыма, пераемнасць з Сяргеем Шабохіным, але Сяргей — гэта асоба энцыклапедычных ведаў, ён будаваў сваю сістэму ў першую чаргу для сябе. А цяпер, мне бачыцца, ёсць такая аглядка на гатовыя ўжо сістэмы, часта не нашыя, але ўжо кімсьці асвоеныя. І асабіста мне не хапае такіх мо нават нечаканых, не зусім прафесійных, дзікіх праектаў, якія былі б не выбудаваныя сістэмна, не звязаныя з сусветнай гісторыяй мастацтваў, не цытавалі б, а былі б унікальныя самі па сабе. Таму што механізмы стварэння аб’екта сучаснага мастацтва досыць простыя сёння, і нашыя мастакі таксама гэта ўжо асвойваюць. Таму ўзнікае жаданне чагосьці ўнікальнага, рызыкоўнага, правакатыўнага, хай гэта і не будзе адразу прачытана і ўспрынята гледачом і калегамі, але трэба рызыкаваць. Я кажу пра гэтыя радыкальныя пошукі і рызыкі хутчэй са сваёй перспектывы, таму што сам стараюся не замыкацца ў гэтыя сістэмы.

Але, па маім адчуванні, у нас цяпер трохі ўсё падзялілася на такія зоны адказнасці, маўляў, ты адказваеш за гендар, ты — за палітыку, ты — за экалогію, і кожны працуе ў гэтай сваёй нішы. А важна ствараць у тым ліку і сваю ўнікальную, хай і не вельмі ладную мову.

Калі ж казаць пра пераемнасць, адзначу, што нашы мастакі хутчэй арыентуюцца не на мясцовую традыцыю, а спрабуюць размаўляць на інтэрнацыянальнай мове. І, напэўна, для беларускага мастака гэта цяпер важней.

Алёны Гайдук «Са святам!», на выставе «Вымярэння пустэчы». Фота В.Шчарбаковай ygallery.by

Алёны Гайдук «Са святам!», на выставе «Вымярэння пустэчы». Фота В.Шчарбаковай ygallery.by

Т.А.: Я б пагадзілася з Мішам наконт таго, што ад маладых масткоў не хапае пэўнай правакатыўнасці, рызыкі, спрэчкі з папярэднікамі, сваёй, скажам так, мовы. І для мяне тут добрым прыкладам гэтага дэфіцыту спрэчкі стала якраз выстава «Вымярэнне пустэчы». Тэма пустэчы важная, пад яе знакам прайшлі «нулявыя». Вельмі добры куратарка падрыхтавала архіў. Але маладыя мастакі замест таго, каб усё ж спрачацца з гэтымі «нулём» і пустэчай, працягнулі рэфлексаваць, завісаць у гэтым «нулі», як і іх папярэднікі. Канешне, магчыма, так куратарка паставіла задачу, але мастак мог бы не пагадзіцца, узбунтавацца, умоўна кажучы, але гэтага не адбылося.

Далей наконт глабальнасці альбо інтэрнацыянальнай мовы. Так, пагаджуся, што мова мастакоў становіцца ўсё больш інтэрнацыянальнай і ўніверсальнай. Але мне падаецца, калі аналізаваць, якія тэмы цікавяць нашых мастакоў і той ракурс, перспектыву, з якіх яны разглядаюць іх, то адчуваецца па-ранейшаму пэўнага кшталту ізаляванасць. Гэта факт, што нашыя мастакі не так шмат ездзяць, трапляюць у арт-рэзідэнцыі, выстаўляюцца за мяжой. Гэта ўдаецца адзінкам. Калі паглядзець хроніку Андрэя Дурэйкі «Беларускія мастакі за мяжой», якую мы штомесяц даем на сайце pARTisan, бачна, што гэта адны і тыя ж асобы.

І гэтая менавіта фізічная ізаляванасць бачная ў творах, ёсць адчуванне, што глабальны свет аўтар бачыць праз вакно свайго камп’ютара, праз канструкты медыя, але не праз уласны досвед.

Але нават умоўная глабальнасць займае не так шмат месца. Канешне, гэта пазітыўны знак і прагрэс у пэўным сэнсе, што нашыя мастакі сталі нашмат болей гаварыць, апісваць, расказваць не пра свае персанальныя пачуцці, але пра наш кантэкст, штодзённасць і праблемы гэтага кантэксту. Але, з іншага боку, мне бракуе менавіта гэтага непасрэднага выхаду ў глабальны свет, што дазволіла б нам адчуць сваё пэўнае месца на агульнай мапе.

В.Ш.: У мяне ўсё-ткі адчуванне, што гэтая ізаляванасць пераадольваецца, што новая тэматыка з’яўляецца. І што мастакі ўскладняюць сваю мову, нават калі гэта адбываецца праз інтэрнэт. У мяне адчуванне, што мова становіцца ўсё больш зразумелай не толькі ў Беларусі, універсальнай, але не абстрактнай, і менавіта той, якая распавядае пра лакальны кантэкст. Хоць, вядома, гэта можа судзіць той, хто будзе глядзець збоку, з-за межаў краіны. Адкрытасць расце, сам час штурхае да таго, каб мы станавіліся больш адкрытымі. Напрыклад, тэма Еўрамайдану вельмі актыўна прысутнічае ў нашым асяроддзі, сярод мастакоў у тым ліку.

Т.А.: Але калі казаць пра Украіну, то гэта хутчэй падзеі, якія, умоўна кажучы, адбываюцца не па-за межамі Беларусі, яны вельмі непасрэдна нас тычацца, таму так актыўна на іх адгукаюцца і ў грамадстве, і мастакі ў тым ліку.

В.Ш.: Узгадала зараз выставу Аляксея Талстова пра глабалізацыю, дзе ён імкнуўся гаварыць пра нашыя і пра глабальныя праблемы праз універсальныя вобразы, у тым ліку акінуць нас позіркам іншага, упісаць нас у больш шырокі кантэкст. Ягоная выстава тады мне падалася новым крокам, такім запрашэннем да дыялогу пра нешта, аб чым мы раней не гаварылі. З’явілася ўсё ж такі гэтая міжнародная павестка.

Яшчэ адну рэч адзначу: узмацнілася ўзаемадзеянне між мастакамі і экспертамі з іншых сфераў. Гэта вельмі пазітыўны момант. Канешне, трэба імкнуцца ў тым ліку часцей супрацоўнічаць з замежнымі экспертамі. І мне ўсё-ткі здаецца, што мастакі сталі больш ездзіць, хоць пра гэта трэба пытацца ў іх саміх. І гэта цікавае пытанне — больш універсальнай робіцца гэтая мова ці гэта ўява.

М.Г.: Так, можна казаць пра тое, што ў нас ёсць рух, але ўсё адбываецца нейкімі павольнымі крокамі.

Не хапае дынамікі — для таго каб зрушыць цікавасць гледачоў, памяняць стаўленне публікі, патрэбныя больш актыўныя дзеянні.

На прыкладзе суседніх краін я бачу, што, на жаль, гэта пераадольваецца вялікай колькасцю адначасовых грашовых укладанняў. Напрыклад, у Кіеве важную ролю адыграла дзейнасць Пінчук-цэнтра, які стаў пэўным трамплінам для далейшага развіцця сучаснага ўкраінскага мастацтва. А ў нас быццам бы ёсць усе перадумовы — ёсць прасунутая развітая мастацкая супольнасць, ёсць разнастайнасць, але няма такой актыўнай падтрымкі з боку бізнэсу, напрыклад.

Хацеў бы дадаць яшчэ некалькі важных на мой погляд рэчаў. Па-першае, пазітыўны момант — тое, што маладыя мастакі сталі больш актыўныя, яны імкнуцца быць бачнымі, быць часткай мастацкага працэсу. Па-другое, важна, што яны імкнуцца да выканальніцкага прафесіяналізму. Хоць, яшчэ раз паўтару, дынаміку гэта не павялічвае. І пляцоўка «Ў» збольшага таксама робіць гэтае асяроддзе аднастайным. Мы бачылі, напрыклад: на пляцоўцы Музея Багдановіча тыя ж мастакі выглядалі па-іншаму. Гэта значыць, пляцовак нам па-ранейшаму не хапае. Плюс трэба рабіць счэпкі паміж рознымі коламі, таму што замыкацца ў адных тусоўках не прадуктыўна для саміх мастакоў, гэта таксама перашкаджае дынаміцы. Але працэс, безумоўна, ідзе.

В.Ш.: Так, можна адзначыць, што калі некалькі год таму яшчэ вяліся дыскусіі пра тое, што такое сучаснае мастацтва, то сёння такое пытанне ў прынцыпе не падымаецца.

Глядач: Вы казалі пра тое, што мастакі мала выязджаюць навучацца за мяжу. А як часта да нас прыязджаюць замежныя мастакі і ці навучаюцца яны ў нас?

Т.А.: Я мела на ўвазе ў першую чаргу не навучанне ў прамым сэнсе, а менавіта атрыманне вопыту. Бо тут важна нават не атрыманне ведаў непасрэдна пра прафесію, сродкі і метады, але камунікацыя з мастакамі з розных іншых краінаў, вывучэнне кантэксту. Гэта можа даць нашмат болей, чым штудыі ва ўніверсітэце. Гэта я кажу з уласнага досведу. І якраз праграмы арт-рэзідэнцый, якіх зараз сотні па ўсім свеце і трапіць на якія не так складана, базуюцца на такіх прынцыпах. І шмат замежных мастакоў увогуле так і жывуць — як намады, пераязджаюць з адной рэзідэнцыі ў другую.

Падчас дыскусіі

Падчас дыскусіі

Што тычыцца прыезду да нас замежных мастакоў — на жаль, для нас пакуль гэта рэдкасць. Пастаянных праграм арт-рэзідэнцый у Беларусі не існуе, і гэта звязана ў першую чаргу з эканамічнымі прычынамі. Але нядаўна ў нас былі грузінскія мастакі, якія падчас некалькітыднёвага прыбывання ў Менску ў галерэі «Ў» зрабілі невялічкае даследаванне і выніковы праект «Смачныя гісторыі менчукоў», дарэчы, вельмі цікавы і нязвыклы для нашага арт-поля. Ці можна сказаць, што яны чамусьці ў нас навучыліся? Атрымалі новы досвед — безумоўна. Навучыліся — на жаль, пакуль, думаю, не. Нам самім шмат чаму трэба вучыцца, калі казаць асабліва пра арганізацыйныя моманты.

Глядач: Я з Гомеля, і ў мяне пытанне: як вы спрабуеце працаваць па-за межамі Менску? Бо зразумела, сітуацыя культурнага жыцця сталіцы і іншых гарадоў татальна адрозніваецца. Я ведаю, што кампанія «Будзьма» ладзіць шмат праектаў у рэгіянальных гарадах, але, падаецца, гэта адзіная ініцыятыва.

В.Ш.: Я магу сказаць пра Брэст, з якім цяпер у нас адбываецца актыўны ўзаемаабмен. Там з’явілася прастора «КХ», дзе выступаюць і лектары, і пісьменнікі, ладзяцца дыскусіі. У Віцебску таксама ёсць пляцоўка, дзе віруе актыўнае жыццё, звязанае з праектам vitebsk4.me. Гэта значыць, многае залежыць, вядома, ад прасторы і ад ініцыятывы саміх актывістаў горада. Але таксама гэта яшчэ і пытанне сродкаў: мастакі б з радасцю паехалі ў іншыя гарады, але гэта ўсё фінансавыя выдаткі.

М.Г.: Я сам з Гомеля, і за апошнія некалькі гадоў рабіў там два маштабныя праекты — «Палацавы комплекс» і «Алфавіт». Вы бачылі іх?

Глядач: Не.

М.Г.: Ну вось бачыце. Тут яшчэ пытанне інфармацыйнага ўзаемадзеяння. Я згодны, што пакуль у нас слаба развітыя сувязі паміж менскай арт-супольнасцю і рэгіянальнай. Напрыклад, наўрад ці ў Гомелі так актыўна і радыкальна абмяркоўвалася пытанне біенале, як у Менску, часцей за ўсё махаюць рукой, маўляў, менчукі паміж сабой пасварыліся і ўсё.

Гэта значыць, існуе разрыў моваў. І калі ў Менску не хапае дынамікі, то такое пытанне ў рэгіёнах наогул не стаіць.

Але ініцыятывы з’яўляюцца, «Прастора» ў Брэсце — яркі ўнікальны прыклад мясцовай ініцыятывы. І самае важнае — з імі мы гаворым на адной мове, у гэтым выпадку разрыву няма, і мяне гэта радуе.

Т.А.: Што тычыцца дзейнасці pARTisan, скажу, што вось зараз мы рыхтуемся павазіць выставу «Мінск. Нонканфармізм 1980-х», якую ладзілі ў траўні ў Менску, па некалькіх беларускіх гарадах — у Брэст, Віцебск і Гомель. Чаму менавіта гэтыя гарады — таму што мы ведаем, да каго можна звяртацца і на якой пляцоўцы. То-бок мы вельмі адкрытыя да супрацоўніцтва і гатовыя выходзіць за межы Менску, але нам патрэбна ведаць куды. То-бок ініцыятывы, запыт з рэгіянальных гарадоў патрэбныя ў першую чаргу.

Жнівень 2015

На вокладцы: разварот з pARTisan #28’2015, фотасерыя А.Навумчыка

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Оля Сосновская:

    Спасибо за дискуссию и ее публикацию! но честно говоря во время прочтения транскрипта не оставляло чувство дискомфорта по многим вопросам. с одной стороны странно читать высказывания трех критиков и ни одного ответа на них, т.к. меня на дискусии не было, я не знаю — потому ли это, что публика не смелая, или это не затранскрибировали, или потому что те кто хотел бы и мог ответить — как всегда отсутствуют в беларуси, в том числе многие из тех о ком так или иначе упоминается в дискуссии. это не вина критиков, а симптоматичная и нормальная уже наверное ситуация, но получается что участники стола действительно говорят за художников и кураторов. как участница обоих проектов — «Вымярэннi пустэчы» i «Усё што цвёрдает растае ў паветры», я не согласна ни с интепретацией кураторских стратегий, ни с замечанием о том что все художники проекта о пустоте «замест таго, каб усё ж спрачацца з гэтымі «нулём» і пустэчай, працягнулі рэфлексаваць, завісаць у гэтым «нулі», як і іх папярэднікі». Но так как на дискуссии меня не было, я не знаю каким образом я могу на ответить в рамках «дикурса». С другой стороны, мне бросается какая-то вымученность в этом поиске общих характеристик художественного поля. и также в поиске преемственности. я так понимаю, настаивать на преемственнсоти необходимо чтобы наконец преодолеть это «обнуление», «пустоту», «первое блабла», но говорить, что художники осознанно цитируют друг друга — это мягко говоря натянуто (я например, и это не плюс мне, очень мало вижу что делают беларуские художники, с другой стороны, с кем-то из них, в силу личных и профессиональных связей, мы смотрим и любим одни и те же работы, обсуждаем одни и те же темы). в случае работы «Со Святам!», если новая Напрушкина, то как раз анализа того, чтобы было сделано Напрушкиной, и что она делает сейчас здесь нет, а должен был бы быть — если это отсылка к этой художнице. по повожу дефицита художников — всем художникам, представленных на выставках еще нужно очень много работать, постоянно систематически работать над своей практикой, и для этого необходимо выставляться, поэтому хорошо, что появилось больше выставок и возможностей работать.

    • Дзякуй за каментар! Адзначым некалькі момантаў:

      1. пытанняў і рэплік з залі было сапраўды два, як у тэксце. Што, дарэчы, здзівілі і саміх экспертаў. Бо некалькі разоў пытанні адрасаваліся ў публіку, але жадаючых выказацца не было. І шкада.

      2. удзельнікі стала не гаварылі ад імя кагосьці, зразумела, іхняе меркаванне суб’ектыўнае, з пазіцыі назіральнікаў, і таксама мае права быць.

      3. далей, як адзначала Вольга Шпарага ў самым пачатку, каб рабіць высновы, патрэбна даследаванне, а так яна проста робіць першыя накіды па сваіх адчуваннях.

      4. пра рэплікі і цытаты — гэта таксама заўважана як пэўнае дасягненне генерацыі «пасля нуля». Вельмі доўга не хапала такой агульнай прасторы, прасторы пакаленняў. Цяпер яна з’яўляецца, то бок выбудоўваецца пэўная сістэма каардынатаў.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус