«ТЭАРТ-2015»: БЕЛАРУСКІ ТЭАТРАЛЬНЫ ШОУКЕЙС

Упершыню ў межах Міжнароднага форуму «ТЭАРТ» з 1 па 5 кастрычніка пройдзе тэатральны шоукейс. На паказы самых заўважных беларускіх спектакляў апошніх гадоў запрошаны крытыкі і прадзюсары з Еўропы.

xXjqtvO8YrM

«Чэхаў. Камедыя. Чайка», рэж. Іскандэр Сакаеў

Шоукейс — актуальны і да гэтага часу нерэалізаваны ў Беларусі фармат тэатральных агледзінаў. Такога кшталту фестываль арыентаваны на міжнародную прафесійную публіку, а яго мэта — пазнаёміць замежных экспертаў з выбранымі пастаноўкамі беларускага тэатра.
Як і на мінулагодніх форумах, праграма называецца Belarus Open. Яе куратарам выступіла тэатразнаўца Людміла Грамыка, пры ўдзеле тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава. Адмыслоўцы адабралі 13 спектакляў, якія і будуць прадстаўлены гасцям фэсту. У эклектычную калекцыю ўвайшлі пастаноўкі розных жанраў і формаў, у тым ліку ўпершыню ў фестывалі ўдзельнічаюць лялечныя спектаклі.
Адкрыецца беларускі шоукейс 1 кастрычніка двума прэм’ернымі паказамі. Гледачы ўбачаць танцавальны перформанс «VASEN-EXTASEN» тэатра танца KARAKULI і новую работу Яўгена Карняга «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі» — чорную камедыю паводле казак братоў Грым.
Другі дзень праграмы будзе напоўнены экстравагантнымі і арыгінальнымі трактоўкамі класічных тэкстаў: Іскандэр Сакаеў прадставіць сваю пастаноўку «Чэхаў. Камедыя. Чайка», Цімафей Ільеўскі пераселіць горкаўскіх персанажаў начлежкі ў сучаснасць у спектаклі «На дне»; галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі прапануе публіцы свой заліхвацкі ды хуліганскі спектакль «Тарцюф». Да слова, усе пастаноўкі з поспехам ідуць у рэпертуары тэатраў. Не абыдзецца 2 кастрычніка і без новай драмы — «Ілюзіі» па тэксце Івана Вырыпаева прадставіць у сваім прачытанні рэжысёрка Таццяна Траяновіч.

DSC_5399

«Ілюзіі», рэж. Таццяна Траяновіч

3 кастрычніка Laboratory Figures Oskar Schlemmer — незалежная тэатральная група з Магілёва — пакажа эксперыментальны спектакль «ORATORIUM», самімі аўтарамі названы тэатрам аб’екта. У гэты ж дзень гледачы ўбачаць дакументальны спектакль «Мабыць?», пастаўлены ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі Аляксандрам Марчанкам.
Перадапошні дзень Belarus Open будзе прысвечаны Цэнтру беларускай драматургіі: у 11:00 пачнецца прэзентацыя, падчас якой можна будзе даведацца пра дзейнасць Цэнтра і яго апошнія праекты (Драматургічная лабараторыя і Drama LIVE). Пасля прэзентацыі адбудзецца паказ аднаго з спектакляў-удзельнікаў Drama LIVE — пастаноўка Алены Сілуцінай у жанры сайт-спецыфік «Участковыя, або Пераадоленне процідзеяння». Увечары 4 кастрычніка пройдзе паказ спектакля «Жаніцьба» Саўлюса Варнаса (Магілёўскі абласны драматычны тэатр).
Закрываюць праграму шоукейса тры абсалютна розныя пастаноўкі. Абсурдысцкі спектакль Саўлюса Варнаса «У маленькай сядзібе» заснаваны на творы польскага класіка Станіслава Віткевіча і паводле задумы драматурга мусіць пакідаць адчуванне «нейкага мудрагелістага сну». Матэрыял пушкінскага «Барыса Гадунова» ажывае ў лялечным спектаклі Аляксея Ляляўскага «Самазванец»: рэалістычная драма ў рэжысёрскім прачытанні робіцца іранічнай «народнай камедыяй». Аматары пластычнага тэатра змогуць атрымаць асалоду ад «біяграфічнай фантасмагорыі» тэатра InZhest — спектакля «Доступ да цела».

IMG_8471

«Участковыя, або Пераадоленне процідзеяння», рэж. Алены Сілуцінай

«Праграма Belarus Open — гэта ўнёсак „ТЭАРТа“ ў прасоўванне беларускага тэатра ў краіне і за мяжой. Сёлета зрабілі ўсё магчымае, каб пазнаёміць нашых гледачоў і міжнародную публіку з беларускімі пастаноўкамі. Спадзяемся, што спектаклі з праграмы змогуць прасунуцца далей», — каментуе Анжаліка Крашэўская, дырэктар Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ».
«ТЭАРТ-2015» пройдзе з 29 верасня па 23 кастрычніка, спектаклі праграмы Belarus Open можна будзе ўбачыць з 1 па 5 кастрычніка. Квіткі ўжо ў продажы на сайтах teart.by, kvitki.by, а таксама на сайце і ў касах НАТ імя Янкі Купалы.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology