ПРАГРАМА «МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ Ў МІНСКУ» 2015

Восенню мінулага года ў Беларусі ўпершыню стартаваў «Месяц фатаграфіі ў Мінску» — калейдаскоп культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, арганізаваных ініцыятыўнай групай натхнёных фатографаў і арт-менеджараў. «Месяц фатаграфіі ў Мінску» выклікаў вялікую цікавасць у сталічнай публікі: выставы, мультымедыя-паказы і прэзентацыі наведалі больш за 10 000 чалавек, а агульны аб’ём аўдыторыі склаў каля 250 000 гледачоў.

Марцін Пар. Італія, Піза. З праекту Маленкі свет.  1990

Марцін Пар. Італія, Піза. З праекту Маленкі свет. 1990

У мерапрыемствах «Месяца фатаграфіі ў Мінску» прынялі ўдзел як вядучыя тэарэтыкі ў галіне візуальных даследаванняў у рэгіёне, так і актыўныя ў працы фатографы з Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, Літвы і Латвіі. Важнай падзеяй стала заснаванне і правядзенне прэміі «ПРАФОТА», у рамках якой пры ўдзеле міжнароднага журы былі вызначаны пераможцы ў дзвюх намінацыях: дакументальная і арт-фатаграфія.

Значным для Беларусі стаў візіт спецыяльна запрошанага госця — фатографа, які прадстаўляе сусветна вядомае агенцтва Magnum Photos, Марціна Пара, які выступіў перад прафесіяналамі і аматарамі з лекцыяй пра свой творчы шлях у фатаграфіі.

«Месяц фатаграфіі ў Мінску — 2015» абяцае стаць значна больш маштабным і разнапланавым. Поспех мінулага года матываваў як фатографаў, так і новыя культурныя і мастацкія пляцоўкі да ўдзелу ў шырокім спектры мерапрыемстваў. Істотна вырасла колькасць і геаграфія краін-удзельніц выстаў: сёлета гледачам будуць прадстаўлены 23 экспазіцыі, і арганізаваныя яны будуць не толькі ў беларускай сталіцы. Так, знакавую выставу французскай куратаркі і фатографа Франсуазы Юг’е «Камуналка» ўбачаць і жыхары Гродна.

Амаль удвая павялічылася колькасць партнёраў «Месяца фатаграфіі ў Мінску». Да традыцыйных партнёраў Інстытута польскагаІнстытута ГётэМузея сучаснага мастацтваЦСМгалерэі «Ў» і арт-прасторы «ЦЭХ»дадаліся пасольствы Ізраіля і Францыі, літаратурны музей Петруся БроўкіНацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусьгалерэя «Кніжная Шафа», культурны цэнтр Studio 67 і Гродзенская выставачная зала. Новым культурным партнёрам «Месяца фатаграфіі ў Мінску» таксама выступіць мінскі кінатэатр «Ракета», дзе пройдзе серыя паказаў дакументальных фільмаў пра фатаграфію.

Досвед мінулага года прывёў да зменаў у напаўненні графіка мерапрыемстваў. Вывучыўшы дынаміку цікавасці гледачоў, каманда «Месяца фатаграфіі ў Мінску» прыйшла да рашэння ісці за лагічнымі «хвалямі» наведвання выставаў і прэзентацый, найбольшая колькасць якіх цяпер запланавана на пачатак, сярэдзіну і канец фестывалю. «ЦЭХ», які змяніў лакацыю і значна павялічыўся, стане сапраўднай кропкай адліку галоўных падзей «Месяца фатаграфіі ў Мінску» — менавіта на яго зручнай пляцоўцы прасторнага ангара пройдзе максімальная колькасць ключавых выставаў.

Нязменнымі застаюцца тэматычныя блокі выстаў «Месяца фатаграфіі ў Мінску — 2015»: гледачы змогуць адкрыць для сябе новыя імёны маладых беларускіх фатографаў — Ганны Леванковай і Сяргея Лескеця, пазнаёміцца з сучаснымі замежнымі праектамі, якія будуць прадстаўлены куратарскімі праектамі «Дзікія»Маціяса Хардэра аб рэпрэзентацыі жывёлаў у сучаснай фатаграфіі, выставай «У калідорах памяці» маладых еўрапейскіх фатографаў Даніэля Зайферта i Іветы Вайводэ, што прадстаўляюцца галерэяй C/O Berlin, сумесным праектам Марцiна Пара i Рымулдаса Вiкшрайціса «Рэальнае свет», а таксама персанальнымі выставамі Артура БондараМарыны Дрожжа-СабоўскайЯны РаманавайГустава СагорскіЮзэфа Салавейчыка і Баляслава АўгусцісаМануэля Шродэра і Франсуазы Юг’е.

Беларускі клімат. Серыя «Канаты». 2015.

Беларускі клімат. Серыя «Канаты». 2015.

Важнай гістарычнай старонкай мерапрыемстваў «Месяца фатаграфіі ў Мінску — 2015» стане зварот да гісторыі беларускай фатаграфіі: у рамках фестывалю будзе паказана рэтраспектыўная выстава кіраўніка фотаклуба «Мінск» Юрыя Васільева, таксама гледачы змогуць наведаць выставу, прысвечаную моднай індустрыі БССР і Беларусі «Fashion is My Passion! Модная індустрыя 70х-90х гг.: беларускі фармат», і шырокую экспазіцыю «Курыруючы фатаграфічны архіў: мінскія школы фатаграфіі 80-90 гг.», сабраную маладымі куратаркамі і даследчыцамі Ганнай Самарскай і Настай Ранько на пляцоўцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Адной з незвычайных пляцовак для знаёмства з фатаграфіяй стане гарадскі трамвай.

Спецыяльнымі замежнымі гасцямі «Месяца фатаграфіі ў Мінску — 2015», якія наведаюць мерапрыемствы асабіста, стануць куратарка галерэі C/O Berlin Ан-Крысцін Бертран, украінскі дакументаліст Артур Бондар, фатограф з Расіі Аксана Юшко, польскі фатограф і адзін з сябраў фотакалектыва Sputnik Photos Рафал Мілах, расійскі фатограф і выкладчыца Яна Раманава, нямецкі фатограф Мануэль Шродэр, латвійскія фатографы Андрэйс Строкінс і Івета Вайводэ, а таксама французскі фатограф і куратарка Франсуаза Юг’е. У межах «Месяца фатаграфіі ў Мінску — 2015» знакамітыя госці правядуць майстар-класы, прэзентацыі і возьмуць удзел у дыскусіі пра сучасныя тэндэнцыі і будучыню поля і медыуму фатаграфіі.

Вольга Бубіч

Цалкам праграму Месяца фатаграфіі ў Мінску глядзіце на САЙЦЕ праекта.

Крыніца фота // mfm.by


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology