АПРАПРЫЯЦЫЯ Ў ФАТАГРАФІІ: У ПОШУКАХ АЎТАРА

Гісторыя апрапрыяцыі ў мастацтве і літаратуры налічвае больш за стагоддзе, аднак выкарыстанне гэтай стратэгіі ў полі фатаграфіі ўсё яшчэ не стала штодзённай практыкай і час ад часу робіцца прычынаю для новых дэбатаў.

Мастакі сёння апрапрыююць, альбо «прысвойваюць», любыя артэфакты рэальнага свету: пачынаючы з прадметаў і заканчваючы існымі творамі мастацтва. Крыніца натхнення і рэканструкцыі сучаснага фатографа — архіў друкаваных і віртуальных малюнкаў, які некантралявана і пастаянна павялічваецца. Не застаюцца ўбаку ад асэнсавання вынікаў чужога візуальнага досведу і аўтары з Беларусі.

Праца з серыі «Прывітанне, зброя!» Максіма Сарычава

Праца з серыі «Прывітанне, зброя!» Максіма Сарычава

У эсэ «Смерць аўтара» (1967) французскі філосаф Ралан Барт, выкрываючы аўтарытэтнасць і аўтарства мастакоў і пісьменнікаў, заяўляў, што тэкст уяўляе з сябе штосьці значна большае, чым паслядоўнасць словаў, якія маюць адзіны сэнс. Гэта «шматмерная прастора, дзе спалучаюцца і спрачаюцца адзін з адным розныя віды пісьменства, ніводны з якіх не з’яўляецца зыходным; тэкст вытканы з цытат, адсылае да тысячаў культурных крыніц». У тэорыі дыскурс-аналізу разуменне тэксту не абмяжоўваецца ягонай рэпрэзентацыяй у выглядзе «папяровага медыума», таму тэзіс Барта можа быць лёгка выкарыстаны і ў дачыненні да сферы візуальнага. Любы фотаздымак ёсць далёка не толькі рэгістрацыя фрагмента рэальнасці, ягоныя межы выходзяць за тут і цяпер. Ніводная выява сама па сабе не новая і не ўнікальная: кожная — перапрацаваны кактэйль з сэнсаў, зашыфраваных у культурна і гістарычна абумоўленыя знакі і сімвалы.

Сапраўды, мастакі ўжо не адно дзесяцігоддзе прытрымліваюцца думкі пра тое, што арыгінальнасці як такой няма. Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя авангардныя аўтары смела «прысвойвалі» самыя розныя матэрыялы з масмедыя і рэкламы, вярстаючы іх у вельмі папулярным тэхнічным прыёме — калажы. Аўтары — ад Пабла Пікаса і Аляксандра Родчанкі да Барбары Кругер — эксперыментавалі з плакатнай тыпаграфікай і незвычайнымі ўклейкамі, замяняючы агульнапрынятыя значэнні новымі, уласнымі інтэрпрэтацыямі. Па сутнасці, менавіта гэты просты механізм і ляжыць у аснове любой апрапрыяцыі: пры прысвойванні існуючага матэрыялу мастак здзяйсняе з ім пэўныя маніпуляцыі, дапрацоўкі як механічнага, так і канцэптуальнага плану, тым самым змяшчае зыходны аб’ект альбо выяву ў новы, больш значны і сучасны кантэкст і робіць такім чынам «новы» твор. Так, унёсак мастака заключаецца менавіта ў рэканструктурызацыі запазычанага матэрыялу, своеасаблівай «надбудове» ў першапачатковай аўтарскай задумкай.

Сённяшнія мастакі не стамляюцца ствараць самыя разнастайныя арыгінальныя формы перапрацоўкі чужога. Калажы набываюць аб’ём, выходзяць за межы плоскасці аркуша, ператвараючыся ў музейныя інсталяцыі.

Апрапрыяцыі падвяргаюцца значна больш тонкія памежныя рэчы, чым толькі выява. Напрыклад, фатограф з Марока Лала Эсайдзі (Lalla Essaydi) спалучае рэканструкцыю сюжэтаў вядомых французскіх жывапісных палотнаў XIX стагоддзя з традыцыйнай для Усходу каліграфіяй хной, якую наносіць на паверхні з малюнкамі твараў, рук і ног сваіх мадэляў, а таксама на іх вопратку і драпіроўку. Вобраз жанчыны ў заходняй культуры, перададзены пры дапамозе запазычаных позаў, пераасэнсоўваецца Лалай праз фільтр яе роднай, усходняй культуры — канцэптуальныя пласты сплаўляюцца ў філасофскае выказванне пра сутнасць прыгажосці і жаноцкасці ў двух палярных культурах.

Лала Эсайдзі. Гарэм № 2

Лала Эсайдзі. Гарэм № 2

Аднак ані не заўсёды апрапрыяцыя можа быць настолькі тонкай, як у арабскай мастачкі. У сучасным свеце празмернасці аматарскай фатаграфіі, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе ў сетцы, віртуальны архіў проста не можа заставацца незаўважаным. Адным з выдатных і таксама раздражняльных для кансерватыўных розумаў прыкладам апрапрыяцыі з’яўляецца шматгадовы праект амерыканскай канцэптуальнай мастачкі Пенелопы Амбрыка. Фатографка пачала працаваць над серый «Сонца з Flickr» у 2006 годзе, калі ў адзін цудоўны дзень па запыце на ключавое слова «заходы» яна атрымала 541 795 выяваў. На пляцоўцы Flickr сонца аказалася самай папулярнай тэмай аматарскага дакументавання. І менавіта яно стала аб’ектам апрапрыяцыі Пенелопы: сваёй камерай «Kodak» яна перафатаграфавала фрагмент з сонцам з кожнага аматарскага здымка. Паказальна, што сам праект пакуль не мае фінальнай формы: кожную новую інсталяцыю амерыканка ўзбагачае свежымі фатаграфіямі, кожным разам змяняецца і назва праекта: ад «541 795» у 2006 годзе да «5 911 253» у 2009 годзе — у залежнасці ад колькасці выкарыстаных выяваў. Акт апрапрыяцыі ў выпадку з чужымі сонцамі складаўся ў пераздымцы і кадраванні арыгінальных фота, а абноўленае канцэптуальнае выказванне можна звесці да мяккай іроніі ў адносінах да масавай рамантыцы фатаграфавання заходаў.

Але не кожнае прысваенне ў сучаснай фатаграфіі выглядае гэтак жа бяскрыўдна.
EMBED_NewsTop

Фрагмент праекта «Сонца з Flickr», Пенелопа Амбрыка

Шырокую вядомасць атрымала судовае разбіральніцтва, якое адбылося пасля таго, як мастак Рычард Прынс (Richard Prince) прысвоіў і канцэптуалізаваў некалькі дзясяткаў фотаздымкаў ямайскіх растафарыянцаў Патрыка Карыў (Patrick Cariou). Абураны фатограф падаў на Прынса ў суд, аднак справу прайграў. 25 красавіка 2013 года вынесена рашэнне пра законнасць стратэгіі апрапрыяцыі ў сучасным мастацтве.

(Злева) Фотаздымак з кнігі «Да Раста» Патрыка Карыў (Справа) Твор з серыі «Зона канала» Рычарда Прынса

(Злева) Фотаздымак з кнігі «Да Раста» Патрыка Карыў
(Справа) Твор з серыі «Зона канала» Рычарда Прынса

Але калі праца з чужымі фотаздымкамі — практыка даўно засвоеная замежнымі фатографамі (дастаткова ўспомніць Ірыну Вернінг, Яхіма Шміта, Біна Дана, Зоі Леанард, Томаса Хіршхорна), то на постсавецкай прасторы праектаў, дзе ўсведамляўся б чужы візуальны досвед, пакуль не так шмат. У якасці прыкладаў працы расійскіх фатографаў з архівамі могуць быць прыведзеныя серыі Юліі Барысавай, Наталі Рэзнік і Анастасіі Багамолавай. Выдатным нядаўнім прыкладам таксама з’яўляецца выстава «Агульная ўяўнае», арганізаваная летам 2015 года піцерскай інстытуцыяй «ФотоДэпартамент». У экспазіцыі былі прадстаўленыя праекты і інсталяцыі 11 маладых аўтараў і аўтарак, даследчае поле якіх аб’ядноўвала запазычанне чужых выяваў, размешчаных на анлайн-сэрвісе АВИТО. Куратарка выставы Надзя Шараметава называе кантакт маладых фатографаў з безназоўнымі аўтарамі фотаархіва пляцоўкі куплі-продажу рэчаў і паслуг «сустрэчай» і «ўзаемнай зачараванасцю» і тлумачыць у суправаджальным тэксце: «Захопленыя гэтай даступнай позірку прасторай надмернасці, пераадольваючы індывідуальныя магчымасці ўспрымання і прыняцця іншых — суседзяў, незнаёмцаў, ананімных персонаў, светам рэчаў і жаданняў, — аўтары прызначаюць сабе гульню, сур’ёзней за якую цяжка нешта ўявіць: вызначыць сябе праз іншага».

Кожны з аўтараў і аўтарак па-свойму вызначае як, уласна, сам матэрыял прысваення, так і форму ўзаемадзеяння з «арыгіналам». Тэмы, якія ў выніку разважанняў і прымеркі масак закранаюцца маладымі фатографамі, уключылі цэлы спектр адценняў калектыўна фармоўнай эстэтыкі і культурнай ідэнтычнасці расійцаў. Самыя глыбокія выказванні прачытваюцца ў праектах Вольгі Сухаравай «Захоўваць вечна», Ніны Дудаладавай «Пражыць месца» і Феадоры Каплан «Не-ў-сабе-рэч».

Так, напрыклад, у праекце Вольгі Сухаравай «Захоўваць вечна» аўтарка пераасэнсоўвае такую ​​традыцыйную сімвалічную каштоўнасць савецкіх часоў, як крышталь. Выкарыстоўваючы прыёмы апрапрыяцыі, замены і парабалы, яна спрабуе знайсці адказ на пытанне: наколькі савецкія сімвалы, якія здаваліся калісьці нязменнымі — вечнымі, — будуць «упісвацца» ў сённяшнія інтэр’еры?

Так, напрыклад, у праекце Вольгі Сухаравай «Захоўваць вечна» аўтарка пераасэнсоўвае такую ​​традыцыйную сімвалічную каштоўнасць савецкіх часоў, як крышталь. Выкарыстоўваючы прыёмы апрапрыяцыі, замены і парабалы, яна спрабуе знайсці адказ на пытанне: наколькі савецкія сімвалы, якія здаваліся калісьці нязменнымі — вечнымі, — будуць «упісвацца» ў сённяшнія інтэр’еры?

Калі звярнуцца да беларускага кантэксту, актыўна працавалі са стратэгіяй апрапрыяцыі ў 1990-х такія вядомыя фатографы, як Ігар Саўчанка, Галіна Маскалёва і Уладзімір Шахлевіч. Таксама да яе звяртаюцца і сучасныя беларускія аўтары: Андрэй Лянкевіч, Алена Пратасевіч, Аляксей Навумчык і Антон Сарокін, Максім Сарычаў і Вольга Савіч.

У 2014 годзе праект Вольгі Савіч «Gene.BY» стаў фіналістам прэміі «ПРАФОТА» ў намінацыі «арт-фатаграфія» і быў паказаны на выставе ў межах «Месяца фатаграфіі ў Менску». Як і піцерскія аўтары з «ФотаДэпартамента», Вольга апрапрыюе здымкі, узятыя з сайтаў, якімі людзі карыстаюцца для пакупкі і продажу былых ва ўжыванні рэчаў. Не падвяргаючы маніпуляцыі фармат і не здзяйсняючы кадраванне «арыгінальных» выяваў, Вольга злучае іх са здымкамі сакральных для беларускай культуры сімвалаў, ствараючы такім чынам тое, што яна называе «сэнсавым пазлам іх двух архіваў». Падчас працы над серыяй Вольга Савіч прымяняе тэхналогію «paper transfer print» — літаграфічны друк з выкарыстаннем гуміарабіку і чорна-белых папяровых выяваў, якія служаць асновай для нанясення пігменту. У выніку з гледачом камунікуюць дзіўныя пазачасавая мазаікі, яны прымушаюць пераасэнсоўваць паняцці мінулага і сучаснасці тых, каго ў апісанні да праекта фатографка асцярожна называе «тутэйшымі».

Праца з серыі «Gene.BY» Вольгі Савіч

Праца з серыі «Gene.BY» Вольгі Савіч

Тэма праекта «Прывітанне, зброя!» Максіма Сарычава — адносіны паміж людзьмі і жывёламі, якія фатограф аналізаваў на прыкладзе сітуацыі спартовага палявання. Максім Сарычаў ставіцца да дадзенага віду чалавечай дзейнасці вельмі крытычна, называючы яе варварствам і прытрымліваючыся думкі, што адзіным апраўданнем забойства жывёлаў з’яўляецца неабходнасць здабывання ежы. Паспрабаваўшы асабіста паўдзельнічаць у паляванні ў якасці далучанага назіральніка, узброенага фотаапаратам, Максім зразумеў, што больш шчыра ў дачыненні да гледача і саміх паляўнічых было б пазбавіцца сваёй суб’ектыўнасці і працаваць з фотаздымкамі, зробленымі самімі паляўнічымі.

«Сёння, маючы вар’яцкія аб’ёмы візуальнага, перш чым ісці і пладзіць новае візуальнае смецце, трэба вельмі добра падумаць. Як фатограф я заўсёды задаюся пытаннем, навошта я бяру камеру і што я магу сказаць новага. Часам лепш запазычыць выявы, якія ўжо былі зробленыя да мяне, і нейкім чынам іх перапрацаваць», — каментуе аўтар серыі «Прывітанне, зброя!». — «У маім праекце я браў з сацыяльных сетак, Flickr і паляўнічых супольнасцяў фатаграфіі, зробленыя самімі паляўнічымі, затым праецыраваў здымкі на сцяну і пераздымаў у рэжыме мультыэкспазіцыі. У выніку атрымалася чыстая самарэпрэзентацыя паляўнічага, без майго ўмяшання альбо ацэнкі. Мая аўтарская пазіцыя праяўляецца толькі ў жэсце візуальнага аб’яднання паляўнічага і ягонай ахвяры. У такім выпадку метад апрапрыяцыі сапраўды дарэчны і добра працуе».

Праца з серыі «Прывітанне, зброя!» Максіма Сарычава

Праца з серыі «Прывітанне, зброя!» Максіма Сарычава

Далейшая гісторыя праекта «Прывітанне, зброя!» звязаная з прызёрствам у прэміі «Залатая камера» ў 2012 годзе. Першапачаткова серыя павінна была атрымаць Гран-пры, аднак, як высветлілася за некалькі дзён да ўзнагароджання, журы не зразумела, што серыя была выкананая з выкарыстаннем стратэгіі апрапрыяцыі. Высветліўшы, што фатаграфіі фізічна не былі зробленыя аўтарам, яны вырашылі прысудзіць Гран-пры іншай рабоце, нават нягледзячы на ​​тое, што «Прывітанне, зброя!» падаваўся менавіта як канцэптуальны, а не дакументальны праект. Максім прыводзіць дакладную фармулёўку журы, якое так пракаментавала сваё рашэнне не прысуджаць серыі галоўны прыз: «Выснова журы: фатаграфічны бок праекта значна слабейшы за ягоны канцэптуальны складнік. Калі б усе часткі працы былі выкананыя вамі, гэта было б Гран-пры на 100 адсоткаў».

Такі жэст з боку, здавалася б, прафесіяналаў сведчыць адно пра тое, што ў час, калі фатографы і мастакі ўжо прыйшлі да больш шырокага і пластычнага разумення медыума фатаграфіі, тыя, хто бяруць на сябе ролі экспертаў і суддзяў, усё яшчэ затрымаліся ў настальгіі па класічным рэпартажы і баяцца бачыць і прымаць новае.

Хоць, падавалася б, гэтае самае «новае» так выдатна прыжылося ў мастацтве яшчэ сто гадоў таму. Апрапрыяцыя сапраўды аказваецца звышактуальным спосабам працы з выявамі, прыёмам лагічным і правільным ва ўмовах візуальнай інфармацыйнай лавіны і расслаення сэнсаў. Філасофія і мастацтва «прысвойвання» падымаюць пытанні арыгінальнасці і аўтарства, прыгожа ўпісваючыся ў постмадэрнісцкую парадыгму, дзе пытанне аб тым, хто быў першым, можа выклікаць толькі лёгкую ўсмешку.

Вольга Бубіч

На вокладцы // праца з серыі «Прывітанне, зброя!» Максіма Сарычава

Фота з архіваў аўтаркі, а таксама аўтараў фотаздымкаў

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology