Названыя пераможцы конкурсу «Заспявай 2.0»

Аргкамітэт конкурсу вызначыў уладальніка Гран-Пры, двух лаўрэатаў, а таксама адзначыў спецпрызамі яшчэ трох выканаўцаў.

Конкурс «Заспявай 2.0» стартаваў сёлета увесну. Маладым выканаўцам (да 27 год) прапаноўвалася паўдзельнічаць у дзвюх намінацыях – «Спяваная паэзія» і «Кавер» (на беларускую кампазіцыю). Усяго было пададзена 50 заяваў: 23 – на «Кавер», 34 – на «Паэзію».

zasp

Некаторыя выканаўцы бралі ўдзел адразу ў абедзвюх намінацыях. Журы, у якое ўвайшлі Ігар Варашкевіч, Валеры Дайнека, Алег Хаменка, Адам Глобус, Віталь Рыжкоў, Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская, Павел Бераговіч, Ніна Шыдлоўская і Сяргей Будкін вызначыла па шэсць фіналістаў у кожнай з намінацыяў, якія атрымалі магчымасць выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых беларускіх гуртоў. Цягам усяго лета ў дворыку на плошчы Свабоды, 4, на тэрасе кавярні Chill Out праходзіла серыя з 12 канцэртаў. Некаторыя з канкурсантаў літаральна спеліся з тымі выканаўцамі, якія іх падтрымалі. Як Navi і «Палац», «Колір» і Naka, Symphorine i Leibonik (і Вярэніч з Бышлыкевічам асобна) утварылі шыкоўныя творчыя дуэты. Калі казаць непасрэдна пра выступы канкурсантаў, то ўсе без выключэння паставіліся да іх з вялікаю адказнасцю і парадавалі сваёй падрыхтавасцю і наогул творчай спеласцю.

За такімі выканаўцамі, як Марына Вярэніч, Валерыя Дэле, Кэтэвана, Vegetables, Teleport, Pauline, Navi безумоўна будучыня нашай музыкі.

«На жаль, адзначыць усіх вартых у межах гэтага конкурсу не ўяўляецца магчымым. Тым не менш заклікаем усіх без выключэння канкурсантаў не складаць рукі, а працаваць надалей, найперш над уласным, аўтарскім матэрыялам, які часам выглядае цікавейшымі за тыя кавэры, якія яны выконваюць», – кажа прадусар конкурсу Сяргей Будкін.

Аргкамітэт конкурсу вызначыў уладальніка Гран-Пры конкурсу «Заспявай 2.0». Яго атрымлівае гурт Navi за песню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Кавер» і за песню «Жар-птушка» ансамблю «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка). Яны атрымаюць грашовую ўзнагароду ў памеры 500 еўра.

navi

гурт Navi

Лаўрэаткай конкурсу «Заспявай 2.0» стала Марына Вярэніч за песню «Чаму мы стрэліся ня ў час» на верш Тацяны Дзям’янавай у намінацыі «Спяваная паэзія». Спявачка атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 250 еўра.

Лаўрэатам конкурсу «Заспявай 2.0» стаў Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню «Зачараваная» ансамблю «Песняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка). Ён таксама атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 250 еўра.

Таксама аргкамітэт конкурсу «Заспявай 2.0» адзначае гурт «Колір» за песню «Застацца сабой» на верш Андрэя Аляксандрава ў намінацыі «Спяваная паэзія», Pauline за песню «Малітва» на верш Янкі Купалы ў намінацыі «Спяваная паэзія» і К3tyvana за песню «Skyfall» Аdele у перакладзе на беларускую мову ў намінацыі «Кавер». Усе яны атрымаюць падарункі ад арганізатараў конкурсу.

Афіцыйнае ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў з міні-канцэртам Navi адбудзецца ў кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасці, 37а) 28 верасня (панядзелак) у 18.00. Уваход вольны.

Дэма-версіі песень прызёраў конкурсу «Заспявай 2.0» можна паслухаць па спасылцы https://soundcloud.com/tuzinhitou/sets/2-0-2


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology