ВІБРАЦЫІ СЛОВАЎ, ГВАЛТ ЛІТАР

Адныя літаратурныя раманы лірычныя, другія звяртаюцца да натуралізму і не грэбуюць экстрэмальнымі формамі. Кніга «Пліты і правалы» Андрэя Дзічэнкі – іншая, бо змест яе блізкі не столькі да літаратуры, колькі да музыкі радыкальнага пратэсту.

Нойз, індастрыял і цёмнае электроннае гучанне, змешчанае ў прастору з неабмежаванаю колькасцю вымярэнняў і чужой беларускаму вуху іншапланетнай акустыкай.

Лена Давідовіч. З кнігі, інсталяцыя 2006-2007

Лена Давідовіч. «Кніга Езэкііля», інсталяцыя 2006-2007

Гэты раман-з-нацяжкаю калінінградскага беларуса Андрэя Дзічэнкі наўрад ці зойме месца на латках прадаўцоў кніжнага кірмашу і ўжо дакладна ніколі не з’явіцца ў спісе рускамоўных бестселераў. Каму ад гэтага горш – спісам або Дзічэнку – іншае пытанне. Прынамсі пасля чытання гэтай кнігі можна быць упэўненым, што жыццё ў чэзлым целе страшнага балотнага чалавека яшчэ цепліцца, а працэсу літаратурных эксперыментаў не спыніць нават магутным катком цэнзуры. Нягледзячы на нажніцы дзяржаўнай машыны, некрафілія пераможа любую спробу пакарання, бо гэты сімбіёз існуе па-за рамкамі забойства.

Тым не менш эфекты ёсць заўсёды. А менавіта – цэнзура выціснула экстрым не толькі з рынку кнігавыдаўцоў, але і з галоваў маладых аўтараў, што дзіўна: звычайна ў часы забаронаў махрыстым колерам пачынае расквітаць супрацьстаянне пануючай сістэме.

У нас жа – ціша ды роўнядзь, ніякага ярка выказанага творчага бунту. Усіх усё задавальняе, усе задаволеныя. Але вось глядзі ж – аказалася, што не ўсе.

У самым пачатку рамана паказваецца менавіта тая рэчаіснасць, дзе мы жывем у гэты момант. Яна яшчэ будзе ўсплываць з развіццём сюжэту, што друзлее, у плямах сацыяльных пролежняў, імкліва дэградуе, наўпрост на вачах муціруе ў жахлівага гамункулуса, пажыраючы ўласных дзяцей. Яна мільгае нават там, дзе ёй ужо няма месца, – выродлівым ценем, заражанаю бліскавіцай, атрутнаю цвіллю. Адпаведнымі ўсёй гэтай карціне аказваюцца і людзі (або істоты), якія яе насяляюць, – падобныя да ашалелых насельнікаў Кунсткамеры або да экспанатаў музея мадам Цюсо, якія заразіліся шаленствам. Усе іхныя дзеянні скіраваныя на разбурэнне, знішчэнне, адмаўленне жыцця. Смерць для іх – вылячэнне ад хранічнай хваробы, адзіны эфектыўны лек. І вельмі цяжка даводзіцца тым, хто апынуўся тут не з уласнай волі, зрабіўшы крок не ў тыя дзверы або саслізнуўшы ў прорву паміж сусветамі.

Гісторыя, якая пачынаецца як бульварны трылер, у нейкі момант перарастае ў такую агрэсіўную бязглуздзіцу, што паспявай толькі падстаўляць вёдры пад фантаны чорнай крыві.

Гэтая метамарфоза аглушае, настолькі яна нечаканая для чытача. Абрыўкі суіцыдальнай філасофіі, каскады псіхадэлічных прывідаў, феерверк бурлівых адценняў вясёлкі жаху – усё злілося разам у кіпучы паток, які выпальвае мазгавую падкорку. Немагчыма ўбачыць яго пачатак і канец, ён пажырае сябе, нібы Ураборас, спараджаючы новыя абсурдныя сэнсы. Імпрэза ў жудасным тэатры ценяў ніколі не скончыцца, адзінае выйсце – сарваць экран і ўбачыць, як пазіраюць на зямны хаос пагардлівыя зоркі. Менавіта космас з яго вечным спакоем супрацьпастаўляецца ў рамане акіяну чалавечага вар’яцтва – тупой, бязмозглай стыхіі, якая валодае сапраўды бязмежнаю сілай. Дзічэнка выпісвае прастору «Плітаў…» шырокімі сакавітымі мазкамі, не шкадуючы мастацкіх фарбаў, быццам спадзяецца перанесці яго ў рэальнасць.

Па сутнасці, тут не заўсёды важныя самыя героі, іхнае аблічча, характары. Важная толькі нейкая звышідэя, яна над імі, яна вядзе праз жорсткія выпрабаванні… не, не да святла – гэта выглядала б занадта пошла, хутчэй да яго прывіднага водбліску, які вабіць да недасяжнага. Не хочацца шмат разважаць пра сюжэт рамана, каб загадзя не раскрываць яго паваротаў для будучых чытачоў, аднак варта адзначыць, што звыклыя схемы тут калі і працуюць, то з цяжкасцямі.

Аўтар часам настолькі ўпіваецца ўласным монстрам, што перастае яго кантраляваць, даючы поўную свабоду дзеянняў. І тут ужо раман раскрываецца на ўсю моц! Мы трапляем то ў менскія спальныя раёны, дзе паўбоскія істоты ладзяць нейкую зразумелую толькі ім адным гульню пасярод апусцелай дзіцячай пляцоўкі, то пераносімся ў іншае адлюстраванне горада, яшчэ больш змрочнае і жорсткае, з жахлівымі эксперыментамі ды насельнікамі пекла, што прарываюцца ў свет, заражаныя эпідэміяй эксперыментальнай анкалогіі.

Зрэшты, усё гэта не больш чым фон, дэкарацыі, хай і тыя, што граюць значную ролю. Але не варта забывацца пра сарцавіну твору, пра той сэнс, які раман абавязкова мусіць прадэманстраваць чытачу, рана ці позна. Навошта ўсё гэта? Дзеля чаго? І тут, напэўна, будаваць нейкія філасофскія хітраспляценні або высакалобыя тэорыі не варта. Усё мудрагелістае простае, ісціна часам наіўная, прымітыўная, хай нават гэтая ісціна песімістычныя, не пакідае шанцу яе носьбітам. Рэальнасць – выродлівая, кажуць нам «Пліты…». Рэальнасць зламаная, згрызеная недасканалым чалавецтвам. Мы самі загналі сябе ў тупік і цяпер павольна тлеем у цёмным і пыльным куце сусвету, на яго задворках.

Ці заслугоўваюць людзі літасці? Мабыць, усё ж так, калі даць веры Дзічэнку, але далёка не ўсе і з вялікаю агаворкай.

Plity-i-provaly.-Andrej-DichenkoТолькі дзеці чыстыя, хоць і яны з самага нараджэння заклеймаваныя злосцю і нянавісцю мёртвых пакаленняў. Але ў іх, можа быць, яшчэ ёсць шанец.

Калі вы прачытаеце гэты тэкст да канца, то, магчыма, адкрыеце для сябе яшчэ адную цёмную грань чалавечай натуры. Калі не – што рабіць, кожны сам выбірае акуляры, праз якія глядзіць на наваколле. Кажуць, што клін выбіваюць клінам, і, думаю, «Пліты і правалы» могуць служыць універсальнаю прышчэпкай ад безвыходнасці, раствараючы яе сваймі радкамі, што кіпяць ад ятры да сусветнае несправядлівасці. І хто сказаў, што адзін у полі не ваяр?

Спампаваць па спасылцы можна ТУТ.

Сяргей Астапенка

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology