З БЕЛАРУСКАЙ ФАТАГРАФІЯЙ УСЁ Ў ПАРАДКУ!

15 кастрычніка 2015 года ў межах другога «Месяца фатаграфіі ў Менску» прайшоў круглы стол на тэму эканомікі поля фатаграфіі. У дыскусіі прынялі ўдзел фатографы з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы, а самое абмеркаванне атрымалася дастаткова рознабаковым: ад значэння і ролі інстытуцый у развіцці фатаграфіі да стратэгій выжывання на рынку часопісаў, ролі інтэрнэту і фотакніг.  Адукацыйнае мерапрыемства праводзілася ў супрацоўніцтве з буйным праектам «Белгазпрамбанка» — выставай-продажам прац маладых беларускіх мастакоў «Восеньскі салон».

І не супастаўляць сучасную фатаграфію, пра якую разважалі ўдзельнікі дыскусіі, з тым мастацтвам, што фактычна знаходзілася на адлегласці выцягнутай рукі, было немагчыма.

З праекту Максіма Сарычава «Чалавека-месяц». Фіналіст конкурсу «Прафота» 2014

З праекту Максіма Сарычава Чалавека-месяц. Фіналіст конкурсу «ПРАФОТА» 2014

Рост папулярнасці фатаграфіі ў сучасным свеце відавочны. Да даступных і высакаякасных медыя сёння звяртаюцца далёка не толькі актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак і інстаграму. Нават у Беларусі фатаграфія ўжо выйшла за межы непасрэдных прафесійных абавязкаў фотажурналістаў і смела прабіраецца ў музейныя залы і галерэі. А тыя, хто абіраюць яе ў якасці інструмента фіксацыі сваіх мастацкіх выказванняў, сталі складаць сур’ёзную канкурэнцыю выхадцам з Акадэміі мастацтваў, якія працягваюць ігнараваць факт трансфармацыі грамадскай і культурнай парадыгмы і прадукаваць пейзажы ды нацюрморты, далёкія ад таго, што сёння прызнаецца сапраўды сучасным і сапраўды мастацтвам ва ўсім свеце. Зусім іншую карціну паказвае найноўшая беларуская фатаграфія.

Прычын вастрыні і сучаснасці беларускай фатаграфіі некалькі. Адна з іх крыецца ў дэмакратычнасці самога медыума. Ён насамрэч застаецца самым лёгкім і даступным, найлепшым чынам адлюстроўваючы пастулаты постмадэрнісцкай філасофіі, калі простасць і хуткасць, уласцівыя працэсу вытворчасці здымка ў XXI стагоддзі, літаральна пераносяць намаганні па стварэнні твора ў плоскасць думкі. Замест карпатлівай працы над мільёнамі тэхнічна дасканалых мазкоў фотамастак займаецца разважаннямі аб тым, што, як і чаму ён альбо яна будзе фатаграфаваць. Без перабольшання скажу:

на першы план пры такім падыходзе выходзіць думка аўтара, а не тэхніка (тэхналогія) выканання работы. І менавіта арыентуючыся на глыбіню і арыгінальнасць падачы матэрыялу гледачы і будуць ацэньваць саму працу альбо праект.

Заяўлены тэзіс лёгка развіць, калі наведаць курсы, дзе адбываецца навучанне сучаснай фатаграфіі. У праграме будуць прысутнічаць і практычныя заданні, але значна большы акцэнт робіцца на чытанні крытычных тэкстаў, аналізе праектаў, выкананых іншымі аўтарамі, на параўнанні, супастаўленні, фармулёўцы пытанняў і пошуку адказаў. То-бок на развіцці крытычнага мыслення, а не на адточцы тэхнікі мазка ў вытворчасці бясконцых механічных заданняў па капіяванні рэчаіснасці ў розных яе праявах: ад букета кветак у слоіку да пастаноўкі аголенай натуршчыцы. Так, у сучасным свеце фотаздымак аказваецца больш «разумным» медыумам, чым пэндзаль традыцыйнага малявальшчыка, які выдаткаваў 5 гадоў свайго жыцця на тое, каб навучыцца перадаваць аб’ём і перспектыву, часта забываючыся задавацца пытаннямі, што ён малюе і навошта. Несумненна, тэхнічнае майстэрства неабходнае, але адно гэтага ў каардынатах імкліва зменлівага свету недастаткова. Трэба ўменне думаць, а яно, як паказвае сітуацыя параўнання поля беларускай фатаграфіі і выяўленчага мастацтва, у большай ступені ўласціва якраз фатографам-самавукам.

Фрагмент экспазіцыі выставы ў Палацы мастацтваў, прысвечанай 70-годдзю Акадэміі мастацтваў. Чэрвень 2015

Фрагмент экспазіцыі выставы ў Палацы мастацтваў, прысвечанай 70-годдзю Акадэміі мастацтваў. Чэрвень 2015

Другая прычына больш высокага ўзроўню, які дасягнула сёння беларуская фатаграфія, — як ні дзіўна — асаблівасці нашага адукацыйнага асяроддзя. Адсутнасць у Беларусі афіцыйнай дзяржаўнай інстытуцыі, што рыхтавала б спецыялістаў у галіне фатаграфіі, прывяла да з’яўлення шэрагу ініцыятываў прыватнага парадку — кароткатэрміновых курсаў і амаль аматарскіх груп, дзе людзі, зацікаўленыя фатаграфічным медыумам, маглі б не толькі сацыялізавацца, але і пачынаць працу над сваімі праектамі. Такімі курсамі, напрыклад, сталі два выпускі студэнтаў, што навучаліся пад кіраўніцтвам адмыслова запрошаных у Менск фатографаў і рэдактараў з «Рускага рэпарцёра» (каардынатарка Юлія Дарашкевіч), школа Цэнтра фатаграфіі Аляксея Шынкарэнкі, аўтарскія курсы віцебскага фатографа Аляксандра Веледзімовіча. Альбо нядаўна адкрыты майстар-курс «Лаві момант!» пад кіраўніцтвам фотакарэспандэнта Сяргея Балая.

Такім чынам, адсутнасць выразнай, навязанай звонку сістэмы, якая насамрэч не адпавядае тэндэнцыям часу, зрабіла з навучання фотамайстэрству прывабнае адаптыўнае поле для самавыяўлення і самарэалізацыі, дзе кожны чалавек у свабодным рэжыме можа паспрабаваць свае сілы.

І — дамагчыся поспеху, таму што трэці кампанент надзеі на лепшае ў галіне беларускай фатаграфіі — магчымасці прэзентацыі яе прадукту.

У апошнія гады фатаграфія спачатку паступова, а потым усё часцей пачала з’яўляцца не толькі на альтэрнатыўных арт-пляцоўках, але і ў дзяржаўных музеях і галерэях, якія сталі праяўляць цікавасць да супрацоўніцтва з маладымі фатографамі і мастакамі. Адзначу, што гаворка тут ідзе якраз не пра выставы аматараў рэалістычнай перадачы прыгажосцяў беларускай прыроды альбо складання гімнаў каханай жанчыны, што і да гэтага часу можна часам назіраць на пляцоўках апошніх «апірышчаў» пазіцый рэалізму — галерэі «Універсітэт культуры» і аўтаномных самаабвешчаных галерэй некаторых вышэйшых навучальных устаноў. Аптымізм выклікае гатоўнасць невялікіх музеяў прадастаўляць свае залы. Так, у Літаратурным музеі Петруся Броўкі быў паказаны аўтарскі фотапраект Аляксандры Салдатавай «Падвойнае праламленне», а зараз прадстаўлена адна з экспазіцый «Месяца фатаграфіі ў Менску» — выстава госця з Украіны Артура Бондара «Подпісы вайны». А залы на другім паверсе Літаратурнага музея Максіма Багдановіча сталі платформай для шэрагу «сайт-спецыфічных» інтэрвенцый выставы «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры», рэалізаванай летам 2015 года ў межах праекта «АРТ-СОЦ-ЛАБ». Выстава, дзякуючы якой прастора музея атрымала новае актуальнае прачытанне, уключала шэраг праектаў, дзе ў якасці інструмента канцэптуальнага выказвання аўтарамі выкарыстоўвалася і фатаграфія (напрыклад, працы Аляксея Наумчыка, Антона Сарокіна і Антаніны Слабодчыкавай). Супрацоўнічае з сучаснымі фатографамі і Музей-майстэрня Заіра Азгура; там, напрыклад, адбылася мая фотавыстава «Дзесьці і зноўку тут».

З праекта Таццяны Лісоўскай

З праекта Таццяны Лісоўскай «Dolce e Vita» у межах выставы «Анатомія: ідэальнае цела» / ЦСМ 2015

Акрамя таго, ужо другі год адным з актыўных удзельнікаў «Месяца фатаграфіі ў Менску» з’яўляецца Музей сучаснага мастацтва, у якім арганізацыяй фотавыставаў займаецца ягоная супрацоўніца Ганна Самарская. На пляцоўках музея дэманструюцца як рэтраспектыўныя выставы, так і асобныя праекты беларускіх фатографаў (Аляксея Шлыка, Сяргея Ждановіча). Нярэдкімі сталі персанальныя і калектыўныя фотавыставы ў Цэнтры сучасных мастацтваў. Зразумела, фотапраекты, якія трапляюць у сцены музеяў, маюць розную ступень прафесіяналізму, але ў тым, што магчымасцяў для прэзентацыі фотапрадукту ў сталіцы сёння вельмі шмат, сумнявацца не даводзіцца. І, мабыць, самай буйной пляцоўкай для дыялогу з фатаграфіяй стаў «ЦЭХ», заснаваны арганізатаркай прэміі фотапраектаў «ПРАФОТА» Юліяй Дарашкевіч.

Яшчэ да пераезду ў прасторны ангар, «ЦЭХ» на праспекце Незалежнасці запомніўся многім сталічным аматарам фатаграфіі шэрагам экспазіцый, якія ўвойдуць у гісторыю беларускай фатаграфіі 2010-х. Напрыклад, калектыўная выстава «Працэс», што прадставіла ў лютым 2014 года вынікі «кухні» працы над асабістымі праектамі выпускнікоў першага курса Андрэя Паліканава, Таццяны Плотнікавай і Юрыя Козырава, калі ў публічную прастору быў вынесены працэс ходу развіцця думкі, сумневаў і пытанняў, з якімі сутыкнуліся аўтары падчас сваёй работы.

Фатаграфія, у літаральным сэнсе, была паказаная як «форма, якая разважае», а гледачу было дазволена ацаніць і атрымаць асалоду не толькі ад выніку, але і ад самога «працэсу» блукання і радасці азарэння творцаў.

Традыцыя дэманстрацыі падобнай крытычнай фатаграфіі працягнулася ў наступных экспазіцыях «ЦЭХа», у тым ліку ў выставе фіналістаў прэміі «ПРАФОТА», арганізаванай у межах першага «Месяца фатаграфіі ў Менску».

Прэмія, дзе, акрамя дакументальнага фота, прысутнічала б асобная намінацыя — «арт», выразна падхапіла патрабаванні культурнага і гістарычнага кантэксту і, несумненна, натуральным чынам паўплывае на далейшае развіццё беларускай фатаграфіі. З’яўленне намінацыі «арт-фатаграфія» ў некаторай ступені яшчэ больш умацавала месца фатаграфіі ў галіне мастацтва, яе існаванне на стыку двух палёў, таксама пашырыўшы і аўдыторыю аўтараў, якія могуць прымаць удзел у конкурсе, робячыся, дзякуючы сваім перамогам, бачнымі і прызнанымі ў творчым культурным асяроддзі. Адным з сур’ёзных адрозненняў «ПРАФОТА» ад традыцыйнага ходу правядзення выставаў пад патранажам Акадэміі мастацтваў (у тым ліку і сёлетні «Восеньскі салон») стала адкрытасць чальцоў яго журы. Як і ў выпадку конкурсу рэпарцёрскай фатаграфіі «Прэс-фота Беларусі», на інтэрнэт-старонцы конкурсу можна даведацца не толькі імёны ягоных чальцоў і старшыні, але і прачытаць іх спецыялізацыю ў галіне фатаграфіі, рэгаліі і ўзнагароды.

Асобна варта адзначыць узровень сусветнага прызнання тых, хто адбірае фіналістаў, у чыім прафесіяналізме сумнявацца не даводзіцца. Што абсалютна немагчыма сказаць пра ананімнае адборачнае журы «Восеньскага салона», напрыклад.
З праекту Аляксандра Міхалковіча «Заставіць Інтэрнэт памятаць Халакост», пераможца Прэміі ПРАФОТА 2014

З праекту Аляксандра Міхалковіча «Заставіць Інтэрнэт памятаць Халакост», пераможца Прэміі «ПРАФОТА» 2014

Такім чынам, назіраючы за тэндэнцыямі развіцця сучаснай фатаграфіі і мастацтва ў Беларусі, можна зрабіць выснову, што з фатаграфіяй, нягледзячы на яе (уяўна) вельмі перыферыйныя пазіцыі, у нас усё ў парадку. «Месяц фатаграфіі ў Менску», «ПРАФОТА», «Прэс-фота Беларусі», «ЦЭХ» альбо сціплыя музеі беларускіх пісьменнікаў і мастакоў не маюць буйных спонсараў, аднак тое, што адбываецца сёння з медыумам фатаграфіі, дзякуючы намаганням асобных постацяў культурнага поля, аказваецца ў гістарычнай перспектыве значна больш важным, чым гучныя словы пра рэйтынгі і «лепшых з лепшых». Фатаграфія, як па сваёй сутнасці, так і па тым, як яна гарманічна ўпісалася ў творчую прастору Беларусі, сёння стала магутнай альтэрнатывай традыцыям бесканфліктнага некрытычнага жывапісу, якую нам спрабуюць выдаць за «сучаснае мастацтва».

Вольга Бубіч

Фатаграфіі: з архіву В. Бубіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology