ГЭТА АБСУРД СІСТЭМЫ: «ПЕРАМОЖЦЫ» РАФАЛА МІЛАХА

У 2008 годзе польскі фатограф, пераможца «Word Press Photo», лаўрэат і стыпендыят дзясятка прэміяў і фондаў Рафал Мілах едзе ў Беларусь. Захоплены стэрыльнай чысцінёй і гулкім рэхам прастораў, ён пачынае працаваць над новым праектам, які праз чатыры гады прэзентуе ў выглядзе фотакнігі. «Пераможцы», альбо «The Winners», — гэта рэспубліканская дошка гонару, складзеная «замежным карэспандэнтам» падчас падарожжа па мястэчках і вёсках постсавецкае краіны.

Сёлета Рафал Мілах у межах «Месяца фатаграфіі ў Менску» нарэшце прэзентаваў свой праект і распавёў пра новых беларускіх сваякоў, раптоўнае жаданне падпарадкавацца праўладнаму рэжыму, песні Ксеніі Дзягелька і пра бунт аратага супраць старшыні калгаса.

Рафал Мілах «Пераможцы»

Рафал Мілах «Пераможцы». Крыніца: rafalmilach.com

З уступнага слова Андрэя Лянкевіча, арт-дырэктара «Месяца фатаграфіі ў Менску»: «Праекты пра Беларусь наогул вельмі рэдка ўзнікаюць, асабліва ў выглядзе кніг і асабліва з такой вялікай колькасцю ўзнагарод і публікацый, як гэта адбылося ў выпадку з Рафалам. Калі першыя публікацыі “Пераможцаў” з’явіліся ў інтэрнэце, я бачыў велізарную колькасць негатыўных каментароў ад беларускіх фатографаў, вельмі шкада, што яны не прыйшлі, бо яны абяцалі набіць морду Рафалу і мне.

Вядома, Рафал робіць сучасную фатаграфію, таму ў пэўным сэнсе фраза: “Беларусь не такая” — праўда, таму што фатаграфія — гэта не рэальнасць».

ДАЛЁКІЯ СВАЯКІ

Летась мне не ўдалося прыехаць. Гэта быў першы раз, калі мне не хацелі вяртаць мой пашпарт у Беларускім пасольстве ў Варшаве, хоць у мяне ўжо былі квіткі ў Менск. Яны аддалі дакументы, калі ўсё ўжо скончылася. Таму я вельмі рады, што зараз магу паказаць праект, над якім я працаваў у Беларусі. Гэты праект існуе толькі ў выглядзе кнігі, і ёсць некалькі ўзроўняў, на якіх ён можа быць успрыняты. Пра «Пераможцаў» было шмат публікацый у інтэрнэце, але часцей за ўсё адбывалася так: журналіст задаваў некалькі пытанняў і публікаваў толькі 5-6 фраз, праз гэта выходзіла вялікая сімпліфікацыя і спрашчэнне сэнсаў. Зараз, калі б я ведаў наступствы, не пагадзіўся б на гэтыя ўсе публікацыі.

У 2010 годзе, падчас крызісу, у вельмі цікавы час перад выбарамі, Андрэй Лянкевіч запрасіў фатографаў «Sputnik» зрабіць праект пра Беларусь, бо тады было вельмі мала праектаў пра вашую краіну. Але для мяне гэта стала яшчэ і нагодай адшукаць свае карані: аказалася, што значная частка маіх сваякоў жыве менавіта ў Беларусі. І да 2010-га я іх ніколі не бачыў. Таму вырашыў іх знайсці і зрабіць інтымны праект пра беларускую галіну маёй сям’і. Я прыехаў у Беларусь і сустрэўся з імі. Вельмі дзіўна, калі ты сустракаеш кагосьці, хто з’яўляецца тваім сваяком, а ты нават не ведаеш, як да яго ставіцца. Бо гэта проста чужы чалавек. Пазней мы знайшлі сувязь, але раптам мяне зацікавіла нешта іншае.

ДОШКА ГОНАРУ

Калі я толькі пачаў ездзіць па краіне, маю ўвагу прыцягвалі дошкі гонару. Прыязджаеш першы раз у Беларусь — і ўражваешся: тут паўсюль неверагодны парадак і чысціня. У Заходняй Еўропе не заўсёды так не бывае. Гэта вельмі дзіўнае ўражанне ад прасторы, я не мог зразумець, як знайсці сябе ў ёй. Цэнтральным пунктам усіх рэпрэзентатыўных агульных месцаў аказаліся дошкі гонару. Я яшчэ памятаю іх з Польшчы. Магчыма, яны мяне так зацікавілі, бо нагадвалі нейкія моманты з дзяцінства. Але самая галоўная прычына — пачуццё прасторы, парадку і чысціні. Мне здавалася, што можна чарціць умоўныя колы ў горадзе, і канцэнтрацыя гэтага пачуцця будзе ў цэнтральным коле, дзе знаходзіцца дошка гонару.

Belarus / Minsk / 24.09.2011 / Geography classroom where Pavel, the best teacher of Minsk, teaches. Contest: “The Man of Minsk city”

Кабінет геаграфіі, дзе выкладае Павал, лепшы настаўнік Менска 2011. Конкурс: Чалавек Менска

Потым я падарожнічаў па Беларусі — вялікіх гарадах, мястэчках, вёсках — і заўсёды, нават калі відаць было, што вёска небагатая, дошка гонару была новая і чыстая. Гэта на мяне так моцна паўплывала, што я вырашыў зрабіць сваю дошку гонару. Гэта, канешне, не было так, што я ўбачыў дошку гонару і забыўся аб праекце пра сям’ю. Я спрабаваў вяртацца да тэмы, але пастаяннае адчуванне прасторы з гэтай дошкай гонару ў цэнтры было настолькі моцным, што я вырашыў пераключыцца на яе. Самае галоўнае і важнае ў праекце «Пераможцы» тое, што я яго ўжо бачыў не адзінкавымі здымкамі, але наборам фатаграфій.

УВАГА! КОНКУРС!

Пасля маёй першай паездкі ў Беларусь я вырашыў зрабіць research і пашукаць розныя конкурсы, арганізаваныя беларускімі ўладамі, у тым ліку конкурсы, прысвечаныя чысціні, і конкурсы, у якіх ацэньваюць знешні выгляд людзей. Галоўнай групай герояў павінны былі стаць пераможцы дзяржаўных, рэгіянальных, гарадскіх і лакальных маленькіх конкурсаў.

Цікава, што толькі ў васьмі выпадках былі конкурсы, зладжаныя не дзяржавай, але і яны таксама прысвячаліся гэтаму фасаду прапаганды.

Недзяржаўныя конкурсы, як правіла, тычыліся вонкаваму выгляду і добрай фізічнай форме. На здымках: сабака — мультычэмпіён розных спаборніцтваў, Ганна — каралева фітнесу, пераможца конкурсу двайнікоў — двайнік Джэніфер Лопес і пераможца конкурсу «Міс Бюст». Быў нават «Містар гей», але мерапрыемства адбылося толькі адзін раз. Вельмі важнай групай сталі пераможцы конкурсаў БРСМ, дзе ўвогуле, як высветлілася, ладзіцца велізарная колькасць конкурсаў, пра існаванне якіх цяжка ўявіць. У кожным горадзе і населеным пункце ёсць структура БРСМ, што адказвае за паказчыкі. Я зняў містара і міс БРСМ і фіналістаў майго любімага конкурсу «Лепшая закаханая пара». І, вядома, лідарку года — Ксенію Дзягелька.

Калі мы пачалі працаваць над пошукам конкурсаў, высветлілася, што 1 траўня 2004 (у гэты дзень Польшча, Прыбалтыка і краіны Сярэдняй Еўропы ўвайшлі ў склад Еўразвязу) беларускі прэзідэнт прыняў закон, каб усе прадпрыемствы зрабілі куткі ідэалогіі для дэманстрацыі сваіх дасягненняў. З’явіліся конкурсы на самую лепшую ідэалагічную працу і самага лепшага ідэолага. Мне ўдалося на ўласныя вочы пабачыць такія месцы. Яны вельмі падобныя адзін да аднаго: заўсёды сцяг, фатаграфія прэзідэнта і нейкія кветачкі.

Для мяне важна было паказаць герояў у форме: вайскоўцаў, міліцыянтаў, кадэтаў, вядома, форму актывістаў БРСМ, як на Ксеніі, форму правадніцы і медсястры. Нават у супрацоўніка саўгаса ёсць форма, якая таксама, на маю думку, паказвае гэты фасад дзяржавы. Форма — першы прамы знак цэлага, нейкай структуры, яна заяўляе пра тое, што яе носьбіт — частка чагосьці вялізнага.

НІЧОГА АСАБІСТАГА 

У мяне наогул не было сувязі з людзьмі, якіх я фатаграфаваў. Гэта гучыць страшна, але мяне не цікавілі асабістыя гісторыі. Таму што мой праект пра тое, як улада будуе нейкі фасад перад грамадствам і як гэтая ўрачыстая сцяна ў ім існуе.

Фасад — вельмі важная рэч, а людзі — частка сістэмы.

Belarus / Slutsk / 26.03.2013 / Anastasia, winner in BRSM (Belorussian Youth Association) beauty contest. BRSM is a state organization recruiting the most active people under the age of 35. Many of them become the political elite of the Republic of Belarus.

Анастасія, пераможца конкурсу прыгажосці БРСМ (Слуцк), 2013

Мы можам назваць гэта прапагандай, фасадам, гульнёй «улада — грамадства». Мяне тое настолькі зацікавіла, што я вырашыў кінуць рэляцыі, да якіх большасць дакументальных фатографаў імкнецца. Ты заўсёды хочаш дамагчыся блізкасці з людзьмі, якіх здымаеш. Але ў гэтым выпадку мне здавалася, што блізкасць сам-насам менш важная, чым расповед пра сістэму, у якой мы ўсе існуем.

Я зразумеў, што калі буду працаваць так, як прывык, то не змагу распавесці гэтага. Таму я і стараюся паказваць «The Winners» цэлай групай фатаграфій, а не адзінкавымі здымкамі. Праект не павінен успрымацца як індывідуальныя гісторыі. Можна сказаць, што мая фатаграфія аднастайная, маю на ўвазе — паводле структуры. Тут няма пачатку, канца, галоўнага пункту. Ніякай драматургіі. Усё сфатаграфавана з франтальнай перспектывы, кадры нагадваюць навуковую фатаграфію, якая мусіць паказваць аб’ект вельмі нейтральна, адно рэгістраваць яго.

І яшчэ важным фактарам праекта быў час. Калі я пачынаў працаваць фатографам у штодзённай газеце, у мяне было 5-6 замоваў на дзень. Калі ў цябе ёсць 6 замоваў, ты не можаш прысвяціць больш за 30-40 хвілін адной тэме, трэба ехаць далей, рабіць наступную ілюстрацыю. Падчас працы над гэтым праектам у мяне быў вельмі падобны рэжым, часам па 4-5 пераможцаў штодня. Я прыязджаў, працаваў вельмі хутка, у першую чаргу таму, што не хацеў дамагацца ад герояў асабістых гісторый. Рабіў гэта для таго, каб зберагчы самога сябе да канца праекта. Калі б я даведаўся асабістую гісторыю чалавека, мне было б вельмі складана ўключыць яго ў такі праект, гэта было б вельмі цынічна. Але са свайго боку я зрабіў усё, каб не парушаць гэтую дыстанцыю. Рэжым працы дапамагаў падтрымаць фасаднае ўражанне ад праекта.

ЗАМЕЖНЫ КАРЭСПАНДЭНТ

Усё было вельмі афіцыйна. Я працаваў з мясцовым журналістам, які заўсёды мяне прадстаўляў як замежнага карэспандэнта. У мяне была акрэдытацыя Міністэрства замежных спраў, і самае цікавае — калі ты гэта сам скажаш, у цябе ўжо рэдка правяраюць тую акрэдытацыю. Вядома, калі трэба зняць каго-небудзь з міліцыі ці мытні, трэба даслаць усе дакументы, але ў большасці выпадкаў мяне ніхто не пытаўся.

Усе мае героі — пераможцы конкурсаў — мусілі мець грамату альбо дыплом, афіцыйнае прызнанне. Адзін раз я ехаў 5-6 гадзін у адну маленькую вёску, каб сфатаграфаваць лепшага аратага. Дырэктар калгаса сказаў яму, што ён павінен пазіраваць для фатаграфіі. А ён адказаў: «Не», павярнуўся і пайшоў. Для мяне было незразумела, як гэта — твой шэф табе кажа «Устань, калі ласка, цябе тут карэспандэнт сфатаграфуе», а ён кажа «Не» і сыходзіць. Тады я сфатаграфаваў кветку, якая стаяла ў гэтым памяшканні. У астатніх выпадках, калі хтосьці казаў: «Табе трэба пазіраваць, карэспандэнт прыходзіць», усё было добра, усе прыходзілі і стаялі.

Belarus / Baranovichi / 26.02.2013 / Sasha, the best welder of the Republic of Belarus. Winner of the “Brotherhood of Russian and Belarusian Nations” contest.

Саша, найлепшы зваршчык Рэспублікі Беларусь. Лаурэат прэміі «Братэрства рускай і беларускай нацый»

Яшчэ адна важная рэч: дыстанцыя існавала не толькі паміж мной і героем, НДА і паміж мной і фотаздымкамі. Я стаў у пэўным сэнсе часткаю гэтай сістэмы. Калі я прыязджаў у нейкае месца, хацеў, каб мне распавялі, што трэба рабіць: дзе і каго фатаграфаваць. Вядома, я мог выбраць ракурс, але само месца, дзе гэта зрабіць, каго і ў якім строі зняць, я хацеў, каб мне казалі.

Больш за тое, я хацеў (умоўна) пазбавіцца свайго аўтарскага асабістага «я» ў гэтым праекце.

Таму я быў расчараваны, калі ў інтэрнэце пачалі з’яўляцца першыя артыкулы пра «Пераможцаў», маўляў, «польскі фатограф едзе здымаць беларускую прапаганду» ці «апошнюю дыктатуру ў Беларусі». Для СМІ гэта працуе: напішаш «дыктатура» і ўсё — «ваў». Гэта моцнае спрашчэнне праекта. Для мяне было важна зрабіць яго больш нейтральным і менш персанальным, каб у залежнасці ад таго, з якога боку знаходзішся, ты мог дадаць кантэкст.

Я не ведаю, ці мог бы гэты праект існаваць як дзяржаўны, як ініцыяваны ўладай. Я спрабаваў выдаліць сябе. Вядома, я разумеў, што для Заходняй Еўропы ён будзе «дыктатура, прапаганда» і гэтак далей, а ў Беларусі ён сапраўды мог бы існаваць як Дошка гонару. Калі праект пачаў жыць у інтэрнэце, нейтральнасць знікла і кантэкст быў зададзены — гэта параза самай галоўнай ідэі праекта.

ПА ВОКЛАДЦЫ СУСТРАКАЙ 

На вокладцы кнігі два істотныя тэксты: гэта Закон, які прымае Дэпартамент ідэалогіі, і тэкст песні Ксеніі Дзягелька, які з’яўляецца для мяне сучаснай прапагандай. Дарэчы, гэтая сустрэча для мяне аказалася самай сумнай, таму што Ксеніі тады было гадоў 13-14. Я слухаў падлетка, які не казаў сваёй моваю, але навучыўся гаварыць слоганамі. Для мяне той быў вельмі моцны досвед. Гэта ж такі ўзрост, калі ты не хочаш рабіць тое, што табе кажуць, а тут зусім наадварот. Таму я вырашыў размясціць яе тэкст на вокладцы.

Класічная фотакніжка — гэта фатаграфіі і невялікі тэкст унутры. Тут наадварот. Калі прагартаеш кнігу, не да канца зразумееш, як жывуць гэтыя людзі і што з імі адбываецца. Для мяне такое ўражанне звязанае з прапагандай: гэта яна ўводзіць у зман. Ты ўпэўнены, што бачыш адно — а гэта зусім іншае. Гэтак і ў «Пераможцах»: здавалася б, у кнізе няма ніякай інфармацыі, адно фотаздымкі, але менавіта за імі схаваныя тэксты, хоць яны быццам бы таксама ўсяго толькі дадаюць тэхнічную інфармацыю — што гэта быў за конкурс, калі праходзіў і ў якім месцы.

Для мяне важна, каб тут былі непрыкметныя на першы погляд пласты. Можна праглядзець кнігу і застацца з уражаннем: ну і што, нейкія фатаграфіі, незразумела, што з гэтага вынікае? Часта яны ўвогуле выглядаюць смешнымі. Калі глядзіш іх па адной і распавядаеш: гэта «Джэніфер Лопес», а гэта «Лепшая даярка», а гэта «Міс Бюст», то першая рэакцыя — смех. Але для мяне галоўнае, каб праект не быў смешным.

Вельмі вялікая розніца паміж смехам і абсурдам, які я хацеў паказаць. Гэта не абсурд індывідуальнай сітуацыі, гэта абсурд сістэмы.

Кнігу «Пераможцы» мы рабілі год, перадрукоўвалі яе двойчы. Звычайна чым больш асобнікаў надрукуеш, тым танней сабекошт. Але не ў нашым выпадку. Тут усё фатаграфіі прымацаваныя ўручную, таму мы зрабілі наклад ўсяго (у двух рэдакцыях) 750 асобнікаў. Я яшчэ не знайшоў спосабу, каб перавесці гэты праект у выставачная фармат, мо тое з часам прыйдзе, а мо ён так і застанецца кнігай.

Падрыхтавала Арына Радзівонава

Крыніца фотаздымкаў: studio67.by

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology