ПАКАЛЕНЬНЕ, (НЕ)ТРАЎМАВАНАЕ «САЎКОМ»

pARTisan #28’2015

Літаратурная кар’ера маладога беларускага празаіка АНДРЭЯ ЛАЗУТКІНА распачалася ў 2014 годзе. Спачатку ён скончыў Школу маладога пісьменьніка, а потым трапіў у літаратурную рэзыдэнцыю ў Вільню, дзе напісаў сваю дэбютную кнігу «Палігон», якую пісьменьніца Людміла Рублеўская назвала «прозай дваццацігадовых». Кніга адразу была заўважаная й справакавала вострыя спрэчкі: абмяркоўвалі як трэшавы правакацыйны стыль аўтара, так і ягоную адкрытую камуністычную прыхільнасьць. «Вядома, Лазуткін для сусьветнай літаратуры не такі ўжо наватар, — напісаў у сваім блозе празаік Павал Анціпаў. — Я б сказаў, што ён насьледуе Сэліну й Лімонаву, ды й стаўленьне нашых суайчыньнікаў да яго такое ж, як і да Сэліна й Лімонава у французаў і расейцаў. Забаўнае супадзеньне. Суайчыньнікі судзяць пісьменьніка па партыйнай прыналежнасьці й палітычных поглядах, а не па якасьці напісанага тэксту».

Да такой «цікаўнасьці» Лазуткін быў не гатовы, таму, каб захаваць прыватнасьць і аўтаномнасьць, у сацсетках ён схаваўся пад імем сусьветна вядомага літаратурнага пэрсанажу, то бок знайсьці яго амаль немагчыма.

2

З вокладкі кнігі «Палігон»

У красавіку гэтага году выйшла ўжо другая кніга Андрэя — «Паліталёгія», якую Анціпаў называе кнігай «пра Героя нашага часу. Пра чалавека, які нарадзіўся паміж развалам “саўку” й выбраньнем Лукашэнкі. Пра чалавека, які спазьніўся стаць акцябронкам і не пасьпеў стаць чальцом БРСМ». Хто ён — герой нашага часу? Ці ёсьць ён увогуле й у якой сыстэме каардынатаў існуе? Думае пра будучыню альбо кідаецца ў прорву бясьпечнасьці, цынічна спажываючы тое, што засталося ў спадчыну? Разважае Андрэй Лазуткін.

АЎТАРЫТЭТЫ

Калі я вучыўся ў школе, а потым у Ліцэі БДУ, беларускую літаратуру там выкладалі вельмі якасна. Цьвёрда засвоіў савецкі канон прозы: хочаш — жні, хочаш — куй, ёсьць партызанская проза, ёсьць калгасная. Старанна чытаў хлам з паліцаў раённай дзіцячай бібліятэкі й добра разумеў ягоную якасьць, але да белліту ў мяне заўжды была такая хваравітая любоў. Заўсёды паважаў Быкава й асабліва Алеся Адамовіча, які — так сталася, можа, праз тое, што пісаў па-руску, — хутчэй, выпадае зь сёньняшняга пантэону. Але не для мяне: ягоны раман «Карнікі», здаецца, увогуле натхніў на «Палігон».

Але нейкіх аўтарытэтаў у мяне няма: увогуле, слоўца гэтае бандыцкае й больш пасуе «братве», чым літаратару. А натхняюся я блізкімі й сябрамі, тымі людзьмі, што атачаюць у рэальнасьці.

Што тычыцца досьведу Школы маладога пісьменьніка, мне было цікава там патусавацца. Ня думаю, што можна навучыць пісаць, даць стыль. Але камунікацыя вельмі важная. Цікава было паглядзець на жывых аўтараў — Бахарэвіча, Алексіевіч, Казько, Арлова, якія прыходзілі й травілі нам байкі. Але я не адчуваю сябе пераемнікам — за імі было проста цікава назіраць. А аўтарытэты, пераемнік — для мяне гэта вельмі гучныя словы.

ГЕРОЙ. ПЫТАНЬНЕ ПАЛІТТЭХНАЛЁГІЯЎ

Вызначэньне «героя» гучыць для мяне дзіўна. З рыторыкай «геройства» працуюць, хутчэй, паліттэхнолягі, ствараючы пэўныя канструкты, на якія звычайныя людзі павінны раўняцца, — накшталт вобразаў Паўкі Карчагіна альбо Стаханава ў савецкія часы. Пра пакаленьне, якое бачу вакол сябе, пра дваццацігадовых, магу сказаць, што яно лянівае, п’е й абсалютна абыякавае да таго, што адбываецца навокал. Я б сказаў, што ў «Паліталёгіі» ў мяне ня тое што нармальных людзей няма, там увогуле пазьбіраліся адныя вырадкі. Але, шчыра кажучы, у мяне няма ілюзіяў ні наконт сябе, ні наконт сваіх аднагодкаў. Як слушна заўважыў Павал Анціпаў, так, гэта генэрацыя, якая нарадзілася ў пэрыяд з 1985 па 1994-ы, то бок у такой нявызначанай краіне — гэта была ўжо быццам не Белоруссия, але яшчэ й не Беларусь. Таму, на маю думку, і казаць пра пэўныя каштоўнасьці альбо арыентыры складана: ня думаю, што іх можна неяк адмыслова прывіць.

Мы бачылі дзьве розныя карцінкі: з аднаго боку — БТ, зь іншага — Народны фронт. Усё гэта неяк хранова спалучаецца, і таму ў школьніка атрымліваецца такі гібрыд у галаве — здаровы цынізм. У «Паліталёгіі» я якраз паспрабаў апісаць гэта: пакаленьне на зломе, такое гарматнае мяса без аніякага крытычнага мысьленьня. Збольшага, зразумела, «назіраў» за сабой і сваім колам, а гэта шмат чарнухі й гразі. Іншыя прататыпы мне не трапляліся, нават такога прапагандысцкага тыпу — накшталт «як загартоўвалася сталь», альбо па-сучаснаму — як гартаваўся МАЗ. Быццам бы ёсьць актывісты БРСМ, побач — актывісты апазыцыйных групаў.

Але я думаю, што гэта таксама канструкт палітолягаў, бо моладзь сёньня збольшага ў прынцыпе апалітычная, ім гэтыя разборкі не патрэбныя й не цікавыя.

Мне ж гэта вельмі цікава назіраць, дасьледаваць, запісваць. У сьвеце зараз шмат літаратуры на тэму палітычнай карціны сьвету, але ў нас амаль нічога няма. На жаль. Але мая пазыцыя не сузіральніцкая, я спрабую ўключацца ў грамадзкія працэсы. Так, у 2014 годзе я, напрыклад, удзельнічаў у выбарах у Гарадзкі савет, балятаваўся па Ангарскай акрузе, адным з самых цёмных раёнаў Менску. Досьвед быў цікавы, шмат чаго нагледзеўся, і гэта таксама ўсё кладзецца на паперу. Поле палітыкі ў Беларусі маргінальнае, і такім яно будзе яшчэ пяцігодку дакладна. Потым, магчыма, зьявіцца іншая расстаноўка сілаў: будуць левыя, правыя. Але зараз гэта проста маргінальныя групы, ці, як кажуць на Ангарскай, «абрыганы». Тым ня менш мне цікава ўдзельнічаць у гэтых працэсах, але я рэальна ацэньваю свае сілы: сёньня ніхто ні на што амаль не ўплывае. І асабліва апазыцыйныя актывісты — нешта на Ангарскай падчас выбараў я іх ня бачыў.

ТУГА ПА «САЎКУ»

Ужо вырасла цэлае пакаленьне, якое Савецкага Саюзу ня бачыла, таму, натуральна, гэта ўсё пераўтвараецца ў міт. Існуюць у галаве ўяўленьні, набор карцінак і штампаў — гарматы, партызаны, шапкі-вушанкі — такі набор міталёгіі, і ён, як мы бачым, працягвае эксплёатавацца. І ў Заходняй Эўропе, і ва Ўсходняй, і асабліва ў Расеі. Увогуле, зараз у Румыніі ёсьць кола людзей, якое настальгуе па Чаўшэску, праз гадоў 20 у нас будуць людзі, якія будуць настальгаваць па Лукашэнку. А левы спэктар паўстае яшчэ й таму, што афармляецца пакаленьне, не траўмаванае «саўком», — бачым гэта, напрыклад, у Расеі, дзе зараз шмат лявацкіх маладзёвых груповак. Але ў нас пакуль гэтая ніша абсалютна не закрытая.

Зразумела, ёсьць меркаваньні, што гэта такая мода на левізну. Але я б так не сказаў, бо левыя — гэта натуральная частка палітычнага поля. Гэта ў нас пакуль і левыя, і правыя аднолькава маргінальныя, нягледзячы на тое, што шмат у чым нашая ўлада абапіраецца менавіта на палітычныя традыцыі БССР. Але ў будычыні сытуацыя зьменіцца, і зьявіцца попыт на левую філязофію. Вядома, ёсьць і адваротны бок сацыялізму — ГУЛАГ, напрыклад. Але тут пытаньне да тых партыяў, напрыклад, КПРФ, якія актыўна эксплёатуюць вобраз Сталіна, робяць зь яго сымбаль. Няхай гэтыя людзі й бяруць на сябе адказнасьць за ГУЛАГ, «тройкі», ОСО й усё іншае. У нас жа ёсьць свае савецкія лідэры, напрыклад, Чарвякоў, Мазураў альбо Машэраў, пра якіх ня скажаш благога, на іх можна нават раўнавацца.

НАЦЫЯНАЛЬНЫ МІТ

Маці ў свой час добра ведала Вінцука Вячорку й Ірыну Поўзік, зь якімі разам вучылася ў «блатной» цэкоўскай чацьвертай школе, удзельнічала ў беларускай «Майстроўні» з самага пачатку. Вядома, калі я вырас, гэта ўжо прайшло міма мяне, я ня ведаў, хто гэтыя людзі, рос такім звычайным беларускім школьнікам без аніякага міту. У 18 гадоў, пэўна, каб падкалоць, сябры мне падаравалі «Код адсутнасьці» барадатага Акудовіча, я пачаў чытаць і нічога не зразумеў, акрамя таго, што нейкі блытаны набор тэкстаў маскуецца пад філязофію. Маці яшчэ добра ведала Дубаўца, але я, зразумела, асабіста знаёмы зь ім ня быў. Ды, калі шчыра, думаю, для грамадзтва за сьценкай «гета» імя Дубаўца мала што скажа. Калі ён натхняе кола зь 10–20 чалавек — у нашых абставінах гэта ўжо заслуга. Няма ў «моўнай» тусоўцы, я б сказаў, маштабнай фігуры: ёсьць тусоўкі, яны самі сябе чытаюць, крытыкуюць. Але існуюць аўтаномна ад іншага грамадзтва.

Мая пазыцыя тут — назіральніка, магчыма, калісьці я гэта апішу.

ПАРТЫЗАНКА?

Нядаўна на букстэры зьявілася маё новае апавяданьне пра тое, як мы зь сябрам выжывалі ў Італіі, і адразу вылезла партызанка — паліцыя, хованкі ў лесе й г. д. Ня ведаю, па маім адчуваньні, беларусы — нацыя няўдачнікаў: мы прайгралі ўсе апошнія войны, прыходзілі акупанты і, так, натуральна, трэба было прыстасоўвацца. Хтосьці так і зрабіў, а хтосьці пайшоў у партызаны.

Ці прыстасаваўся я, ня ведаю — яшчэ малады. Патрэбна спачатку хоць нешта зрабіць, каб было што сказаць. Але, па маім адчуваньні, я не асабліва прыстасаваўся, бо ў такім выпадку матэрыяльна знаходзіўся б у іншым статусе. А так заканчваю зараз юрфак, пайду, напэўна, у пракуратуру.

Хацеў бы паспрабаваць пабачыць сыстэму знутры, магчыма, апішу са свайго ракурсу, а праз гадоў дваццаць хтосьці прачытае. Мне падаецца, там ня так усё плоска, ёсьць свае падводныя камяні.

ЦЭНЗУРА

«Палігон» быў спачатку такой самай суцэльнай плыняй мату, як і «Паліталёгія», але ўсе мацюгі адтуль выкінулі па просьбе СБП. Але гэта такі павярхоўны пласт цэнзуры, ён зразумелы. А калі казаць глыбей, ня толькі пра мацерныя словы, то, так, пэўнага кшталту самацэнзура ёсьць. Вось гэтая чырвоная павязка, якая засталася толькі на вокладцы, для мяне зразумелая: нікому не патрэбныя суды. Але спачатку я ўсё ж пішу тое, што хочацца, і толькі потым кваліфікую, што напісаў: вось гэта пойдзе пад артыкул КаАП, а гэта можна і пад КК падагнаць. Тут, напэўна, і спратрэбілася юрыдычная адукацыя.

Але тэксты пішуцца спантанна — так і павінна быць. Бо гэта жудасна, калі чалавек нават самому сабе баіцца выказаць свае думкі на паперы.

 ЧАС, ЯКІМ ЗАДАВОЛЕНЫ

Нашыя часы дзікія й дзіўныя, але тым ня менш пры ўсіх іхных недахопах я задаволены. Калі мне было 16, я шкадаваў пра тое, што нічога не пабачыў з палітычных падзеяў 90-х. Але сёньня свае інтрыгі. Цікава будзе паглядзець, як нашае грамадзтва будзе праходзіць працэсы трансфармацыі пасьля цяперашняй улады, і цікава, як маё пакаленьне будзе вырашаць будучыя праблемы. Сытуацыя ва Ўкраіне паказала, што моладзь не спраўляецца, атрымліваецца поўны развал, і наш выпадак будзе аналягічным.

Будуць, напэўна, людзі, якія зьявяцца й скажуць, што гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць. Але я пакуль такіх ня ведаю. Дай бог, каб яны зьявіліся.

Гутарыла Таня Арцімовіч

12 лістапада ў Кнігарні «ЛогвінаЎ» у 19-00 адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Андрэя Лазуткіна «Паліталёгія».

На вокладцы: Аляксандр Касалапаў. Герой, лідар, бог. Крыніца www.ploshtadslaveikov.com/gospod-lider-i-geroj-na-pop-arta/

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology